“Помні імя сваё...”

Столькі гадоў мінула, а людзі не могуць забыцца пра жахі вайны. І пра свой боль, пакуты, незагойныя раны пішуць у сваіх лістах, якія заўсёды прыходзіць да нас з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё вельмі шмат. Пішуць пра тых, з кім разлучыла, каго забрала вайна. У памяці родных яны будуць заўжды.
Блізкія людзі

“Мой брат Анатоль Яўгенавіч ХМЯЛЕЎСКІ, 1960 года нараджэння, жыў і працаваў у Абхазіі. Быў жанаты, меў двух дзяцей-блізнят. У 1991 годзе памерла наша маці, і ён прыязджаў на яе пахаванне. Абяцаў прыехаць на гадавіну па маме, але не прыехаў і не напісаў. Пра брата і яго сям’ю мы дагэтуль нічога не ведаем. Яніна Яўгенаўна Хмяльніцкая, Пухавіцкі раён”.
“Шукаю стрыечных братоў і сясцёр па маці Гелене Рыгораўне Казура. Мой дзядзька Іван Рыгоравіч ЖАБРОЎСКІ пасля вайны разам з сям’ёй паехаў на цаліну. У яго быў старэйшы сын Іосіф, 1935 года нараджэння, малодшы Мар’ян і дзве дачкі: Яня (Ніна або Яніна) і Эмілія. Усе нарадзіліся ў вёсцы Грэйці Пастаўскага раёна. Сям’я Жаброўскіх жыла ля літоўскай мяжы ў Гайдуцішках. Марыя Францаўна Козел (Казура), Паставы”.
“Нічога не ведаю пра лёс маіх пляменніц Надзеі Лазараўны і яе сястры Аляксандры Лазараўны КАВАЛЁВЫХ (прозвішча дзявочае). Ім ужо больш за 60 гадоў. Жыць павінны ў Расіі, у Краснаярскім краі. Апошні іх адрас: горад Мінусінск. Нарадзіліся ў вёсцы Лазарэвічы Быхаўскага раёна. Васіль Лявонавіч Кавалькоў, Магілёў”.
“Шукаю пляменніка Мікалая Анатольевіча ЛІТОШКУ, якога не бачыў больш як 20 гадоў. Раней ён жыў са сваім бацькам Анатолем Мацвеевічам Літошкам у Калінінградскай вобласці. Мой брат памёр. Пісаў я пляменніку ў горад Нёман Гродзенскай вобласці (ён раней там жыў), але адказу не атрымаў. Апошні раз бачыў яго ў 1986 годзе. Таксама шукаю брата Міхаіла Мацвеевіча ЛІТОШКУ, 1917 года нараджэння. У верасні 1937-га ён быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Служыў у Баку артылерыстам. У 1940-м дэмабілізаваўся і пайшоў там жа на службу ў НКУС. У студзені 1943 года быў прызваны на фронт. Больш мне нічога невядома. Шукаю звесткі і пра дзядзьку Івана Ісакавіча ЛІТОШКУ, 1887 года нараджэння, жыхара вёскі Закальное Любанскага раёна. Ён быў членам РСДРП з 1904 года. У Віцебскім музеі народнай славы я бачыў яго фотаздымак. Іван Ва-сільевіч Літошка, Любанскі раён”.

І папугай какаду
“З вайны я засталася круглай сіратой, без прозвішча і месца жыхарства. Мяне ўзялі да сябе чужыя людзі, далі мне прозвішча, імя і імя па бацьку. З іх слоў даведалася, што я з сямі дзяцей, якіх эвакуіравалі. Поезд у дарозе бамбілі варожыя самалёты. Гэта было ўвосень, калі капалі бульбу. Нас знялі з поезда, і мы апынуліся ў Крычаве. Аднойчы ў перадачы Людміла Міхайлаўна Кашачкіна ўзгадала пра семярых дзяцей, якіх трэба было некуды эвакуіраваць. Гэта нагадала маю гісторыю. Яшчэ Людміла Міхайлаўна гаварыла, што да вайны яны жылі дружна і ў іх быў папугай какаду. А я маленькая ўвесь час гаварыла: “Какаду, какаду!” Ці не пра мой лёс расказвала Л.М. Кашачкіна? Вера Антонаўна Юр’ева, Віцебск”.

  Ахвяра вайны

“Хачу расказаць пра нашага земляка, жыхара Асіповічаў Анатоля Іосіфавіча ГЕРАСІМЧЫКА, 1936 года нараджэння. У 1943-м яго бацька-падпольшчык Іосіф Міхайлавіч Герасімчык загінуў. Маці засталася з трыма дзецьмі. 27 чэрвеня 1944 года, ратуючыся ад фашысцкіх карнікаў, яна спрабуе схаваць дзяцей. У іх страляюць. 8-гадоваму Анатолю куля прабівае шыйны пазванок і лёгкія. Яго даставілі ў Бабруйск, у эвакашпіталь № 1254. І хлопчык выжыў. Але хто мог тады думаць аб правільным афармленні ўсіх даведак і дакументаў. І як цяпер даказаць, што ўсё гэта было? Побач з братам заўжды знаходзілася яго старэйшая сястра Варвара Іосіфаўна Дварэцкая, яна жыве ў Асіповічах. А ў шпіталі тады лячылася Ганна Ануфрыеўна Дзіковіч, якой было 5 гадоў. Цяпер яна жыве ў Мінску. Можа, знойдуцца яшчэ людзі, якія былі сведкамі тых падзей? Няхай адгукнуцца. Лёс і далей не песціў нашага героя. На цаліне, куды паехаў па камсамольскай пуцёўцы, захварэў на бруцэлёз. Стаў інвалідам другой групы. Ніколі ён не сядзеў без справы. Вядзе даследаванні аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, збірае матэрыялы. Усё часцей Анатоль Іосіфавіч адчувае вынікі нанесенага вайной ранення. Хочацца дапамагчы гэтаму чалавеку ў зборы дакументаў, на падставе якіх ён можа быць прызнаны інвалідам вайны першай групы. Андрэй Міхайлавіч Торбін, дырэктар Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея”.

Пошукі і знаходкі
Міхаіл Канстанцінавіч Крыловіч з Мінска шукаў школьнага сябра Аляксандра Аляксандравіча Новіка, 1931 года нараджэння. Апошні раз яны бачыліся ў 1968-м. Сябар знайшоўся, прыгадаў школьныя гады і запрасіў Міхаіла Канстанцінавіча ў госці.

Родная кроў
“Шукаю зводных сясцёр Ніну, 1944-га, і Надзею Андрэеўну КУРЫЛА, 1946 гадоў нараджэння (прозвішчы дзявочыя). У 1947-м яны з маці Дар’яй Курыла жылі ў вёсцы (назву не памятаю) за
20 кіламетраў ад Ашмян. Ехаць туды трэба каля могілак. Хачу сустрэцца з сёстрамі. Вольга Андрэеўна Кандрацюк, Ваўкавыск”.
“Мой бацька Кузьма Платонавіч САЛАЎЁЎ працаваў у органах МУС Акцюбінскай вобласці Казахскай ССР. Ён пайшоў з сям’і перад Вялікай Айчыннай, і мама ніколі пра яго не расказвала. Ведаю толькі, што ён загінуў. Адзінае, што засталося, фотаздымкі таткі і нашай сям’і да разводу яго з маці. Калі знойдуцца родныя па бацьку, няхай адгукнуцца. Валянціна Кузьмінічна Кузняцова (Салаўёва), Гомельская вобласць”.

  Прапалі без вестак

“Мой бацька Іван Іосіфавіч ЖУКОЎСКІ, 1910 года нараджэння, у 1939-м быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Заслаўі, дзе і ажаніўся з маёй маці. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. З вайны не вярнуўся, і ніякіх звестак пра яго лёс няма. Раіза Іванаўна Жукоўская, Мінск”.
“Мой бацька Дзмітрый Рыгоравіч БАРАБАНШЧЫКАЎ, 1919 года нараджэння, быў прызваны на фронт. Пад Псковам іх эшалон падарвалі фашысты. Тых, хто застаўся жывым, ворагі адправілі ў Германію. Бацька ўцёк з палону. Ваяваў на тэрыторыі Аўстрыі. Там быў паранены, ляжаў у шпіталі і ў 1946 годзе памёр. Быў пахаваны на рускіх могілках у аўстрыйскім горадзе Вінер-Нёйштат. Ці ёсць там магіла бацькі? Лідзія Дзмітрыеўна Барабаншчыкава, Мазыр”.
“Шукаю месца пахавання братоў, якія пайшлі абараняць Радзіму ў самым пачатку вайны. Старэйшы брат Іван Якаўлевіч ШАТУРЫН, маёр, 1914 года нараджэння. Малодшы Мікалай Якаўлевіч ШАТУРЫН, лейтэнант, нарадзіўся ў 1922-м. Некаторы час пасля прызыву яны знаходзіліся ў Тамбове. Міхаіл Якаўлевіч Шатурын, Орша”.
“Мой дзядуля Васіль Іванавіч РАНДАРЭНКА, 1910 года нараджэння, быў байцом, камандзірам аддзялення, палітруком узвода ў партызанскім атрадзе брыгады “За Савецкую Беларусь”. Прапаў без вестак у час варожай блакады партызанскай зоны на Віцебшчыне. Можа, адгукнуцца людзі, якія былі з ім у цяжкую хвіліну. Наталля Леанідаўна Таўпінец, Бешанковічы”.
“Шукаю магілу брата Івана Антонавіча СУХАЛЕТА, 1924 года нараджэння, з вёскі Вішнева Валожынскага раёна. У 1942-м ён быў у партызанскім атрадзе імя Сталіна. Пасля аб’яднання з Чырвонай Арміяй ваяваў на тэрыторыі Польшчы. У 1944-м прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Ніна Антонаўна Сухалет, Віцебская вобласць”.
“Без вестак прапалі ў вайну мае браты. Мікіта Васільевіч КАПЫТОЎ, 1914 года нараджэння, працаваў на Аршанскім ільнокамбінаце. У першы дзень вайны прыйшоў з работы, памыў рукі і пачаў збірацца ў ваенкамат. Ён быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Другі брат Іван Васільевіч КАПЫТОЎ, 1921 года нараджэння, служыў у войску, там і напаткала вайна. Ён быў танкістам. У кастрычніку 1944-га прапаў без вестак. Наколькі мне вядома, здарылася гэта непадалёку ад Нясвіжа, на станцыі Гарадзея. Можа, хто ведаў маіх братоў і адгукнецца. Зінаіда Васільеўна Капытова, Орша”.
“Шукаем малодшую сястру майго мужа Віталія Міхайлавіча Клімовіча, ураджэнца вёскі Уборкі Лоеўскага раёна. Сястру звалі Ліна Міхайлаўна КЛІМОВІЧ. У 1941-м Ліне было 6—7 гадоў. У канцы 1943 — пачатку 1944 года яе бацькі Міхаіл і Усціння памерлі ад тыфу. Сваякі змясцілі Ліну ў дзіцячы дом. Ева Іванаўна Трахімчык, Свіслач”.
“Нас у сям’і было сямёра дзяцей. Калі памерла маці, бацька ажаніўся з жанчынай, у якой было пяцёра дзяцей. Чацвёра жылі асобна, а самы малодшы Дзмітрый Іванавіч ХРОМЧАНКА, 1926 года нараджэння, разам з намі ў Сенненскім раёне. Калі пачалася вайна, Дзмітрый шаснаццацігадовым хлопчыкам пайшоў у партызанскі атрад. З нашага пасёлка там былі яшчэ два мужчыны. Яны і Дзмітрый, наколькі нам вядома, трапілі ў лапы фашыстаў. Мужчынам удалося ўцячы, а Дзмітрый, малады, нявопытны, не змог гэта зрабіць. Казалі, ён апух ад голаду, не мог хадзіць. Таксама хацеў збегчы, але фашысты яго дагналі і расстралялі. Можа, хто ведае гэту гісторыю і пра лёс нашага Дзмітрыя і падкажа, дзе ён загінуў і пахаваны. Зоя Раманаўна Талкачова, Жлобін”.
“Мой бацька Сяргей Нілавіч ЛАЎРОЎ, 1911 года нараджэння, у 1940-м быў накіраваны на службу ў Беласток, у Польшчу. Там мы і жылі да вайны. За некалькі месяцаў да яе пачатку бацьку накіравалі ў Ломжу на вайсковыя вучэнні. У першы дзень вайны сем’і ваеннаслужачых эвакуіравалі. Бацьку мы больш не бачылі. У 1946-м атрымалі паведамленне, што бацька, ваенны тэхнік 2-га рангу, прапаў без вестак на фронце ў чэрвені 1941 года. Што ж з ім здарылася? Мая Сяргееўна Варакіна (Лаўрова), Быхаў”.
“У 1945 годзе мы атрымалі паведамленне, што наш бацька Ілля Рыгоравіч ІГНАТОВІЧ, прыкладна 1912—1914 года нараджэння, прапаў на вайне без вестак. Ён працаваў на радыёвузле ў вёсцы Падбярэззе Віцебскага раёна. Калі пачалася вайна, прыехалі на кані партызаны і забралі яго ў лес. Можа, адгукнуцца тыя, хто быў з ім побач. Уладзімір Ільіч Ігнатовіч, Віцебск”.
“Мой бацька Сцяпан Іванавіч МЯЦЕЛІЦА, 1912 года нараджэння, быў прызваны на фронт Жалудоцкім райваенкаматам Гродзенскай вобласці. Атрымалі паведамленне, што 27 красавіка 1945 года ён прапаў без вестак. Гэта сказаў і аднавясковец, які быў на фронце разам з бацькам і пасля вайны вярнуўся дамоў. Хачу даведацца, дзе пахаваны бацька. Іосіф Сцяпанавіч Мяцеліца, Бабруйск”.
“Мой бацька Раман Іванавіч АНТОНЕНКА, 1906 года нараджэння, на фронт быў прызваны Краснапольскім ваенкаматам. Прапаў без вестак у верасні
1944-га. Я невыразна памятаю, як маці расказвала, што ў бацькі на фронце быў сябар. Яны знаходзіліся непадалёку адзін ад аднаго, калі бацьку параніла. Ён вельмі стагнаў, а сябар супакойваў, казаў: “Антоненка, пацярпі”. А потым стогну не стала чуваць. Калі дзеці, унукі ці праўнукі франтавога сябра бацькі чулі гэты расказ, напішыце. Можа, на абеліску ці помніку ў Беларусі ёсць прозвішча і нашага бацькі? Зінаіда Раманаўна Зюлікава, Мінск”.
“Мой бацька Іван Пятровіч ПЯТРОЎ загінуў пад Ленінградам у верасні 1941 года і пахаваны на левым беразе Нявы. Дапамажыце знайсці брацкую магілу, дзе захоўваецца яго прах. Надзея Іванаўна Масілевіч, Баранавічы”.
“Шукаю стрыечнага брата Стэфана Савашэевіча КАРАБАНЯ, прыкладна 1918—1920 года нараджэння, жыхара вёскі Бачкары Ушацкага раёна. Перад Вялікай Айчыннай быў прызваны Ушацкім райваенкаматам на тэрміновую службу. Трапіў у палон, дзе і памёр ад тыфу. Маці паведамілі, што прапаў без вестак. Надзея Кузьмінічна Грыбава, Орша”.
“Хачу даведацца, дзе знаходзіцца магіла дзеда Мікалая Уласавіча КЛЯШКОВА (ці Клямкова), 1907 года нараджэння, жыхара вёсцы Дубніцы Аршанскага раёна. На вайну прызваны Багушэўскім ваенкаматам. У 1945 годзе прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак пад Тулай, у Расіі. Таццяна Мікалаеўна Траян, Мінск”.
“Мой бацька Аляксей Кузьміч ШАЎДУКОЎ нарадзіўся 30 сакавіка 1906 года ў вёсцы Прудок Гомельскай вобласці. Да вайны працаваў на “Гомсельмашы”. А калі яна пачалася, атрымаў бронь і працаваў на эвакуацыі завода на ўсход. Ён павінен быў паехаць з Гомеля апошнім саставам. Але маці адмовілася ехаць з ім, бо ў іх было трое дзяцей і дзядуля з бабуляй. 30 ліпеня бацька пайшоў у ваенкамат. Праз тыдзень іх часць вызвалі з Гомеля. 14 жніўня 1941 года мы атрымалі ад яго ліст. Пісаў, што высадзілі ля Крычава (або Клічава). А 19 жніўня да нас прыйшлі немцы. І больш нам нічога пра яго невядома. Хочацца даведацца пра ваенны лёс роднага чалавека. Дзіяна Аляксееўна Гнілягіна (Шаўдукова), Гомель”.

Дзе ты, Марыя?
“З Марыяй Іванаўнай ПАДАБЕД (прозвішча дзявочае) мы пазнаёміліся ў канцы 1982 года ў цягніку Кіеў—Рыга. Я сеў у Калінкавічах у вагон, дзе на экскурсію ў Рыгу ехала група навучэнцаў Кіеўскага музычнага вучылішча. Раптам за мой столік села дзяўчына, якую звалі Марыя. Яна спытала, што я пішу, а я адказаў, што верш. Марыя папрасіла прачытаць яго. Мы доўга размаўлялі з ёй. Даведаўся, што родам яна з Гомельскай вобласці, піша музыку. Марыя папрасіла, каб я даў ёй свой адрас. Але я толькі назваў сваё імя: быў у сталым узросце, разведзены, у мяне ў Ленінградзе рос сын. Я таксама папрасіў яе пакінуць свой адрас. Вясной 1983 года я прыязджаў у Кіеў і заходзіў да яе ў інтэрнат, але Марыя паехала на канікулы да бацькоў. З таго часу я пра яе нічога не ведаю. Уладзімір Уладзіміравіч Лянкевіч, Мінская вобласць”.

   Маладыя гады

“У 1951 годзе ў нашай вёсцы працавалі геолагі. Сярод іх быў хлопец з-пад Мазыра. Яму было 19 гадоў, мне — 18. Калі толькі мы пазнаёміліся, яго прызвалі на вайсковую службу. Служыў Васіль у Севастопалі, пісаў мне. Я з нецярпеннем чакала ад яго кароценькія вестачкі, хвалявалася. Гэта было маё першае каханне. 1953 год быў вельмі цяжкі ў маім жыцці: перапіска з Васілём спынілася. Потым я зноў атрымала ад яго вестачку. Паведамляў, што закончыў службу і жыве ў Мінску, працуе на аўтамабільным заводзе. Праз год ён зноў прыслаў пісьмо, пісаў, што праходзіць працоўную перападрыхтоўку ў Барысаве. Шляхі-дарогі нашы разышліся. Калі Васіль Аляксандравіч МІХАЛЬЧУК зараз жывы і здаровы, жадаю яму і яго сям’і ўсяго самага добрага, прыемнага, няхай ён будзе заўсёды шчаслівы. Прозвішча маё прашу не называць”.
Калі выпуск рыхтаваўся да друку, нашы калегі паведамілі, што Васіль Аляксандравіч знайшоўся і адразу ж прымчаўся за каардынатамі той, з якой разлучыў лёс. Яны абавязкова сустрэнуцца.
“Іван Мікалаевіч ШЫЛА нарадзіўся 10 студзеня 1938 года ў горадзе Калінкавічы. Сустрэліся мы ў 1961 годзе ў Оршы. Ён вучыўся ў ПТВ ад мясакамбіната. Пасля заканчэння Іван паехаў у Калінкавічы. Мы перапісваліся да 1965 года. Працаваў ён на мясцовым мясакамбінаце, завочна паступіў у Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Усё ў нас было добра. Але калі Іван паехаў ў Пінск на абарону дыплома, я выйшла замуж. Так хочацца даведацца пра яго. Святлана Барысаўна Барговіч (Носікава), Касцюковічы”.

  Разам з Заслонавым

“Мой бацька Дзмітрый Аўрамавіч СОТНІКАЎ працаваў начальнікам прадзільнага цэха суконнай фабрыкі пасёлка Якаўлевічы Аршанскага раёна. Маці была ткачыхай. Калі пачалася Вялікая Айчынная, абсталяванне фабрыкі трэба было эвакуіраваць у Расію, у горад Ульянаўск. Гэта давялося рабіць тату. Усё, што можна было, вывезлі. Маці і нас, пецярых дзяцей, бацька хацеў таксама накіраваць ва Ульянаўск. Але цяжарная мама пабаялася ехаць у далёкую дарогу. У жніўні ў нас нарадзілася сястра. Калі абсталяванне адправілі і машын ужо не было, бацька злавіў на лузе каня і запрог. На гэтым кані паехала ў эвакуацыю наша сям’я. Даехалі да станцыі Зубры Магілёўскай вобласці. Там ваенныя чакалі цягнік для адпраўкі. Яны паведамілі тату, што немцы недзе высадзілі дэсант, і цягнікі ўжо не будуць хадзіць. Ваенныя паспрабуюць далучыцца да сваіх. Калі не ўдасца, то пойдуць у партызаны. Нам яны загадалі вяртацца дадому. Салдаты папрасілі ў бацькі адрас, каб пры патрэбе знайсці яго. Так у лістападзе 1941 года ён стаў сувязным. У Оршы, недалёка ад станцыі, жыла бацькава стрыечная сястра. Яна працавала на чыгунцы і пазнаёміла тату з Канстанцінам Заслонавым. 2 красавіка 1943 года наша сям’я павінна была пайсці ў партызаны. Калі бацька вярнуўся ўвечары дадому, яго чакаў чалавек па прозвішчы Аносаў, які выдаў бацьку ворагам. Хутка прыйшоў узброены паліцай, сусед нашай бабулі. Ён сказаў татку: “Сотнікаў, я цябе адпусціць не магу, бо мяне расстраляюць”. У той жа дзень арыштавалі і ўсіх членаў падпольнай групы. Тры месяцы яны знаходзіліся ў гарадской турме ў Оршы. Іх вазілі на допыты на льнокамбінат у гестапа. А ў ноч з 14 на 15 ліпеня 1943 года іх не стала. Можа, з вашай дапамогай пашчасціць даведацца, дзе знайшлі апошні спачын нашы аднавяскоўцы-падпольшчыкі, сярод якіх быў і тата. Любоў Дзмітрыеўна Красікава (Сотнікава)”.

Радыёперадача “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter