"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Нашы калегi зачытвалi, а мы друкавалi лiст ад Нiны Фёдараўны i Валянцiны Пятроўны Абакунчык з Мiнскай вобласцi. Яны прасiлi знайсцi сваякоў па лiнii роднага iм чалавека Марцiна Мiхайлавiча Андросiка. Адгукнуўся Аляксандр Аляксандравiч Андросiк з гарадскога пасёлка Свiр. Ён паведамiў, што мацi памерла, калi яму было два гады, а бацька ў час вайны загiнуў на фронце, таму ён выхоўваўся ў дзiцячым доме. Калегi дэталёва вывучалi, аналiзавалi факты з гэтых двух пiсьмаў i высветлiлi, што Аляксандр Аляксандравiч не з лiку раднi, якую шукаюць сёстры Абакунчыкi. Аднак мы ўпэўнены, што абавязкова знойдуцца i яго родныя.
ДАМОЎ НЕ ВЯРНУЛАСЯ

“Наша сям’я была вялiкая, аж дзевяць чалавек. У бацькоў Нiчыпара Андрэевiча i Ганны Iльiнiчны Хомiч было двое сыноў i пяць дачок. Зараз засталiся мы ўдваiх: я, Мiхаiл Нiчыпаравiч Хомiч, i мая сястра Вольга Нiчыпараўна Ласкевiч. Старэйшая сястра Надзея Нiчыпараўна ХОМIЧ, 1923 года нараджэння, у 1940-м працавала бухгалтарам у Пружанскiм раёне, i калгас накiраваў яе на вучобу ў Брэст. Гэта было за некалькi дзён да вайны. Яна нават пiсьмо не паспела прыслаць i дамоў не вярнулася. Наш бацька праз некаторы час на веласiпедзе паехаў у Брэст, гэта ад нашай вёскi 120 кiламетраў. Ён знайшоў кватэру, дзе жыла Надзя. Гаспадыня сказала, што ведае такую i што яна з сяброўкамi, калi немцы ў першы дзень вайны бамбiлi горад, уцякала з Брэста, была паранена ў руку i ляжала ў шпiталi. Бацька пайшоў у шпiталь, дзе даведаўся, што ў кнiзе рэгiстрацыi было прозвiшча Надзi, а куды яна знiкла, было загадкай. Са шпiталя ўсiх хворых вывезлi, i немцы занялi яго для сваiх салдат. На жаль, мы не ведаем, якi гэта быў шпiталь, пра лёс хворых таксама нiчога невядома. Мы з сястрой ужо старыя, мне 82 гады, а ёй 78. Будзем вельмi ўдзячныя, калi знойдзеце звесткi пра нашу сястру На-
дзю”.

СУСТРЭЧА  НЕ АДБЫЛАСЯ

“Дапамажыце знайсцi майго любiмага сябра Рыгора Мiхайлавiча РАМАНЕНКУ, 1921 года нараджэння. Сябар быў у партызанскiм атрадзе “Мсцiўца”, у брыгадзе “Народны мсцiўца” iмя Варанянскага. Пазнаёмiлiся мы ў красавiку 1942 года. Некаторы час перапiсвалiся, потым перапiска спынiлася. Рыгор з’явiўся ў Мiнску ў лiпенi 1944-га, але наша сустрэча не адбылася: па просьбе бацькi-вайскоўца я паехала да яго ў Гомель. З Рыгорам мы больш не бачылiся, але ўсе гэтыя гады пасля перамогi я чакаю нашай сустрэчы. Валянцiна Паўлаўна, горад Мiнск”.

ПАРТЫЗАНЫ, ПАРТЫЗАНЫ...

Мiнчанка Ефрасiння Васiльеўна Iванова просiць адгукнуцца былых партызан атрада iмя Дзягiлева. У час вайны яны па заданнi камандзiра прыходзiлi да яе сястры Соф’i Васiльеўны Iвановай, якая жыла тады ў Мiнску на вулiцы Камунiстычнай,  у доме 87, кватэры №5.

САЛДАЦКАЯ МАГIЛА

“Мне 74, а ў 1944 годзе было 10. З таго часу я даглядаю салдацкую магiлу. Праз Баранавiчы на мястэчка Сноў iшоў фронт. У нас у вёсцы Малева стаяў лазарэт, куды звозiлi параненых салдат. Адзiн з iх памёр ад ран, i яго пахавалi на нашых могiлках. Мама паслала мяне туды, каб я даведалася ў людзей яго прозвiшча i iмя. Прозвiшча дазналася адразу, а вось iмя — толькi праз 10 гадоў. Ён Рыгор РЭПIН, загiнуў у 1944 годзе. Можа, хто шукае месца яго пахавання? Валянцiна Антонаўна Усовiч, Нясвiжскi раён”.

КАХАННЕ, ВЕРНАСЦЬ, ПЯШЧОТА

Мiкалай Сцяпанавiч Свiстуноў з Мiнска даверыў нам гiсторыю свайго жыцця. Гэта аповед пра каханне, вернасць, чалавечае шчасце.
— У 1956 годзе я быў прызваны ў рады Савецкай Армii. Служыў у Латвii, у гарадку Тукумс. Там пазнаёмiўся з дзяўчынай. Ёй было 17 гадоў, а звалi Вольга Андрэеўна МАШАРСКАЯ. У яе былi тры сястры: Соф’я, Валянцiна i Тамара. Я служыў там, дружылi мы амаль тры гады. Кахалi адзiн аднаго, марылi пра сумеснае жыццё. Але лёс распарадзiўся iнакш. Я — сiрата, мяне кiнула мацi. Таму пасля армii не было куды падацца. Гарадок той быў маленькi, уладкавацца на працу не было дзе, а за плячамi ў мяне толькi 10 класаў школы. Я падаў дакументы ў тэхнiчнае вучылiшча ў Днепрадзяржынск i закончыў яго. Мы з Волечкай падтрымлiвалi сувязь. Праз два з паловай гады я наведаў яе. Мы сустрэлiся, але яна ўжо была замужам, у яе было дзiця. Я паехаў, а праз некаторы час каханая прыслала пiсьмо. Напiсала: “Коля, нам трэба расстацца”. Фотаздымкi мае прыслала ўсе. Прасiла, каб я больш не пiсаў i мы не сустракалiся. Я ўсё зразумеў: яна ж замужам.
Гэта толькi здаецца, што мужчыны перажываюць менш, чым жанчыны. Проста iх слёзы схаваны глыбока ў душы, якая, аказваецца, можа балець не год i не два. I цяпер, праз паўстагоддзя, успамiнаючы iх развiтанне, голас Мiкалая Сцяпанавiча слёзна дрыжыць. Але ён спраўляецца з эмоцыямi i працягвае свой расказ.
— Я закончыў вучыцца, паўгода адпрацаваў i паступiў у Мiнскi фiзкультурны iнстытут. У час вучобы пазнаёмiўся з дзяўчынай Таццянай, Еўда-кiмаўнай. У 1964 годзе ажанiўся з ёй. Мы з ёй пражылi без аднаго месяца 40 гадоў. А з Вольгай знаёмы, выходзiць, 50! У мяне i цяпер у душы абедзве: Вольга i Таня. Але Таню я страцiў тры гады таму...
Мiкалай Сцяпанавiч ганарыцца сваiмi сынамi. Старэйшы закончыў энергетычны факультэт БНТУ, малодшы — аўтамеханiчны тэхнiкум i Белдзяржунiверсiтэт фiзiчнай культуры, пайшоўшы ўрэшце па шляху бацькi.
— А маёй унучцы Волечцы чатыры з паловай годзiкi. Жонка ведала iмя маёй першай каханай. I калi ў старэйшага сына нарадзiлася дачка (Таня тады вельмi хварэла), яна папрасiла, каб яе назвалi Вольгай. Дзецi выканалi яе просьбу. I цяпер Волечка — мая радасць, шчабеча: “Дзядуля, я цябе люблю”. I я яе вельмi люблю. Але сыны жывуць асобна, а я адзiн. Сумна, успамiнаю маладосць. I сказаў старэйшаму сыну, што хачу адшукаць сваю Волечку. Ён не супраць. Спадзяюся, што мы сустрэнемся з маёй першай каханай.

РОДНЫЯ ЛЮДЗI

Мiкалай Паўлавiч Печка (цi Пячко) з Капыльскага раёна просiць дапамагчы знайсцi двух братоў. “Дваццаць пяць гадоў  не ведаю, дзе яны. Старэйшы брат Iван Паўлавiч ПЕЧКА (альбо Пячко, аўтар не ўказаў, як гучыць прозвiшча), 1950 года нараджэння, жыў у Кiраўскай вобласцi  Расii. Другi брат Валянцiн Паўлавiч (з такiм жа прозвiшчам), нарадзiўся ў 1957 годзе, у той жа, як i браты, вёсцы Чыжэвiчы Салiгорскага раёна, пазней жыў у горадзе Петрапаўлаўску-Камчацкiм”.
Мiхаiл Мiхайлавiч Бабiй з Пiнскага раёна шукае брата. “Мне  48 гадоў, а я пра яго да гэтага часу нiчога не ведаю. У свой час мой бацька скасаваў шлюб з мацi i ажанiўся з другой жанчынай. Ён тады хварэў i ляжаў у бальнiцы, а яна працавала там санiтаркай. Так яны пазнаёмiлiся i пажанiлiся. Ад гэтага шлюбу ў бацькi таксама ёсць сын. Ведаю, што завуць яго Сцяпан Мiхайлавiч БАБIЙ i што жыве ён у Львоўскай вобласцi на Украiне, але дакладнага адраса не магу назваць. Можа, ён не захоча са мной пазнаёмiцца i не прышле вестачку, а я вельмi хачу знайсцi яго i спадзяюся на сустрэчу”.
“Дапамажыце знайсцi стрыечнага брата Мiхаiла Рыгоравiча АРЛОВА, якi нарадзiўся ў 1942 цi 1943 годзе ў Лепелi. Бацьку яго забiлi немцы за сувязь з партызанамi. Ён жыў з мацi. Пасля школы паступiў у вучылiшча ў Чэлябiнскай вобласцi. Калi закончыў вучобу, працаваў у горадзе Чэлябiнску. Там ажанiўся. У сям’i нарадзiлася дзiця. Потым жонка брата памерла. У 1962 годзе ён прыязджаў да нас. Пасля гэтага мы больш не сустракалiся i пiсьмаў ад Мiхаiла не атрымлiвалi. Пра брата ведаю няшмат: калi ён прыязджаў, я была яшчэ зусiм дзяўчынкай i мала iм цiкавiлася, а потым расказаць не было каму. Захаваўся толькi яго фотаздымачак. Валянцiна Лук’янаўна Гурко, Лепельскi раён”.
Вячаслаў Якаўлевiч Рыбкiн з Магiлёва хоча знайсцi сваякоў па лiнii бацькi Якава Мiхайлавiча РЫБКIНА, якi нарадзiўся ў 1912 годзе ў Казлоўскiм раёне Цвярской вобласцi. Ён просiць таксама адгукнуцца двух сваiх братоў Iвана Мiхайлавiча i Валерыя Мiхайлавiча ЯРМОЛЕНКАЎ.

САМЫ БЛIЗКI

“Пасля вайны з нашай сям’i ўцалелi толькi мы з братам. Вялiкiя цяжкасцi ляглi на нашы плечы. Але мы жылi, вучылiся, трымалiся адзiн аднаго. Пасля вучылiшча брат Саша пайшоў працаваць на завод, а пасля работы наведваў тэхнiкум, дзе вучыўся на вячэрнiм аддзяленнi. Я ў 14 гадоў пайшла працаваць i вучылася ў вячэрняй школе. Затым брат скончыў iнстытут, i яго накiравалi ў Казахстан. Ён быў там дырэктарам вялiкага камбiната. Я ганарылася братам. У нас былi свае сем’i, але сувязь мы нiколi не страчвалi. У 1991 годзе ў мяне памёр муж. Брат прыязджаў на пахаванне. Прыгожы, высокi мужчына, такiм ён i застаўся ў маёй памяцi. З таго часу больш яго я не бачыла, хаця перапiска наша працягвалася. Апошняе пiсьмо ад брата атрымала ў 2002 годзе. Ён паведамляў, што памерла жонка i што, магчыма, паедзе жыць да дачкi, але адрас яе не напiсаў. Я нядаўна пахавала дачку i зноў засталася адна. Вельмi б хацела знайсцi самага блiзкага для  мяне чалавека. Майго брата завуць Аляксандр Iванавiч КАВАНIН, 1927 года нараджэння. Кацярына Iванаўна Копнышава, горад Гродна”.


НА ДАПАМОГУ
Да калег на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё завiтала ўсхваляваная жанчына. Яна назвалася Нiнай Уладзiмiраўнай Кандратовiч са Ждановiч i прасiла дапамагчы ёй знайсцi сяброўку, нумар тэлефона якой у перадсвяточных клопатах яна згубiла. А сяброўка тэрмiнова патрэбна для таго, каб дапамагчы чалавеку.
— Мы з Канстанцiнаўнай iшлi каля Камароўскага рынка, — тлумачыць Нiна Уладзiмiраўна. — Сустрэла нас жанчына Любоў Фёдараўна. Яна прасiла паратунку. Ёй вельмi цяжка, нешта з унукам. Мы веруючыя, таму абавязаны працягнуць руку дапамогi. Але так здарылася, што я згубiла тэлефон Канстанцiнаўны. Таму i прашу, каб яна тэрмiнова адгукнулася. I мы пойдзем да Любовi Фёдараўны, будзем яе ратаваць.

ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I

“Мой бацька Яфiм Хрыстафоравiч ЖЫЎЧЫКАЎ быў начальнiкам ваенiзаванай стралковай аховы. Тады i пазнаёмiўся з маёй мацi Настассяй Iванаўнай Баўтрош. Яны пакахалi адзiн аднаго. Маме споўнiлася васемнаццаць гадоў, i яны ў канцы сакавiка 1941 года пажанiлiся. А ў чэрвенi грымнула вайна. 6 студзеня 1942 года нарадзiлася я. Мама, зусiм маладая, засталася адна з маленькiм дзiцем на руках. Бацька мой, як ёй паведамiлi, паехаў з нейкiмi сакрэтнымi паперамi ў Вiлейку. I ўсё, больш пра яго не было нiякiх звестак. Мама мая ў 29 гадоў трагiчна загiнула, я засталася сiратой. Каб даведацца што-небудзь пра бацьку, пiсала ў розныя арганiзацыi. Адказы прыходзiлi розныя: што бацька прапаў без вестак на фронце, што быў у партызанскiм атрадзе i там загiнуў. Ён не паспеў нават паведамiць сваякам у Расiю, што быў жанаты. Калi я шукала бацьку, знайшла яго брата, дзвюх сясцёр, дзядулю. У iх была радасць, што ў Беларусi засталася памяць пра дарагога iм чалавека — гэта я. Я паслала iм вясельны фотаздымак маiх бацькоў. Сустрэлася з роднымi. Столькi было слёз радасцi i ў iх, i ў мяне. Дзядулi Хрыстафора ўжо няма на свеце, пражыў 90 гадоў. Дзядзька Анатоль таксама памёр. Цёткi Таня i  Веня, родныя сёстры бацькi, жывыя. Але я дагэтуль шукаю бацьку. Думкi пра яго не пакiдаюць мяне нi днём, нi ноччу. Хочацца хоць у сне ўбачыць яго. Можа, адклiкнецца той, хто ведае, як ён загiнуў, раскажа, што з iм здарылася. Маё асабiстае жыццё склалася ўдала. Два сыны атрымалi вышэйшую адукацыю. Сама я — педагог, ужо на заслужаным адпачынку. Гады, як кажуць, ляцяць, нiбы птушкi. I вельмi б хацелася, хоць у канцы iх знайсцi магiлу бацькi, абняць гэту зямельку, нiзка пакланiцца. Яўгенiя Яфiмаўна Жыўчыкава-Фядуцiк, горад Маладзечна”.

ГОРА ГОРКАЕ

“Да вас звяртаецца Яўгенiя Iосiфаўна Корчык з вёскi Дзяляцiчы Навагрудскага раёна. Дапамажыце знайсцi майго сына Сяргея Мiкалаевiча КОРЧЫКА, якi 26 кастрычнiка 2004 года прапаў у сваёй вёсцы. Можа, хто ведае яго месца знаходжання цi сустракаў дзе-небудзь. Сынок, дарагi, адгукнiся! Што з табой, дзе ты, я цябе чакаю”.
“Можа, вы дапаможаце ў маiм вялiкiм горы. Я шукаю свайго сына Сяргея Леанiдавiча СЯНЬКЕВIЧА, 1973 года нараджэння. Ён служыў у войску на Паўднёвым Сахалiне, у пасёлку Дачнае. Разам з iм было пяць землякоў з Беларусi. Пасля заканчэння службы сын вырашыў застацца працаваць на Сахалiне. Уладкаваўся ў фiрму пры будаўнiчым тэхнiкуме. У лютым 1996 года я з iм размаўляла па тэлефоне, i ён сказаў, што ў канцы сакавiка цi напачатку наступнага месяца прыедзе дамоў. Але дагэтуль так i не дачакалiся. Куды толькi нi звярталiся па дапамогу, усё безвынiкова. Можа, хто-небудзь з тых беларускiх хлопцаў, якiя служылi з iм i працавалi на Сахалiне, адгукнуцца. Дапамажыце майму гору, бо я ўжо аднаго  сына ў маладых гадах страцiла. Яўгенiя Мiхайлаўна Сянькевiч, Дзяржынскi раён”.

У ГОНАР СЯБРОЎКI

“Дарогi памiж людзьмi часта разыходзяцца, але ўспамiны застаюцца. Заўсёды хочацца даведацца пра лёс тых, хто дарагi сэрцу, але гэта бывае часам немагчыма. Вось i я хачу, каб вы дапамаглi знайсцi сяброўку юнацтва Ларысу Уладзiмiраўну ГАРМIНОВIЧ, якая жыла ў вёсцы Кiявец Крупскага раёна. Мы з ёй пазнаёмiлiся, калi вучылiся ў другiм класе ў школе. Пасля заканчэння сямiгодкi я паступiла ў Мiнскi архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум, а Ларыса ў 1961 годзе скончыла дзесяць класаў Абчугскай сярэдняй школы i пайшла вучыцца ў iнстытут народнай гаспадаркi. Мы з ёй сустракалiся ў Мiнску, калi я была на апошнiм курсе тэхнiкума, а Ларыса — на першым курсе iнстытута. Пасля заканчэння вучобы я паехала на працу ў Баранавiчы, i нашы стасункi з сяброўкай спынiлiся. Мае першыя гады на будоўлi былi вельмi цяжкiя. Працавала майстрам у сельскай мясцовасцi, выйшла замуж, завочна вучылася ў iнстытуце, нарадзiла дзетак. Я некалькi разоў пiсала Ларысе на адрас яе бацькоў, але адказу не атрымала. Мая сяброўка была вельмi чулая, добра выхаваная дзяўчына, старанна вучылася, таму я i сваю дачушку назвала Ларысай. Матуля сяброўкi працавала медыцынскай сястрой у Абчугскай бальнiцы. Звалi яе, здаецца, Марыя Фамiнiчна Фiлонава. Яшчэ ў Ларысы была сяброўка Надзя Шпакоўская. Можа, адгукнецца Ларыса цi той, хто яе ведае. Валянцiна Варановiч (Пабягайла), горад Ляхавiчы”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by


 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter