"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

У пісьмах радыёслухачоў і чытачоў, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...” — шчыры аповед, боль, крыўда, а таксама надзея. У адных яе больш, у другіх менш, але яна ёсць, і гэта добра. Ні ў якім разе не страчвайце яе! Мы шчыра ўдзячны тым, хто жыве з ёй у сэрцы і цярпліва чакае вынікаў нашага пошуку. Калі мы з калегамі знаходзім таго, каго вы шукаеце, то, паверце, вельмі рады і стараемся пра гэта адразу паведаміць.

“Мой муж Георгій Прохаравіч Зуеў хоча знайсці пляменніцу Алену Іванаўну ЗУЕВУ (прозвішча дзявочае), прыкладна 1962—1964 года нараджэння. Пра яе ён нічога не ведае больш за 20 гадоў. Брат мужа Іван Прохаравіч Зуеў з жонкай Ганнай і дачкой Аленай жылі ў Магадане. Яны прыязджалі да маці (бабулі Алены) Таццяны раз у два гады. Апошні раз наведваліся, калі дзяўчынцы было гадоў 12. Потым сям’я распалася. Лена з маці засталіся ў Магадане, а бацька паехаў у Благавешчанск. Леначцы ў той час было гадоў 18—19, і яна нечым вельмі пакрыўдзіла бацьку. Потым брат мужа прыязджаў да нас, але пра дачку стараўся размову не заводзіць. Цяпер ужо яго на свеце няма. А вось дзядзька Жора пляменніцу Лену памятае. Хоча ведаць, як склалася яе жыццё. Лена павінна памятаць такі эпізод. Калі прыязджалі да бабулі Таццяны, ёй захацелася пакатацца на ...карове. Так і зрабіла. Ніхто не бачыў, як яна ўскараскалася на жывёліну. Затое ўсе памятаюць, як карова насіла яе па лузе. Бабуля ледзь ін-фаркт не атрымала. Няхай пляменніца на-піша нам. Зуевы, Клімавіцкі раён”. На фота: Лена ў дзіцячым узросце, маці і бабуля Лены.

БЛІЗКІЯ ЛЮДЗІ
“Больш за 30 гадоў не маю сувязі са стрыечнымі братам і сястрой. Мой дзядзька Віктар Іосіфавіч Богдан жыў у горадзе Дальнярэчанску Прыморскага краю. У яго была дачка Галіна Віктараўна БОГДАН, якая выйшла замуж і змяніла прозвішча на ШУЛЬГА. У Галіны, ведаю, трое дзяцей, двое з іх — блізняты. Пра брата нічога не ведаю. Вельмі хачу знайсці дарагіх мне людзей. Станіслава Іванаўна Гарасюк, Валожынскі раён”.
“Сястра майго мужа Марыя Мікалаеўна ФЯДОТАВА, 1923 года нараджэння, жыла ў горадзе Огрэ ў Латвіі, прыязджала да нас у госці, мы перапісваліся. Апошні раз яна была ў нас восенню 1991-га. Пасля гэтага колькі я ёй ні пісала, адказу няма, і пісьмы мае не вярнуліся. Не ведаю, што з ёй здарылася. Замужам яна не была, і сваякоў у яе там няма, а сяброў я не ведаю. Таццяна Якаўлеўна Фядотава, Гарадоцкі раён”.

У ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ
Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Клаўдзія Аляксандраўна Сакалова са Свярдлоўскай вобласці звяртаецца за дапамогай. “Мой брат ваяваў у вашых мясцінах і загінуў. Так склаўся лёс, што зараз у Беларусі жывуць яго ўнукі: у Мінску Тамара, у Бягомлі Дзмітрый Ізмайлаў. Сяржант Аляксей Аляксандравіч ІЗМАЙЛАЎ, 1913 года нараджэння, рускі, на фронт быў прызваны ў 1942 годзе з саўгаса “Чырвонае поле” Сасноўскага раёна Чэлябінскай вобласці. Як паведамілі з ваенкамата, прапаў без вестак. Пасля вайны родным сказалі, што памёр у палоне. У 1993 годзе яго жонцы хтосьці паказаў заметку ў газеце, дзе было сказана, што яе муж памёр 25 снежня 1942 года ў фашысцкім канцлагеры ў пасёлку Масюкоўшчына Мінскай вобласці. Я даведалася пра гэта, вельмі ўсхвалявалася, адразу ж паведаміла ўнукам у Беларусь. Яны з’ездзілі ў Масюкоўшчыну і напісалі мне, што могілкі добраўпарадкаваныя, агароджаныя, гарыць Вечны агонь. Мяне зацікавіла: а ці ёсць дзе спісы пахаваных на гэтых могілках? А зусім нядаўна ўнук перадаў мне страшныя звесткі, якія атрымаў з камп’ютэра. Аказваецца, непадалёку ад Мінска шмат пахаванняў, магіл, у тым ліку і былых ваеннапалонных. Вельмі хачу даведацца, дзе пахаваны мой брат”.

“Дапамажыце даведацца пра лёс бацькі, рэпрэсіраванага ў 1940 годзе. Адзіны дакумент, які сведчыць пра дарагога чалавека, даведка, якую мы не так даўно атрымалі. А яшчэ два пісьмы з пасёлка Ухта Комі АССР, у якіх бацька паведамляў, што пасылка з цёплай вопраткай, якую яму высылалі з дому, да яго дайшла, за яе вельмі ўдзячны родным. Потым пачалася Вялікая Айчынная, і перапіска спынілася. Пра далейшы лёс бацькі нам не было вядома. Крыху даведаліся пра яго з даведкі. У ёй пазначана, што Фёдар Міхайлавіч КУЧУН, 1895 года нараджэння, жыхар вёскі Сцяпанішкі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, селянін-аднаасобнік, быў арыштаваны 11 красавіка 1940 года, неабгрунтавана абвінавачваўся ў правядзенні антысавецкай агітацыі і адпраўлены ў папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 5 гадоў. Адбываў пакаранне ў пасёлку Ухта Комі АССР, адкуль быў вызвалены 15 верасня 1941 года па Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб амністыі польскіх грамадзян і паехаў на выбранае ім месца жыхарства ў горад Бузулук былой Чкалаўскай (зараз Арэнбургскай) вобласці. Звестак пра яго далейшы лёс у матэрыялах справы няма. На аснове Указу Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 года “Аб дадатковых мерах пры вяртанні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку
50-х гадоў” па заключэнні УКДБ і пракуратуры Гродзенскай вобласці ад 15 мая 1989 года бацька рэабілітаваны. Канстанцін Фёдаравіч Кучун, Мастоўскі раён”.
“Мой дзядуля Іван Канстанцінавіч ВЯРБІЦКІ разам з бабуляй Пелагеяй Антонаўнай ШАФРАНСКАЙ жыў у вёсцы Малы Студзянец Касцюковіцкага раёна. У 30-я гады яны былі высланы ў Комі-Пярмяцкі край, дзе і загінулі. Нядаўна даведалася, што да высылкі яны жылі і ў Кармянскім раёне. Магчыма, там ёсць хто-небудзь з Вярбіцкіх. А можа, у каго з сям’і Шафранскіх захаваліся звесткі пра бабулю і дзядулю? Прашу сваякоў адгукнуцца. Заадно і пазнаёмімся. Ларыса Паўлаўна Вярбіцкая (Нікіціна), Пінск”.

ПРАПАЛІ БЕЗ ВЕСТАК
“Да болю шкада бацьку Івана Геляравіча БАБАРЫКУ, які ў росквіце сіл, у 31 год, пайшоў на фронт і не вярнуўся. З архіва ў Падольску паведамілі, што ў спісах загінуўшых яго няма. Магчыма, трапіў у палон? А фашысцкія вылюдкі знішчалі ваеннапалонных. А можа, бацьку ўдалося ўцячы і ў яго дзесьці была другая сям’я, дзеці? Раптам яны адгукнуцца, пазнаюць бацьку, бо яму ўжо 96 гадоў і наўрад ці ёсць ён сярод жывых. Хачу пакласці кветкі на яго магілу, пакланіцца майму дарагому татачку. Роза Іванаўна Лапцінская, Аршанскі раён”.
“Наш бацька Іосіф Іванавіч КРЫСЮК родам з вёскі Дзеравянчыцы Слонімскага раёна былой Баранавіцкай вобласці. Загінуў у 1944 годзе ў Кёнігсбергу. Мы з сястрой хочам даведацца, дзе пахаваны наш бацька. Людміла Іосіфаўна Белагурава, Магілёў”.
“Хочацца выканаць доўг перад бабуляй, якой няма ўжо сярод жывых. Яна вельмі доўга шукала сына, майго дзядзьку, што без вестак прапаў у гады Вялікай Айчыннай. Анатоль Данілавіч ФРАЛОЎ, 1921 года нараджэння, жыў у Чэрыкаўскім раёне. Закончыў ветэрынарны тэхнікум. Добраахвотнікам пайшоў на фінскую вайну. Затым паступіў у Ленінградскае ваеннае вучылішча, перавёўся ў Сумское артылерыйскае, экстэрнам здаў экзамены і ў званні старшага лейтэнанта ў 1941-м пайшоў ваяваць. З фронту прыслаў пісьмо. Паведамляў, што ідуць страшэнныя баі, але нашы байцы вераць у перамогу. Яшчэ адзін ліст прыслаў сябар дзядзькі Анатоля. Пісаў, што наш дарагі чалавек паранены і ляжыць у шпіталі. Атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Выпадкова я прачытала ў газеце, што ў Туле ёсць вуліца імя Фралова. Можа, існуе якая сувязь? Прашу адгукнуцца тых, хто ведаў дзядзьку. Святлана Іванаўна Фралова, Горкі”.
“Наш дзядзька Канстанцін Іванавіч ДЗЯЙКУН, 1922 года нараджэння, з вёскі Каравацічы тады Васілевіцкага раёна Палескай вобласці, быў лётчыкам, служыў у авіяцыі Балтыйскага флоту. Ваяваць пайшоў у чэрвені 1944-га пасля заканчэння авіяцыйнага вучылішча. Яго самалёт быў збіты 21 ліпеня 1944 года ў раёне Кунда-Лахта, Фінскі заліў. Далейшы лёс невядомы. Можа, ён выскачыў з палаючага самалёта, не загінуў, а трапіў у палон? Дапамажыце даведацца, ці быў ён у спісах ваеннапалонных і рэпрэсіраваных. Наталля Плотнікава, Гомель”.
“Мікалай Іванавіч ШАВЕЛЬКА, 1924 года нараджэння, з вёскі Вялікае Зарэчча Шклоўскага раёна, да вайны працаваў у НКУС горада Шклова. Перад вайной дзядзьку тэрмінова выклікалі ў Нагінск. Па дарозе ён на дзве гадзіны заехаў у Ташкент наведаць хворую маці і старэйшую сястру Пелагею. На пытанне Пелагеі, чаму ў Нагінск, нічога тлумачыць не стаў. Пра яго лёс нічога не ведаем. Пасля вайны мы шукалі дзядзьку, адказ быў адзін: прапаў без вестак. Аляксандра Паўлаўна Звягінцава-Шавелька, Мінск”.
“Мая сястра Ніна Захараўна Дубіна была медыцынскай сястрой у партызанскім атрадзе брыгады імя Фрунзе і загінула ў 1944 годзе. Пахавана ў брацкай магіле непадалёку ад вёскі Палікараўка Слуцкага раёна. Жыхары Палікараўкі расказвалі, што быў вялікі бой і партызаны адступалі. Ніна была ўжо ў лесе, калі даведалася, што на полі бою застаўся паранены партызан Яцук. Яна вярнулася, перавязала рану. На шляху ў лес пачула рускую гаворку, падумала, што партызаны, адгукнулася. А гэта былі ворагі, якія па-зверску замучылі іх. Мне і маім братам вельмі хочацца даведацца пра партызана ЯЦУКА. Можа, адгукнуцца яго родныя? Яўген Захаравіч Дубіна, Салігорск”
“Наш брат Міхаіл Іванавіч СОБАЛЕЎ, 1919 года нараджэння, у 1939-м пайшоў у войска, служыў на поўначы. З вайны ён не вярнуўся: прапаў без вестак. Бацька Іван Пятровіч СОБАЛЕЎ загінуў у час вайны, пра яго таксама ведаем мала. Маці памерла, засталіся мы з сястрой. Я — інвалід, у час Вялікай Айчыннай была паранена ў нагу. Хочацца атрымаць звесткі пра дарагіх людзей. Галіна Іванаўна Собалева, Віцебск”.
“У нашай сям’і было 5 сясцёр і 5 братоў. Дагэтуль не ведаю пра лёс брата Васіля Паўлавіча ФЕДАРЭНКІ, 1917 года нараджэння. Ён, як і мы, жыў у вёсцы Заблудоўе Расонскага раёна. Памятаю, у 1939-м Васіль быў у войску, перад вайной служыў у Вілейцы, вазіў камандзіра. Дамоў прыслаў пісьмо і фотаздымак, але яны згарэлі. Да канца службы заставалася 3 месяцы, як раптам пачалася вайна. Пісем больш ад яго не было. Пасля вайны бацька ездзіў у райваенкамат у Расоны, але звестак там не знайшлося. Вера Паўлаўна Шаблінская (Федарэнка), Полацк”.
“Спадзяюся даведацца пра апошнія дні жыцця маёй сястры Надзеі Барысаўны ЛАЎРЫК, 1922 года нараджэння, з вёскі Сітнік Чэрвеньскага раёна. Да вайны яна закончыла двухгадовыя курсы медыцынскіх сясцёр у Чэрвені і была накіравана на працу ў бальніцу ў Беластоцкую вобласць. Мы атрымлівалі ад яе пісьмы. А потым пачалася вайна, і больш ніякіх вестак не было. Адгукніцеся, хто быў з ёй побач. Ніна Барысаўна Няборская (Лаўрык), Мінск”.
“Наш дзядзька Пётр Антонавіч КАЛЯДА (прыкладна 1920—1921 года нараджэння) у 1939—1940 гадах дзевятнаццацігадовым юнаком быў прызваны на вайсковую службу ў Прыбалтыку. Дамоў прысылаў пісьмы-трохкутнікі. Потым была вайна, з якой дзядзька не вярнуўся. Да службы ў арміі ён разам з маці, нашай бабуляй, жыў у вёсцы (магчыма, гэта быў хутар Удра), непадалёку ад Радашковічаў. Пятра забралі ў войска, а бабуля пераехала жыць да нас у Мінск. На жаль, бабуля Эмілія загінула ў першыя дні вайны, у час бамбёжкі Мінска. У дзядзькі Пятра былі чатыры сястры і брат Адам, які таксама загінуў у гады ваеннага ліхалецця. Сёстры яго памерлі, таму даведацца пра дзядзьку няма ў каго. Я і сястра Рэгіна вырашылі звярнуцца да вас. Галіна Сямёнаўна Якімовіч, Мінск”.

САЛДАЦКІ МЕДАЛЬЁН
Просім адгукнуцца родных Туманбая КАРАБАЕВА, звесткі пра якога знаходзяцца ў Іканаўскім музеі народнай славы. Вось што расказала загадчыца музея Галіна Іванаўна Ігнатовіч.
— Недалёка ад вёскі Ніўкі Барысаўскага раёна ў лесе была знойдзена магіла. У ёй астанкі трох чалавек: двух нямецкіх і аднаго савецкага салдата. У савецкага салдата знайшлі медальён. Яго нам перадаў у 1995 годзе ўраджэнец вёскі Васіль Уладзіміравіч Дуброўскі, які і раней дапамагаў музею экспанатамі. У медальёне была напісаная алоўкам запіска, якую мы перапісалі: “Прозвішча Карабаеў, імя Туманбай, ваеннае званне чырвонаармеец, год нараджэння 1916, Рэспубліка Казахская ССР, вобласць П. (на рускай мове Ю.) Казахская, раён Казаукскі (у другім месцы мы прачыталі Казеукскі), сельскі Савет Шарвакскі. Адрас сям’і: Карабаеў Урзукул, Казахская ССР, вобласць П.Казахская, раён Казеукскі, сельскі Савет Шарвакскі. Якім РВК мабілізаваны — Казеукскім”. Адбыўся пажар, і медальён таксама згарэў. Ёсць толькі дадзеныя, якія, на шчасце, захаваліся. Астанкі гэтага салдата былі перазахаваны ў вёсцы Ніўкі. У 1995 годзе мы рабілі запыт у пазначаны ваенкамат, але адтуль нічога не адказалі.

“Да Вялікай Айчыннай вайны ў мяне быў стрыечны брат Рыгор Іванавіч ГОРБ. Некаторы час я нават жыў з яго сям’ёй у Расіі. Рыгор быў старэйшы за мяне, ён тады заканчваў сярэднюю школу, а я пачынаў вучыцца. Потым Грыша паехаў у Ленінград, дзе працаваў і працягваў вучобу. У 1940 годзе там жа яго прызвалі ў войска, служыў у Беластоцкай вобласці. Родным прысылаў з Беластока пісьмы. Потым пачалася Вялікая Айчынная. Больш вестак ад Грышы не было, і пра лёс яго даведацца не ўдалося. Няма сярод жывых яго маці, маёй цёткі, і роднай сястры. Застаўся Рыгор толькі ў памяці блізкіх у Расіі і Беларусі. У пасляваенны час мне неаднойчы даводзілася чуць, што пры вераломным нападзе фашыстаў у чэрвені 1941-га на Беласточчыне загінула вялікая колькасць нашых салдат. Магчыма, такі лёс напаткаў і брата. Хочацца даведацца, дзе знаходзіцца яго прах. Зараз заходняя частка былой Беластоцкай вобласці Беларусі і горад Беласток — тэрыторыя Польшчы. І высветліць, дзе знаходзяцца брацкія магілы нашых воінаў, асабліва тых, хто загінуў у першыя гадзіны і дні вайны, напэўна, нялёгка. Але, магчыма, пашанцуе ўдакладніць пра захаванні нашых воінаў: дзе яны знаходзяцца, ці ёсць там памятныя дошкі, ці вядомы імёны загінуўшых і ці ёсць сярод іх Рыгор Горб. Там, у цяперашнім замежжы, напэўна, знайшлі спачын многія нашы суайчыннікі. Гістарычная памяць павінна абараняць нас усіх і заўсёды. Аляксандр Міхайлавіч Мяжэнны, Магілёў”.

АДНАКЛАСНІКІ
Аляксандр Герасімавіч Макараў паведамляе, што сустрэча былых вучняў 5-й школы г.Слуцка 1965 года выпуску адбудзецца 18 жніўня ў роднай школе. Аднакласнікі просяць адгукнуцца Любоў ЕРМАЧЭНЮ (ці яе брата Мікалая), Валянціну і Ганну ЕСІПОВІЧ, Ядвігу БАРО-ДЗІЧ, Міхаіла БАРЫСІКА, Валянціну АЛЬХОЎСКУЮ, Ларысу АПЧЭНЮ, Паўла СЫЧУКА, Люд-мілу КЛЯЗОВІЧ, Віктара ТАРА-САВА, Марыю РУСАК, Генадзя МАКАРАНКУ, Любоў КУХТУ, Леаніда СНІТКО, Ларысу ПРУДНІКА-ВУ, Валянціну КУЛІКОЎСКУЮ.
Кантактныя тэлефоны:
5-59-39 (у Слуцку), 275-42-63 (у Мінску).

МАЛАДЫЯ ГАДЫ
“Хачу знайсці свайго першага каханага Віктара Мікалаевіча ДРАЗДА. Ён працаваў на аўтобусе, які хадзіў з плошчы Веры Харужай, нумар маршрута не памятаю. Мы былі маладыя, сустракаліся, а потым нашы шляхі разышліся. Ён ажаніўся, я выйшла замуж. Зараз я ўдава, у мяне двое дарослых дзяцей. Хачу даведацца, як склаўся лёс Віктара Мікалаевіча. Зінаіда Міхайлаўна, Смалявіцкі раён”.
“Шукаю сяброўку сваёй маладосці Надзею ПАДЗЯНКОВУ (прозвішча дзявочае). У 1972—1973 годзе я вучыўся на чацвёртым курсе Магілёўскага педагагічнага вучылішча. Там мы і пазнаёміліся з Надзеяй. Калі закончыў вучылішча, некалькі разоў прыязджаў да яе, а потым пайшоў у армію, і сувязь наша абарвалася. Куды яе размеркавалі пасля вучобы і дзе яна зараз, не ведаю. Хачу даведацца, як склалася яе жыццё. Генадзь Міхайлавіч Сукачоў, Рэчыцкі раён”.

МАЦЯРЫНСКІ БОЛЬ
“Некалькі гадоў таму прапаў мой сын Аляксандр Сяргеевіч КАЗАЧОНАК, 1959 года нараджэння. Жыў у Лідзе, у Паўднёвым гарадку. Прапаў з дому, нікуды не збіраўся ехаць. Ён быў бортрадыстам на верталёце, служыў спачатку ў горадзе Ліда-2, затым тры гады ў Германіі, адтуль пераехаў у Расію. У 1993 годзе аформіў дакументы на пенсію, а ў студзені 1995-га прапаў. Магчыма, многія лічаць, што яго няма сярод жывых. Толькі я ў гэта не веру і пішу вам з надзеяй: а раптам пачуе хто мацярынскі боль і падкажа, дзе мой сыночак. Вера Вікенцьеўна Казачонак, Докшыцкі раён”.

ПОШУКІ І ЗНАХОДКІ
Інфармацыю пра родных, якія прапалі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны, атрымаюць Зоя Іванаўна Астрога з Баранавіч, Тамара Ігнацьеўна Гурчанкава (Шахманава) з Мінска, Андрэй Іванавіч Казановіч з Салігорска, Рэгіна Юльянаўна Барэйка з Пастаўскага раёна, Надзея Рыгораўна Дубік з Брэста. Нашы калегі з радыё просяць тэрмінова звязацца з рэдакцыяй Наталлю Жукаву, якая прасіла знайсці месца пахавання бацькі яе бабулі Аляксандра Міхайлавіча Шубы. Жанчына не пазначыла свой хатні адрас. Між тым ёсць інфармацыя, дзе пахаваны яе прадзядуля.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter