“Помні імя сваё...”

Студэнцкія гады -- самая цудоўная пара. Колькі цікавага здараецца ў гэты час, колькі новых знаёмстваў адбываецца. Хочацца часцей прыгадваць тыя незабыўныя гады, сустракацца са сваімі сябрамі-аднакурснікамі. І пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” усяляк спрыяе гэтаму жаданню і падзяляе радасць такіх сустрэч.

Аднакурснікі, аднакласнікі
“У 1964 годзе я закончыла Полацкі лясны тэхнікум. Спачатку з аднакурснікамі перапісваліся, а потым сувязь абарвалася. Зінаіда Георгіеўна САСКАВЕЦ, 1941 года нараджэння, з Магілёўскай вобласці, пасля заканчэння тэхнікума вучылася ў педвучылішчы, потым працавала настаўніцай на Магілёўшчыне. Уладзімір Яўгенавіч БЕЛАШ, 1942 года нараджэння, з вёскі Дворышчы Хойніцкага раёна, працаваў ляснічым у Хойніцкім раёне. Ганна Васільеўна МАРОЗАВА, 1947 года нараджэння, з Мар’інай Горкі, працавала спачатку ў Харкаўскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыі. Хочацца даведацца пра іх і сустрэцца ўсім разам. Ніна Андрэеўна Камкова (Гугалева), Гомель.”
“Мы ў 1957 годзе закончылі 10 класаў Урэчскай сярэдняй школы. Цяпер вырашылі сабрацца ў сценах роднай школы. Многія аднакласнікі раз’ехаліся па ўсім свеце, ведаю толькі пра некаторых з іх. Хочацца адшукаць Нэлу АНТОНАВУ, Іну ЖЭЛЯК, Святлану БАНДАРЧЫК -- пра іх пасля заканчэння школы нічога невядома. Раіса Стасюк, Любанскі раён”.
“Дапамажыце знайсці адрасы аднакурснікаў, сяброў маладосці, з якімі не бачыліся больш як 30 гадоў. Шукаю Вольгу Іосіфаўну ТРАЯН, 1930, і Генадзя Барысавіча ГОВІНА, 1934 гадоў нараджэння, мінчан, якія, хутчэй за ўсё, і зараз жывуць у Мінску. Клаўдзія Раманаўна Мушыц, Камянец”.
“У 1956 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы ў невялікім гарадку ва Украіне я паступіла ў чыгуначна-медыцынскі тэхнікум у Гомелі. Закончыла яго ў 1958-м і па размеркаванні паехала працаваць у Асіповічы. У нашай групе акушэрак было больш за 30 дзяўчат. Мы ні разу не сустракаліся ўсе разам. Дапамажыце знайсці маіх аднакурснікаў, асабліва сябровак Валянціну ХАРКОВУ, Тамару ТРАЦЭЎСКУЮ, Лідзію ВЕРАБЕЙ, Алену КУЦАКОВУ, Валянціну МАЦУДАВУ, Людмілу БОНДАР, Людмілу ТАШЛЫК. Жанна Аляксееўна Казлова (Гараінава), Бабруйск”.
“Шукаем аднакласніцу Тамару Апанасаўну ПАДАЛІНСКУЮ, 1942 года нараджэння. Апошні раз яна прыязджала да сяброў 10--12 гадоў таму, і вось ужо шмат часу ад яе няма звестак. Жыла яна ў Хабараўскім краі, на станцыі Ургал-2. Працавала медсястрой у паліклініцы. Марыла пераехаць бліжэй на поўдзень. Хочацца сустрэцца ўсім класам, у тым ліку і з Тамарай. Выпускнікі 1959 года багушэўскай СШ № 1 Віцебскай вобласці”.
“Прапалі без вестак”
“Наш брат Мікалай Захаравіч СКРЫПНІЧЭНКА, 1921 года нараджэння, жыў у вёсцы Нікраполле Акцябрскага сельсавета Віцебскай вобласці, вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. 7 мая 1941 года яго прызвалі з трэцяга курса ў армію, накіраваны быў у Арджанікідзе. Адтуль атрымалі ад яго тры лісты. У апошнім напісаў, што яго, магчыма, накіруюць на захад. З Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі атрымалі адказ, што Мікалай прапаў без вестак у кастрычніку 1944 года. Але мы не можам паверыць у гэта. Сёстры Ніна Захараўна Санько, Яўгенія Захараўна Радзюк, Марыя Захараўна Скрыпнічэнка, Віцебск”.
“Мой бацька Мікалай Філіпавіч СЕВЯРЫНЕЦ, 1913 года нараджэння, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў 1941-м. Першае баявое хрышчэнне прайшоў пад Баранавічамі. Пасля гэтага вярнуўся ў вёску Унорыца Рэчыцкага раёна, прабыў два тыдні і зноў пайшоў у Рэчыцкі ваенкамат. Яго накіравалі ў Рэчыцкі ваенны гарадок эвакуіраваць сем’і афіцэраў, затым -- у Гомель, Магілёў. Апошні раз яго бачыў у Магілёве аднавясковец Пётр Філіпавіч Мар’еўскі. Бацька быў з конямі і кулямётам. Больш пра яго лёс нічога невядома. Васіль Мікалаевіч Севярынец, Мазыр”.
“Наш дзядзька Міхаіл Сяргеевіч СІНДЗІКЕВІЧ, 1920 года нараджэння, жыхар вёскі Мыслоціна Глускага раёна, у 1940-м быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у Карэла-Фінскай ССР у горадзе Вяртсіля ў 376-м стралковым палку. 5 жніўня 1941 года наша бабуля атрымала паведамленне, што яе адзіны сын загінуў у баі з фашыстамі. Дзе знаходзіцца яго магіла, невядома. Сям’я Галамака, Мінск”.
“Брат маёй маці Андрэй Філіпавіч ПОНЧАНКА, 1926 года нараджэння, ураджэнец сяла Ярышаў Падольскага раёна Вінніцкай вобласці (Украіна), пайшоў добраахвотна на фронт у пачатку 1944 ці 1945 года. Мы атрымалі ад яго толькі адзін ліст. А восенню таго ж года прыйшла пахавальная. Дзе ж абарвалася жыццё майго дзядзькі? Лідзія Рыгораўна Ахрэм, Вілейка”.
Уладзімір Аляксеевіч Краўцоў з Віцебска хоча даведацца пра ваенны лёс дзядулі Пракопа Малахавіча КРАЎЦОВА, 1898 года нараджэння, які жыў у вёсцы Высокае Рагачоўскага раёна. Родныя пасля вайны атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак.
“Шукаю магілу бацькі Мікалая Герасімавіча АНДРОСІКА, прыкладна 1898 года нараджэння, ураджэнца вёскі Вуголец Пухавіцкага раёна. Ён быў радавым, у адным з баёў паранены і памёр ад ран 24 студзеня 1945 года, пахаваны ў вёсцы Бондысек Сытнеўскага раёна Макуўскай (пазначана неразборліва) вобласці. Марыя Мікалаеўна Ладуцька (Андросік), Пухавічы”.
“Майго татачку Івана Сцяпанавіча КАСІЛУ, 1905 года нараджэння, ураджэнца вёскі Путнікі Маладзечанскага раёна, у 1940 ці 1941 годзе прызвалі і адправілі на фронт. Пасля вайны мы атрымалі пісьмо з Чырвонага Крыжа, што мой бацька загінуў. У архіве сказалі, што тата рэпрэсіраваны, але ў якім годзе, мне невядома. Спадзяюся, што атрымаецца знайсці яго магілу. Валянціна Іванаўна Мяльгуй (Касіла), Мінск”.
“Шукаю звесткі пра маю цётку, сястру бацькі Ганну Сцяпанаўну ПУСТАХОД, 1922 года нараджэння, якая жыла ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна. У 1943-м за сувязь з партызанамі яе схапілі фашысты, некаторы час яна знаходзілася ў турме ў пасёлку Плешчаніцы, дзе з яе здзекваліся. Людзі гаварылі, што яе вывезлі ў Мінск у канцлагер і расстралялі. Але дзе і ў якім месцы яе магіла -- не ведаем. Вера Аляксандраўна Ушкевіч, Гродна”.
Блізкія людзі
Г.Г.Мазалоўская (Далупа) шукае сваіх бацькоў, дачку Алу САДЗІЧКОВУ, а таксама брата Аляксея і сястру Надзею.
“І сорамна, і крыўдна, што мы не ведаем імя свайго. Я нават не ведаю дат нараджэння і смерці сваёй старэйшай сястры (яна памерла васемнаццацігадовай прыкладна ў 1937 годзе) і маці Дар’і Піліпаўны па мужу Сундуковай. Родам матуля з вёскі Марцянавічы (напісана неразборліва) Круглянскага раёна, жыхарка вёскі Дарожкавічы, нарадзілася прыкладна ў 1885--1890 гадах, памерла восенню 1944 года. Аляксей Мікітавіч Сундукоў, Светлагорск”.
“Шукаю брата Уладзіміра Антонавіча БУЛАХАВА, 1936 года нараджэння, ураджэнца вёскі Валасачы Ляхавіцкага раёна. У 60-я гады ён паехаў у горад Кунграт (Узбекістан). Шмат гадоў таму наша перапіска абарвалася. Фаіна Антонаўна Булахава, Гомель”.
“Мой пляменнік Мікалай Мікалаевіч ВАСІЛЬЕЎ нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Другая Хобня Гарадоцкага раёна. Наша перапіска абарвалася прыкладна ў 1966 годзе, ён тады працаваў у Полацку. Прыслаў мне ліст, у якім прасіў, каб я хутчэй адказала. Апошняй прыйшла тэлеграма з Эстоніі з горада Таліна. Хочацца сустрэцца ці даведацца, як склаўся лёс Мікалая. Можа, ён пазнае на фотаздымку сваю сястру Галіну і напіша мне. М.А Шыпурына, Гарадок”.
“Адшукваю дзядулю Фёдара (імя па бацьку не ведаю) САЗОНАВА, прыкладна 1928 года нараджэння. Па словах бацькі, дзядуля скасаваў шлюб з бабуляй Марыяй Аляксееўнай, пакінуў ёй сына і паехаў у Беларусь. Яны жылі ў Расіі ў пасёлку Зайцава Праўдзінскага раёна Калінінградскай вобласці. Пасля таго ў нас пра дзядулю ніякіх вестак няма. Магчыма, ён вярнуўся на радзіму ў Буда-Кашалёў. Таццяна Мікалаеўна Сазонава, Мінск”.
Чарнышэўскія, адгукніцеся
Валерый Фёдаравіч Чарнышэўскі з Барысава хоча знайсці людзей з такім жа прозвішчам. “Родам я з Украіны. Нарадзіўся ў 1939 годзе. Памятаю вайну. Маці выкладала нямецкую мову, вучыла ёй і мяне, і дзяцей у школе. Бацька ваяваў на фронце, быў паранены, дабраўся да санчасці, выжыў. Дзядоў, на жаль, я не памятаю. Ведаю, што ў маім родзе былі настаўнікі, музыканты і святары. Па расказах маці, іншых родзічаў, былі кантакты або сувязі з родам Мікалая Гаўрылавіча Чарнышэўскага. Я спачатку жыў ва Украіне, потым пераехаў у Беларусь, але так і не сустрэў ніводнага чалавека з такім жа прозвішчам. Асабліва хочацца, каб адгукнуліся людзі творчыя, каб папоўніць гісторыю нашага роду. Да таго ж у мяне таксама цяга да творчасці: паэзіі, літаратуры, журналістыкі”.
Не забываецца
“Марыя Уладзіміраўна КЛІМАВА (у дзявоцтве Кульбіцкая), 1929 ці 1930 года нараджэння, ураджэнка горада Хойнікі, маё першае каханне. З 1952 года яна працавала на радыёвузле ў Мінску. Хачу даведацца яе адрас або нумар тэлефона, пагаварыць, успомніць маладосць ці нават сустрэцца. Іван Герасімавіч Тарасенка, Талачынскі раён”.
“Больш як трыццаць гадоў таму пазнаёмілася я з Мікалаем АЎДЗЕЕНКАМ, 1942--1944 года нараджэння, з Талачынскага раёна. Вучыўся ён у Гродне, затым паехаў працаваць у Воранава. Нашы шляхі-дарогі разышліся, але я памятаю Мікалая і хачу даведацца, як склаўся яго лёс. Фаіна, Гродна”.
“Георгія ТУМІЛОВІЧА звычайна звалі Жора. Ён быў лётчыкам, служыў у Азербайджане. Прыязджаў на адпачынак у Мінск, дзе мы і пазнаёміліся. Лёс склаўся так, што я выйшла замуж за іншага чалавека і паехала жыць у вёску. Зараз я ўдава, маю ўнукаў. Цікава, як склалася жыццё ў Георгія? А раптам ён адгукнецца! Валянціна, Стаўбцоўскі раён”.
“Дапамажыце мне ў пошуках жанчыны, якую я кахаў, кахаю і, напэўна, буду кахаць заўсёды. Мінула 23 гады, думаў забуду, але не змог, яна са мной, як кажуць, і ў радасці, і ў горы. Доўга шукаў яе, але безвынікова. Завуць маю каханую Людміла Уладзіміраўна ГАРДЫКА. Родам яна з Маладзечанскага раёна. У 1983--1984 гадах жыла ў Маладзечне, у цёткі. У Людмілы Уладзіміраўны дзве сястры і два браты. Можа, яны дапамогуць у пошуку. Іван Часлававіч, Гродна”.
“Гэта было ў 2001 годзе. Я служыў у Бабруйску і пазнаёміўся з дзяўчынай Марынай. Прозвішча яе, здаецца, Шыманская. Яна ў той час вучылася ў пасёлку Жылічы. Мы пісалі адзін аднаму лісты, а потым сувязь абарвалася. Марына! Ведай, цябе шукае Дзмітрый”.
Дарагія сябры
“Усё сваё жыццё я жыву ўспамінамі пра ваеннага сябра Івана Фёдаравіча ШАМІГАВА. Да вайны ён жыў у Магілёве на вуліцы Пушкіна. Сустрэліся мы ў Германіі ў 1943 годзе, куды я трапіла ў 1942-м. Ён служыў на заходняй мяжы, быў лётчыкам, трапіў у палон у першыя гадзіны вайны. Мы вельмі моцна адзін аднаго пакахалі. Ён мяне выратаваў ад смерці. Рассталіся мы ў Кёнігсбергу, дзе ўсіх палонных пагналі ў розныя бакі. У кастрычніку 1945 года я вярнулася дадому, а ў лютым 1946-га атрымала ліст ад Івана. Ён зноў быў у няволі, у горадзе Верхні Валачок. Я нічога пра яго не ведала да мая 1952 года. Тады ён напісаў, што едзе ў Магілёў і каб я адразу адказала. Але ў той час я была ў Чэлябінскай вобласці. Напісала яму тры лісты, адказу не атрымала. На гэтым наша сувязь абарвалася. Іван меў сясцёр Ніну і Ларысу і брата Пятра, які ў той час служыў у арміі. Хрысціна Васільеўна Фурман, Ельск”.
“Шукаю сяброўку юнацтва Валянціну Міхайлаўну МІЦКЕВІЧ (прозвішча дзявочае), якая нарадзілася 12 красавіка 1964 года ў вёсцы Гродна Чэрвеньскага раёна. З 1980 па 1984 год мы разам вучыліся ў Магілёўскім педвучылішчы. Пасля заканчэння я засталася ў Магілёўскай вобласці, а Валя паехала ў Мінскую. Мы сустракаліся, перапісваліся. У 1985 годзе Валя выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Сяргея Мурашку, які ў той час вучыўся ў Вышэйшай міліцэйскай школе. На гэтым наша перапіска спынілася. Ведаю, што Сяргея накіравалі працаваць у Беразіно. Ніна Яўгенаўна Перапечына (Севалобцава), Магілёў ”.
“Адшукваю сваіх сяброў. З Мікалаем ЛЕШЧАНКАМ, 1949 года нараджэння, са Слуцкага раёна, мы пазнаёміліся ў Малдавіі ў1968 годзе. Пасля гэтага пра яго лёс нічога не ведаю. З Галінай ВАРАБЕЙ (прозвішча дзявочае) мы вучыліся разам у Слуцкім медвучылішчы, апошні раз бачыліся ў 1977 годзе на маім вяселлі. Галіна раней працавала ў Асіповічах, родам яна была з вёскі Кокцы (Концы) Асіповіцкага раёна. Наталля Міхайлаўна Кудзёлка, Салігорск”.
“З Міхаілам Рыгоравічам ЖАРДЗЕЦКІМ з 1958 па 1961 год мы праходзілі вайсковую службу ў Мурманску. Родам ён з Рагачоўскага раёна. Апошні раз мы сустракаліся ў 1962 годзе на яго вяселлі. Яго жонка з Глускага раёна. Цікава даведацца, як склалася іх жыццё, і сустрэцца. Уладзімір Сяргеевіч Кучынскі, Магілёў”.
“У час вайны ў нашу вёску Трыколі Смаргонскага раёна прывезлі з Віцебскай вобласці Марыю і Геню ГЛЕБЧАНКА. З імі былі маленькі брат Станіслаў і маці Дар’я. Іх бацька Пётр у час вайны загінуў. Яны жылі ў нас і пасля вайны. Я вельмі з імі сябравала. Разам хадзілі на працу ў калгас, і ў Казахстан паехала разам з Геняй. Ведаю, што Марыя жыла ў Лагойскім раёне. Яна выйшла замуж за Івана Коўзана. Геня з Казахстана паехала ва Украіну, у Запарожскую вобласць. Мужа яе завуць Мікалай, прозвішча не ведаю. Хачу знайсці звесткі пра сваіх сяброў і, па магчымасці, сустрэцца з імі. Людміла Паўлаўна Клуйшо (Скраноўская), станцыя Ашмяны”.
“Звяртаюся да вас ад імя Марыі Якаўлеўны Якубоўскай з вёскі Глыбачаны Лагойскага раёна. Яна шукае Марыю Антонаўну АНКУДА (прозвішча дзявочае), 1937 ці 1939 года нараджэння. Марыя Антонаўна з вёскі Глыбачаны былога Плешчаніцкага раёна. У сям’і Антона Анкуды былі тры дачкі: Ганна, Лёня і Марыя. Пасля вайны выхоўваліся ў дзіцячым доме ў Плешчаніцах. Пра Ганну і Лёню нічога невядома. АМарыя працавала ў Мінскай вобласці, мела сям’ю, але сувязь з ёй даўно страчана. Клаўдзія Аляксандраўна Нагаева, Мінск”.
Т.І.Шаўчэнка з Дзяржынскага раёна шукае Ігара Канстанцінавіча САВІЦКАГА, 1942 года нараджэння. Ён вучыўся ў Бярэзінскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 42 Маладзечанскага раёна, да гэтага жыў на станцыі Палачаны таго ж раёна.
“Шукаю Тамару Мікалаеўну ЗЮЗЬКОВУ-ЦІМОНІНУ, разам з якой выхоўваліся ў дзіцячым доме №8 горада Рэчыца. У 1959 годзе, пасля заканчэння Рэчыцкага медвучылішча яе накіравалі на працу ў паліклініку горада Чымкента. Я пасля інстытута фізкультуры працаваў трэнерам у Гомелі. Дачка мая, чым магу ганарыцца, -- доктар медыцынскіх навук, працуе ў Оксфардскім універсітэце ў Англіі. Леанід Уладзіміравіч Цітавец, Гомель”.
“Мая сяброўка Яўгенія Мікалаеўна ЛІЦВІНКА (прозвішча дзявочае), 1929 года нараджэння, з вёскі Корчава былой Палескай вобласці. У 1949--1950 гадах мы разам вучыліся ў гандлёва-кааператыўнай школе ў Рэчыцы. Пасля вучобы я паехала па размеркаванні ў Магілёў, а сяброўку накіравалі ў Пінск, дзе яна працавала ў раённай нарыхтоўчай канторы. Мы пісалі адна адной, а потым сувязь абарвалася. Я памятаю Яўгенію больш як 50 гадоў. Такіх цудоўных людзей сустракала потым няшмат. Хачу ведаць, як склаўся яе лёс, і наведаць яе. Таццяна Іосіфаўна Лусцянкова (Лубянкова), Магілёў”.
Пошукі і знаходкі
Інфармацыю пра родных, якія прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, атрымаюць: жыхар Хоцімска М.Ц.Халолаў, І.К.Ляшчынская і В.Д.Гараная з Лельчыц, Я.І.Вейлер з Віцебска, мінчанка В.К.Харкевіч, А.Я.Лагвіновіч з Крычава, Т.І.Сінькевіч з Акцябрскага раёна, А.Ф.Шчогалева з Брэсцкай вобласці.
Сустрэцца з бацькам
“Шукаю бацьку Уладзіміра Васільевіча ІЛЬЮШОНКА, 1939 года нараджэння. Маці рассталася з ім, калі мне было крыху больш за год. Калі споўнілася 16 гадоў, мы сустрэліся з бацькам. Ён жыў у Мінску, працаваў на заводзе медпрэпаратаў. Пасля сустрэчы я пісала яму лісты, але ён іх, відаць, не атрымліваў. Мне адказала жанчына, з якой ён жыў, а яна не хацела, каб мы падтрымлівалі сувязь. Так мы і не бачыліся з таго часу. Не ведаю, дзе бацька зараз, як склаўся лёс, але я яго паважаю, часта бачу ў снах. Можа, з вашай дапамогай змагу зноў сустрэцца з бацькам. Мы не бачыліся больш як трыццаць гадоў. Ала Уладзіміраўна Малішэўская, Лідскі раён”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter