“Помні імя сваё...”

Хто з нас не цікавіўся, адкуль узяліся яго прозвішча, род, дзе яго Бацькаўшчына? У сучасным клопаце і мітусні нібыта і не да гэтага. Але, здараецца, міжволі ўзгадваецца штосьці такое тваё, уласнае, асабістае, вельмі дарагое. І хочацца знайсці свае карані, даведацца пра сваіх продкаў, скласці радавод для будучых пакаленняў. Усё часцей з такой нагоды звяртаюцца на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” чытачы і радыёслухачы.

Род Івановых
“Турбуе вас Зоя Іванаўна Кастрычка, 1949 года нараджэння. Пражываю ў горадзе Крычаве. У спісе маіх пенсіённых захапленняў нядаўна з’явілася яшчэ адно -- генеалагічнае дрэва роду па мацярынскай лініі. Галава роду Пётр Аўрамавіч ІВАНОЎ, 1886 года нараджэння, ураджэнец вёскі Зуі Крычаўскага раёна. У дзядулі было тры жонкі і 14 дзяцей. Дзеці першай жонкі Яфім, 1907, Марыя, 1910, Ксенія, 1914 гадоў нараджэння, Іван, год нараджэння не ведаю, але ў вайну ён прапаў. Да гэтага часу мы не ведаем, дзе яго сям’я. Да вайны ён жыў і працаваў галоўным бухгалтарам у калгасе Мсціслаўскага раёна (вёска Старое Сяло або Шамоўшчына), а яго жонка Еўдакія -- аграномам. У іх было двое дзяцей -- дачка Раіса і сын Іван. Хачу знайсці дзяцей дзядзькі Івана Пятровіча, даведацца, як склаўся іх лёс пасля вайны. Дзесьці ў канцы 80-х гадоў дзядзька Леанід Пятровіч (сын другой жонкі дзеда) прыязджаў у госці ў Крычаў (жыве ў Белгарадзе, Расія) і ў поездзе выпадкова сустрэўся са знаёмым. Той расказаў, што Іван загінуў пад Горкамі Магілёўскай вобласці. У кнізе “Памяць” Горацкага раёна я знайшла ў спісе загінуўшых, што Іваноў Іван Пятровіч, радавы, палявая пошта нумар 29500, загінуў 25 кастрычніка 1943 года. Але ці ён гэта? Як даведацца?
Далей ідуць дзеці другой жонкі дзеда: Марыя, 1921, Уладзімір, 1923, Таццяна, 1925, Леанід, 1927, Аляксей, 1929 гадоў нараджэння, і дзіцятка, што памерла ў час родаў. Я -- дачка Марыі Пятроўны, 1921 года нараджэння. Але не ведаю, хто мой бацька. У 1947--1952 гадах мама жыла і працавала ў Ваўкавыскім раёне. У яе дакументах я знайшла даведкі, якія сведчаць пра гэта. У пасведчанні аб нараджэнні я запісана як Зоя Іванаўна Іванова, нарадзілася ў Ваўкавыскім раёне, вёска Дыхновічы. Але па расказах маці я павінна быць Зоя Браніславаўна Ботвіна (Батвіна). Чаму так? Можа, хто са старажылаў памятае маці, дзе і з кім яна жыла? (На фотаздымку Зоя Іванаўна (меншая) з маці).
А затым дзеці ад трэцяй жонкі дзеда: Анастасія, 1932, Віктар, 1937, Галіна, 1940, Іван, 1942 гадоў нараджэння. Іван памёр у 1 год і 5 месяцаў.
Вось такі наш род -- род Івановых. З дзядзькам Леанідам Пятровічам мы на нашых Зуйскіх могілках паставілі таблічкі дзядулю Пятру Аўрамавічу і яго трэцяй жонцы Марфе Ягораўне. Засталося даведацца, хто была першая жонка (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння) і дату нараджэння другой яго жонкі Фёклы Фёдараўны. Але гэта, як мне падказалі, можна даведацца ў абласным архіве або загсе. Да таго ж я спадзяюся на вашу дапамогу, каб хутчэй закончыць сваё генеалагічнае дрэва. Ведаю, што гэта работа нялёгкая.”
Мы спадзяёмся, што ў пошуках Зоі Іванаўне дапамогуць нашы чытачы і радыёслухачы. А таксама раім ёй звярнуцца ў Нацыянальны архіў нашай краіны, дзе складаюць генеалагічнае дрэва роду, але гэта паслуга платная.
Гора маці
“Мой сын Валерый Казіміравіч ВОЛК праслужыў капітанам у Афганістане два гады, а затым на далейшую службу быў накіраваны у горад Санкт-Пецярбург. Праз некаторы час атрымаў кватэру на праспекце маршала Захарава, дзе і жыў з жонкай Любай і дачкой Маргарытай. Выгадаваў дачку, адслужыў тэрмін (пайшоў у адстаўку), і нешта ў іх жыцці не зладзілася. Ён жыў недзе на дачы з другой жанчынай. Быў на пахаванні бацькі ў 2000 годзе з дачкой. Праз год -- на гадавіне па бацьку. Пасля гэтага сувязь паміж намі абарвалася. На тэлефонныя званкі ніхто не адказвае, пісьмы знікаюць або вяртаюцца назад. Адна надзея на вашу дапамогу. Мне 83 гады, слаба рухаюся і дрэнна чую. Дапамажыце знайсці майго сына і ўнучку Маргарыту Валер’еўну ВОЛК. Надзея Фёдараўна Самцова, Маладзечанскі раён”.
Любіла, як роднага
“Мне шмат гадоў, даўно ўдава і ўжо чатыры гады, як пахавала адзінага сына. Не магу супакоіцца, змірыцца, што рана, заўчасна пайшоў з жыцця сын, пакінуў мяне. У яго ў дзяцінстве быў вельмі добры сябар. І я гэтага хлопца любіла, як роднага. Завуць яго Ігар КУЛІК (імя па бацьку не памятаю), 1963 года нараджэння. Ён разам з маім сынам вучыўся ў 69-й мінскай школе, у 1980 годзе яны закончылі 10 класаў. Дапамажыце знайсці Ігара, адрас якога я згубіла. Галіна Аляксееўна Габрыель, Мінск”.
Маладыя гады
“Уладзімір Іванавіч ГЛУХОЎСКІ, 1924 года нараджэння, жыў у гарадку Погар Бранскай вобласці (Расія). У 1950 годзе закончыў Гомельскае музычнае вучылішча (гэта ж вучылішча я закончыла на год раней). Затым ён вучыўся і закончыў Мінскую кансерваторыю. Па чутках, пасля гэтага жыў у горадзе Горкі Маскоўскай вобласці. Далей нічога пра яго не ведаю. Гэта была гісторыя шлюбу, які так і не адбыўся. Па маладосці і з-за сваёй легкадумнасці я страціла добрага чалавека. Хачу папрасіць прабачэння ў яго, пакаяцца. Цяжка несці груз віны. А жыццё амаль скончана (ужо 80 гадоў). Ды і вельмі хочацца даведацца, як склалася яго жыццё. Я пісала на перадачу “Жди меня”, але ніякіх вестак няма. Соф’я Адамаўна Вярэніч, Лельчыцы”.
“Мне вельмі хочацца знайсці блізкага чалавека, якога я згубіла па сваёй віне. Пра яго я ведаю, што служыў у групе савецкіх войск у Чэхаславакіі з 1977 па 1979 (або 1980 год), вайсковая часць нумар 86841. Гарадок, дзе стаяў полк, называўся Высоке Міто. Дывізія стаяла у горадзе Оламаўц (можа, ёсць недакладнасці, таму што прайшло шмат часу). Завуць мужчыну, якога я хачу знайсці, ЦЕРНЭ Іван (здаецца, Мікалаевіч), па нацыянальнасці малдаванін (гэтыя даныя таксама могуць быць недакладнымі). Эвеліна Іванаўна Малькевіч, Жыткавічы”.
“Цікава ведаць, як склаўся лёс Валянціны Іосіфаўны ГАРАДЗЕЦКАЙ. Ведаю, што яна -- ураджэнка Асіповіцкага раёна. Працавала ў калгасе “Запаветы Ільіча” Навагрудскага раёна ў 1955 (ці 1957, пазначана неразборліва) -- 1962 гадах. Потым звольнілася і паехала невядома куды. Калі яна ёсць на гэтым свеце, няхай адгукнецца. Анатоль Ігнатавіч Смоляк, Навагрудак”.
Крык душы
“У сакавіку 1963 года я трапіла ў радзільны дом, што на вуліцы Валадарскага ў Мінску. У тую ж палату паступіла маладая дзяўчына гадоў 17--19. Яна і цяпер стаіць перад вачыма -- высокая, прыгожая, валасы светла-русыя, круціліся, вочы блакітныя. Мы разгаварыліся. Яна вельмі плакала, што не можа забраць дзіця дамоў, бо дзядуля не пусціць яе з дзіцем. Яе наведваў салдат тэрміновай службы. Дзяўчына казала, што ён служыць, і ім няма куды ісці. Прозвішча яе я не ведаю, а звалі тую дзяўчыну Ліля. Нас разлучылі. Я нарадзіла дачку 6 сакавіка, а Ліля -- дзяўчынку 7 сакавіка. Немаўлятка ўдачарыла сям’я з вёскі Гарадок Уздзенскага раёна. Прыёмную маці звалі Аляксандра (дзявочае прозвішча Адамовіч), а бацьку Фёдар. Прозвішча яго добра не памятаю, здаецца, Вазнюк. Фёдар афармляў дакументы на ўдачарэнне. Дзяўчынку назвалі Любай. Думаю, што афармлялі праз райвыканкам, бо кожны дзень муж прыносіў Аляксандры нейкія паперы. Гэтая жанчына некалькі разоў раджала, але дзеткі ўсе памерлі. І ў час гэтых родаў хлопчык таксама памёр. Казалі, што з-за адмоўнага рэзусу. Таму і вырашылі ўдачарыць дзіцятка. Магчыма, пры афармленні памянялі дзень нараджэння. Аляксандра папрасіла мяне не раскрываць гэтай тайны. Я паклялася перад ёй і перад Богам, што захаваю ўсё ў сакрэце. Між тым Ліля даведалася, што я знаходжуся ў адной палаце з новай маці. Яна перадала мне каробку цукерак (а ў той час гэта быў дэфіцыт) і прасіла-маліла паведаміць, хто ўдачарыў яе дачку. Напісала, што не ведае, як складзецца яе лёс. Я мусіла ёй сказаць, што ніякіх звестак пра яе дачку не маю. Памятаю, што Ліля прасіла паказаць ёй дачушку, але не ведаю, убачыла яе ці не. Пражыўшы чатыры гады ў нашай мясцовасці, гэтая сям’я пераехала ў Мінск. Калі Любе споўнілася 5--6 гадоў, Аляксандра памерла, пазней памёр і прыёмны бацька. Я доўга шукала Любу, і мне ўдалося яе знайсці. Жыве яна ў Мінску, мае сям’ю, дваіх дзетак. Я ёй патэлефанавала, расказала пра усё. Цікава, што сваю дачку яна назвала Ліляй, як і маці. Дапамажыце мне знайсці Лілю. Яна вымушана была са слязамі пакінуць сваё дзіця. Я не магу жыць з гэтай тайнай, якую захоўвала амаль 45 гадоў. Раіса Мікалаеўна Рогач, Уздзенскі раён”.
Размінуліся, разышліся
“Здымку, які я вам высылаю, летась споўнілася 60 гадоў. На ім дзяўчаты (большая Ліда), якія трапілі да нас у час вайны са Смаленскай вобласці. Іх было тры сястры: Ліда, Насця і Марыя (калі правільна памятаю). Круглыя сіроты, бацькі недзе загінулі ад рук фашыста. Прозвішча, здаецца, Батурыны або былі з Батурынскага раёна. Мы з Лідай пазнаёміліся і пакахалі адно аднаго. Ёй тады было гадоў 16--17, а мне 20. Я вярнуўся з вайны паранены, але жывы. Яна прыслала мне фотаздымак аднекуль з Брэсцкай вобласці, куды яны паехалі жыць. А ў нас свая бяда. Бацька памёр, у маці на руках пяцёра дзяцей, я -- шосты. Голадна, хоць шаром пакаці, холадна. На сабе аралі, елі траву, ліпавае лісце. Вось і жаніся. Так і разышліся нашы жыццёвыя дарогі ў розныя бакі. Можа, хто ведае пра лёс Ліды і яе сясцёр, ці яны самі пачуюць ці прачытаюць мой ліст і адгукнуцца. Аляксей Арцёмавіч Князеў, Круглянскі раён”.
Пошукі і знаходкі
Алена Рыгораўна Адзінец (Банкрашкова) прасіла адгукнуцца выхаванцаў Хойніцкага спецыяльнага дзіцячага дома. Знайшлася Нэлі Адамаўна Юркевіч (Жаўняк) з вёскі Сакалова Бярозаўскага раёна. Яна не бачылася са сваёй сяброўкай  з 1946 года.
-- З маёй лепшай сяброўкай мы разам выхоўваліся ў Хойніцкім спецыяльным дзіцячым доме. Яшчэ ішла вайна, навокал разбурэнне. А ў вызваленым ад фашыстаў невялікім гарадскім пасёлку Хойнікі адкрыўся спецыяльны дзіцячы дом для дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ў вайну, а таксама дзяцей, выжыўшых у лагеры смерці “Азарычы”. Дзіцячы дом адкрылі ў сакавіку 1944 года. З гэтага часу я і мая старэйшая сястра Тамара сталі жыць у новым для нас доме. Вельмі хутка ён стаў родным не толькі для нас, але і для ўсіх выхаванцаў. Спачатку ўмовы жыцця былі вельмі цяжкімі. Жылі мы ў былых нямецкіх канюшнях, спалі на драўляных тапчанах, саламяных матрасах. Але не плакалі, не скардзіліся, бо нас адразу ж акружылі клопатам і ўвагай дырэктар Міхаіл Самуілавіч Шчарбачэня, выхавацелька, яго жонка Зінаіда Данілаўна, піянерважатая Тамара Якаўлеўна Марчанка і многія іншыя настаўнікі. Жонка дырэктара іншы раз пякла і прыносіла нам булачкі ці блінцы: мы былі ў той час самыя маленькія. Не было чаго абуць – вучыліся ў сваіх пакоях, не было посуду -- елі з бляшанак з-пад кансерваў. Лыжкі былі толькі на адну групу, а ўсіх чатыры. Пакуль іх прынясуць, мы суп выпівалі. А хлеб кладаўшчыца прыносіла з пякарні на плячах. І гэты кавалачак цёплага хлеба быў самым смачным. Нам арганізавалі цудоўную сустрэчу новага 1945 года. Была ёлка, Дзед Мароз, падарункі. З-за недахопу месца адна група месцілася ў пустым яўрэйскім доме. Дзяцей адтуль выхавацелька перанесла па чарзе на руках. Мы, босыя, вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі. Закончылася вайна. Выхавацелі рабілі ўсё, каб мы не адчувалі сябе сіротамі. У нас адкрылі бібліятэку, былі харавы і танцавальны гурткі, мы нават ездзілі выступаць. Памятаю швейную майстэрню, і агарод быў. Я закончыла 10 класаў, затым БДУ, па размеркаванні адпрацавала 35 гадоў у адной школе ў Бярозаўскім раёне. Буду вельмі рада сустрэцца са сваімі сябрамі.
Таксама атрымаюць радасныя весткі і сустрэнуцца са сваімі знаёмымі і блізкімі, якіх мы знайшлі, Таццяна Іосіфаўна Лусцянкова (шукала Яўгенію Мікалаеўну Літвінка), Іван Часлававіч Галасевіч (Людмілу Уладзіміраўну Гардыну), Іван Герасімавіч Тарасенка (Марыю Уладзіміраўну Клімаву), Ніна Яўгенаўна Перапячына (Валянціну Міхайлаўну Міцкевіч), а таксама Фаіна Антонаўна Булатава, родныя якой адгукнуліся, Алена Іванаўна Красуцкая, якая шукала Рыгора Яфрэмавіча Бартоля.
Панфілавец ці не
“Звяртаюся да вас з просьбай знайсці майго брата Рыгора Фаміча КАЛІТУ, 1922 года нараджэння, ураджэнца вёсці Ломыш Хойніцкага раёна. Быў ён прызваны Хойніцкім райваенкаматам 7 ліпеня 1941 года. Аб праходжанні службы і ўдзеле ў ваенных дзеяннях звестак няма, бо тэрыторыя раёна аказалася пад акупацыяй. У Хойніцкім раёне пасля аварыі ў Чарнобылі выйшла кніга “Памяць”. У ёй ёсць звесткі пра загінуўшых і тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, па Тульгавіцкім сельскім Савеце і ў прыватнасці вёсцы Ломыш. Маюцца звесткі, што мой брат загінуў 15 ліпеня 1943 года. Маці ў пасляваенны час не дачакалася мужа і шукаць звесткі пра гібель сына з-за жалобы не жадала. Аднак у пасляваенны час у часопісе “Огонек” была надрукавана рэпрадукцыя карціны “Подзвіг 28 бранябойшчыкаў” мастака Еўсцігнеева, дзе пералічаны прозвішчы бранябойшчыкаў, упаміналася і прозвішча Каліты. Калі гэта подзвіг, то за яго прызначалася ўзнагарода. Але тэрыторыя была пад акупацыяй, і атрымаць звесткі пра яго было немагчыма. Па інфармацыі, якая маецца, немагчыма ўстанавіць рэальную карціну баявой біяграфіі брата, у тым ліку гісторыю з прысваеннем яму звання Героя Савецкага Саюза. Ва ўстановах і інстанцыях, куды я звяртаўся па дапамогу, звестак пра яго няма. Прыходзяць адказы, якія не ўтрымліваюць практычна ніякай інфармацыі. Вельмі хочацца разабрацца ў гэтай складанай і заблытанай гісторыі. Яўген Фаміч Каліта, Нароўля”.
Яўген Фаміч Каліта даслаў ксеракопіі пісьмаў і дакументаў, з якіх сапраўды незразумела, ці быў яго брат сярод 28 герояў-панфілаўцаў, якія загінулі пры абароне Масквы і пасмяротна ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза. Паспрабуем разабрацца.
У Першую сусветную
“У 1915 годзе позняй восенню з вёскі Гаўрыльчыцы Вызнянскага павета (Красная Слабада) Слуцкага ўезда Мінскай губерні ўзялі ў армію майго дзядулю Максіма Канстанцінавіча ЛАТУШКУ, 1884 года нараджэння. Ён пакінуў маю бабулю з чатырма дзецьмі і цяжарнай пятым -- гэта была мая маці, якая нарадзілася 22 сакавіка 1916 года. Служыў дзядуля ў Кузнецкім палку 48, 15-я рота. У ліпені 1916 года ён загінуў, абараняючы цара-бацюшку ад праклятага немца. Пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Падбалоцце Зэльвенскага раёна. Прайшоў ужо 91 год. Але вельмі хочацца адшукаць магілу дзядулі. Калі яна там захавалася, пабываць на ёй. Я таксама пацярпеў ад праклятага фашыста. У 1943 годзе спалілі вёску, мы хаваліся ў лясах, а ў маі 1944-га, калі прасілі кавалак хлеба ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна, нас схапілі немцы і вывезлі ў Германію. Мне 69 гадоў, інвалід 2-й групы. Іосіф Рыгоравіч Бойка, Салігорскі раён”.
Мы спадзяёмся на дапамогу Зэльвенскага райвыканкама і райваенкамата, а таксама мясцовых жыхароў.
Прапалі без вестак
“Дапамажыце адшукаць звесткі пра лёс нашага брата Аляксея Яфрэмавіча КУЧЫНСКАГА, 1926 года нараджэння, ураджэнца вёскі Залессе Барысаўскага раёна. У 1943 годзе шаснаццацігадовым хлапчуком за сувязь з партызанамі яго схапілі фашысты. Знаходзіўся ён у барысаўскай турме. А што сталася з ім далей, мы нідзе не можам даведацца. У архівах пра барысаўскую турму нічога невядома. Можа, жывуць людзі, якія знаходзіліся з ім у турме і што-небудзь ведаюць пра яго лёс. Ветэран вайны Аляксандра Яфрэмаўна Кучынская, Мінск”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter