“Помні імя сваё”

Каханне азарае наша жыццё ў любым ўзросце. Закахаўшыся, мы становімся прыгожымі, загадкавымі, летуценнымі і, самае галоўнае, шчаслівымі. На жаль, не заўсёды адчуваем, што перад намі ў нейкі момант была яна, твая адзіная палавінка. Толькі праз шмат гадоў успамінаем таго, хто закрануў тонкія струны душы, чый вобраз і позірк запомніліся на ўсё жыццё. І тады з’яўляецца надзея на сустрэчу. Яна не пакідае радыёслухачоў і чытачоў, якія напісалі на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” і расказалі свае гісторыі кахання.

Надзея на сустрэчу
“15 чэрвеня 1958 года на цягніку “Мінск--Барнаул” мы мы з сяброўкай ехалі на цалінныя землі. На станцыі Харкаў выйшлі з вагона і пабеглі купіць што-небудзь паесці. Нечакана з маёй галавы знялі саламяны капялюш. Я павярнулася і ўбачыла высокага прыгожага хлопца. Ён мне сказаў, што едзе ў тым жа цягніку. Пазней прыйшоў да мяне ў дзесяты вагон, разам ехалі трое сутак. Звалі яго Міхаіл, прозвішча сваё, на жаль, не назваў, а мянушка яго была Тарапуня. Ён разам з сябрамі ехаў з Мінскай вобласці. Даехаўшы да Казахстана, яны сышлі на станцыі Атбасар, а мы -- у горадзе Какчэтаў. Пазней даведалася, што іх група знаходзілася за 30 кіламетраў ад нас, мы туды хадзілі на танцы. Я заўважыла на яго правай руцэ татуіроўку з маім імем. Пазней ён прыехаў да мяне і прапанаваў перайсці на работу да іх, а таксама сустракацца і, калі мне споўніцца 18 гадоў, пажаніцца. Але я яму адмовіла. Мінула больш за паўстагоддзя, а Міхаіла не магу забыць. Прашу ўсіх, хто ведае Мішу, адгукнуцца. Данута Аляксееўна Шапар, Масты”.
“Зрабіце мне падарунак да 50-годдзя разлукі. Было гэта ў 1958 годзе, у вёсцы Дайноўка Ашмянскага раёна. У той час у вёску прывозілі і паказвалі кіно. Кінамеханіка звалі Ігнат, і мы з ім сябравалі. Але дружба наша была нядоўгай. З’явіўся смялейшы хлопец, і я выйшла за яго замуж. Праз год нарадзілася дачка, а жыцця не было. Муж мой любіў гарэлку, ад гэтага было шмат бяды. Ігнат хацеў узяць мяне з дачушкай, пісаў мне, але лісты яго мне не паказвалі. Праз 20 гадоў Ігнат прыязджаў да маёй маці, прасіў мой адрас, але яму адмовілі, хаця з мужам я ўжо даўно не жыла. Зараз думаю: а раптам Ігнат такі ж адзінокі, як я. Дапамажыце знайсці яго. Аліна Дрозд (Лапшына), Віцебскі раён”.
“Цікава, як склаўся лёс майго першага каханага Мікалая КАБАНЬКА з Мазырскага раёна. Коля! Адгукніся. Мне ад цябе нічога непатрэбна. Я замужам, у мяне трое дарослых дзяцей. Хачу толькі даведацца, як ты жывеш, як тваё здароўе, ці добра склаўся лёс? Валянціна Іванаўна Васільчанка, Добрушскі раён”.
“Шукаю сябра маладосці Аляксандра РАКА, 1945--1947 года нараджэння. Пазнаёміліся мы ў поездзе. Я закончыла інстытут замежных моў і ўжо працавала. Саша закончыў свой інстытут і ехаў працаваць на Бабруйскі шынны завод. Гэта была рамантычная, незабыўная сустрэча. Усяго дзве гадзіны ў поездзе! А потым мы перапісваліся. Не забыць і той хвалюючай сустрэчы, калі Саша прыязджаў да мяне ў Магілёў. Мая маці пякла пірагі, а я ўся свяцілася ад шчасця. У нас былі цудоўныя, светлыя адносіны. Але... сарвалася наша сустрэча ў Бабруйску. Сябры расказвалі, як ты шукаў мяне. Сарваліся нашы міжгароднія тэлефонныя размовы. Я вінаватая перад табой, Саша, і гэту віну нясу праз гады. А ўжо мінула больш як 30 гадоў. У мяне дарослыя дзеці, у іх свае сем’і. Хачу папрасіць у цябе прабачэння і даведацца, як склаўся твой лёс. Калі можаш, адгукніся. Людміла Аляксандраўна, Магілёў”.
Гора маці
“Прапаў мой сын Сяргей ПАНАСЮКОЎ. Куды толькі я ні звярталася, усё безвынікова. Прашу ў вас дапамогі. Сяргей разам з жонкай Нінай і ўнукам Васілём жыве ў вёсцы Трасцянец на вуліцы Лугавой. Апошні ліст я атрымала ад яго ў ліпені 2007 года, пасля гэтага нічога пра родных не ведаю. Л.Т.Лохава, Бішкек (Кыргызстан)”.
Родныя людзі
“Мой брат Анатоль Міхайлавіч КОНАНАЎ, 1915 года нараджэння, у 1933 ці 1934 годзе (дакладна не памятаю) паехаў у Ленінград, там закончыў марское вучылішча. Апошні раз яго бачылі ў 1935 годзе на пахаванні бацькі, а ў 1941-м мы ад жонкі Анатоля Марыі Міхайлаўны атрымалі ліст, дзе яна пісала, што ёй прыйшло паведамленне пра яго смерць 20 жніўня 1941 года. Іх малыя дзеці памерлі, а Марыя эвакуіравалася ў Расію, у Свярдлоўск, і працавала на металургічным заводзе. Мы з ёй да 1950 года перапісваліся, а пазней сувязь абарвалася. Я шукала дакладныя звесткі пра брата, але не атрымала. Толькі вядома, што ён праходзіў службу на будаўніцтве №2 Балтыйскага флота. Хачу таксама даведацца пра лёс стрыечнага брата Серафіма Іванавіча ЗІНОЎЕВА, які жыў у сяле Залесава Алтайскага краю. Я пішу лісты, а адказу няма. Да вайны ён закончыў геолагаразведачны тэхнікум, потым тры гады ваяваў. Пасля вызвалення Курскай вобласці паехаў у Алтайскі край. Вось і ўсё, што я ведаю пра братоў. Можа, знойдуцца тыя, каму што-небудзь вядома пра іх, прашу адгукнуцца. Глафіра Іванаўна Конанава, Мінск”.
Мінчанка Тамара Аляксандраўна Рымар шукае свайго брата Аляксандра Аляксандравіча ГАЛЕЦКАГА, ад якога вось ужо чатыры гады няма ніякіх вестак. Жыў брат у горадзе Астана (Казахстан).
“Мой брат Уладзімір Уладзіміравіч МІКУЛІЧ, 1945 года нараджэння, разам з дочкамі жыў у пасёлку Дружба Праўдзінскага раёна Калінінградскай вобласці. Да 1990 года мы перапісваліся, а пасля сувязь абарвалася. Я пішу пісьмы і пасылаю тэлеграмы, аднак адказу няма. Магчыма, яго дочкі Таццяна, Алена і Святлана выйшлі замуж і змянілі прозвішча. Дапамажыце адшукаць маіх родных. Сяргей Уладзіміравіч Мікуліч, Мінск”.
Уладзімір Сцяпанавіч Волаў (на фота), 1967 года нараджэння, з пасёлка Варапаева Віцебскай вобласці хоча знайсці брата, які жыве ва Украіне, у горадзе Арцёмаўску Данецкай вобласці. Так склаўся лёс Уладзіміра, што ён застаўся адзінокім: бацькі памерлі, і ён выхоўваўся спачатку ў дзіцячым доме на Поўначы, а потым яго забралі ў сям’ю. Брат з ім бачыцца не хоча.
“Мая знаёмая Надзея Дзямідаўна Палевікова з Рагачоўскага раёна шукае сваю сястру Ганну Дзямідаўну СУДНІКАВУ, 1941 ці 1942 года нараджэння. У 1945-м або ў 1946-м, пасля смерці бацькоў, старэйшую дзяўчынку родныя забралі да сябе, а малодшую, Ганну, здалі ў Рэчыцкі дзіцячы дом. Больш старэйшая сястра пра малодшую нічога не ведае. Яна 1931 года нараджэння, дрэнна сябе пачувае і вельмі хоча знайсці роднага чалавека. Валянціна Васільеўна Мельнік, Мінск”.
“Шукаю стрыечную сястру Розу Міхайлаўну ШОТ, 1934--1935 года нараджэння. Бацька Розы Міхаіл Сямёнавіч Шот і маці Аляксандра (у дзявоцтве Ільвіцкая) загінулі. Роза засталася ў брата маці Пятра Ільвіцкага, у вёсцы Парфяновічы (зараз гэта Мастоўскі раён). У Пятра было шмат сваіх дзяцей, сям’я жыла вельмі бедна, таму яны з жонкай былі вымушаны аддаць маленькую Розу ў дзіцячы прытулак у горадзе Ліда. Дзяўчынцы тады было гадоў 5—6, і, магчыма, яе ўдачарылі. Магчыма, сястры ўжо няма сярод жывых, тады хачу ўбачыць яе дзяцей, унукаў, даведацца ад іх, як склаўся лёс Розы. Мікалай Дзмітрыевіч Красоўскі, Уздзенскі раён”.
Дарагія сябры
“З Леанідам Канстанцінавічам ЛАЙКОВЫМ, 1945 ці 1946 года нараджэння, мы разам вучыліся ў сёмым і восьмым класах Дрыбінскай школы-інтэрната Магілёўскай вобласці з 1961 па 1963 год. У гэту школу Лёню перавялі з Магілёўскага дзіцячага дома. У яго не было родных. Леанід быў вельмі здольны: выразаў лобзікам, іграў на баяне, акардэоне і піяніна. У 1963-м ён паступіў у Мсціслаўскае тэхнічнае вучылішча. Мы год перапісваліся. Пасля заканчэння Леанід паехаў працаваць па размеркаванні, а адраса мне не пакінуў. Я шукала яго, але безвынікова. З гэтым болем жыву ўсё жыццё. Калі ён пачуе ці прачытае, няхай адгукнецца. Я маю сям’ю: мужа і двух дарослых сыноў. Яны ведаюць гісторыю майго жыцця і таксама будуць рады сустрэцца. Тамара Якаўлеўна Аўсянік (Саладкова), Горкі”.
Дзве сяброўкі Раіса Ягораўна Хазанава з Гомеля і Надзея Раманаўна Шатон з Рэчыцы шукаюць трэцюю сяброўку Ніну Дзмітрыеўну МАТВЕЕНКА, 1948 года нараджэння. Жанчыны доўгі час разам працавалі ў Гомелі на фабрыцы 8-га Сакавіка. У 2002 годзе, калі Ніна Дзмітрыеўна пайшла на пенсію, паехала да бацькоў у вёску, якая знаходзіцца ў Журавіцкім сельсавеце Рагачоўскага раёна. Больш яны пра сяброўку нічога не ведаюць.
“У 1955 годзе мы закончылі Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Сустрэча аднакурснікаў будзе сёння, 13 верасня, у 12 гадзін у будынку былога педвучылішча. Чакаем вас, сябры Аскольд ВЯРЖБІЦКІ, Генадзь МАРЦУЛЬ, Ніна КАЛАША, Люба ЖУРКО, Ганна МАЗУРА, Таіса ГУСЕВА, Іван ВЯРБІЦКІ, Ганна УЛАСЕВІЧ… Данута Кенць (Гажэльская), Навагрудак”.
“Я прыехала ў Беларусь з Башкірыі, з горада Ішымбай, у сакавіку 1965 года па запрашэнню кіраўніцтва маслазавода. Ад сваячкі з Башкірыі даведалася, што мой зямляк Іван КАЗЛОЎ таксама жыве ў Беларусі. Я шукала яго, але безвынікова. Хочацца адшукаць Івана, даведацца пра яго лёс. Ён быў буравіком, першапраходцам геолагаразведкі. Валянціна Паўлаўна Клюшкіна, Наваполацк”.
“У 1967--1969 гадах да арміі я жыў на кватэры ў Мазыры. Там таксама здымалі пакой дзве дзяўчыны. Мы сябравалі. Калі я пайшоў у армію, сувязь з імі абарвалася. Пасля вяртання сустрэў адну з дзяўчат -- Валю Чарняк, яна працавала на швейнай фабрыцы. А другая была Ніна ПАШУК (прозвішча дзявочае), я пра яе лёс нічога не ведаю. Валя расказвала, што яна з Мазыра пераехала на радзіму ў Петрыкаўскі раён. Няхай Ніна адгукнецца. Мы з Валяй будзем рады сустрэчы з ёй, цікава даведацца пра яе жыццё. Леанід Пісарэнка, Быхаўскі раён”.
Падзякаваць за выратаванне
“Я выхоўвалася ў дзіцячым доме, які знаходзіўся ў Глускім раёне Палескай (зараз Магілёўскай) вобласці. Дырэктарам у нас быў Міхаіл Абрамавіч Бейкін. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго забралі ў армію. Мы засталіся адны. Праз некалькі дзён да нас прыйшлі немцы, але ненадоўга. Непадалёку ад вёскі, дзе знаходзіўся дзетдом, ішлі баі і было вельмі многа параненых чырвонаармейцаў. Пазней да нас звярнуўся камандзір атрада з просьбай дапамагчы завесці раненых у санітарную часць. Там мы сустрэлі нашага дырэктара, які сказаў нам эвакуіравацца. Машына спачатку завезла нас у Гомель, потым -- у Сталінград, Астрахань, адтуль -- у Гур’еў (Казахстан), затым -- ва Уральск (Расія), потым пешшу зноў пайшлі ў Казахстан. На гэтым наша сувязь з дырэктарам і маімі сябрамі страцілася. У яго была жонка Фіра Яўсееўна Кац, якая працавала выхавацелькай у дзіцячым доме. Яны мелі дваіх дзяцей, у той час маленькіх: сына Леаніда Міхайлавіча БЕЙКІНА і дачку Ларысу Міхайлаўну БЕЙКІНУ. Вельмі хочацца адшукаць іх і падзякаваць за бацьку, які дапамог выратавацца ўсім выхаванцам дзіцячага дома. А таксама знайсці сяброў, з якімі мяне звёў лёс у дзіцячым доме. Надзея Нікіфараўна Сянкевіч (Сундукова), 1930 года нараджэння, Бяроза”.
Рэха вайны
“Дапамажыце знайсці магілу дзядзькі Мікалая Рыгоравіча КАЗЛЯКОЎСКАГА, прыкладна 1920 года нараджэння, ураджэнца вёскі Плотніца Брэсцкай вобласці. Ён ваяваў у складзе 70-й арміі 1-га Беларускага фронту, загінуў на тэрыторыі Польшчы 25 ліпеня 1944 года і пахаваны ў вёсцы Вулька-Дубрынка Бяла-Падляскага павета. Людміла Ільінічна Калініна, Пінск”.
“Мой брат Леанід Пятровіч ЕГЕРАЎ, 1927 года нараджэння, ураджэнец Кармянскага раёна. Калі пачалася вайна, знаходзіўся ў ваенным шпіталі ў Карме. Пры тэрміновай эвакуацыі ўсіх хворых пасадзілі ў самалёт і адправілі ў невядомым напрамку. Пасля заканчэння вайны нашы бацькі шукалі яго. Быў адзін адказ: прапаў без вестак. Я веру, што знойдуцца людзі, якія ведаюць што-небудзь пра майго брата. Міхаіл Пятровіч Егераў, Бабруйск”.
“Мая маці Ганна Карпаўна Чарняцова (прозвішча дзявочае) хоча знайсці свайго брата Івана Карпавіча ЧАРНЯЦОВА, 1924 года нараджэння. Пражываў у вёсцы Парэчча калгаса “Перамога”. Было паведамленне, што прапаў без вестак. Аляксандр Мікалаевіч Сініцкі, Шуміліна”.
“Мой бацька Марк Ціханавіч ЕМЯЛЬЯНЕНКА, 1907 года нараджэння, пайшоў на фронт з вёскі Наваельня Краснапольскага раёна. Ад яго за вайну не было ніводнай вестачкі. У паведамленні з ваенкамата напісана, што бацька прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Хочацца атрымаць звесткі пра яго і даведацца, дзе знаходзіцца магіла бацькі. Ніна Маркаўна Раманенка, Віцебск”.
“Нарадзілася я ў снежні 1941 года ў сям’і ваеннаслужачага, а ў чэрвені 1942-га маму і мяне фашысты везлі ў няволю ў Германію. Маці разам са мной выскачыла з вагона на хаду поезда, а потым чатыры гады мы з ёю бадзяліся па акупіраванай ворагамі Літве. У 1945 годзе вярнуліся ў Беларусь і атрымалі паведамленне, што ў снежні 1941-га прапаў без вестак мой бацька Іван Андрэевіч ГАРДЗЕЕНКА. Ён быў 1920 года нараджэння, з Чарнігаўскай вобласці. У 1937-м закончыў Ульянаўскае танкавае вучылішча, служыў у Барысаве, на фронт пайшоў з горада Алітус, што ў Літве, быў намеснікам камандзіра роты 9-га танкавага палка. У жніўні-верасні 1941 года, па словах сваякоў, знаходзіўся каля Хоцімска. Пра далейшы лёс дарагога чалавека не ведаю. Таццяна Іванаўна Пігулеўская, Асіповічы”.
“Са слоў сваёй маці памятаю, што мой бацька Андрэй Васільевіч АСІНОЎСКІ (нарадзіўся ў 1914 годзе ў Талачынскім раёне) загінуў на тэрыторыі Прусіі недалёка ад Калінінграда. Пра апошні бой нам напісаў бацькаў сябар. Бітва была ля мяжы Літвы і Прусіі ў студзені (год у пісьме не пазначаны). Бацька гераічна загінуў і быў пахаваны ў брацкай магіле. Па звестках з архіва ў Падольску, ён прапаў без вестак у лютым 1945 года. Магчыма, дзесьці захаваліся звесткі пра яго ці засталіся жывымі аднапалчане? Надзея Андрэеўна Кунцэвіч, Талачынскі раён”.”
“Майго бацьку Івана Васільевіча ШУЛЬГУ выклікалі па трывозе, калі пачалася бамбёжка Гродна. Тата толькі перадаў нашай маці праз шафёра запіску, каб дабіралася з дзецьмі да сваіх родных. Атрымалі паведамленне, што бацька прапаў без вестак увосень 1944 года. Дапамажыце даведацца пра яго ваенны лёс. Галіна Іванаўна Пінчук, Орша”.
“Даўно шукаю месца пахавання бацькі, хачу пакланіцца той зямельцы, пакласці кветкі. Мой тата Іван Пятровіч ГРЭКАЎ, 1913 года нараджэння, з вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна, на фронт пайшоў у першыя дні вайны. Мне тады быў толькі гадок, таму бацьку, які з фронту дамоў не вярнуўся, ведаю толькі па фотакартках, што засталіся, ды з таго, што расказвала маці. Раіса Іванаўна Чыжова (Грэкава), Гомельскі раён”.
Гісторыя адной сям’і
“Мой бацька Віктар Абрамавіч Цяпкін нарадзіўся ў 1900 годзе ў Беларусі, жыў у Віцебску. Прыкладна ў 1930 годзе ён паехаў у Маскву, вучыўся на механіка. Маці наша з Татарыі, вучылася ў Маскве на мадыстку. Там бацькі сустрэліся і пажаніліся. Жыць пачалі ў Татарыі, дзе шмат сваякоў па лініі маці. У 1931-м нарадзілася мая сястра. Праз год з’явілася на свет я. У 1935 годзе маці памерла. Бацька працягваў вучобу ў Маскве. У яго быў брат Дзмітрый Абрамавіч ЦЯПКІН, які меў дзвюх дачок, іх звалі, здаецца, Тамара і Наташа. Дзмітрый Абрамавіч з Віцебска пераехаў затым у Мінск, працаваў дырэктарам на прадпрыемстве. Мае ўнукі і праўнукі хочуць знайсці родных майго бацькі, якія жывуць у Беларусі. Ніна Віктараўна Цяпкіна”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter