Помні імя сваё!

Няўдачы і гора дзіцяці для маці больш балючыя, чым уласныя пакуты. А некаторыя дзеці прымушаюць сваіх матуль хвалявацца, не спаць начамі і чакаць, чакаць.... На адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” нярэдка прыходзяць лісты ад матуль, у якіх баліць сэрца за сваіх сыноў, бо яны не ведаюць, дзе яны, ці здаровыя, як у іх справы. А можа, ім патрэбна бацькоўская дапамога. Ды і бацькам, асабліва на схіле гадоў, яна проста неабходны. Як і ўвага, цёплае слова.

Дарагія сябры

Тамара Рыгораўна Ломцева з горада Тыраспаля, старшыня каардынацыйнага Савета беларускай грамадскай арганізацыі ў Малдове і Прыднястроўі, хоча знайсці сваіх былых аднакласнікаў. “Сёлета 50 гадоў, як мы закончылі школу № 27 па вуліцы Горкага ў Мінску і раз’ехаліся хто куды. З нагоды юбілею выпуску прапаную арганізаваць сустрэчу былых выпускнікоў. Класным кіраўніком у нас была Ніна Аляксандраўна Грышановіч. У нашым класе былі ЖДАНАЎ, БАРАДУЛІН, Таццяна БАРАНАВА, Вольга РАДЗІЁНАВА, Іна МАРОЗАВА... Дырэктарам школы тады быў заслужаны настаўнік Беларусі Чуліцкі”.
“З Ленай СІНКЕВІЧ, 1967 года нараджэння, мы вучыліся ў адным класе 155-й мінскай школы і вельмі сябравалі. Пасля заканчэння васьмі класаў нашы шляхі разышліся, і мы згубілі адна адну. Казалі, што мяне шукала нейкая дзяўчына, ёй паведамілі, што наша сям’я атрымала новую кватэру і памяняла адрас. Але ў былой кватэры засталася бабуля, і мы да яе прыязджалі. Лена жыла ў адным са мной раёне, мы бегалі, гулялі, а вось адрас яе я не запомніла, не думала пра гэта. Мінула шмат гадоў, мне ўжо 40. Часта ўспамінаю Лену: дзе яна жыве і як, хачу сустрэцца. Наталля Васільеўна Гурына, Мінск”.

Можа, мяне шукаюць?

“Я нарадзілася ў 1951 годзе. Пасля смерці бацькоў Зоі Рыгораўны і Аляксея Рыгоравіча Левашовых, на саракавы дзень я даведалася ад цёткі, сястры маці, што я ў іх была прыёмная дачка. Мяне ўзялі з дзіцячага дома, калі мне было тры гады, і ў мяне ёсць сястра. Мае прыёмныя бацькі былі ваеннаслужачымі і ў той час жылі ў Брэсце і Гродне. Яны мне нічога не расказвалі, а мяне заўсёды здзіўляла: чаму ў мяне такія прыгожыя бацькі, а я самая звычайная. І што самае цікавае: заўсёды, калі вярталася дамоў з работы, у галаве быццам гучаў выраз: “Доўгая дарога дамоў”. Ніяк не магла зразумець, чаму гэта адбываецца са мной. Нікому не расказвала, баялася, што будуць смяяцца. А яшчэ здаецца, што мяне не з дзіцячага дома ўзялі, а хтосьці аддаў на выхаванне, бо жыццё ў той час было цяжкае. Памятаю такі момант, але невыразна: хтосьці трымаў мяне на руках перад маленькай агароджай, за якой была царква ці касцёл. Яшчэ бачыла я сон, падчас якога мужчына з жанчынай мне гаварылі, што я не адзінокая, што ў мяне ёсць сястра і мы з ёй падобныя. Не ведаю чаму, але ў бацькоў я ні пра што не пыталася. А сама сабе сказала: рана ці позна, даведаюся, чаму такія думкі ў мяне з’яўляюцца. Дапамажыце. Мне здаецца, што мяне таксама шукаюць. Ніна Аляксееўна Левашова-Басава, Стаўрапольскі край.

Маладыя гады

“Мы пазнаёмілася ў час вучобы ў 1977—1978 годзе. Вучылася я тады ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. З дзяўчатамі аднойчы пайшлі ў кінатэатр “Мір”. Нашы месцы былі на 13-м радзе. Побач селі два хлопцы, Коля і Саша. Мы пазнаёміліся. Пасля гэтага ў мяне з Сашам пачаліся светлыя, чыстыя адносіны. Пасля працы ён сустракаў мяне з заняткаў і мы цэлымі вечарамі хадзілі па Мінску. Але хутка мяне адправілі на практыку ў Магілёў. Саша мне пісаў лісты, прысылаў нават вершы, абяцаў прыехаць. Аднак потым чамусьці лісты ад яго перасталі прыходзіць, і я ў хуткім часе выйшла замуж за другога. Сашу забыць не магла, часта ўспамінала. Потым даведалася, што ён паехаў жыць на сваю малую радзіму ў Полацк. Хачу даведацца, як склаўся лёс Сашы КРУПСКАГА. Няхай адгукнецца. Марыя Іванаўна Андрэева (Клімовіч), Маладзечна”.
“Дапамажыце ўзнавіць сувязь з маімі дочкамі, якія жывуць у Швецыі. Старэйшая Ірына Браніславаўна ЦІТОВА працуе ўрачом у паліклініцы. Малодшая Таццяна Браніславаўна ПАЎЛОЎСКАЯ — супрацоўніца фірмы па продажу камп’ютэраў. У мяне былі нумары тэлефонаў дачок, але жонка выселіла мяне з кватэры і не дала запісныя кніжкі, дзе яны былі. Я — сталы чалавек, мне 68 гадоў, і я вельмі хачу пагаварыць з дочкамі, расказаць ім пра справы ў нашай сям’і. Браніслаў Іванавіч Паўлоўскі, Салігорск”.

“Мой сын Мікалай Канстанцінавіч ЛІЦВІН (Літвін) (27 сакавіка 1971 года нараджэння), 12 студзеня 2004 года паехаў у Расію на заробкі. Апошні раз мы атрымлівалі ад яго весткі ў красавіку 2006-га. Ён прыслаў мне пасылку з горада Лобня Маскоўскай вобласці. З таго часу мы не ведаем, што з ім і дзе ён. Высылаю вам фотаздымак Мікалая з жонкай Ларысай. Можа, ён дапаможа ў пошуку. Надзея толькі на вас. Рэгіна Іванаўна Ліцвін, Маладзечанскі раён”.
Просьбу маці мы перададзім нашым калегам з расійскай праграмы “Жди меня”.
“Шукаю сына Аляксандра Пятровіча ПАРЦЯНКУ, 1971 года нараджэння, які ў лютым 1998 года паехаў у Мінск, некалькі дзён быў у знаёмых і сяброў, а потым прапаў. З таго часу пра яго нічога невядома. Марыя Мітрафанаўна Парцянка, Докшыцкі раён”.
У памяці родных

“Я хачу дакладна даведацца год і дату нараджэння сваёй маці Алены Іоўны ДАЎЖАНОК. Яе бацьку звалі Іоў, у яе былі два браты: Аляксей і Андрэй Даўжанок. Па яе словах, яна жыла ў Беларусі ў вёсцы Велле Віцебскай вобласці. Дзявочае прозвішча яе маці было Бандарэнка, звалі Лізавета Пятроўна. Калі маёй маці было дзесяць гадоў, яе вывезлі ў Расію. Матулі няма ўжо з намі. На помніку мы напісалі прыблізны год нараджэння — 1898-ы. Клаўдзія Сямёнаўна Фядзько, Салігорск”.
“Мае продкі жылі на хутары каля вёскі Язвы-Валасень (зараз Малінавае) Клічаўскага раёна. У 30-я гады іх раскулачылі і саслалі ў Сібір. Прадзеда звалі Ульян (Юльян) ТРЫЗНА. Ведаю, што ў яго былі сыны Алесь, Ігнат, Павел (мой дзед, 1890 года нараджэння), дзве дачкі, адну з іх звалі Вольга. Суседка казала, што дочкі пазней жылі ў Магілёве. Дзядуля ажаніўся з Гунефай Умэцкай у трыццатым годзе, ім было каля 40 гадоў. Архіў Клічаўскага раёна згарэў у гады вайны. Можа, хто прачытае ў газеце ці пачуе па радыё пра знаёмыя мясціны і прозвішчы і ўспомніць пра гэтых людзей. Распытайце ў сваіх старэйшых сваякоў, магчыма, каму-небудзь вядома пра іх лёс. Давайце спяшацца, пакуль ёсць у каго распытаць. Калі патрэбна дапамога па Міханавіцкім ці Рудзенскім напрамку, паспрабую дапамагчы ў вольны ад працы час. Людміла Трызна (Дзеркач), Мінскі раён”.

Рэха вайны

“Пішуць вам сёстры Юлія Цімафееўна Пятрова і Надзея Цімафееўна Казлова. Жывём мы ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці, а раней жылі ў Шклоўскім раёне Магілёўскай. Нашага бацьку Цімафея Ерафеевіча ВОЙНІЧА, 1909 года нараджэння, у маі 1941-га прызвалі на ваенныя зборы. Дамоў не вярнуўся, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Наша маці засталася з двума дзецьмі, трэцім была цяжарная. Усё жыццё чакала свайго Цімафея, замуж не выходзіла, адна выхоўвала дзяцей. Мы выраслі і самі дапамагалі маці. А вось што здарылася з бацькам — не ведаем. Ёсць паведамленне са Шклоўскага райваенкамата, што ён прапаў без вестак у жніўні 1943 года. Дапамажыце знайсці месца, дзе ён загінуў і пахаваны. Пакуль ёсць сілы, хочам наведаць тое месца, пакласці кветкі”.
“Адшукваю звесткі пра ваенны лёс бацькі Эдуарда Эдуардавіча ШПІЛЕЎСКАГА, 1915 года нараджэння. У маі 1940-га бацька быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Спачатку служыў у Беларусі, потым у Грузіі. Калі пачалася вайна, лісты ад яго перасталі прыходзіць. У 1948-м атрымалі паведамленне, што радавы Эдуард Эдуардавіч Шпілеўскі ў кастрычніку 1944 года прапаў без вестак. Пазней я звяртаўся ў архіў Міністэрства абароны СССР, хацеў даведацца, дзе гэта здарылася, але мяне папрасілі назваць нумар вайсковай часці, у якой служыў бацька. Маці яго не запомніла, а дакументы, што былі ў доме, у вайну згарэлі. Як жа даведацца, дзе, у якім месцы і пры якіх абставінах у кастрычніку 1944 года прапаў без вестак мой бацька? Эдуард Эдуардавіч Шпілеўскі, Мінск”.
“Наш бацька Фёдар Барысавіч ПЯТРОЎ, 1900 года нараджэння, жыў у вёсцы Новы Двор Дрысенскага (зараз Верхнядзвінскага) раёна. На фронт пайшоў у самым пачатку вайны, дамоў не вярнуўся. У 1978 годзе мы атрымалі даведку, што бацька прапаў без вестак. Наша маці ўсё жыццё чакала яго, думала, што ён жывы, проста дзесьці затрымаўся. Але так і не дачакалася. Дапамажыце даведацца пра ваенны лёс нашага бацькі, дзе ён пахаваны. Галіна Фёдараўна Макаранка, Наваполацк”.
“Шукаю звесткі пра брата Аляксандра Тарасавіча ЖУКА, 1918 года нараджэння. Перад вайной ён быў настаўнікам у Жыткавічах. Потым яго прызвалі ў войска. Служыў у штабе ў горадзе Беластоку, там і застала вайна. З пачатку вайны мы не атрымалі ад яго ніводнага пісьма. Пасля ваеннага ліхалецця шукалі Аляксандра, атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Надзея Тарасаўна Шэлег, Пухавіцкі раён”.
“Наш бацька Іван Гаўрылавіч БЕЛЯЗЯК, 1901 года нараджэння, быў з вёскі Багушэвічы Бярэзінскага раёна. Да вайны закончыў у Мінску вышэйшую навучальную ўстанову і застаўся там працаваць. Наша маці была са шматдзетнай сям’і. Яна выйшла замуж за бацьку ў 16 гадоў без рэгістрацыі шлюбу. У 1941-м, калі аб’явілі вайну, бацька пайшоў на працу, сказаў маці, каб яна з намі, дзецьмі, ішла на Маскоўскую шашу, а ён нас дагоніць. Мы пайшлі. Нацярпеліся шмат гора, а бацька нас так і не дагнаў. У 1945 годзе атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак. Матэрыяльную дапамогу маці не атрымлівала, бо шлюб не быў зарэгістраваны. Можа, хоць на схіле гадоў пашанцуе даведацца пра ваенны лёс бацькі. Ларыса Іванаўна Антановіч і Ніла Іванаўна Тумеля, Гродна”.
“Амаль няма надзеі, што знайду месца пахавання маіх братоў Міхаіла Сямёнавіча АЗАРОНКА, 1923-га, і Генадзя Сямёнавіча АЗАРОНКА, 1925 гадоў нараджэння. У даведцы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь паведамляецца, што Міхаіл Сямёнавіч Азаронак быў партызанам атрада імя Лазо брыгады імя Чапаева, затым атрада імя Даватара 2-й Ушацкай брыгады імя Панамарэнкі ў Віцебскай вобласці. 4 мая 1944 года прапаў без вестак. У гэтай даведцы мяне вельмі зацікавіў выраз такога зместу: “Ёсць звесткі, што Азаронак Міхаіл Сямёнавіч у 1946 годзе жыў у вёсцы Баброва Зарэчанскага сельсавета Ушацкага раёна Віцебскай вобласці”. Такой вёскі я не знайшоў. Дапамажыце разабрацца ў гэтай гісторыі. Можа, адгукнуцца тыя, хто ведаў маіх братоў, у прыватнасці, Міхаіла Сямёнавіча Азаронка. Анатоль Сямёнавіч Азаронак, Мінск”.
“Мой бацька Станіслаў Вікенцевіч СУШЫЦКІ быў прызваны на фронт у ліпені 1944 года, пасля вызвалення Чэрвеня ад фашыстаў. Прыслаў два пісьмы. Больш пра яго нічога не ведаем. Маці выхоўвала нас, шасцярых дзяцей, адна. Цяжка ёй было. Аднойчы паехала ў ваенкамат з просьбай дапамагчы знайці звесткі пра мужа. Прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мы, яго дзеці, зараз сталага ўзросту, вельмі хочам ведаць пра ваенны лёс бацькі. Калі ён загінуў, то дзе пахаваны? Валянціна Станіславаўна Няхай, Чэрвень”.
“Шукаем звесткі пра ваенны лёс Аляксандра Васільевіча КРАЙНІКА, 1908 года нараджэння.У 1941-м ён быў прызваны на вайсковую службу. Пачалася вайна. Не паспеўшы як след стаць маладым салдатам, Аляксандр трапіў у варожы палон. Здарылася гэта пад Клецкам. Потым разам з іншымі палоннымі ён будаваў аэрадром пад горадам Беластокам. Больш пра яго мы, родныя, нічога не ведаем. Іван Мікалаевіч Цярэшка, Мінск”.
“Шукаем свайго бацьку Івана Кірылавіча ПУНТУСА, 1915 года нараджэння, або месца яго пахавання. Яго прызвалі ў армію ў 1940 годзе. Служыў у Польшчы, у мястэчку Чыжоў Беластоцкай вобласці. Падчас вайны перапіска з ім спынілася. Да гэтага часу пра яго ніякіх звестак няма. Ніна Іванаўна Верабей, Мікалай Іванавіч Пунтус, Светлагорскі раён”.

Пошукі і знаходкі

Марыя Цітаровіч-Крывадубская з Гомеля шукала аднакурсніцу Ніну Цярэшку, з якой разам вучылася ў Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме на факультэце коўкі-штампоўкі. Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як яны закончылі гэту навучальную ўстанову, і з гэтай нагоды плануюць арганізаваць сустрэчу. Сяброўка ўзрадавалася, што яе знайшлі. “Я памятаю іх, але не магу прыехаць, бо вельмі дрэннае здароўе: нядаўна быў інсульт. Прыемна, што яны мяне не забылі. Буду вельмі рада, калі яны мне напішуць. Жадаю ім здароўя”.
Таццяна Мікалаеўна Гумен з Мінска шукала былую школьную сяброўку Алу Аляксандраўну Грамовіч (Сцепанян), яе брата Аляксандра і сястру Іну. Таццяна Мікалаеўна расказала, што ім з сяброўкай прыкладна па семдзесят гадоў. У 1954 годзе яны закончылі Крупіцкую сярэднюю школу. Потым Ала паступіла вучыцца ў медыцынскі інстытут, а Таццяна — у педвучылішча імя Крупскай. Яна з сяброўкай падтрымлівала сувязь, пакуль не раз’ехаліся на працу. З той пары адна пра адну нічога не ведаюць. На ліст Таццяны Мікалаеўны адгукнулася Рэгіна Аляксандраўна Сямёнава з Мінска. “Грамовічы — добра знаёмая для мяне сям’я. Я шмат гадоў ведаю Іну, яе маму, Алу і менш Сашу. У 1950-х гадах мы жылі на вуліцы Р.Люксембург, у нас быў свой дом. Чатыры гады ў нас кватаравала Іна. Жылі дружна, мы спалі ў адным пакоі. Яна пасябравала з маім стрыечным братам, які жыў побач, і выйшла за яго замуж. Жылі яны ў нялёгкіх умовах: учатырох (муж, яна і двое дзяцей) у шасціметровым пакойчыку. Але жылі дружна. На жаль, яе старэйшы сын, які жыў у Асіповічах, памёр. Засталася толькі дачка. Сястра Іны Алачка была ўрачом, захварэла і таксама памерла ў мінулым годзе”.
Рэгіна Аляксандраўна паведаміла, што Аляксандр жыве разам са сваёй сям’ёй у Мінску. Мы будзем працягваць яго пошук.
Пра Марыю невядома

“Пішу па просьбе маці Валянціны Мацвееўны, інваліда па зроку. Шукаем Марыю Мацвееўну АНАП’ЮК. Шукаем даўно, але безвынікова. Перад вайной маці памерла, і бацька вырашыў траіх малодшых дзяцей уладкаваць у Брэсцкі дзіцячы дом. Узялі дваіх: Машу і Соню. Пазней атрымалі даведку, што Соф’я памерла. А пра Марыю дагэтуль нічога невядома. Высылаем фотаздымак, зроблены ў 1952 годзе, на якім старэйшыя сёстры Надзя і Валя, яны вельмі падобныя. Можа, хто па сёстрах пазнае Марыю. Зінаіда Мікалаеўна Маркоўская, Кобрын”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter