"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

У снежнi мiнулага года нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё зачытвалi, а мы друкавалi лiст Веры Зязюлiнай, якая шукала сваiх аднакласнiкаў. Сем класаў яна закончыла на Гомельшчыне, у пасёлку торфазавода “Шлях Сацыялiзму”. Скончылiся распрацоўкi, i ўсе раз’ехалiся. Жанчына ўзгадала Веру Шабалiну, Валодзю i Люду Фiлiпшанавых, Люсю Папружкiну, Таiсу Капыткову, Вiктара Талкачова, Сашу Якушава, Грышу, Галю i Раю Шапаравых, Тамару Аўчарову.

ЗНАЙШЛIСЯ!
Адгукнулася Тамара Аўчарова, зараз Тамара Стэфанаўна Бычкоўская. Яна жыве ў Фанiпалi i ўжо шмат гадоў не бачыла сваю сяброўку Веру Зязюлiну. Часта ўспамiнае школьныя гады ў пасёлку “Шлях Сацыялiзму”.
— Вера Зялюлiна была маёй лепшай сяброўкай, — расказвае Тамара Стэфанаўна. — Наша прадпрыемства было маленькае, здабывалi торф для Добрушскай папяровай фабрыкi. Стаялi драўляныя дамы на некалькi сем’яў. Жылi дружна, дзецi ўсе сябравалi. Я скончыла дзесяцiгодку ў Добрушы, затым вучылiшча, працавала токарам, цяпер на пенсii. Маю дваiх дзяцей,  нават ёсць праўнук. З аднакласнiкамi ж не бачылася гадоў 60. Вельмi хочацца сустрэцца, пагутарыць, успомнiць тыя гады.
Я ЯМУ АДМОВIЛА
“У канцы жнiўня 1947 года я пазнаёмiлася з сiмпатычным маладым чалавекам, якi з першага погляду запаў мне ў душу. Тады я ехала са сваiмi сяброўкамi на адпачынак пасля заканчэння медшколы, а Вiктар Рыгоравiч ДЗЕЙЛIЧЭНКА (так звалi хлопца) — на вучобу ў Харкаў. Мы абмянялiся адрасамi i перапiсвалiся чатыры гады. Пасля трох гадоў вучобы Вiктар прыехаў да мяне i прапанаваў руку i сэрца. А я адмовiла, бо маладыя былi, не было дзе жыць, не было працы. Мы яшчэ адзiн раз сустрэлiся, але я не мяняла рашэння. Нават i не памятаю, можа, пасварылiся тады. Я ўцякла ад свайго кахання ў Прыбалтыку. Уладкавалася на працу, але думкi пра Вiктара не пакiдалi мяне. Замуж не выходзiла гады чатыры. На нешта спадзявалася: а раптам прыедзе i забярэ мяне, хаця я не пiсала яму, дзе жыву. Прайшоў час. Я знайшла добрага чалавека, якога палюбiла як сябра, бо сэрца было занята iншым. Але ў нас усё склалася добра, нарадзiлiся дзве дачкi i сын. Зараз яны дарослыя, а я ўжо бабуля. Прайшло шмат часу, i вось аднойчы мне ў сне з’явiўся вобраз майго першага кахання. Я расказала ўсё дзецям, яны i параiлi знайсцi Вiктара, можа, яму патрэбна дапамога. Бацькi яго жылi на той час у Луганскай вобласцi. Вiктар нарадзiўся ў 1928 годзе. Пасля iнстытута павiнен быў працаваць у шахце ў Данбасе. У яго быў старэйшы брат-фельчар. Гэта ўсё, што я ведаю пра iх сям’ю. Спадзяюся, што ён жывы i мы хутка сустрэнемся. Тамара Фядотаўна Трацэнка (Вiсловiч), Мiнская вобласць” (прозвiшчы ў лiсце пазначаны неразборлiва).
ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
“Шмат гадоў мы беспаспяхова спрабуем адшукаць бацьку Iвана Паўлавiча ШПIГЕЛЯ. Зiмой 1942 года немцы схапiлi яго ў сваiм доме на хутары ў вёсцы Закаплiчча (зараз Iвацэвiцкi раён) Брэсцкай вобласцi i павезлi ў невядомым напрамку. Бацька быў вельмi добрым краўцом. З таго часу нiчога пра яго не чулi. Толькi ў сярэдзiне 1950-х гадоў прыйшоў запыт з Масквы: цi ёсць у нас родныя з такiм прозвiшчам за мяжой. Мацi спужалася i адказала, што ўсе загiнулi падчас вайны (прозвiшча ў тым запыце было пазначана ў перакладзе неразборлiва: цi Шынкель, цi Жынгаль). Магчыма, гэта былi звесткi пра нашага бацьку цi яго родных. Таму што яго бацька Павел Шпiгель, немец па нацыянальнасцi, у 1905 го-дзе прыехаў у Беларусь з Германii цi Аўстрыi. Ажанiўся, нарадзiлiся два сыны: у 1907-м Iван Паўлавiч Шпiгель (наш бацька) i ў 1911-м Iосiф Паўлавiч Шпiгель. Яны з’явiлiся на свет у вёсцы Жомадзь Брэсцкай вобласцi. Калi будзе iнфармацыя пра нашага тату, паведамiце. Уладзiмiр Iванавiч Шпiгель, горад Мiнск”.
НА ВЕЧАР СУСТРЭЧЫ
“Сёлета споўнiцца 50 гадоў, як я скончыла Аболецкую сярэднюю школу Талачынскага раёна. Мы, аднакласнiкi, разляцелiся па розных кутках нашай радзiмы, а нехта выехаў за мяжу. Пра многiх я нiчога не чула з апошняга званка. Хачу адшукаць сваiх школьных сябровак Ларысу Васiльеўну ШЫПIКАВУ, Алену Сяргееўну БЯЛЯЕВУ, Валянцiну Лаўрэнцьеўну КЛIМО-ВIЧ, Марыю Паўлаўну СТАЛЯРОВУ, Янiну Мiхайлаўну КАЗАКЕВIЧ (прозвiшчы дзявочыя). Мiлыя дзяўчаты, давайце збяромся на дзень сустрэчы выпускнiкоў, у першую суботу лютага, у нашай роднай Аболецкай школе. Галiна Пятроўна Камякова (Кудасава)”.
“У 1971 годзе я скончыла Люцiнскую школу-iнтэрнат. Прайшло ўжо 35 гадоў, а школьныя гады не забываюцца. Часта ўспамiнаю нашы цiкавыя ўрокi, любiмых настаўнiкаў-выхавальнiкаў (Рыгора Макаравiча i Валянцiну Васiльеўну МАЕЎ-СКIХ, яны, здаецца, зараз жывуць у Камянцы) i самых адданых сяброў, бо лёсы нашы былi ў нечым падобныя. Большасць вучняў была з Драгiчынскага раёна. Памятаю Васiля ЛIЦВIНКУ, Мiкалая РЭЗЬКО, Аляксея БУРУ, Анатоля ПАПЕНЮ, Любу СУХАРЭВIЧ, Лiду НЕСЦЯРУК, Святлану ТКАЧУК, Iрыну БАБIЧ, Алу КАРАТКОВУ. Яшчэ ўспамiнаю аднавяскоўцаў: сястру i брата Свету i Валодзю ДЗЕМ’ЯНЮКОЎ. Яны хадзiлi ў нашу школу, i мы вельмi сябравалi. Пасля доўгi час перапiсвалiся, але перапiска абарвалася. Хочацца сустрэцца з усiмi. Раiса Iванаўна Скiрук (Румачык), Брэсцкая вобласць”. 
30 ГАДОЎ ТАМУ
Людмiла Iванаўна Варанцова адшуквае Мiхаiла СЯРГЕЕВА, 1939 года нараджэння. Ён жыў у Мiнску. Апошнi раз яны бачылiся ў 1973 годзе.
УСЁ БЫЛО...
“Мне 65 гадоў, дзецi жывуць далёка, рэдка наведваюць, з-за паўсядзённых клопатаў iм няма часу. Я не крыўдую, усё разумею. Але каб вы ведалi, як сумна жыць без сэнсу. А некалi ў мяне было каханне, сябры. У 1964 годзе я жыла ў Севастопалi, працавала ў БУ-47, сябравала з Марынкай ВАЛЬКIНАЙ. Мы вельмi весела жылi, смех не сцiхаў у нашым пакоi. Падчас адпачынку я пазнаёмiлася з маладым чалавекам Аляксеем ЛАКЦIЁНАВЫМ (прозвiшча можа быць недакладным), курсантам Нахiмаўскага вучылiшча ў Севастопалi, потым яго накiравалi ў Мурманск. Мы некаторы час перапiсвалiся. Ён зваў да сябе на Поўнач, але я збiралася ехаць да бацькоў у Вiцебскую вобласць. З сабой забрала ўсе пiсьмы Лёшы. Берагла кожны лiсточак, памятала ўсе радкi, напiсаныя прыгожым почыркам. Бацькi адгаварылi мяне ехаць на Поўнач: дома сваiх хлопцаў хапала. Я паслухалася. Выйшла замуж за адукаванага чалавека, бацькi ганарылiся зяцем. А ён быў вельмi раўнiвы. Аднойчы знайшоў пiсьмы ад Аляксея i спалiў, застаўся толькi фотаздымак. Жыццё з адукаваным мужам не склалася, i я з маленькай дачушкай паехала ў Казахстан. А потым пераехала ў Камсамольск-на-Амуры. Там пазнаёмiлася з Ганнай Iванаўнай МЯСАЕДАВАЙ. Мы пасябравалi. У яе таксама была дачка. Ганна адпрацавала толькi два гады i вярнулася на радзiму ў Навагрудак. Хачу даведацца, як склаўся лёс маiх сябровак i майго першага кахання. Сафiя Мiтрафанаўна Глушакова, Вiцебская вобласць”.
АД БЕЛАРУСI ДА АРГЕНЦIНЫ
“Мая гiсторыя бярэ пачатак у 1920—1930-х гадах. Мой дзед па бацьку Мiхаiл Мiкалаевiч Кайка жыў тады ў маленькай вёсцы Пятрова Мядзельскага раёна. Была ўласная зямля. У сям’i дзеда падрасталi 9 дзяцей. I кожнаму трэба было даць кавалак зямлi, якой у сям’i, на жаль, было мала. Таму сыны, як выраслi, паехалi працаваць за мяжу, каб зарабiць грошай. Мiкалай i Iван Кайкi падалiся ў Аргенцiну, дзе i засталiся жыць назаўсёды. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны туды ж паехаў яшчэ адзiн дзядзька (малодшы брат майго бацькi) Андрэй Кайка. А мой бацька Васiль Мiхайлавiч Кайка прыйшоў у прымы да маёй мацi ў вёску Мацкi Мядзельскага раёна. З Аргенцiны ад братоў прыйшоў толькi адзiн лiст, адрас, на жаль, не захаваўся. Паведамлялася, што ўсё ў iх добра, дачка Андрэя Кайкi выйшла замуж у горад Буэнас-Айрэс. Гэта ўсё, што я памятаю з расказаў дзядзькi Валодзi, якi атрымаў пiсьмо. Ён вельмi крыўдзiўся, што браты засталiся на чужыне. Зразумела, што iх няма сярод жывых, бо прайшло шмат гадоў з таго часу. Але павiнны застацца ў Аргенцiне iх дзецi, унукi, праўнукi па прозвiшчы Кайка. Магчыма, яны разляцелiся з бацькоўскага гнязда па ўсiм свеце, а можа, хто вярнуўся i ў Беларусь. Спадзяюся, што мае родныя па прозвiшчы КАЙКА пачуюць цi прачытаюць гэты лiст i адгукнуцца. Буду чакаць сустрэчы. Анатоль Кайка, горад Мiнск”.
 ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“З вайны не вярнуўся мой бацька Бранiслаў Станiслававiч ЗБУРЖЫНСКI, 1910 года нараджэння. Хачу даведацца, дзе ён пахаваны. Магчыма, ён ёсць у спiсах загiнуўшых на тэрыторыi Польшчы. Эмiлiя Бранiславаўна Каваленка, горад Пiнск”.
Паважаная Эмiлiя Бранiславаўна, на жаль, у спiсах загiнуўшых i пахаваных на тэрыторыi Польшчы вашага бацькi няма. Як толькi будуць звесткi, адразу паведамiм.
“Шукаю звесткi пра свайго брата Жоржа (Георгiя) Аляксандравiча ШАМЯЦIЛУ. Ён нарадзiўся ў 1919 годзе. У сярэдзiне 1940-га прызвалi ў армiю. Напiсаў сям’i некалькi пiсьмаў. Апошняе было з-пад Мiнска ў пачатку 1941 года. У якiх войсках служыў брат — не ведаю, але быў шафёрам. Як пачалася вайна, вестак ад яго мы не атрымлiвалi. Нават не было “пахавальнай”. Думаем, што ён загiнуў, iнакш цi напiсаў бы, цi прыехаў дадому. Калi хто бачыў дзе-небудзь на мемарыяльнай дошцы прозвiшча брата, паведамiце. Уладзiмiр Аляксандравiч Шамяцiла, Брэсцкая вобласць”.
Уладзiмiр Фёдаравiч Зiнкевiч (цi Зянькевiч) хоча знайсцi месца пахавання свайго брата Канстанцiна Фёдаравiча ЗЯНЬКЕВIЧА, 1920 года нараджэння. “Па адных звестках, ён загiнуў у маi 1945 года ў Германii. Разам з iм ваявалi Фёдар Пятровiч Дуброўскi, Уладзiмiр Сцяпанавiч Маркаў — былы наш сусед”.
Вольга Спiрыдонаўна Рэпiч i яе сёстры адшукваюць звесткi пра бацьку Спiрыдона Афанасьевiча РЭПIЧА, 1904 года нараджэння. “Прызываўся на фронт восенню 1941 года. Дадому лiстоў не пiсаў. Мацi атрымала паведамленне, што прапаў без вестак”.
“Пiшу па просьбе сваёй матулi Марыi Васiльеўны Васiленкi. Хочам адшукаць iнфармацыю пра дзядзьку Мiхаiла Мiкалаевiча БАБКА, 1901 года нараджэння, ураджэнца вёскi Церабель тады Рудзенскага раёна. Быў партызанам у атрадзе “За Радзiму”, якi базiраваўся ў лесе пад вёскай Сялец Пухавiцкага раёна. Прызываўся Рудзенскiм райваенкаматам. Быў некалькi разоў паранены. Наш аднавясковец бачыў яго ў канцы вайны жывым i здаровым. Святлана Iванаўна Лашукевiч, горад Мiнск”.
“У 1939 годзе без вестак прапаў мой дзядуля Максiм Конанавiч ЖУК, 1910 года нараджэння. Ён жыў у вёсцы Франопаль Iванаўскага раёна. Яго сыну, майму бацьку, было ўсяго толькi тры гадкi, калi яго забралi на вайну з польскай армiяй. Больш нiякiх звестак пра яго няма. Магчыма, на тэрыторыi Польшчы ёсць магiла дзядулi? Святлана Генадзьеўна Балцэвiч”.
Паважаная Святлана Генадзьеўна. Мы пакуль не маем такой iнфармацыi. Нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё правяраюць спiсы загiнуўшых i пахаваных на тэрыторыi Польшчы. Як толькi што даведаемся, абавязкова вам паведамiм. 
“Я ўжо некалькi дзесяцiгоддзяў шукаю бацьку Трафiма Захаравiча КАЗАКОВА, якi нарадзiўся ў 1908 годзе ў Касцюковiцкiм раёне. Прапаў без вестак у вераснi 1944 года. Па словах вiдавочцаў, быў накiраваны ў Вiцебск на 3-i Беларускi фронт. Разам з iм быў Аляксандр Сцяпанавiч Бушуеў, ён таксама прапаў без вестак. Аднак яго родныя даведалiся, што ён пахаваны ў брацкай магiле ў Лёзненскiм раёне. Нiна Трафiмаўна Казакова”. 
“Хачу адшукаць бацьку Фёдара Iосiфавiча (магчыма, Фядоса Восiпавiча) МАКЕЕНКУ, 1901 года нараджэння. Прызываўся на фронт з вёскi Гарадзiшча Полацкага раёна (тады Полацкай вобласцi). У лiпенi 1944 года ад яго прыйшлi два лiсты, пiсаў, што служыць сувязiстам. А ў канцы 1944-га мацi атрымала паведамленне, што ён загiнуў i ўзгадвалася вёска Мантунiшкi. Дзе знаходзiцца гэты населены пункт — невядома. Мацi нашай няма ўжо. Нiякiх дакументаў пра бацьку, на жаль, не захавалася. Мы, дзецi, унукi, абяцалi матулi адшукаць месца пахавання бацькi. З’ездзiць туды, аддаць данiну памяцi. Падкажыце, дзе знаходзiцца вёска Мантунiшкi (магчыма, за межамi Беларусi). Алена Фёдараўна Папкова, Вiцебская вобласць”.
“Шукаю звесткi пра брата Iосiфа Вiкенцьевiча ГАЛIМСКАГА, 1920 года нараджэння. Яго прызвалi ў армiю 4 мая 1941 года (з вёскi Рудое Дунiлавiцкага сельсавета, зараз Пастаўскi раён). З дарогi даслаў два лiсты. Пiсаў, што будзе сувязiстам, вельмi радаваўся службе. А потым сувязь абарвалася. Апошнi адрас: Калiнiнская вобласць, станцыя Iдрыца, паштовая скрыня 651. Наш бацька пасля вайны куды толькi не звяртаўся, каб даведацца, што адбылося з сынам, — безвынiкова. Бацькi ўсё астатняе жыццё жылi ў надзеi на сустрэчу з сынам. А ён так i не вярнуўся, i пра яго нiчога невядома. Я таксама спрабавала шукаць яго. Вынiк аднолькавы. Ганна Вiкенцьеўна Галiмская, Вiцебская вобласць”.
Надзея Iосiфаўна Талкачова з Чавусаў шукае бацьку Iосiфа Iванавiча ТАЛКАЧОВА. Нарадзiўся ў 1910 годзе ў вёсцы Сухары Чавускага раёна. Прызываўся Чавускiм райваенкаматам. Прапаў без вестак у вераснi 1944 года. Пра яго лёс з 1941-га па 1944-ы сям’я не ведала, нiводнага пiсьма не атрымалi. Прапаў i яго бацька Iван ТАЛКАЧОЎ. Яшчэ ў час вайны былi спробы даведацца пра лёс родных, але дарэмна. Беспаспяховыя пошукi працягвалiся i пасля вайны. Свае спадзяваннi жанчына звязвае з Оршай. Па асобных звестках менавiта туды накiравалi спачатку бацьку. Там iх разбамбiлi. Бацькаў сябар сказаў, што той вернецца: быццам бы ён у Германii ў палоне. 
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“У маёй мацi Янiны Iванаўны Мiскель, прыкладна 1926 года нараджэння, быў малодшы брат. Тады яны жылi ў Каменным Логу, што ў Гродзенскай вобласцi. Сям’ю раскулачылi. Прыехалi па iх на машыне, мацi ўбачыла гэта, спужалася i ўцякла праз акно, а ўсiх некуды павезлi. Кажуць, што каля трыццацi гадоў таму брат быццам бы вяртаўся ў Каменны Лог, аднак мацi там ужо не жыла. Яны так i не ўбачылiся. Калi засталiся на Гродзеншчыне родныя па прозвiшчы МIСКЕЛЬ, адгукнiцеся. Галiна Iванаўна Зубаха, горад Салiгорск”.
“Шукаю брата майго мужа Фядота Данiлавiча МIРОНАВА, прыкладна 1916—1918 года нараджэння. Да 1954 года жыў у Мiнску, быў ваеннаслужачым у званнi капiтана, можа, потым яго павысiлi. Магчыма, у Мiнску засталiся яго дзецi цi ўнукi. Вельмi хочацца сустрэцца з роднымi людзьмi. Ядвiга Мiхайлаўна Мiронава, горад Магiлёў”.
“Мая родная сястрычка Нiначка да 2001 года жыла ў Валгаградзе. Мы з ёй перапiсвалiся. Калi быў жывы яе муж, яны разам прыязджалi да мяне ў госцi. А з 2001 года пра яе нiчога не ведаю. Перапiска абарвалася, я спрабавала адправiць заказны лiст — безвынiкова. Дапамажыце даведацца, што здарылася з сястрой Нiнай Васiльеўнай СЦЯПАНАВАЙ, 1925 года нараджэння. Лiдзiя Васiльеўна Каваленка, Вiцебская вобласць”.
“Хачу знайсцi стрыечнага брата Уладзiмiра Пятровiча СМАЛЯКОВА. Нашы бацькi былi роднымi братамi. Бацька Валодзi загiнуў на фронце, мацi памерла. А яго аддалi ў Ляхавiцкi дзiцячы дом. Можа, хто быў разам з iм, паведамiце. Хочацца ведаць, як склаўся лёс брата. А яшчэ прашу дапамагчы ў пошуку Вадзiма РАДАЛЕЦКАГА i яго сям’i (жонка Разалiя, дачка Ксенiя). Раней яны жылi ў Быхаве, у ваенным гарадку. Куды закiнуў iх лёс? Магчыма, яны жывуць у Беларусi? Таццяна Лукiнiчна Палiшчук, Быхаўскi раён”.
“Мая стрыечная сястра Надзея Цiханаўна ГАЛАВАЧ, 1949 года нараджэння (вёска Навасёлкi Хойнiцкага раёна), рана асiрацела. Мацi яе памерла, а бацька кiнуў iх, калi Надзя была зусiм малая. Выйшла замуж, нарадзiлiся двое дзяцей: сын Саша i дачка Наташа. Яны жылi ў Талiне на вулiцы Нельгi, потым пераехалi на вулiцу Махла. Я пiсала на абодва адрасы — адказу не было. I Надзя мне больш не тэлефанавала. Хачу даведацца, як склаўся лёс сям’i Надзеi. Можа, жыхары Талiна дапамогуць адшукаць сястру? I яшчэ адна просьба. З фронту не вярнулiся мой бацька Дзянiс Сямёнавiч САЦУРА, 1915 года нараджэння, i яго родны брат Фёдар Сямёнавiч САЦУРА. Магчыма, захавалiся звесткi пра iх? Марыя Дзянiсаўна Суханава, горад Мiнск”.
КАХАНАЯ МАРЫЯ
Леанiд Вiктаравiч Лапухоў з 1950 года праходзiў тэрмiновую службу на востраве Паўднёвы Сахалiн, у в/ч 13672, аўтарота. “Наш батальён
абслугоўваў лётны полк. У той час я пазнаёмiўся з адной прыгожай дзяўчынай Марыяй Мiкалаеўнай ЮРЧАНКА. Яна жыла са сваёй сястрой Дусяй у сямейным iнтэрнаце, працавала ў гарнiзоннай сталовай. Здаецца, iх сям’я прыехала на Сахалiн з Бранска. Мы з Марыяй сябравалi тры гады, кахалi адзiн аднаго. Аднак я быў вымушаны пакiнуць востраў. I з 1953 года пра Марыю больш нiчога не чуў. Як склаўся яе лёс? Можа, яна пераехала з Сахалiна? На жаль, дакладны адрас, дзе яны жылi раней, я не ведаю, зразумела, гэта дапамагло б пошуку. Але ўсё роўна спадзяюся на сустрэчу з Марыяй”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter