“Помні імя сваё...”

Радзіма. Род. Час. Імя. Гэта не толькі асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Гэта яшчэ і гісторыя, якая цесна звязана з яго радаводам, Радзімай, вытокамі, каранямі, а яшчэ людзьмі, з якімі яму ладзіць стасункі на працягу жыцця. Таму невыпадкова беларусаў з розных краін, якія звяртаюцца на сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”, хвалюе і зямля, на якой нарадзіліся яны ці іх продкі, і невядомыя старонкі свайго радаводу, яны хочуць знайсці людзей, з якімі некалі звязаў лёс.
У разгар тэрору

— Дапамажыце адшукаць маіх стрыечных сясцёр і брата. Іх маці, а мая родная цётка Вольга Маркаўна Булах (дзявочае прозвішча Зайкоўская), 1907 года нараджэння, у 1930-я гады жыла ў вёсцы Вазгелы цяперашняга Маладзечанскага раёна. У той час гэта была Заходняя Беларусь. У 1934 годзе яе муж Іван Булах перайшоў праз мяжу ў Савецкі Саюз, — расказвае жыхар Мінска Эдуард Міхайлавіч Зайкоўскі. — Пазней у сваіх лістах угаворваў яе перабірацца да яго ў горад Акцюбінск. Аказаўшыся з трыма дзецьмі без мужа ў цяжкім матэрыяльным становішчы, цётка паслухалася яго парад і ў пачатку верасня 1937 года на сваё няшчасце ў самы разгар сталінскага тэрору разам з дзецьмі перайшла польска-савецкую мяжу ў ва-коліцах Радашковічаў. Але адразу пасля гэтага цётку арыштавалі і змясцілі спачатку ў заслаўскую, а потым у аршанскую турму. Дзяцей ад яе забралі. На допытах следчыя НКУС прымушалі прызнавацца, што яна са шпіёнска-дыверсійнымі мэтамі ішла ў горад Магнітагорск, пра які цётка раней ніколі і не чула. Цётка Вольга была расстраляна 21 снежня 1937 года, рэабілітавана ў лістападзе 1968-га. У яе было трое непаўналетніх дзяцей: Таня, 1928-га, Ваня, 1930-га, і Алена, 1932 гадоў нараджэння. Пасля таго, як іх ад маці адабралі, дзеці, паводле некаторых звестак, былі змешчаны ў дзіцячы дом у Сёмкавым Гарадку, недалёка ад Мінска. Ці выжылі яны ў вайну або дзе апынуліся потым, невядома. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто ведае хоць што-небудзь пра лёс Таццяны, Івана і Алены БУЛАХАЎ. Праўда, трэба ўлічваць магчымасць таго, што дзецям так званых “ворагаў народа” ў дзіцячых дамах маглі мяняць прозвішчы ці нават імёны , каб не засталося ніякай памяці пра іх бацькоў.

Іх разлучыла вайна

“У 1942 годзе мяне прымусова завезлі ў Германію. Там я жыла ў лагеры па адрасе: горад Мюнхэн, Аўэнштрасэ-5. Нас трымалі пад замком, вадзілі на работу і з работы пад наглядам вартавых. Але дзякуючы савецкім афіцэрам, якія пераапраналіся ў нямецкую форму, нас выпускалі на пэўны час на волю. Пасля вялікай бамбёжкі, калі мы выйшлі паглядзець на руіны, да нас падышлі палонныя з суседніх лагераў. Мы разумелі адзін аднаго з цяжкасцю, бо яны былі харваты па нацыянальнасці. З адным з іх, Міхеем, я пасябравала. Ён стараўся дапамагчы мне матэрыяльна, хаця я не прасіла. У лагеры была беларуская здрадніца, якая паведаміла пра знаёмства немцам. Пазней Міхей прыходзіў са сваімі сябрамі ў наш лагер, але мы баяліся размаўляць, каб нас не ўбачылі разам. Хочацца сустрэцца з ім, даведацца пра яго лёс. Вольга Якаўлеўна Кароль, Пухавічы”.

ДарагІЯ сЯбры

“З маёй сяброўкай мы рассталіся пяцьдзесят гадоў таму. У той час бацькі Рэгіны НОВАШ, яна і яе сястра жылі ў вёсцы Крынкі Лёзненскага раёна. Маці яе працавала аграномам у калгасе. У 1956 годзе яны пераехалі ў Пружанскі раён. Перад ад’ездам Рэгіна падарыла мне на памяць фотакартку, на якой яна са сваёй маці і сястрой Нэлай. На гэтым наша сувязь абарвалася. Прайшло паўстагоддзя, а дзіцячыя гады, праведзеныя разам з сяброўкай, я не магу забыць. Дапамажыце знайсці яе і сустрэцца. Лілія Рыгораўна Чапліна (Шапавалава), Віцебск”.
Калі рыхтавалася друкаваная версія праграмы, нам патэлефанавала сястра Рэгіны Новаш Нэля. Яна паведаміла каардынаты сястры, якая жыве ў Пружанах. Мы перададзім іх сяброўцы. І спадзяемся, што атрымаем запрашэнне на сустрэчу.
 “Я разам з маёй сяброўкай Таісай Іванаўнай ШЭПІНАЙ (прозвішча дзявочае), 1924 года нараджэння, працавалі ў маладосці прыёмшчыцамі лесу і пнёў ў Кемераўскай вобласці. Хачу адшукаць яе, а таксама даведацца пра майго знаёмага Фёдара Іванавіча СІНІЦУ, 1928 ці 1930 года нараджэння, які жыве недзе ў Беларусі. Надзея Іванаўна Мізаўцова (Бандарэвіч), Дубровенскі раён”.
“Мы з Жаннай (прозвішча не ўказана) працавалі разам на Мінскім заводзе “Транзістар” з 1967 па 1972 год. Затым я паехала ў Маладзечна, а яна — у пасёлак Рудзенск Пухавіцкага раёна. У той час каля яе хаты ў Доме бытавога абслугоўвання рабілі штучныя кветкі. Больш пра сваю сябровачку я нічога не ведаю з той пары. Хочацца сустрэцца з ёй і ўспомніць гады, праведзеныя разам. Галіна Адамаўна Насадовіч (Скадорва), Маладзечна”.
“З Яўгенам (імя па бацьку не памятаю) СЯМЁНАВЫМ, 1933 года нараджэння, я служыў разам у арміі ў Мурманску (Расія) з 1952 па 1955 год. Родам ён з Валожына, некалі жыў па вуліцы Леніна. У верасні 1952-га мы былі прызваны на тэрміновую службу. У той час Яўген вучыўся на другім курсе Мінскага мастацкага вучылішча, а я таксама на другім курсе, толькі Мінскага індустрыяльнага тэхні-кума. Служылі мы ў асобым радыётэхнічным палку паветранага назірання, паведамлення і сувязі. Карціць сустрэцца з ім. Дапамажыце таксама знайсці маю знаёмую Галіну ХАЛЬКО. Мікалай Піліпавіч Петрачэнка, Орша”.

Прапалi без вестак

“Мой дзядуля Антон Анісавіч ФЁДАРАЎ нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Тур’я Краснапольскага раёна. Да Вялікай Айчыннай працаваў у мінскай міліцыі. У 1941-м пайшоў на фронт. У 1944-м прыйшла пахавальная, што ён прапаў без вестак 16 жніўня, калі быў у разведцы. Хачу наведаць магілу дзядулі, пакланіцца і пакласці кветкі. Галіна Юльеўна Высоцкая, Краснаполле”.
“Наш татачка Аляксандр Данілавіч ХАЦЕНКА нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Сераднякі Слуцкага раёна. Пайшоў на фронт у першыя дні вайны. Прызываўся са Слуцкага ваенкамата. Пісьмаў ад яго мы не атрымлівалі. Толькі ў 1944-м прыйшла пахавальная, што прапаў без вестак. Пасля вайны мамачка некалькі разоў звярталася ў ваенкамат, але нічога не даведалася. У дзяцінстве маці расказвала, што да яе прыходзіў мужчына, які быў разам з татам у канцлагеры. Там многія хварэлі на брушны тыф. Вось і ўсе звесткі. Хочацца даведацца пра яго і прытуліцца да той зямелькі, дзе ляжыць, прынесці кветкі і нізка пакланіцца. Ці, можа, ён цудам застаўся жывы? Валянціна Аляксандраўна Лемеш і Яўгенія Аляксандраўна Абрамчык, Мінск”.
“Мой брат Мітрафан Рыгоравіч КУРСКАЙ, 1914 года нараджэння, жыхар пасёлка Леніна Добрушскага раёна, да Вялікай Айчыннай служыў у арміі. Удзельнічаў у вайне з Фінляндыяй, быў паранены. Затым вярнуўся ў Навабеліцу і працаваў ахоўнікам на спіртзаводзе. У першыя дні вайны пайшоў на фронт і не вярнуўся. Нічога пра яго невядома. А я ўсё чакаю, спадзяюся і малю Бога, каб брат вярнуўся. Таццяна Рыгораўна Грышчанка, Гомель”.

Гора мацІ

“Мой сын Валерый Мікалаевіч ПУЛЬЯНОЎ, 1962 года нараджэння, закончыў чыгуначны тэхнікум і грамадзянскае авіяцыйнае вучылішча ў Выбаргу (Расія). Пачаў працаваць. Ажаніўся. У іх нарадзіліся двайняты. Праз некаторы час яго жонка знайшла другога. Сын з дзецьмі вярнуўся дадому. 25 чэрвеня 2000 года ён паехаў на заробкі ў Маскву. З ім накіраваліся трое яго сяброў Пятроў, Казакоў і Сіманаў. Да гэтага часу пра іх нічога невядома. Я звярталася на праграму “Жди меня”, пісала ў міліцыю і ў Інтэрнет. Але так нічога і не даведалася. Можа, вам пашчасціць знайсці майго сыночка, маю крывіначку. Дарагі Валерачка, адгукніся! Я ўжо стамілася чакаць. Дай пра сябе знаць. Я прыеду і забяру цябе. Усе чакаюць твайго вяртання: дзеці, сястра, браты, я. Зінаіда Яфрэмаўна Пульянова, Орша”.
Мы з калегамі перададзім гэтую просьбу вядучым расійскай праграмы “Жди меня”, а таксама пацікавімся яго лёсам у Маскве.

НезабыЎнае

“Шукаю Мікалая Іванавіча ПАТАПЕНКУ, 1944 ці 1945 года нараджэння, з Чарнігава (Украіна). Пазнаёміліся мы ў 1964-м у клубе вёскі Валненкі Гарадоцкага раёна, калі ён быў у камандзіроўцы. Сустракаліся нядоўга. Ён атрымаў павестку ў армію. Мікалай адразу ж паехаў дадому, у Чарнігаў. Пазней даслаў ліст, у якім пазначыў дату адыходу на службу, запрашаў прыехаць. Потым пісаў лісты з арміі, у якіх расказваў пра сябе, што яго выхоўвала бабуля, бо маці кінула і пайшла жыць да нейкага мужчыны. Мы перапісваліся з ім пяць месяцаў. Але мой бацька быў супраць нашага сяброўства. Ён быў вельмі строгі, і я не магла яму пярэчыць. Таму напісала Мікалаю, што выходжу замуж. Праз паўгода на самай справе выйшла замуж, пазней нарадзіла сына. Усё жыццё працавала разам з мужам, але нядаўна ён памёр. Сын дарослы, мае сям’ю, свае клопаты. Цяпер сяджу адна і ўспамінаю маладосць, наша нядоўгае з Мікалаем каханне. Я шукала яго праз праграму “Жди меня” і газету “Віцьбічы”, але пошукі не мелі плёну.”” Колечка, адгукніся! Так хочацца сустрэцца з табой і ўспомніць прыемныя хвіліны нашай маладосці. Марыя Іванаўна Пятрова (Талкачова), Віцебская вобласць”.
“Было гэта ў 1969 годзе. Я жыла тады на вуліцы Школьнай, на кватэры ў вельмі пажылога на той час чалавека. За яго домам знаходзіўся клуб, куды ўся моладзь хадзіла ў вольны час на танцы. Заходзілі туды і салдаты: непадалёк была вайсковая часць. У той майскі вечар у клубе не было дзе яблыку ўпасці. Зайшоў і салдат, якога я і раней бачыла тут. Крыху патанцаваўшы, ён запрасіў мяне. Я нават спалохалася, бо ён быў задужа высокі з карымі вачыма. Гэта быў апошні танец. Пасля ён пабег за мной. Я стала ўцякаць. Кантралёр, убачыўшы гэта, схавала мяне на другім паверсе ў сваёй бытоўцы. Крыху пачакаўшы, яна сказала, што ён пайшоў. Але ўзяў мой адрас і назаўтра абяцаў наведацца. На другі дзень я паехала на працу. А салдат зайшоў да майго гаспадара, сказаў, што яго завуць Анатоль ТУРДЫЕЎ і што адбывае на “дэмбель”. Гаспадар сказаў, што ён мой бацька і запатрабаваў калым за мяне. А што было на той час у салдата? Толькі невялікія грошы на дарогу. Толік купіў гаспадару віна, а той даў цалкам мой адрас і прозвішча. Салдат пайшоў адразу на цягнік і паехаў на Оршу, а адтуль — на радзіму. З Оршы прыслаў мне паштоўку. Потым пісаў з дому пісьмы. Жыў ён тады ў Таджыкістане. Памятаю, што хацеў паступіць у інстытут бавоўны. Ставіў умову: калі паступіць, то я прыеду да яго, а калі не — прыедзе сам. Я зноў спалохалася. Падумала: не можа так быць, што ён пакахаў мяне за адзін танец. І не стала пісаць. Прайшло 38 гадоў, у мяне выраслі дзеці, пяць гадоў як я ўдава. А ўспаміны пра Толіка не пакідаюць. Цяпер разважаю: можа, трэба ў жыцці быць больш смялейшай і верыць у сваё каханне. Хочацца ведаць, як жыве Толік, ці закончыў свой інстытут, кім працуе, ці мае жонку, дзяцей. Раіса Дзям’янаўна Драгун, Полацк”.
“Адшукваю былога каханага і бацьку маёй дачкі. З Міхаілам (імя па бацьку не памятаю) РУДОВІЧАМ я пазнаёмілася ў 1958 годзе ў інтэрнаце “Паўднёвы”, які знаходзіўся па вуліцы Тэмір-Таў ў горадзе Караганда (Казахстан). У хуткім часе я паехала на радзіму, у Беларусь. Ён мяне прасіў, каб я не ад’язджала. Сувязь паміж намі абарвалася. Пазней я даведалася, што цяжарная ад яго. У нас нарадзілася дачка Паліна. Я ўвесь час чакала хоць вестачкі ад Міхаіла, але яе не было. Толькі перад смерцю мая маці прызналася, што ён пісаў пісьмы, але яна іх не аддавала мне. Нашай дачцэ ўжо сорак дзевяць гадоў, а бацька нават не ведае пра яе. Я ўвесь час чакаю, калі ён напіша ці прыедзе. Звярталася на праграму “Жди меня”, але станоўчага адказу не атрымала. Можа, вам пашчасціць знайсці Міхаіла і паведаміць яму пра нас. Сафія Данілаўна Бандарэнка (Шапавалава), Дуброўна”.

З РасІІ з надзеЯй

“Мой дзед па лініі маці Міхаіл Паўлавіч Шэндзераў нарадзіўся ў Магілёўскай губерніі непадалёку ад Рагачова (раён Шчадрын, Шчыгры) прыкладна ў 1882 годзе. У пачатку 1900-га дзед пераехаў у Сібір і жыў у вёсцы Багачова Ірбейскага раёна Краснаярскага краю. У яго было дзевяць дзяцей. Мая маці Дар’я Міхайлаўна, другое дзіця ў сям’і, нарадзілася ў 1913 годзе. У 1932-м яна выйшла замуж за Міхаіла Максімавіча Альшэўскага. Дзед Максім (імя па бацьку не памятаю, бо ён памёр да майго нараджэння) Альшэўскі, нарадзіўся пад горадам Орша, яго старэйшы сын Іван — у Беларусі ў 1902 годзе, а мой бацька — у 1909-м у вёсцы Багатава. У гэтай вёсцы жылі амаль усе выхадцы з Беларусі. У 1947—1949 гадах я быў у сваіх дзядоў і памятаю, што побач з дзедам Міхаілам жылі яго родныя па прозвішчы Масленнікавы, а ў Альшэўскіх — родныя Стахоўскія і Стаховічы. Перад Вялікай Айчыннай мы жылі ля ракі Ангара ў пасёлку Кежма Краснаярскага краю. У 1942-м бацька пайшоў на фронт, ваяваў на Калінінскім, а потым на трэцім Беларускім фронце, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, вайну закончыў у Кёнінгсбергу. Узнагароджаны медалём “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі і інш. Спытаць у каго-небудзь пра маіх прадзедаў у Сібіры немагчыма. У 90-я гады мае знаёмыя ў Гродна сустрэлі мужчыну з прозвішчам Альшэўскі, які расказваў, што ў горадзе Канск Краснаярскага краю ў яго ёсць родзічы. Там жыў раней мой стрыечны брат Уладзімір Іванавіч Альшэўскі, 1936 года нараджэння. У 60-я гады ў час вучобы ў Ленінградзе я быў знаёмы са сваім траюрадным братам Уладзімірам Ігнатавічам Стахоўскім. Яго бацька Ігнат Кандратавіч жыў у Краснадарскім краі. У Данской жывуць родныя маёй маці Марыі Барковай. У гарадах Краснаярск і Канск — мае траюрадныя пляменнікі і маіх стрыечных сясцёр і брата. Дапамажыце знайсці родных у Беларусі. Валерый Міхайлавіч Альшэўскі, горад Жалезнагорск, Краснадарскі край, Расія”.

РоднаЯ кроoў

“Можа, хто-небудзь шукае майго бацьку Анатолія Пятровіча ГРЫБА, 1951 года нараджэння? Ён расказваў мне, што ў яго ва Украіне, там, дзе праходзіў тэрміновую службу, засталася цяжарная ад яго дзяўчына. Але бацька пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму, у Беларусь. І па некаторых абставінах назад не паехаў. Я буду рада сустрэчы з маёй зводнай сястрой ці братам. Таццяна Анатольеўна Муцкая (Грыб), Мінск”.
“Шукаю пляменніцу Святлану Мікалаеўну ФЕДАСЕЕНКУ (Наўрыцкую), якая нарадзілася ў 1964 годзе ў Эстоніі, у Таліне. Я яе бачыла толькі адзін раз, калі маленькую Святланку (ёй тады было 3—4 гады) бацькі прывозілі да нас у Магілёў. Маці яе ў хуткім часе развялася з маім братам, выйшла замуж за другога і паехала жыць у Віцебскую вобласць. Света закончыла школу, затым ВНУ. Выйшла замуж за Анатоля, у іх нарадзілася дачка Таццяна. Яе бабуля па лініі маці ў 80—90-х гадах даслала ліст, у якім напісала, што Святлана з сям’ёй жыве ў вёсцы Заходы Рэчыцкага раёна. Мы перапісваліся, потым сувязь абарвалася. Аднойчы паслала віншавальную паштоўку, але яна вярнулася з надпісам: “адрасат выбыў”. Хачу аднавіць нашы адносіны, сустрэцца з ёй. Яна ж незнаёмая са сваімі роднымі па бацьку. Гады два таму да нас прыязджаў з Эстоніі мой брат. Яму параілі з’ездзіць у Віцебск, каб убачыць дачку. Але яго пошукі не мелі плёну. На тым месцы, дзе жылі былая жонка і дачка, пабудаваны новы мікрараён. Даведаўся толькі, што яго жонка працавала настаўніцай і памерла гадоў дзесяць таму. Валянціна Уласаўна Мікушкіна, Магілёў”.
“Мая стрыечная сястра Зоя Сцяпанаўна САХАРКОВА (прозвішча дзявочае) нарадзілася ў вёсцы Косцевічы Дзяржынскага раёна адразу пасля вайны. Яе бацька — Сцяпан Сцяпанавіч Сахаркоў, маці — Надзея Іванаўна Нагібовіч. Зоя раней жыла ў Новакузнецку Кемераўскай вобласці (Расія). Апошняе месца яе жыхарства горад Тальяці. Можа, адгукнецца яна сама ці яе знаёмыя, якія ведаюць пра лёс сястры. Уладзімір Васільевіч Каваленка, Фаніпаль.”

  Адгукніцеся!

“Я з мужам раней жыла ў Паўднёвым Казахстане, у горадзе Падчымкенце. Там у нас нарадзіліся два сыны: 1968 і 1971 года нараджэння. Мой свёкар Аўрам Мікітавіч ПАГУКАЕЎ абяцаў, што наша сям’я хутка пераедзе ў Беларусь, адкуль ён родам. У 1941-м ён паехаў працаваць на шахту ў Казахстан. Атрымаў ордэн Леніна за выдатную працу. Ён нам расказваў, што ў яго ёсць родныя ў Віцебску або ў Гомелі. Вельмі хочацца з імі сустрэцца. Таццяна Міхайлаўна Пагукаева, Смалявічы”.

Радыёпраграма
“Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю
ў 18.00 і ў сераду  ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter