“Помні імя сваё”

У кожным лісце, які прыходзіць на адрас пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”, свая гісторыя -- гісторыя сяброўства і кахання, расставанняў і сустрэч, радасці і трагедыі асобных сем’яў.

Маладыя гады
“Хачу даведацца пра лёс сяброўкі маёй цаліннай маладосці Галіны Канстанцінаўны ГАЛУШКІНАЙ. Я з хлопцамі пасля заканчэння Вілейскага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ў 1959 годзе працаваў трактарыстам у зернесаўгасе Галубоўскі Іртышскага раёна Паўладарскай вобласці. Да нас па камсамольскіх пуцёўках прыехалі працаваць дзяўчаты з Ленінграда і Ленінградскай вобласці: Галя Галушкіна, Люся Кузьміна, Маша Мышкіна. У час сяўбы яны былі прычэпшчыкамі на трактарах. Я працаў з Галяй Галушкінай на пару. Пасля заканчэння сяўбы яна пайшла ў маленькую нашу сталовую дапамагаць повару, цётачцы Вользе, гатаваць ежу для механізатараў. У канцы года я атрымаў тэлеграму, што захварэла маці , і мне давялося ехаць дамоў. Быў вельмі ўзрушаны, таму развіталіся мы з Галяй не так, як трэба. Я быў грубы з ёй, аб чым зараз вельмі шкадую. Прабач мяне хоць цяпер, Галька. Хаця мінула шмат гадоў, я памятаю ўсё, памятаю нашу цалінную маладосць, наша жыццё, дружбу, працу. Вельмі хачу даведацца, як склаўся твой лёс. Вячаслаў Міхайлавіч Маркевіч, Вілейскі раён”.

Гісторыя адной сям’і
“Дапамажыце знайсці пляменніцу Ганну Рыгораўну БАБОВІК, якая нарадзілася 14 сакавіка 1955 года ў вёсцы Ляскавічы Акцябрскага раёна. Яе маці, Алена Андрэеўна Бабовік, ад цяжкіх апёкаў памерла ў 1958 годзе. Можа, Ганна памятае што-небудзь са свайго дзяцінства? Яны з маці жылі ў маленькай хатцы. На печы сушылі лён-даўгунец, які потым апрацоўвалі, рабілі ніткі і ткалі палатно. Печ у хаце, магчыма, была моцна напалена, а можа, на ёй былі трэшчыны, лён загарэўся. Алена, маці Ганны, сцягнула яго на падлогу і пачала тушыць. На жанчыне загарэлася вопратка. Яна не звяртала на гэта ўвагі, вынесла з хаты сваю адзіную дачушку Анечку і потым некалькі разоў вярталася назад: выносіла адзенне, дакументы, фотакарткі. Вопратка на ветры разгаралася  больш і больш. У ляскавіцкай бальніцы ад моцных апёкаў Алена памерла. Што і казаць, нялёгкі быў лёс. Пасля вайны Алена засталася круглай сіратой. Акрамя яе, былі яшчэ малодшыя  дзве сястры і два браты: Марыя, Вольга, Аляксей і Мікалай. Вольга, Лёша і Мікалай выхоўваліся ў дзіцячым доме, а Лена і Марыя засталіся ў сваякоў. Калі Лена памерла, цётка Ані, Марыя, была ўжо замужам, жыла ў шматдзетнай сям’і свёкра, айчыма мужа. Марыя ўзяла да сябе Анечку, а свёкру гэта не вельмі падабалася. Дзяўчынку забрала стрыечная бабулька, потым з горада прыехала малодшая сястра Лены, Вольга, і павезла яе ў дзіцячы дом. Родным яна сказала, каб не шукалі Аню, бо яе могуць удачарыць, і пра гэта ніхто не павінен ведаць. Калі дзядзька Лёша вярнуўся з арміі, пачаў шукаць дзяўчынку. Яму так і сказалі: “Яе ўдачарылі”. Цётка Вольга жыве зараз у Эстоніі. Калі пры сустрэчы пытаемся ў яе, дзе пакінула Аню, яна адказвае, што ўжо не памятае. Калі ласка, адгукніцеся, дапамажыце, добрыя людзі, можа, хто ведае пра лёс нашай Анечкі, Ганны Рыгораўны Бабовік, якая з 5 снежня 1958 года засталася круглай сіратой. Ганначка! Адгукніся. Пры сустрэчы мы раскажам табе пра абставіны таго часу, і ты не будзеш на нас моцна крыўдаваць. У цябе ёсць родная сястра тваёй маці Алены, цётка Марыя, і пяць яе дачок. У Эстоніі жыве цётка Вольга з сям’ёй. Ёсць стрыечныя цёткі і дзядзькі. Марыя Андрэеўна Рыгарэвіч (Бабовік), Акцябрскі”.

Дарагія сябры
“З Людмілай Васільеўнай АНІКІЕВІЧ мы вучыліся ў адным класе ў СШ № 3 горада Клімавічы. У 1961 годзе закончылі яе з залатым медалём. Вырашылі разам паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Людміле пашанцавала, яна паступіла на матэматычны факультэт, а я не прайшла па конкурсу. Мы падтрымлівалі сувязь да таго часу, пакуль бацькі маёй сяброўкі не пераехалі, здаецца, у Мінскую вобласць, куды яе тату перавялі працаваць. Я тады вучылася ў Магілёве ў тэхнікуме. Потым працавала, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, выхоўвала іх. І неяк так здарылася, што мы забыліся адна пра адну. Хочацца даведацца, дзе і як жыве мая добрая сяброўка. Валянціна Міхайлаўна Хрушчова (Маскалёва), Шклоў”.
“Хачу арганізаваць сустрэчу студэнтаў пяці сталічных вышэйшых навучальных устаноў, якія пачыналі будаўніцтва Лукомльскай цеплавой электрастанцыі летам 1968 года. У той час сакратаром партбюро быў Абраменкаў, сакратаром камітэта камсамола -- Астапенка, старшынёй будаўнічага камітэта -- Пачанок, начальнікам будаўнічага ўпраўлення -- Баброў. Я тады вучылася ў Мінскім медыцынскім вучылішчы № 1. Адгукніцеся: Уладзімір КАРАЧ (1947 года нараджэння, з Гродзенскай вобласці, закончыў у 1970--1971 годзе інстытут замежных моў), Наталля ДЗЕГЦЯРОВА і іншыя. Жанна Міхайлаўна Гамаз (Лашкевіч), Барысаў”.
Зінаіда Васільеўна Кніга з Бабруйска просіць адшукаць аднакласнікаў Георгія Іванавіча СТРЫГУНА і Галіну ХРАПКО.
“Муж мой -- былы ваенны, служылі мы ў Ленінградскай ваеннай акрузе. Па стану майго здароўя нам давялося пераехаць на маю радзіму, у Беларусь. На жаль, за пражытыя тут больш як 20 гадоў сапраўдных сяброў мы не знайшлі. Таму вельмі хочацца сустрэцца з былымі сябрамі-аднапалчанамі. Шукаем сям’ю Чудневых -- Уладзіміра Іванавіча і Галіну Пятроўну. Гэта ваенныя ўрачы, родам з Беларусі. Можа, яны пераехалі жыць на радзіму? Хочацца даведацца пра лёс сям’і Манкевіч -- Мікалая Іванавіча, яго жонкі Таццяны, сына Барыса, ён равеснік нашага сына, 1974 года нараджэння. Марына Аляксандраўна Свірыдава, Валожынскі раён”.
“Дапамажыце ў пошуку Алы СМІРНОВАЙ (дзявочае прозвішча Муравейка), 1943 года нараджэння, якая ў 1950--1960-я гады жыла на вуліцы Чарняхоўскага ў Пінску, вучылася ў сёмай школе. Шукаю таксама Анатоля МУРАВЕЙКУ, 1941 года нараджэння, брата Алы. Шукаю іх па просьбе майго сябра Барыса Зайлера, які жыў у Пінску, быў знаёмы з імі, а зараз жыве ў Ізраілі. Уладзімір Пятровіч Вавулін, Мінск”.
“Я выпускніца Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Закончыла яго ў 1965 годзе. Мой муж таксама вучыўся, мы з ім там і пажаніліся. Пачула, што ў нашага тэхнікума (цяпер каледж) будзе юбілей. Мы часта сустракаемся з выпускнікамі, некалькі разоў я там была. Хацелася б убачыць шмат каго. З некаторымі з той пары нават ніколі і не сустракаліся. Я даўно шукаю Чэсю ПЫШЫНСКУЮ (па мужу Дабрадзей). Яна жыла ў Томску. І мяне яшчэ прасілі назваць такія прозвішчы: Слава ЛЯПЁХІН, 1964 года выпуску, і ПЕТРАЧЭНКА, не ведаю, як яго завуць. Хацелася б, каб яны адгукнуліся. У нас былі цудоўныя педагогі. Наш тэхнікум называлі “марозаўская акадэмія”, па прозвішчы дырэктара Георгія Антонавіча Мароза. Калі мы з мужам пасля вучыліся ўжо ў інстытуце, то нам там амаль не было чаго рабіць -- так шмат мы ўзялі ведаў у нашым тэхнікуме. Наш тэхнікум закончылі многія вядомыя людзі. Напрыклад, мой аднакурснік Аляксандр Аляксандравіч Аутка працуе дырэктарам інстытута агародніны, выпускнік 1964 года Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч -- у Адміністрацыі Прэзідэнта. Мой муж, яго ўжо няма, Георгій Іванавіч Віяленцій, на Мінскай фабрыцы агародніны ў 1985 годзе арганізаваў цудоўны лекавы сад, аналагаў якога не было ў Еўропе. Я, калі даведалася, што ў кастрычніку будзе сустрэча, нават напісала “Навагрудскі вальс”: і музыку сама, і словы. Адправіла ўжо ў тэхнікум. Думаю, што мы будзем гэтую песню спяваць і будзем пад яе танцаваць. Ірына Канстанцінаўна Віяленцій, Мінск”.

Блізкія людзі
“Хачу знайсці Алега Уладзіміравіча ГОЛІКА, бацьку майго сына. Ён нарадзіўся 17 мая 1962 года і жыў у Казахстане дзесьці да 1980 года. Потым вучыўся ў Маскве, скончыў хіміка-тэхналагічны інстытут. У яго ёсць бацькі і старэйшы брат -- яны жывуць дзесьці ў Казахстане. У Маскве Алег жыў на розных кватэрах. І з 1992 года дакладнае месца пражывання яго невядома. Мне важна знайсці не яго, а родных, бо сын з нараджэння (яму 16 гадоў) не ведаў ні бабулі, ні дзядулі па бацькавай лініі. У мяне яшчэ адна просьба. Раней, калі былі жывыя мае бацькі, жыла я ў Гомельскай вобласці. У 1979 годзе паступіла ў Гомельскі універсітэт. Падчас экзаменаў жылі мы з дзяўчатамі ў інтэрнаце. Нас было чацвёра: я, Наталля КІСЛІЦЫНА, Таццяна БАНДАРЭНКА і Таццяна НАВУМЕНКА. Дзве Таццяны паступілі на фізічны факультэт, а мы -- на філалагічны. Пакуль вучыліся, сустракаліся, а потым разбегліся па жыццёвых дарогах. І я не ведаю, як склаўся лёс маіх сябровак. Магчыма, яны зараз жывуць у Гомелі. Наталля Кісліцына была з горада Падольска Маскоўскай вобласці. А дзве Таццяны, здаецца, з пасёлка Церахоўка Добрушскага раёна. Жанна Іванаўна Міхнавец, Бабруйск”.
“Хачу знайсці стрыечнага брата Валянціна Андрэевіча ГАРБУНОВА, 1937 года нараджэння, ураджэнца горада Красавіна Валагодскай вобласці (Расія). Ён нейкі час жыў у Ленінградзе і працаваў начальнікам цеплавой электрацэнтралі. Юрый Канстанцінавіч Гарбуноў, Воранаўскі дом-інтэрнат для старых і інвалідаў”.
“Шукаю сваю стрыечную сястру Марыю ДОЎЖЫК (прозвішча дзявочае), 1938 ці 1939 года нараджэння (дакладна не памятаю). Яна ў 1957--1958 годзе жыла ў горадзе Васілевічы Гомельскай вобласці. Маці Марыі памерла, і бацька пайшоў да другой жанчыны. У тым горадзе жыла таксама яе цётка па лініі маці Вера Прохараўна, якая працавала ў царкве. Валянціна Іванаўна Доўжык (Касачова), Барань”.
“Мой бацька Дзмітрый Ціханавіч ЯФІМАЎ загінуў 25 жніўня 1944 года і пахаваны ў Польшчы, у вёсцы Любеева Новыя Чыжаўскага раёна Беластоцкай вобласці. Хачу даведацца, ці ёсць там які знак, дошка, магіла, каб прыехаць, пакланіцца і ўзяць жменьку той зямелькі, у якой ляжыць мой бацька. Я ўжо ў сталым узросце. Калі не змагу наведаць, дык можа мае дзеці ці ўнукі пакладуць кветкі на магілу дзеда, дзякуючы якому у іх шчаслівае дзяцінства. Шчырае дзякуй за тое, што вы дапамаглі сабрацца аднакурснікам майго мужа праз 50 гадоў пасля заканчэння Крычаўскага педагагічнага вучылішча. Столькі радасці было ад гэтай сустрэчы! А мне хочацца знайсці сваю аднакурсніцу Галіну Дзмітрыеўну МІХАЛЬЧАНКА (прозвішча дзявочае), з якой мы разам вучыліся ў Полацкім педагагічным вучылішчы. Да паступлення яна жыла ў горадзе Старыя Дарогі, на вуліцы Матросава. На другім курсе выйшла замуж за Уладзіміра Сушко, у іх нарадзіўся сын. Мы скончылі навучанне і раз’ехаліся на працу па накіраваннях. Таццяна Дзмітрыеўна Люсікава (Яфімава), Хоцімск”.

Забралі ўначы
“Прайшло шмат гадоў, а душа баліць па бацьку. Не ведаю, дзе яго магіла, і дзень смерці таксама. Было нас пяцёра дзяцей у бацькоў: чатыры дачкі і сын. Я -- старэйшая. Тады мне было 16 гадоў. Ноччу ў пачатку лістапада 1939 года прыйшла з горада Касцюковічы міліцыя і забрала за нешта бацьку. Больш мы яго не бачылі. Апошні ліст ад таткі быў з Прыморскага краю. Ён знаходзіўся у Бам-лагеры. Мой бацька Міхаіл Антонавіч МАЛЯНКОЎ нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне ў 1896 годзе. Працаваў старшынёй калгаса. Сафія Міхайлаўна Хомчанка (Малянкова), Орша”.

Рэха вайны
“Мой брат не дажыў да Вялікай Перамогі ўсяго некалькі гадзін. Пісаў з Берліна, быццам бы хутка перамога, нашы перамаглі. Ён быў у шпіталі, цяжка паранены 2 лютага, але верыў, што абавязкова стане на ногі. Пасля 9 мая прыйшла пахавальная, што Вячаслаў Дзям’янавіч ВАЙНІЛОВІЧ, 1925 года нараджэння, радавы, памёр ад ран. Дзе ён пахаваны, ці засталіся яго аднапалчане, з кім мужна змагаўся за перамогу? Леаніда Дзям’янаўна Ешман, Асіповіцкі раён”.
“Шукаю магілу адзінага брата Уладзіміра Аляксандравіча ЕФІМОВІЧА, які нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Стайкі Баранавіцкага раёна. Прызвалі яго ў Чырвоную Армію ў 1944 годзе адразу пасля вызвалення Беларусі. Некаторы час знаходзіўся ў Баранавічах. А пасля накіравалі ва Украіну, у горад Оўруч Жытомірскай вобласці. Прабыў там нядоўга. Адтуль пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, быў паранены, лячыўся ў ваенным шпіталі ў Вільні, потым зноў трапіў на фронт. Часта прысылаў пісьмы дадому, апошняе прыйшло 12 красавіка 1945 года, дзе пісаў, што знаходзіцца пад Кёнігсбергам. Праз некаторы час бацькі атрымалі паведамленне, што Уладзімір прапаў без вестак. Марыя Аляксандраўна Янцалевіч, Стоўбцы”.
“Мой бацька Мікалай Кліменцьевіч САВІЧ, 1903 года нараджэння, з вёскі Зосіна Дзяржынскага (раней Койданаўскага) раёна, у снежні 1940 года быў асуджаны на год і знаходзіўся ў турме ў Барысаве. Калі пачалася вайна, яго накіравалі на фронт. Бацька даслаў толькі адзін ліст, які не захаваўся. Пасля заканчэння вайны я шукала яго і атрымала адказ, што прапаў без вестак. Рэгіна Мікалаеўна Раманава, Мінск”.
“Мой дзядзька Антон Васільевіч ШКУЦЬКО прапаў без вестак у 1944 годзе. Пра гэта нам паведамілі з упраўлення па персанальным уліку загінуўшых з горада Масквы. Мой бацька шмат гадоў шукаў брата. Пісаў у Падольск, Маскву, але безвынікова. Вельмі балюча за маіх дзядулю і бабулю, у якіх вайна забрала трох сыноў. Да вайны Антон вучыўся ў Баранавічах на спецыяліста-чыгуначніка. Аднак у маі 1941 года ваенкаматам быў накіраваны на вучобу ў школу камандзіраў у горад Нагінск Маскоўскай вобласці. Ад яго прыйшлі толькі два пісьмы. Што стала з дзядзькам, мы не ведаем. Валянціна Леанідаўна Дубіна, Смалявічы”.
Ад імя родных даслаў ліст былы непаўналетні вязень канцлагера “Азарычы”, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь Сямён Уладзіміравіч Міхалёнак з Мінска. “У лістападзе 2005 года з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны, што ў Падольску, мы атрымалі паведамленне, што наш бацька Уладзімір Георгіевіч МІХАЛЁНАК прапаў без вестак у верасні 1944 года. У сям’і нас было пяцёра дзяцей. Маці і ўсе мы, дзеці, былі ў канцлагеры “Азарычы”. Некалькі гадоў таму наша маці памерла. У нас свае сем’і. Што не зрабілі мы, стараюцца зрабіць нашы дзеці, унукі. Вельмі хочам нізка пакланіцца таму месцу, дзе ён пахаваны. Упэўнены: чалавек не можа знікнуць бясследна. Можа, па крупінках звестак удасца знайсці сляды нашага бацькі і дзядулі”.
“Мой брат Павел Іванавіч ХАРОБРЫ, 1917 года нараджэння, прапаў без вестак пад Смаленскам у 1943 годзе. Мы з братам былі прызваны на вайсковую службу ў 1940 годзе, ён вясной, а я ўвосень. Я служыў у Ленінградскай ваеннай акрузе, а ён у Беластоку, у артылерыйскім палку. Апошні ліст ад брата я атрымаў у маі 1941 года. Больш пра яго лёс нічога не ведаю. Праўда, хтосьці расказваў, што бачыў яго ў ваенным шпіталі ў Смаленску. Высылаю фотаздымак брата, на якім ён разам з сябрам. Інвалід Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Іванавіч Харобры, Касцюковіцкі раён”.

За акіянам
“Дапамажыце знайсці маіх родных у Амерыцы. Як мне вядома з апошняга ліста на адрас маёй маці Марыі Пятроўны Сахашчык (дзявочае прозвішча Брыч), у горадзе Акрон, жыла яе стрыечная сястра Анастасія-Нэллі РЭПАСКІ, 1914 года нараджэння. У яе быў муж Джон, браты Андрэй, Павел і Фёдар. На фотаздымках, дасланых цёткай Насцяй, яе сын з дачкой, зяць і нявестка, маці Малання Зушчык (дзявочае прозвішча Крук), а яшчэ чатыры хлопчыкі. Гэта, напэўна, унукі цёткі Насці, якім зараз прыкладна пад шэсцьдзесят. Як паведамілі на запыт з Чырвонага Крыжа, Анастасія-Нэллі Рэпаскі памерла ў 2000 годзе, яе муж Джон памёр два гады раней. А вось пра іх дзяцей і ўнукаў нічога не паведамляецца. Магчыма, хтосьці з іх жыве ў бацькоўскім доме, у горадзе Акрон, ці ў іншым штаце Амерыкі. Канстанцін Васільевіч Сахашчык, Пінск”.


Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter