“Помні імя сваё...”

Маленства…Юнацтва… Святло тых ясных дзён, як святло пагаслых галактык, ідзе праз гады, праз усё жыццё. Яно такое магутнае, што ажно і сёння бачыш і сцяжынку да роднай хаты, чуеш світальную песню жаўранкаў, галасы сваіх сяброў, аднакласнікаў. Але гэтага ўжо не вярнуць. Можна толькі ўспомніць пры сустрэчы з дзяцінствам і юнацтвам з дапамогай сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”.

Вярнуцца ў маладосць
Да нас звярнулася кіраўнік музея “Міласэрнасць і мужнасць” Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Галіна Фёдараўна Дзегцярэнка. “Дапамажыце знайсці выпускнікоў, пра якіх нічога невядома. Аркадзь Іванавіч ПАЎЛОВІЧ нарадзіўся 17 снежня 1938 года, выпускнік 1963 года, закончыў 10 класаў Кішчынаслабодскай школы Барысаўскага раёна, вучыўся ва Універсітэце дружбы народаў і там (па некаторых звестках) працаваў на медыцынскай кафедры, мае вучоную ступень. Аляксандр Мікалаевіч ЖУКАЎ, 1940 года нараджэння, выпускнік 1963 года, афіцэр, дзе служыў, невядома, у адной з даведак напісана, што ён -- Герой Савецкага Саюза. Галіна Пятроўна КРЭТАВА нарадзілася 21 студзеня 1942 года, у 1962 годзе на выдатна закончыла вучылішча, у 1971-м -- Мінскі медыцынскі інстытут, лячэбны факультэт, да 1993 года працавала ў нашым вучылішчы выкладчыцай акушэрства і гінекалогіі, потым выехала на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША ці ў Канаду, мае дачку. Юрый Дзмітрыевіч УРОНСКІ, 1940 года нараджэння, выпускнік 1962 года. Ён жыве недзе ў Расіі, у горадзе Мурманску. Я пісала яму пісьмы, але адказу не атрымала. Звярталася на праграму “Жди меня“, але безвынікова. Мне цікава даведацца пра ўсіх выпускнікоў і выкладчыкаў вучылішча. 5 мая 2008 года спаўняецца 25 гадоў нашаму музею, і мне б хацелася, каб выпускнікі наведалі яго і расказалі пра сябе”.
“Вясной 1944 года нас вызвалілі з канцлагера Азарычы, што знаходзіўся ў Калінкавіцкім раёне. Разам з сястрой Юліяй Рыгораўнай Адзінец змясцілі ў спецыяльны дзіцячы дом у горадзе Хойнікі Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці. У мяне захаваўся фотаздымак 1946 года групы дзяўчынак. Амаль усіх я памятаю па імёнах і прозвішчах. Дырэктарам у нас быў Міхаіл Самуілавіч Шчарбачэня, а яго жонка Зінаіда Данілаўна -- выхавацелькай. Калі хто ў гэтыя гады знаходзіўся ў Хойніцкім спецыяльным дзіцячым доме, адгукніцеся. Галіна Рыгораўна Адзінец (Банкрашкова), Гомель”.
“У 1953 годзе мы закончылі Гомельскую фельчарска-акушэрскую школу Калінінскай чыгункі. Я і Ганна Воранава былі накіраваны спачатку ў Смаленск, у санітарнае ўпраўленне пры чыгунцы, а адтуль у лінейную амбулаторыю на чыгуначную станцыю Бугосава. Усе выпускнікі нашай школы, а гэта дзяўчаты, былі накіраваны на працу ў медыцынскія ўстановы чыгункі. У снежні 1954 года я пераехала ў Оршу, дзе працаваў муж. Тут жыву і зараз. Маю стасункі са сваёй аднакурсніцай Надзеяй Васільеўнай Кастуновай. Хочацца ведаць, хто яшчэ з нашага выпуску памятае сваіх аднакурснікаў. Франя Ягораўна Рубцова (Старасотнікава), Орша”.
Блізкія людзі
«Я, Мікалай Трафімавіч Касцюк, ураджэнец сяла Абалонь Палтаўскай вобласці. Але прыехаў пасля службы ў арміі да дзядзькі ў Беларусь, так і застаўся жыць у Мінску. Хачу знайсці маю адзіную пляменніцу Кацярыну Уладзіміраўну ПАЎЛЕНКА. Яна раней жыла ў Омску (Расія). Мы з ёй увесь час перапісваліся, але яны прадалі сваю кватэру і купілі ў Белгарадзе, недалёка ад Масквы. Пасля гэтага я атрымаў ад яе некалькі лістоў, а потым перапіска абарвалася. Я пісаў ёй пісьмы. Назад яны не вярталіся і адказу не было. Мінула ўжо больш за пяць гадоў, як я пра Кацю нічога не ведаю. У апошнім лісце яна прыслала фотаздымак свайго сына Уладзіміра і пісала, што ён ажаніўся з дзяўчынай з Масквы, а таксама выразку з газеты, дзе Валодзя дырыжыруе ваенным аркестрам. Мне ўжо 76 гадоў, і так хочацца атрымаць вестачку ад адзінай пляменніцы”.
“Дапамажыце знайсці маю сястру Ганну Казіміраўну АСКЕРКА (прозвішча дзявочае). Наша сям’я: бацька Казімір Іосіфавіч Аскерка, 1902 года нараджэння, маці Соф’я Міронаўна, 1908-га, браты Аляксандр, 1929-га, і Уладзімір, 1932 года нараджэння, Ганна, 1937 года нараджэння, і я, 1939 года, -- да вайны жылі ў вёсцы Гарадзец Кіраўскага раёна. У верасні 1941 года нашу маму забілі немцы, а у кастрычніку загінуў бацька, які быў у партызанскім атрадзе. Вясной 1942 ці 1943 года (дакладна не ведаю) нас, дзяцей, адправілі ў нямецкі дзіцячы дом горада Бабруйска . У той жа дзень мяне забрала жанчына, Уладзімір збег з дзетдома і да канца вайны быў у партызанскім атрадзе. Старэйшы брат Аляксандр прымусова адпраўлены ў Германію. Ганну нехта забраў з дзіцячага дома, але мы не ведалі хто і не змаглі яе потым знайсці. Пасля вайны старэйшы брат забраў мяне з прыёмнай сям’і. Можа, наша сястра жыве дзе-небудзь і нічога не ведае пра нас. Так хацелася б сустрэцца. А раптам яна таксама нас шукае. Марыя Казіміраўна Аскерка (Штурма), Жодзіна”.
“Мой брат Рыгор Цімафеевіч МЫТНІК, 1941 года нараджэння, быў прызваны прыкладна ў 1963 ці 1964 годзе ў армію і служыў у горадзе Гатчына Ленінградскай вобласці (Расія). Пасля застаўся на звыштэрміновую службу прапаршчыкам. Ажаніўся там з мясцовай дзяўчынай Надзяй. У іх ёсць дачка Валя, зяць Андрэй, унучкі Каця і Вольга. Адразу яны жылі ў яго цешчы ў Гатчынскім раёне. Пазней Рыгору ад вайсковай часці далі кватэру ў Гатчыне. Ужо сем гадоў я пра іх нічога не ведаю. Анастасія Цімафееўна Міклашэўская, Смалявічы”.
“Часта перад вачамі праплываюць сюжэты з дзяцінства, успамінаю бацькоў, якіх ужо няма ў жывых. Мой татка Васіль Ануфрыевіч Ганчароў нарадзіўся ў 1909 годзе ў Лёзненскім раёне (назву вёскі не памятаю). Перад пачаткам Вялікай Айчыннай ён згубіў сувязь са сваім малодшым братам Яўгенам Ануфрыевічам ГАНЧАРОВЫМ (год нараджэння невядомы). Хочацца даведацца пра лёс дзядзькі, можа, засталася яго сям’я. А калі загінуў у вайну, то дзе пахаваны. Таксама хачу знайсці ўсіх родных па лініі бацькі. Наталля Васільеўна Крэнь (Ганчарова), Полацк.”
Не забываецца
“З 25 па 31 мая 2001 года я знаходзілася ў бальніцы ў Гомелі ў вочным аперацыйным аддзяленні. Аднойчы ў сталоўцы да мяне падышоў мужчына і пачаў размаўляць са мной. Мы доўгі час правялі за размовай, але я не ведаю, як яго завуць і адкуль ён. А неяк раз у сталоўцы ён за мяне заступіўся. Можа, ён успомніць мяне? Еўдакія Кірылаўна Гарошка, Чачэрск”.
Сястру не знайшоў
“Я шмат часу шукаю сваю сястру Веру Сазонаўну КУРЧАНАВУ, 1939 года нараджэння. Жылі мы ў вёсцы Казлы Сіроцінскага (зараз Шумілінскага) раёна. Нашу маці Кацярыну Аляксандраўну Курчанаву ў 1942 годзе забілі фашысты. Бацька Сазон Мікалаевіч Курчанаў у той час быў у партызанскім атрадзе. Мы з сястрой засталіся адны. Камандзір партызанскага атрада адпусціў бацьку даглядаць нас. У студзені 1943 года фашысты спалілі нашу вёску. Жыць не было дзе, і мы хадзілі па ўцалелых вёсках у пошуках жытла. У адным з населеных пунктаў знаходзіўся падпольны райкам партыі з ваенным камісарыятам, дзе бацька стаў на ваенны ўлік. У снежні 1943-га яго прызвалі на фронт, а мяне з сястрой адправілі ў дзіцячы прыёмнік НКУС Суражскага раёна Віцебскай вобласці. Вясной 1944 года мяне накіравалі ў дзіцячы дом №1 Ліёзненскага раёна. Сястру Веру пакінулі ў дзіцячым прыёмніку. Я прасіў-маліў, каб нас не разлучалі, але мяне ніхто не паслухаў. Як потым аказалася, разлучылі нас на доўгія гады. Заўсёды звяртаўся да сваёй выхавацельніцы, каб памагла знайсці сястрычку. Аднойчы яна была па справах у Віцебску, прыехала і сказала мне: сястру тваю бачыла і нават трымала яе на каленях. Гэта быў дзіцячы дом №8 па вуліцы Камуністычнай,10 у Віцебску. Я радаваўся бясконца, але не мог дадумацца: што трэба для таго, каб нам быць разам. У жніўні 1946-га бацька вярнуўся з вайны. Наведаў мяне ў дзіцячым доме, але да сябе не ўзяў. Пад новы 1947 год я збег з дзіцячага дома да бацькі, але ў яго, як высветлілася, не было ні кала, ні двара. Таму, напэўна, і мяне не браў. У 1952 годзе я закончыў 7 класаў, паступіў у школу ФЗН у Віцебску. Прыехаў сюды і пачаў шукаць сястру. Звяртаўся ў дзіцячыя дамы, розныя іншыя ўстановы -- безвынікова. Пасля вучобы прыехаў у Мінск і працягваў пошук. Адказ быў адзін: “У спісах вашай сястры няма”. Пасля службы ў арміі паехаў працаваць на шахты ў Варкуту. Атрымаў першы водпуск і вырашыў зноў шукаць сястру. Можна сказаць, усё жыццё шукаю яе, а выніку няма. Праўда, пасля таго, як у 2000 годзе ў гарадской газеце “Віцьбічы” быў надрукаваны артыкул “Расстанне даўжынёй у жыццё”, мне патэлефанавала жанчына і сказала, што яна была ў дзіцячым доме разам з Верай. Але сястру я і на гэты раз не знайшоў. Надзею не страчваю дагэтуль. Павел Сазонавіч Курчанаў, Віцебск”.
Міхель-харват
“Я была вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Там былі людзі розных краін і нацыянальнасцей. Мы дзяліліся горам, дапамагалі адно аднаму. Быў у мяне адзін знаёмы харват. Мы з ім сябравалі, нават прапаноўваў паехаць з ім на яго радзіму. Але я ўсёй душой імкнулася хутчэй паехаць дамоў, на сваю радзіму. Прозвішча харвата, на жаль, не памятаю, але вельмі ўдзячная яму і хачу ведаць пра лёс дарагога мне чалавека. Імя яго Міхель, Міхель-харват. Высылаю свой фотаздымак таго часу. Буду вельмі ўдзячная за дапамогу ў пошуку Міхеля. Вольга Якаўлеўна Корань, Пухавіцкі раён”.
Родная кроў
“Дапамажыце адшукаць маю сястру Анастасію Міхайлаўн ЛЯХ (Сідарэнка). Яна нарадзілася ў 1929 годзе ў вёсцы Пажарнікі Брагінскага раёна. Пасля вяселля паехала з мужам у Карэлію, жылі ў горадзе Сегежы. Да 2000 года мы падтрымлівалі сувязь: пісалі пісьмы, званілі адна адной. Пасля смерці мужа сястра паехала да сына ў горад Нікалаеў (пра гэта мне расказалі людзі, якія купілі кватэру, дзе жыла мая сястра). Пасля гэтага наша сувязь абарвалася. Пісала пісьмы на перадачу «Жди меня», але мінула два гады, а вестачкі пра сястру няма. Лідзія Міхайлаўна Сідарэнка, Смалявічы”.
“У пачатку 1980-х гадоў я апошні раз бачыў свайго бацьку Аркадзя Іванавіча БАГЛАЯ. У сярэдзіне 1990-х я спрабаваў знайсці яго, але не ўдалося. Толькі даведаўся, што ён жыве ў Херсоне (Украіна). У якім годзе нарадзіўся бацька, не ведаю. Засталося толькі некалькі фотаздымкаў, на якіх ён з маёй маці Марыяй Іванаўнай Міхеенка, 1943 года нараджэння. Хацелася б даведацца пра яго лёс і сустрэцца з ім. Я так пра гэта мару! Можа, яму патрэбна мая дапамога? Андрэй Аркадзьевіч Міхеенка, Жодзіна”.
Сябры-аднапалчане
“Да вас звяртаецца былы ўдзельнік баёў у Польшчы і Германіі Міхаіл Канстанцінавіч Федарынчык з вёскі Лоша Уздзенскага раёна. Хачу адшукаць свайго аднапалчаніна Уру Віктаравіча УРЫНА, які нарадзіўся ў 1926 годзе ў Шклоўскім раёне. Наша служба праходзіла ў 241-м стралковым палку 95-й стралковай дывізіі. Спачатку я быў кулямётчыкам у пятай роце, потым перавялі ў мінамётную батарэю для службы ў якасці сувязіста. Мяне Урын навучыў працаваць на радыёстанцыі і тэлефонным апараце. Пасля вайны я служыў у Германіі ў 170-м гвардзейскім стралковым палку камандзірам аддзялення кіравання артылерыі 57-й стралковай дывізіі, а Урын -- у штабе артылерыйскай брыгады пісарам у горадзе Гамбург. 15 мая 1950 года мне прынеслі пропуск на праезд праз мяжу, гэта азначала, што я  павінен пакінуць Германію назаўсёды. Пасля таго мы з сябрам Урам не бачыліся. Мінула ўжо амаль 60 гадоў з той пары, і мне хацелася б даведацца пра яго далейшы лёс, а па магчымасці -- убачыцца і паразмаўляць. Яшчэ я хачу знайсці выпускнікоў 1953 года Буда-Кашалёўскага ляснога тэхнікума. Хутка ўжо 55 гадоў, як мы не збіраліся ўсе разам, а вельмі б гэтага хацелася. Спадзяюся, што яны адгукнуцца”.
Гора маці
“Шукаю сына Сяргея Анатольевіча КОТАВА. 13 жніўня 2004 года ён паехаў на заробкі з сябрамі ў Расію ў Санкт-Пецярбург, і да гэтага часу няма ні яго, ні звестак. Перад Новым 2005 годам ён даслаў віншавальную паштоўку і ўсё. 23 лістапада 2005 года ў “Навінах” паказвалі сюжэт з будоўлі ў Санкт-Пецярбургу. Суседзі ўбачылі Сяргея. А сэрца баліць, што вось ужо тры з паловай гады я нічога не ведаю пра яго. Звярталася ў міліцыю, на праграму “Жди меня”, у газеты, але безвынікова. Таццяна Фёдараўна Котава, Магілёў”.
“Хачу знайсці сына Анатолія Пятровіча СКАПЦА, які нарадзіўся 30 студзеня 1958 года. Ён паехаў на заробкі ў Расію, у Іркуцкую вобласць 6 красавіка 1996 года. З таго часу я пра яго нічога не ведаю. Мінула ўжо трынаццаць гадоў, а ён ні званіў, ні пісаў. Даведалася толькі, што сын знаходзіўся ў Маскве. Не так даўно памерла яго сястра, і я засталася адна. Ніна Андрэеўна Скапец, Валожынскі раён”.
Жыхарку Гомеля Марыю Кірылаўну Васільеву прывяло да калег мацярынскае гора. Было ў маці два сыны, а зараз ніводнага. Пра тое, што здарылася з малодшым, расказвае маці.
-- Мой сын Дзмітрый Эдуардавіч СМАТРОЎ, 1962 года нараджэння, ураджэнец Гомеля, у 2006-м працаваў у Маскве ў будаўнічай арганізацыі. 3 сакавіка ўпаў на вуліцы, дзе яго падабралі і завезлі ў цэнтральную гарадскую бальніцу горада Нагінска з дыягназам прабадная язва страўніка. Да гэтага ніколі на страўнік не скардзіўся. Шпіталізавалі, патэлефанавалі мне ў Гомель, расказалі, што здарылася. Сказалі, каб я прыехала 14 сакавіка 2006 года і забрала яго дамоў. Гэта я і зрабіла. Калі я размаўляла, сын мне сказаў, што яго новыя знаёмыя па палаце запрашалі на работу. Дома мы яго выходжвалі, ён паправіўся, знайшоў працу ў КБА ў Яроміна. Крыху зарабіў грошай, купіў сабе касцюм, туфлі, рыбацкія прыналежнасці. Я спытала: “Дзіма, а для чаго гэта, цяпер жа паводка, ніякіх берагоў няма, хто ж ходзіць на рыбалку?” А ён адказаў: “У мяне ўсё атрымаецца”. Гэта было 29 красавіка 2006 года. Як пайшоў на рыбалку, да сённяшняга дня няма. Я звярнулася ў міліцыю, але яго пакуль не знайшлі. Прашу ўсіх дапамагчы мне ў пошуку сына. Дзімачка! Калі ты жывы, чакаем цябе дадому. Прыязджай, сынок!
Прапалі без вестак
“Мне было пяць гадоў, калі памёр мой дзядуля Сямён Сямёнавіч КОЛЕСАЎ, ураджэнец Інзенскага раёна Ульянаўскай вобласці (Расія), які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне і за службу быў узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені. І толькі пасля яго смерці я даведаўся, што ў яго шмат ордэнаў і медалёў. Хочацца даведацца больш падрабязна пра яго баявы шлях: дзе ваяваў, з кім і за якія подзвігі быў узнагароджаны. Ведаю, што быў ён палкавым сувязістам і дайшоў да Берліна. Аляксандр Мікалаевіч Колесаў, Брэст”.
“Мы -- ураджэнцы вёскі Сямігосцічы Столінскага раёна. Шукаем месца пахавання нашага дзядулі Паўла Сямёнавіча РАЗАНОВІЧА. Ён служыў да 1939 года ў польскай арміі. У першыя дні вайны наш бацька Пётр Паўлавіч Разановіч і дзядуля пайшлі на фронт. Прызываліся Давыд-Гарадоцкім райваенкаматам. Іх першы бой быў пад Белай Царквой (Україна). Тады аднавяскоўцы бачылі нашага дзядулю ў апошні раз. Вось і ўсё, што мы пра яго ведаем. Бацьку мы дачакаліся з вайны, а дзядулю -- не. У кнізе “Памяць” Столінскага раёна напісана, што ён прапаў без вестак у красавіку 1944 года. Можа, дзе ёсць магіла з яго імем, каб наведаць яе і ўшанаваць памяць пра яго. Сям’я Хадакоўскіх, Мінск”.
Падарваўся на міне
“Аднойчы ў праграме “Помні імя сваё” пачула, што людзі адшукваюць сваяка, які служыў у Вялікую Айчынную вайну сапёрам недзе ў Гродзенскай ці Гомельскай вобласці. Калі я была маленькай, мы з мамай пайшлі на могілкі. Маю ўвагу прыцягнула безыменная магіла. Маці сказала, што там пахаваны салдат-сапёр, які размініраваў вёску Перарод. Ён сядзеў у зямлянцы, спяваў, а потым устаў, надзеў шынель і выйшаў. Праз некалькі хвілін усе пачулі выбух, выбеглі на вуліцу і здагадаліся, што на міне падарваўся сапёр. Хаваць салдата выйшлі ўсе жыхары вёскі. Кожны раз, калі я прыязджаю на могілкі, заўсёды праходжу каля магілы адважнага чалавека. які выратаваў маіх родных і блізкіх ад смерці, а сам загінуў. Ганна Рыгораўна Кірыленка, Магілёў”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter