ПОМНІ ІМЯ СВАЁ

Рознае бывае ў жыцці. І ўсё ж светлых, радасных момантаў, пра якія асабліва хочацца ўзгадваць, здаецца, больш. Пра гэта сведчаць і многія лісты, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”.
Пошукі і знаходкі

* Уладзімір Аляксандравіч Крамарчук з Чэрвеньскага раёна доўгі час шукаў брата, з якім не бачыўся 22 гады. “Я звяртаўся ў многія інстанцыі, на перадачу “Жди меня”, але безвынікова. А напісаў на праект “Помні імя сваё”, і вы дапамаглі, знайшлі брата, — расказвае ўдзячны Уладзімір Аляксандравіч. — Мы з ім пагаварылі па тэлефоне і прызначылі сустрэчу. Як высветлілася, брат таксама шукаў мяне. Самі мы з Украіны. Калі падтрымлівалі сувязь, брат жыў у Расіі, а я — ва Украіне. Потым лёс склаўся так, што я пераехаў жыць у Беларусь, а ён не ведаў і шукаў мяне ва Украіне”. 
* Пётр Іванавіч Бельскі з горада Глыбокае 15 гадоў шукаў сваю дачку Алену Пятроўну Бельскую, 1972 года нараджэння. 25 гадоў ён жыў у Латвіі, і тады яны часта тэлефанавалі адзін аднаму. Алена Пятроўна жыла ў Ташкенце. Працавала на трактарным заводзе бухгалтарам. Разам з ёй жыла маці Галіна Кузьмінічна Бельская і бабуля Валянціна Філіпаўна Смірнова. З галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Ташкента паведамілі дакладны адрас месца жыхарства Алены Пятроўны Бельскай і яе маці. Ён накіраваны Пятру Іванавічу Бельскаму пісьмом.
* Сабіна Валер’еўна Батура са Шчучынскага раёна шукала ўнука Івана Іосіфавіча Батуру. Ён жыў у горадзе Кірава-Чапецк (Кіраўская вобласць, Расія). Апошнія чатыры гады Сабіна Валер’еўна ніякіх звестак ад унука не атрымлівала. Яе сын Іосіф Тадэвушавіч Батура быў ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Захварэў і памёр у 1997 годзе, застаўся ў яе толькі адзін унук. Сабіна Валер’еўна вельмі хоча сустрэцца з ім. З аддзела ўнутраных спраў Кірава-Чэпіцкага раёна Кіраўскай вобласці паведамілі каардынаты ўнука Сабіны Валер’еўны. Дарэчы, жыве ён па тым адрасе, па якім яна і накіроўвала свае пісьмы. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Івану Іосіфавічу, што яго шукае бабуля.
* Фаіна з Гродна шукала Мікалая Аўдзеенку, з якім пазнаёмілася больш як трыццаць гадоў таму. Ён 1942—1944 года нараджэння, з Талачынскага раёна. Вучыўся ў Гродне, затым паехаў працаваць у гарадскі пасёлак Воранава. Іх шляхі-дарогі разышліся, але жанчына хоча, каб Мікалай быў упэўнены, што яна памятае яго і хоча даведацца, як склаўся лёс. Мікалай Міхайлавіч Аўдзеенка паведаміў свой адрас і нумар хатняга тэлефона. Інфармацыя накіравана жанчыне пісьмом.
* Людміла Леанідаўна Паркевіч з Драгічына шукала сябра маладосці Валерыя Лапцева з Адэсы. У 1968 годзе ён служыў у Вінніцы, а Людміла Леанідаўна не дачакалася яго і выйшла замуж. Ён вельмі перажываў за тое, што здарылася. Пазнаёміліся яны на танцах. У той час жанчына жыла ў горадзе Мікалаеве, і ён прыехаў сюды на практыку з Адэскага мараходнага вучылішча, у якім вучыўся. Высокі, абаяльны юнак, дабрэйшай душы чалавек. Яны хацелі быць разам, але, відаць, не суджана. З таго часу мінула шмат гадоў, а жанчына ўсё адчувае, што вельмі вінавата перад ім. Таму і хацела яго адшукаць і сказаць простыя чалавечыя словы: “Даруй мне за ўсё”. З Адэсы паведамілі, што Лапцеў Валерый Іванавіч, 1947 года нараджэння, па даных адраснага бюро Адэскай вобласці ў рэгістрацыі або зняцці з рэгістрацыйнага ўліку не значыцца. Але паведамляецца адрас яго маці. Ён накіраваны Людміле Леанідаўне.
* Мінчанка Людміла шукала стрыечную сястру Алену Уладзіміраўну Прарачук і брата, імя якога не ведае. Іх сям’я жыла ў Калінінградзе. Людміла расказала вельмі трагічную і заблытаную гісторыю. Паведаміла, што вельмі хоча знайсці іх, бо сэрца баліць, калі падумае пра тое, што перажылі гэтыя дзеці, пакінутыя ўсімі. “Трэба любіць сваіх родных і дапамагаць адно аднаму ў цяжкую хвіліну”, — напісала Людміла.
* У рэдакцыю “Народнай газеты” патэлефанавала ўсхваляваная Алена Уладзіміраўна Прарачук:
— У вашай газеце было напісана, што нас шукае стрыечная сястра. У нас з братам нікога няма, і вельмі прыемна, што я сустрэнуся з сястрой, якой ніколі не бачыла. У мінулым годзе я закончыла архітэктурна-будаўнічы каледж, працую на будоўлі. Брат яшчэ вучыцца ў Смілавічах, будзе пчаляром. З сястрой пагутарым пры сустрэчы. Дзякуй вам за ўсё.
* Таццяна Мікалаеўна Ляпёшкіна з Круглянскага раёна шукала стрыечнага брата Барыса Рыгоравіча Калугіна, 1940 года нараджэння. Жанчына — ураджэнка Харкава (Украіна), але з 1992 года з сям’ёй жыве ў Беларусі. Барыс са сваёй сям’ёй жыў у Ташкенце. Яго жонка Ася Уладзіміраўна Калугіна, сыны Станіслаў (1969—1970 год нараджэння) і Уладзіслаў. Жанчына шмат разоў пісала яму, але пісьмы вярталіся з адзнакай “адрасат не пражывае, кватэра прададзена”. Так яна і згубіла свайго брата. Па звестках галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Ташкента, па адрасе, на які Таццяна Мікалаеўна накіроўвала пісьмы, зараз прапісаны і жыве з яе родных толькі Уладзіслаў Барысавіч Калугін.
* Ульяна Еўсцігнееўна Абжыганава з Браслаўскага раёна шукала брата Васіля Еўсцігнеевіча Волкава, 1938 года нараджэння. Жыў ён у Краснаярскім краі. Там меў сям’ю. З 2004 года родныя не атрымлівалі ад яго ніякіх звестак. Па звестках аддзела адрасна-даведачнай работы УФМС Расіі па Краснаярскім краі, Волкаў Васіль Еўсцігнеевіч, 1938 года нараджэння, быў зарэгістраваны на тэрыторыі Краснаярскага краю і 31 жніўня 2006 года зняты з рэгістрацыйнага ўліку ў сувязі са смерцю.

Прапалі без вестак

atrash.gif“Мой брат Пётр Дзямідавіч АТРАШКЕВІЧ, 1919 года нараджэння, з вёскі Казінае Сяло Бешанковіцкага раёна быў прызваны на тэрміновую службу ў студзені—лютым 1940 года. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацькі атрымалі паведамленне, што Пётр прапаў без вестак 6 снежня 1941 года. Яны доўгі час спадзяваліся, што ён жывы, і чакалі яго вяртання. Але ён не прыйшоў. Хочацца ведаць пра лёс брата ці месца, дзе ён знайшоў апошні спачын. Можа, хто з яго таварышаў па службе застаўся жывы і можа нешта паведаміць пра майго брата. Зінаіда Дзямідаўна Яроха (Атрашкевіч), Бешанковічы”.

 

 

 

 

 

 

“Шукаю месца пахавання свайго брата Валяр’яна Канстанцінавіча АНЦУХА. Ён у 1938 годзе быў прызваны ў польскую армію. У верасні 1939-га трапіў у нямецкі палон, і з таго часу нічога невядома пра яго далейшы лёс. Я шмат куды звяртаўся і даведаўся, што брат учыніў пабег. Пры пераходзе мяжы
3 чэрвеня 1941 года яго затрымалі на ўчастку Аўгустоўскага пагранатрада і арыштавалі, нейкі час ён знаходзіўся ў турме ў Гродне, але падчас бамбёжкі горада нямецкімі самалётамі ўсе арыштаваныя загінулі. Дзе ж знаходзіцца магіла, у якой пахаваны ўсе арыштаваныя? Канстанцін Канстанцінавіч Анцух, Мінск”.
“Мой дзядуля Іван Іванавіч КІМБАР нарадзіўся ў 1913 годзе на хутары Мілашы Дзяржынскага раёна. Летам 1941-га пайшоў на фронт і не вярнуўся. Апошні раз яго бачылі восенню 1941 года ў мінскай турме, пахавальнай родныя не атрымлівалі. Дапамажыце знайсці якія-небудзь звесткі пра яго. Т.Е.Янч, Фаніпаль”.


novik.gif“Мой бацька Фёдар Фёдаравіч НОВІК, 1922 года нараджэння, ураджэнец вёскі Пагост Старобінскага (зараз Салігорскага) раёна. У 1944 годзе пасля вызвалення нашага раёна яго прызвалі ў армію і накіравалі на фронт са станцыі горада Слуцка. У студзені 1945-га ён прапаў без вестак на рацэ Одэр (так напісана ў кнізе “Памяць”), але хадзілі чуткі, што ён быў кантужаны і выбыў з часці глуханямы. Я ўвесь час яго шукаю. Пісаў у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны ў горадзе Падольску, на перадачу “Жди меня”, але безвынікова. Можа, нехта з сяброў па службе майго бацькі адгукнецца. Сяргей Фёдаравіч Новік”.

 

 

 

 

 

 

 

“Мой бацька Мікалай Пятровіч ГРЫШАНАЎ, 1903 года нараджэння, ураджэнец вёскі Кальцы Віцебскай вобласці, у чэрвені 1942-га пайшоў у партызаны і з вайны не вярнуўся. Доўгі час мы шукалі звесткі пра яго. У даведцы Цэнтральнага архіва Беларусі мы прачыталі, што бацька з 20 чэрвеня 1942-га па 1 жніўня 1943 года быў радавым партызанскага атрада нумар 2 “Мсцівец” 2-й Беларускай брыгады імя Пятра Панамарэнкі. Затым ён прапаў без вестак. Па словах сяброў бацькі, 19 жніўня 1943 года яго група была накіравана на мініраванне дарогі Гарадок—Мяжа каля вёскі Бяскатава і з задання не вярнулася. Дапамажыце знайсці магілу майго бацькі. Можа, нехта з былых партызан ці яго сяброў нешта ведае пра гэту аперацыю. Мінула 65 гадоў, а мы не ведаем, дзе знайшоў спачын наш родны чалавек. Ніна Мікалаеўна Купрыянец, Талачын”.
“У чэрвені 1944 года мой брат Іван Уладзіміравіч КВЯТКОЎСКІ, 1924 года нараджэння, ураджэнец вёскі Печураны Капыльскага раёна, быў прызваны Капыльскім раённым ваенкаматам у рады Чырвонай Арміі. Службу праходзіў на тэрыторыі Польшчы. Прыслаў з фронту два лісты, апошняе было 16 кастрычніка 1944 года. А затым на імя бацькі прыйшло паведамленне, што мой брат прапаў без вестак. Я доўгі час шукаў яго, звяртаўся ў Варшаву і даведаўся, што Іван пахаваны на могілках у горадзе Гарволін Седлецкага ваяводства, але мне невядома, у якой магіле. Міхаіл Уладзіміравіч Квяткоўскі, Мінск”.

Блізкія людзі

“У маёй маці Юліі Кірылаўны Пашкоўскай (Цыганковай) ёсць родная сястра Алена Кірылаўна ЦЫГАНКОВА (прозвішча дзявочае), 1932 года нараджэння. Дзяцінства ў іх было цяжкае, раслі без маці, бацька ажаніўся, і яны разам з мачыхай жылі ў вёсцы Бондары Лёзненскага раёна. Іх бацька загінуў на вайне. У 1950 ці 1951 годзе Алена пайшла з дому, і больш яе ніхто не бачыў. Пазней да нас дайшлі чуткі, што яна знаходзіцца ў турме. Мая маці ўспамінае, што яе сястра прыслала пасля гэтага ліст, у якім паведамляла, што пазнаёмілася там з мужчынам Іванам і выйшла за яго замуж. Таксама былі чуткі, што жыве яна ў Светлагорску, мае дзве дачкі, змяніла імя на Валю. У 2002 годзе я шукала яе, але безвынікова. Надзея Іванаўна Галай, Лепельскі раён“.
jurkovskaya.gifНаталля Васільеўна Юркоўская (на фота), 1974 года нараджэння, з дома-інтэрната, што знаходзіцца ў вёсцы Тарасікі Барысаўскага раёна, хоча знайсці бацьку Васіля БАГАМОЛЬЦАВА, якога ніколі не бачыла. Ён нават не ведае пра тое, што яна жывая. Справа ў тым, што яе маці Галіна Генадзьеўна Юркоўская сказала яму, што дачка памерла, а на самай справе аддала яе ў дом дзіцяці ў горадзе Жодзіна 33 гады таму. Жыў бацька ў Маладзечне.

 

 

 

 


gurin.gif“Шукаю брата майго мужа Сцяпана Міхайлавіча ГУРЫНА (на фота), а таксама маіх пляменнікаў Ігара Мікалаевіча ГУРЫНА і Святлану Мікалаеўну ФІЛІПОВІЧ (Гурыну). Даты іх нараджэння невядомы, толькі ведаю, што Сцяпан з вёскі Цімошкавічы Карэліцкага раёна. У 1986 годзе Ігар жыў на вуліцы Бурдзейнага, а Святлана — на вуліцы Казінца ў Мінску. Надзея Уладзіміраўна Гурына, Сенненскі раён”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


“Па просьбе родных па бацьку з Ровенскай вобласці (Украіна) прашу адшукаць Мікалая Геронавіча АСТАПУКА, якому прыкладна 45—50 гадоў. Жыве ён на тэрыторыі нашай краіны, працуе ў галіне будаўніцтва або архітэктуры. М.А Драздова, Бяроза”.
“Пішу вам па просьбе сваіх суседак-бабулек. Яны хочуць ведаць, што здарылася з іх братам Францам Палікарпавічам ЛАБАНОЎСКІМ, 1940 года нараджэння. Жыў ён ва Украіне, у горадзе Данецку, да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на шахце. Сям’і не было. Апошнюю вестку, тэлеграму, атрымалі ад яго ў сакавіку 2003 года, калі памёр у Беларусі яго брат. Франц Палікарпавіч паведаміў, што прыехаць на пахаванне брата не можа, бо адчувае сябе вельмі кепска, ледзь рухаецца. Пасля гэтага сёстры шмат разоў пісалі яму, але адказу не атрымалі дагэтуль. Анатоль Пастушок, Ваўкавыскі раён”.
“Дапамажыце адшукаць маю сяброўку дзяцінства, з якой я не бачылася 55 гадоў. Завуць яе Раіса ЦЯПІШКІНА, прыкладна 1930 года нараджэння. У дзяцінстве мы разам жылі ў вёсцы Пучас (напісана неразборліва) Крывельскага сельсавета Немскага раёна Кіраўскай вобласці. Па словах знаёмых, цяпер яна жыве ў горадзе Налінск Кіраўскай вобласці. Я пісала ў пашпартны стол, каб адшукаць яе, але безвынікова. Жыву адна, вельмі сумна, нават няма з кім пагаварыць. Галіна Аляксееўна Крукоўская (Якімава), Магілёў”.
Рэгіна Аляксандраўна Сямёнава з Мінска хоча сустрэцца са сваёй добрай знаёмай Лідзіяй КАРАГІНАЙ, разам з якой працавалі ў воінскай часці. Рассталіся ў 1960 годзе.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы, інвалід 2-й групы Якаў Макаравіч Тамашоў з Магілёва шукае сябра дзяцінства і кума Сяргея Рыгоравіча ГРЫБОЎСКАГА, 1922—1923 года нараджэння, які жыў у вёсцы Глуская Сяліба Быхаўскага раёна. “У нас былі цесныя стасункі, але з-за маёй хваробы яны зніклі. Праз некаторы час пачаў шукаць сябра, аднак ніхто дакладна не ведае, куды ён паехаў. Казалі, быццам бы жыве ў сына Уладзіміра ў Мінскай вобласці”.


provorov.gif“Хачу знайсці сябра маладосці Вячаслава Васільевіча ПРОВАРАВА, 1943 года нараджэння. Мы з ім жылі ў Касцюковічах, разам працавалі ў аўтабазе. У 1962 годзе паступілі ў Азёрскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі ў Калінінградскай вобласці, жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі. З 4-га курса мяне прызвалі ў рады Савецкай Арміі. Пакуль я служыў, Вячаслаў закончыў тэхнікум і паехаў у горад Вельск Архангельскай вобласці. Мы страцілі сувязь. У Вячаслава, ведаю, ёсць дзве сястры. Адну з іх завуць Галіна, імя другой не памятаю. Жылі яны ў горадзе Пружаны. Можа, яны ці іншыя сваякі Вячаслава Васільевіча Проварава адгукнуцца. Прашу таксама адгукнуцца сяброў, з якімі вучыўся ў Азёрскім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі. Дзмітрый Іванавіч Сіманенка, Маладзечна”.

 

 

 

 

 

 

Не забываецца

“Піша вам Святлана, 1969 года нараджэння. Хачу знайсці сябра маладосці Сяргея БЯРНАЎСКАГА, майго равесніка з Малдовы. Пазнаёміліся мы ў 1987 годзе. Тады мы, навучэнцы Барысаўскага вучылішча № 85, паехалі на пераддыпломную практыку ў горад Іжэўск. На прадпрыемствах гэтага горада працавалі юнакі і дзяўчаты з многіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Я пасябравала з Сяргеем. Жылі мы ў адным інтэрнаце, на працу і з працы хадзілі разам. У цяжкую хвіліну ён мне заўсёды дапамагаў. Іх група паехала дамоў на некалькі дзён раней, чым наша. Мы з Сяргеем падтрымлівалі сувязь. Нават калі ў нас ужо былі свае сем’і, тэлефанавалі іншы раз адно аднаму, не забывалі павіншаваць са святам. Аднойчы Сяргей мне патэлефанаваў. Я была цяжарная другім дзіцем. Размова ў нас чамусьці не атрымалася. А пасля я і нумар яго тэлефона згубіла. Сувязь абарвалася. А вось зараз думаю: можа, я пакрыўдзіла Сяргея? Мой адрас і нумар тэлефона ранейшы. Ён ведае. Няхай зноў патэлефануе мне ці напіша”.
“У 1948 годзе да нас прыехаў працаваць ветэрынарным фельчарам пасля заканчэння Клімавіцкага ветэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума Уладзімір Макаравіч КУРЛУКОЎ (Курлакоў), 1928 ці 1929 года нараджэння. Я тады вучылася ў 10-м класе, марыла паступіць у інстытут. У 1949 годзе Валодзю забралі ў армію, ён служыў у Калінінградскай вобласці. Я паступіла ў інстытут, і мы амаль чатыры гады перапісваліся. Затым Уладзіміра накіравалі вучыцца ў ваеннае вучылішча гідраавіяцыі. Рыхтавалі іх хутка, і водпуск яму не давалі, а мяне з работы не адпускалі да яго прыехаць. У 1953-м я вырвалася, прыехала ў горад Мамонава, але яго ўжо не было, бо скончыўся курс навучання. Уладзіміра паслалі служыць у Венгрыю. Так разышліся нашы дарогі. Хатняга адраса ён мне не даваў, а я не думала, што можна згубіцца ў мірны час. Вельмі хочацца ведаць, як склаўся лёс Уладзіміра. Сцепаніда Паўлаўна Гапіенка, Хойніцкі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter