“Помні імя сваё...”

Гады і адлегласці робяць сваю справу. Але для тых, хто памятае і любіць, яны не перашкода. Мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якімі вядзём пошукавы праект “Помні імя сваё”, пастаянна ў гэтым пераконваемся. Бо амаль кожны ліст нашых чытачоў і радыёслухачоў скарачае адлегласць, вяртае ў маладосць, “дыхае” надзеяй.

Успомнім Далёкі Усход
“Хачу знайсці сяброўку маладосці Зіначку, Зінаіду (прозвішча і імя па бацьку не памятаю). А гісторыя такая. Па закліку камсамола летам 1956 года моладзь Гомельскай вобласці ад’язджала на будоўлі на Далёкі Усход. Я таксама ўгаварыла родных адпусціць мяне. Праз 9 сутак наш поезд быў у Хабараўску. Нас, гамяльчан, пакінулі працаваць на будоўлях Хабараўска. Прыгожы горад, цудоўная прырода, лета, восень, маладосць, купанне ў Амуры, Сунгары, танцы пад аркестр, знаёмства з маракамі, якія служылі на Чорнай Рэчцы. Зінаіда ў хуткім часе пазнаёмілася са сваім будучым мужам, Уладзімірам, а я -- з яго сябрам Леанідам Ігнатавічам Каплеўскім, ураджэнцам Талачынскага раёна. Будавалі вялікі завод. Мяне і яшчэ дзвюх дзяўчат накіравалі ў брыгаду нарыхтоўваць дровы. Гэта таксама было патрэбна. Зіначка і Валодзя ў хуткім часе пажаніліся. Мне 2 снежня спаўнялася 18 гадоў, і я вырашыла паехаць да Зіны і Валодзі на Чорную Рэчку, дзе яны жылі ў нейкай старэнькай хатцы. Калі я сабралася ад іх ад’язджаць, Зіначка дастала з шафы цёплы суконны світэр, сказала: “Братаў, лётчыцкі” і прапанавала яго апрануць пад маё восеньскае паліто. Ехаць да Хабараўска трэба амаль гадзіну, у дарозе было холадна. Выратаваў цёплы Зінін світэр. Так атрымалася, што я не змагла яго вярнуць сяброўцы, таму ўсе гэтыя гады адчуваю сябе вінаватай. Зінаіда, Валодзя! Адгукніцеся. Хачу падзякаваць вам за дабрыню і ўвагу. Можа, знойдуцца і дзяўчаты, разам з якімі жыла ў інтэрнаце. Гэта былі Галя “вялікая” і Галя “малая”, абедзве з горада Гомеля. Мінула больш як 50 гадоў. Я ніколі не чула і не чытала пра нас, былых будаўнікоў-камсамольцаў Далёкага Усходу. Цаліннікаў успамінаюць, бамаўцаў таксама, а пра нас ніхто не ўзгадвае. Сябры мае, камсамольцы-добраахвотнікі, якія ехалі на Далёкі Усход, адгукніцеся. Ала Данілаўна Андрэева (Шатохіна), Полацк”.
У ансамблі песні і танца
Гэты ліст даслаў народны артыст Расіі Аляксей Іосіфавіч Цымбал, 1941 года нараджэння, які жыве ў Ленінградскай вобласці.
“Дапамажыце знайсці таварыша, разам з якім служылі ў ансамблі песні і танца Паўночнага флоту. Завуць яго Уладзімір Іванавіч ЛЕВЯНЕЦ. Ён прыкладна 1943--1944 года нараджэння, з былой Луганскай (Варашылаўградскай) вобласці. У 1969--1970 годзе паехаў у Мінск паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт. З таго часу сувязь страчана. Вельмі хочацца яе зноў наладзіць”.
Дарагія сябры
“Мая сяброўка і кума Таіса ЖОРЫКАВА (прозвішча дзявочае) у 1975 годзе працавала ў Мінску на трактарным заводзе. Хачу даведацца, як склаўся яе лёс. Ларыса Фёдараўна Шантар (Тарасенка), Беразіно”.
“Дапамажыце адшукаць маю сяброўку Марыю Уладзіміраўну БРЫКЕЗ (дзявочае прозвішча Касач). Мы разам вучыліся ў інстытуце народнай гаспадаркі (БДЭУ) на факультэце “Эканоміка прамысловасці” па спецыяльнасці планаванне прамысловасці, год выпуску – 1973-і. Ведаю, што Марыя жыла ў Мінску на вуліцы Маякоўскага. Апошнія 20 гадоў я жыву ў горадзе Цвер (Расія) і ніякіх звестак пра сяброўку не маю. Вельмі хочацца ўстанавіць з ёй кантакт. Тамара Прохараўна Казлова (Ермакова)”.
Аднапалчане
“Сёлета восенню споўніцца 50 гадоў, як мы дэмабілізаваліся з радоў Савецкай Арміі і раз’ехаліся хто куды. Але і цяпер усе вы ў маёй памяці, і я часта, вельмі часта ўспамінаю ўсіх аднапалчан. Нас прызвалі ў 1955 годзе. Выпаў гонар служыць ў Ваенна-Паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага ў Маскве. Сярод нас былі хлопцы з Магілёўскай, Брэсцкай і Белгарадскай (Расія) абласцей, 1935--1936 гадоў нараджэння. Усіх успомніць не ўдалося, гады бяруць сваё: нам за 70. З Белгарадскай вобласці памятаю Рыгора Іванавіча УШАТАВА, Віктара Рыгоравіча МАНАКОВА, Мікалая Дзмітрыевіча ЛЕПЯЦЮХУ, Дзмітрыя МАЗГАВОГА, Пятра ЧАРНАБАЕВА, ПУЗІКАВА, ЧУМАКОВА, ЗУБКО, ІЛЯХІНА. З Магілёўшчыны і Брэстчыны былі Мацвей ХЛОПКАЎ (Хлапкоў), Іван БАРАНАЎ, Іван БАРСУКОЎ, Фёдар БОЙКА, Пётр АЛЬШЭЎСКІ, Іван КАЗНАЧЭЕЎ, Пётр БЕЛАКУРСКІ, АРЭХВА. Камандзірам узвода ў нас быў старшы лейтэнант Вадзім Мікалаевіч Столпнікаў, камандзірам 1-га аддзялення -- Мікалай Яцкевіч з Краснадарскага краю, 2-га аддзялення -- Лук’янаў, 3-га -- Мікалай Траскіба. Хочацца даведацца, як хто жыве, ці памятае службу. Леанід Уладзіміравіч Старасцін, Магілёў”.
Прапалі без вестак
“Шукаю звесткі пра бацьку Іосіфа Іванавіча ТАЛКАЧОВА, 1910 года нараджэння. Да вайны ён жыў у вёсцы Сухары Чавускага раёна. На фронт быў прызваны Чавускім райваенкаматам. Пісьмаў дамоў не прысылаў. У верасні 1944 года прапаў без вестак. Калі хто ведае пра ваенны лёс бацькі, ваяваў разам з ім, можа паведаміць, дзе пахаваны, адгукніцеся. Надзея Іосіфаўна Талкачова, Чавусы”.
“Дапамажыце даведацца пра ваенны лёс майго брата Івана Іванавіча КОМАРА, 1919 года нараджэння, з вёскі Стахава Столінскага раёна. На фронт ён быў прызваны ў ліпені 1944 года. Апошні ліст ад яго атрымалі 8 студзеня 1945 года. Як сведчыць даведка з архіва Міністэрства абароны ў горадзе Падольску, брат быў паранены і адпраўлены ў шпіталь на лячэнне. Што з ім было потым -- не ведаем. Можа, адгукнуцца яго баявыя сябры ці хто быў разам з ім у шпіталі. Сцяпан Іванавіч Комар, Пінск”.
“Мой брат Іван Пятровіч ЛУХВЕРЧЫК, 1920 года нараджэння, у 1940-м быў прызваны ў войска. Хутка, як ведаем, пачалася вайна. Дамоў ён не вярнуўся. Атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Аляксандра Пятроўна Халасцякова (Лухверчык), Мінск”.
“Дапамажыце знайсці месца пахавання дзядзькі, брата маёй маці Лаўрэнція Фядотавіча ЛЮТАГА, прыкладна 1907--1908 года нараджэння. Летам 1944-га ён загінуў у баях за горад Віцебск. Пра гэта паведамілі яго жонцы-сібірачцы. У суровы сібірскі край дзядзька паехаў задоўга да вайны, працаваў там трактарыстам, ажаніўся. А родам ён быў з Вінніцкай вобласці, з Украіны. Туды дасылаў пісьмы маёй маці з фронту. У адным з апошніх паведамляў, што ўдзельнічае ў вызваленні Беларусі. Мікалай Іванавіч Старушка, Гродна”.
“Шукаю месца пахавання бацькі Міхаіла Рыгоравіча РАМЕНЧЫКА, 1907 года нараджэння. На фронт пайшоў у першыя дні вайны. Дамоў не вярнуўся. Як сведчыць даведка з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны ў горадзе Падольску, бацька памёр у фашысцкім палоне 18 лістапада 1941 года. Мікалай Міхайлавіч Раменчык, Любань”.
“Дапамажыце даведацца пра ваенны лёс майго дзядзькі Рыгора Антонавіча ЧЫЧКО, прыкладна 1910--1915 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Лань Нясвіжскага раёна тады Баранавіцкай вобласці. Мы з братам былі малыя, і дзядзька Рыгор дапамагаў нам летам рабіць клеткі для трусоў. Раптам з райцэнтра прыехаў нейкі мужчына і сказаў дзядзьку з’явіцца ў райваенкамат. З таго часу мы яго больш не бачылі і звестак пра яго не маем. Віной усяму жудасная, праклятая вайна. Таццяна Пятроўна (прозвішча не пазначана), Мінск”.
“Няма супакою майму сумленню, бо дагэтуль не ведаю, дзе пахаваны бацька Ігнат Пракопавіч СІТКЕВІЧ, 1910 года нараджэння. Ён быў прызваны на ваенныя зборы. Дамоў не вярнуўся, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мне тады было паўтара гадочка, і бацьку свайго я не памятаю. Як падрасла, працавала на хлебазаводзе ў Кобрыне. Мая знаёмая звярнулася аднойчы ў архіў Міністэрства абароны ў горадзе Падольску, а потым паехала ў Польшчу і знайшла там магілу брата. Я таксама напісала ў архіў, і мне паведамілі, што мой бацька памёр у варожым палоне 30 студзеня 1942 года. Месца пахавання невядома. Я і мае сёстры ўжо даволі сталыя, магчыма, не дажывём да таго моманту, калі месца пахавання бацькі будзе знойдзена. Я вас прашу: паведаміце тады пра гэта майму ўнуку Сяргею Вітальевічу Маслоўскаму. Таццяна Іванаўна Астапук, Кобрын”.
Блізкія людзі
“Да вайны сям’я майго стрыечнага брата Аляксандра Аляксандравіча КУРЫЛЬЧЫКА, 1938 года нараджэння, жыла ў вёсцы Востраў Клічаўскага раёна. Бацька з фронту не вярнуўся. Пасля вайны сям’я Курыльчыкаў пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Бярэзінскі раён. Пасля смерці маці дзеці раз’ехаліся хто куды. Аляксандр паехаў у Данецк і там працаваў на паравозе. Потым жыў у горадзе Горлаўка. Да 1968 года мы з ім перапісваліся. Затым сувязь абарвалася. Вельмі хочацца даведацца пра яго лёс. Ніна Фёдараўна Казачонак, Бярэзінскі раён”.
 “Я, Валянціна Антонаўна Навумік (Швед), нарадзілася ў вёсцы Кукава Ганцавіцкага раёна. Мая стрыечная сястра Ніна Паўлаўна АНАНЬЕВА (дзявочае прозвішча Шыбут), прыкладна 1944--1946 года нараджэння, жыла ў вёсцы Трацякі Клецкага раёна. Яе мама, цётка Гэля, і мой тата Антось былі родныя брат і сястра. Мы часта сустракаліся. Раней жа машын не было, у вялікія святы ездзілі на коніках да іх у госці, зімой у санях, летам у калёсах. Я памятаю: у іх была вялізная груша. Восенню цётка Гэля часта нас частавала. Нінка, сястра мая, збірала гэтыя грушкі ў кошык і прыносіла. Лёс так склаўся, што мы не бачыліся доўгі час. Яна закончыла педагагічны інстытут у Мінску і потым працавала настаўніцай, выкладала геаграфію ў Гарадзеі Нясвіжскага раёна. А я закончыла медыцынскае вучылішча ў Брэсце і працавала ў горадзе Ганцавічы да пенсіі. Затым мне сказалі, што Ніна пераехала працаваць у Мінск па месцы работы мужа. Ніначка, адгукніся! Добра было б нам сустрэцца з табою. Нам жа ёсць аб чым пагаварыць, абмеркаваць нашы праблемы, жыццёвыя пытанні”.
Адзінота
“У мяне была знаёмая. Імя яе Марына, а прозвішча, здаецца, дзявочае было ПРАСМУРА. Родам Марына з горада Барзна Чарнігаўскай вобласці. Мяркую, што зараз з дачкой жыве ў Данецку. Там жыла яе сястра, імя якой не ведаю, а мужа сястры завуць В.П.Дабракоў. Гарадская даведка, куды я звярталася, адрас іх не дала. Уся надзея на вас. Дапамажыце знайсці гэтых людзей, бо, акрамя хворай дачкі, у мяне больш нікога няма. Людміла Васільеўна Жукава, Брэст”.
У пошуках каханага
Нашы калегі зачытвалі, а мы друкавалі ліст ад Мікалая Савельевіча Шаруева з Мінска. Яго брат Адам Савельевіч Шаруеў загінуў на вайне. У Кобрынскім раёне жыла сяброўка брата Ніна, якая пасля вайны шукала каханага, не магла паверыць, што яго няма сярод жывых. Аўтар ліста, брат загінуўшага на вайне салдата, прасіў адгукнуцца Ніну, прозвішча якой, на жаль, не ведае. На гэты раз Мікалай Савельевіч прыслаў старэнькі, пажоўклы фотаздымак Ніны, які, спадзяецца, дапаможа ў пошуку жанчыны.
Не вінаватая
“Шукаю Анатоля Іванавіча МЕЛЬНІКА, 1945 года нараджэння. Родам ён з горада Львова. У горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці праходзіў вайсковую службу. Прыязджаў у нашу вёску ў камандзіроўку. Мы пазнаёміліся, пасябравалі. Потым ён паехаў у сваю вайсковую часць, пісаў мне лісты, прыслаў фотаздымак. Але сувязь наша абарвалася. Праз некаторы час Анатоль прыехаў да мяне, але я ўжо выходзіла замуж. Так нашы шляхі-дарогі разышліся, як кажуць, у розныя бакі. Анатоль! Не крыўдуй на мяне. Я ні ў чым не вінаватая. Калі можаш, адгукніся. Хачу ведаць, як склаўся твой лёс. Марыя Уладзіміраўна, Крупскі раён”.
Папрасіць прабачэння
“Дапамажыце адшукаць дарагога чалавека, пра якога я думаю ўсё жыццё, Уладзіміра Аляксеевіча СТАНКЕВІЧА, 1951 года нараджэння, з вёскі Забалацце Бялыніцкага раёна. У 1967 годзе я пасля Магілёўскага педагагічнага інстытута прыехала працаваць настаўніцай у Галоўчынскую сярэднюю школу. У тым годзе школу заканчваў Валодзя Станкевіч, з якім мы пасябравалі. Ён паступіў у ваеннае вучылішча. На канікулы прыязджаў у Галоўчына, і мы сустракаліся. Нават хацелі пажаніцца, але гэта не адбылося, не ведаю, па якой прычыне. Я выйшла замуж за іншага чалавека, але часта ўспамінала Валодзю. Хачу з ім сустрэцца і папрасіць у яго прабачэння, бо ў многім была вінаватая. Марыя Васільеўна Шэбусава, Магілёў”.
Паўстагоддзя таму
“Больш за 50 гадоў таму на танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім пасёлку Івянец да мяне падышоў малады чалавек і запрасіў на танец, з якога пачаліся наша знаёмства і вялікая дружба. Мы з Іванам Арцёмавічам МІХАСЁВЫМ з паўслова разумелі адно аднаго. Больш як два гады сустракаліся, перапісваліся пасля яго ад’езду ў Ленінград, дзе ён жыў. Затым ён пераехаў у Мінск на працу. Я закончыла школу, у інстытут не паступіла і пайшла працаваць у вясковую школу. Была піянерважатай, а як паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову -- даручылі выкладаць матэматыку. Працаваць было нялёгка. Мы былі і агітатарамі, і забяспечвалі ўсенавуч, хадзілі за 5--7 кіламетраў у суседнія вёскі, праводзілі сходы, наведвалі дзяцей дома, у выхадны дзень дапамагалі калгасу. Майго сябра прызвалі на вайсковую службу. Мы па-ранейшаму перапісваліся. Але пасля яго вяртання штосьці стала аддаляць нас, і мы “згубіліся”, хаця было паміж намі ўсяго 70 кіламетраў. Цяпер стала больш вольнага часу, дык успаміны прыходзяць і прыходзяць. Дзе мой сябар? Як склалася яго жыццё? Можа, даведаюся пра яго і стане лягчэй? Яніна Браніславаўна Макоўская, Валожынскі раён”.
Маладыя гады
“З 1957 па 1960 год пасля медвучылішча я працаваў фельчарам у Пустынскім дзіцячым доме Мсціслаўскага раёна. Жыў пры гэтай установе. Гэта быў вельмі цікавы час майго жыцця і працы. Мы так дружна жылі, настаўнікі і дзеці. Асабліва мне запомніліся два хлопчыкі -- Аркадзь ЛАБКОЎСКІ і Віця РАГОЎСКІ. Яны часта забягалі да мяне, расказвалі розныя дзіўныя гісторыі, дзяліліся ўражаннямі ад кожнага новага дня, усё ім было цікава. Піянерважатай у дзіцячым доме была Ніна КУКАНКОВА. Чаго яна толькі не прыдумвала, каб зацікавіць дзяцей да вучобы, да грамадскага жыцця. З дзіцячага дома я паехаў паступаць у медінстытут. Паступіў. Але гады працы ў Мсціслаўскім раёне ніколі не забываю. Ведаю, што Аркадзь Лабкоўскі скончыў у Ленінградзе ваеннае вучылішча, служыў у Манголіі. Віця Рагоўскі вучыўся ў ПТВ у Магілёве. Як склаўся лёс Ніны Куканковай, дакладна не ведаю. Хацелася б сустрэцца з гэтымі людзьмі. Хай абавязкова патэлефануюць. Міхаіл Аўрамавіч Банькоў, Мінск”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.   
 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter