"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Лета — пара адпачынку. Хтосьці загарае і купаецца ў цёплым моры, іншыя знаходзяць асалоду ў агародных справах, асобныя аматары выходзяць на ціхае паляванне ў родныя беларускія лясы. А частка людзей у свой вольны час займаецца пошукамі родных і блізкіх, спяшаецца на спатканне з маладосцю. І сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...” заўжды гатовы прыйсці на дапамогу тым, хто захоўвае памяць, зберагае імя, складае свой радавод.

“ЖДИ МЕНЯ”

Гэтыя пошукавыя запыты даслалі калегі з расійскай праграмы “Жди меня”.
Вольга Іванаўна Чарнышова (Логінава) шукае брата-двайнятку Аляксандра Іванавіча ЛОГІНАВА, 1968 года нараджэння, які прапаў пры загадкавых абставінах 30 верасня 2003 года. У гэты дзень у 19 гадзін ён здаў кватэру па вуліцы Шубіна ў Віцебску на сігналізацыю і выйшаў з дому. З ім па мабільным тэлефоне размаўляла былая жонка. А праз паўгадзіны сувязь прапала, тэлефон больш не адказваў. Апоўначы спрацавала сігналізацыя. Прыехалі супрацоўнікі міліцыі, кватэра была адчынена, і там нікога не было. Узбуджана крымінальная справа, але да гэтага часу нічога пра Аляксандра невядома.
Галіна Аляксандраўна Кавальчук шукае сваю маці Тамару Арцёмаўну КАВАЛЬЧУК (Садкевіч), 1933 года нараджэння. “Маці пераехала з Беларусі і жыла спачатку ў сястры, а потым у мяне. Затым вырашыла вярнуцца на радзіму, казала, што паедзе на лячэнне. Да сваякоў у Брэсце яна не прыходзіла. Можа, трапіла ў дом састарэлых або інвалідаў?”
Святлана Фёдараўна Кулажэнка шукае сына Мікалая Мікалаевіча КУЛАЖЭНКУ, 1989 года нараджэння, які выхоўваўся ў школе-інтэрнаце станцыі Мазыр. Сувязь з ім абарвалася, і 10 гадоў маці нічога не ведае пра сына. Яна шукае і дачку Марыну Мікалаеўну КУЛАЖЭНКУ, 1998 года нараджэння, пра якую таксама нічога не ведае.
Соня Міндубаева просіць дапамагчы ў пошуку ўнука Дзяніса Сцяпанавіча ЖАЛТАНОГАВА, 1984 года нараджэння. У 1994-м ён з маці Ірай і айчымам Сямёнам выехаў на ПМЖ у Беларусь. Была перапіска, затым сувязь абарвалася. Бабуля вельмі хоча даведацца, як склаўся лёс адзінага ўнука. 
Валянцін Цімафеевіч Рыжанскі шукае брата Анатоля Цімафеевіча РЫЖАНСКАГА, 1942 года нараджэння, ураджэнца Оршы. Пасля смерці маці ў 1945 годзе яго забралі ў аршанскі дзіцячы дом, затым быў пераведзены ў віцебскі. Апошнія звесткі пра яго былі ў 1946—1947 годзе. Пасля гэтага сувязь страчана. Напачатку 60-х яго адшукалі праз Чырвоны Крыж. Закончыў Чэлябінскае ПТВ, прызвалі ў армію, служыў у Маскоўскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Чэлябінск, затым пераехаў у Мінск, працаваў на меліярацыйных работах. Пасля гэтага жыў у Калінінградскай вобласці прыкладна да 1977 года, і на гэтым сувязь з ім была канчаткова страчана.
“Прашу адгукнуцца Людмілу Вітальеўну КУЛІЧЭНКАВУ (Пенцюхову), 1956 года нараджэння, ураджэнку горада Саранска. У 1977—1980 гадах мы разам працавалі ў Тамбове. Апошняе месца жыхарства Людмілы Вітальеўны — горад Мінск. Алена Міхайлаўна Брацун (Браточкіна або Братачкіна)”.
Таццяна Савіцкая шукае бацьку Мікалая Аляксандравіча ГЛУШАКА, 1951 года нараджэння, і яго сястру Галіну Аляксандраўну ГЛУШАК. Яны ў 1971 годзе жылі ў Гомельскай вобласці. Дачка ніколі не бачыла бацьку.
Наталля Рыгораўна Кавальская шукае дзяцей свайго бацькі ад першага шлюбу па прозвішчы КАВАЛЬСКІЯ: Дзмітрыя Рыгоравіча, 1950 года нараджэння, а таксама Мікалая Рыгоравіча і Таццяну Рыгораўну.

З-ЗА АКІЯНА
“18 верасня 1941 года мой бацька з горада Гразаўца (Расія) быў адпраўлены ў Сяміпалацінск (Казахстан). Далейшы яго лёс нам невядомы. Апошні раз бачыла бацьку ў 1939 годзе, пасля таго як фашысцкая Германія напала на Польшчу. Мне было 9 гадоў, і жыла я тады ў горадзе Лунінцы, на Палессі. Ніколі не забуду дзень развітання з родным чалавекам. Заўсёды ўспамінаю бацьку і думаю-разважаю над тым, што з ім здарылася. Можа, ён калі шукаў мяне? Мой бацька Мікалай КУШНЯРУК, 1895 года нараджэння, з Валынскай вобласці. Бацьку яго звалі Апанас, маці — Яўфімія. У яго былі малодшы брат Уладзімір і сястра Лізавета. Хацелася б даведацца і пра іх лёс. Наколькі я памятаю, да пачатку другой сусветнай вайны Уладзімір і Лізавета жылі ў Ровенскім раёне ў Заходняй Украіне. Люся Кушнярук-Франке, Злучаныя Штаты Амерыкі”.

УСПОМНІМ БЫЛОЕ

“Вельмі хочацца з дапамогай радыё і “Народнай газеты” ўспомніць сваіх аднакласнікаў і аднакласніц з Івацэвіцкай школы. Там я вучылася чатыры гады, з першага па чацвёрты клас. Жыла я і ў іншых месцах, вучылася там у школах. У выніку ў мяне каля ста былых аднакласнікаў. З тымі, з кім асабліва хацела б сустрэцца і падтрымліваць сувязь, не бачылася ўжо 50 гадоў і нічога пра іх не чула. У мяне ёсць фотаздымак, які захаваўся з 1956 года, дзе нам па 9 гадкоў. Копію гэтага здымка высылаю вам з надзеяй, што змесціце яго ў “Народнай газеце”. Асабліва мне хочацца ведаць пра дзвюх дзяўчынак, якія на здымку сядзяць, паклаўшы ручкі на калені. Памятаю, у той, што ў белым фартушку, была цяжкая скураная хвароба, магчыма, дыятэз. З дзесятак хлопчыкаў і дзяўчынак памятаю па проз-вішчах і імёнах, але большасць для мяне — ужо загадка. Каб нікому не было крыўдна, не буду называць прозвішчы тых, каго памятаю. Па гэтай жа прычыне прашу не друкаваць маё проз-вішча. Таксама ўтаю, як звалі ласкавую і строгую нашу першую настаўніцу, што была для нас, як сонейка. Няхай былыя хлопчыкі і дзяўчынкі, а цяпер 60-гадовыя мужчыны і жанчыны, успомняць яе імя і імя па бацьку. А таксама няхай успомняць маё імя, імёны сяброў”.

СЯБРЫ, АДНАКЛАСНІКІ
“Мая сяброўка маладосці Лілія Васільеўна ВАХНІНА-ХУСА разам з маці жыла ў Ленінградскай вобласці, на станцыі Назія. Потым выйшла замуж і пераехала ў Ленінград. Дапамажыце знайсці яе адрас, а таксама звесткі пра лёс і жыццё сяброўкі. Хачу знайсці таксама сваячку па лініі бацькі Галіну Паўлаўну ФАЦЮКОВУ, 1934 года нараджэння, якая да нядаўняга часу жыла ў горадзе Уладзівастоку Прыморскага краю. У жанчыны быў жанаты сын Генадзь і дзве ўнучкі. Ганна Рыгораўна Ятчанка, Брагінскі раён”.
“Мы, выпускнікі 1957 года Мірскай школы Карэліцкага раёна, Эдуард Марчанка, Нэля Важнік, Таццяна Юшко шукаем сваіх былых аднакласнікаў. Мінула 50 гадоў, як мы закончылі школу. Нас было тры 10-я класы. Пра лёсы дваццаці чалавек ведаем. Вельмі хочацца, каб на юбілейную сустрэчу сабраліся ўсе. Мы сустракаемся 11 жніўня ля ўвахода ў Мірскі замак. Дарагія аднакласнікі, адгукайцеся, прыязджайце”.
“Сёлета споўнілася 33 гады, як мы закончылі Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Я, Іван Францавіч Копач, усе гады нашага студэнцтва быў старастам пятай групы. Дапамажыце знайсці нашага сябра Юрыя Якаўлевіча ЧАРАПАВІЦКАГА, ураджэнца Ляхавіцкага раёна. Пасля вучобы мы раз’ехаліся. Юра пачынаў працоўны шлях у саўгасе “Маладая гвардыя” Брэсцкага раёна. Потым паехаў быццам бы ў Цвярскую вобласць, у Расію. Перш за ўсё хочацца звярнуцца да сваякоў Юры, каб паведамілі яго адрас. Юра! Прыязджай у Іўе, да мяне ў школу-інтэрнат. Я тут цяпер жыву. Вельмі хочацца цябе ўбачыць. Іван”.

МАЛАДЫЯ ГАДЫ

“Пасля заканчэння ГПТВ-53 я засталася ў Мінску і працавала у ім з 1961 па 1968 год. Разам са мной у адным пакоі ў інтэрнаце на вуліцы Варвашэні жылі Алена Антонаўна БОГУШ (па мужу Свірыдава), 1946 года нараджэння, і Кацярына Іосіфаўна КРЭМЕЗ (па мужу Крыварот), 1947 ці 1948 года нараджэння. Яшчэ са мной жыла Валянціна Баніфацыеўна МІЦКЕВІЧ, 1948 года нараджэння. У госці да нас прыходзілі хлопцы з суседняга інтэрната. Сяргей Кузьміч ЯКІМОВІЧ, як і мы, закончыў пяцьдзесят трэцяе ГПТВ. А Мікалай Уладзіміравіч СКАБЯЛКА вучыўся ў Баранавічах, а ў Мінск прыехаў на працу па размеркаванні. Хачу знайсці іх. Марыя Купрыянаўна Ясінская, Брэст”.
“З сябрам маладосці Гарымам Антонавічам СУРАЎЦОМ, 1929 года нараджэння, мы рассталіся ў 1949-м у Паставах. Яго бацьку перавялі на працу ў Смаргонь, а я выйшла замуж і пераехала жыць у Мінск. Маё дзявочае прозвішча Лабоўкіна (зараз Лізунок) Альвіна Арсенцьеўна, 1930 года нараджэння. Гарым Антонавіч у свой час прыслаў мне пісьмо з арміі, але я не змагла на яго адказаць. А вось цяпер хачу даведацца, дзе ён, што з ім. Вельмі хачу, каб ён быў жывы і здаровы”.

ГОРА МАЦІ
“Мой сын Аляксандр Антонавіч ЯРМАНТОВІЧ нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Серкі Лідскага раёна. Працаваў у Лідзе, а пасля з жонкай паехаў у горад Ангарск Іркуцкай вобласці (Расія). Праз некаторы час напісаў, што скасаваў шлюб і хоча прыехаць жыць у Беларусь. Але не прыехаў, і ўжо тры гады ад яго няма ніякіх звестак. Я вельмі хворая, перанесла інсульт, ліст ад майго імя пісала дачка, якая жыве ў Гродне. Вера Ярмантовіч, Лідскі раён”.

Адгукніся!

“Мой бацька Фелікс іграў на скрыпцы на вяселлях, працаваў печніком і добра зарабляў. У нашай сям’і было васьмёра дзяцей, я — восьмая. Маці цяжка захварэла, бацька трапіў у аварыю, і нас аддалі ў дзіцячы дом. Калі мне споўнілася 7 гадоў, мяне ўладкавалі ў інтэрнат у горадзе Масты. Там са мной былі брат Мар’ян і сястра Марыя. Але хутка мяне накіравалі ў іншы інтэрнат. Даведалася, што там мая сястра Таня, узрадавалася. У тым інтэрнаце жыў адзін добры хлопчык, звалі яго Росцік СІДОРЧЫК. Ішлі гады. Мы станавіліся дарослымі. Росцік да мяне пачаў заляцацца. У нашым класе ён быў лепшым вучнем, выдатнікам. На школьных вечарах Росцік заўсёды запрашаў мяне танцаваць. Пасля васьмі класаў ён паступіў у музычнае вучылішча ў Гродна, а мяне адправілі ў гарадскі пасёлак Свіслач вучыцца далей у школе. Праз некаторы час я выйшла замуж. Зараз у мяне двое дарослых сыноў. А як склалася жыццё ў Расціслава, не ведаю. Звярталася ў Гродзенскае музычнае вучылішча, мне прыслалі даведку, што з гэтай навучальнай установы выбыў. Чула, быццам ён ажаніўся з маёй сяброўкай Тамарай. Яе прозвішча было Дарашэвіч, а калі знайшліся бацькі, стала Шмакіна. Мне вельмі хочацца ўбачыць і пачуць пра іх. Я пішу вершы, песні, рамансы,. люблю спяваць. Многія творы прысвячаю сябрам і, канешне, Росціку. Росцік! Адгукніся. Браніслава Феліксаўна Міраш-нічэнка (Лукашун), Ліда”.

ЦЯЖКА БЕЗ РОДНЫХ
“Нарадзілася я ў 1948 годзе. Маці з бацькам не зарэгістравалі шлюб, і бацьку, можна лічыць, я ніколі не бачыла. Калі была маленькая, ён прыязджаў да нас і кожны раз пытаўся ў бабулі, маўляў, калі прыедзе ў наступны, ці буду я хадзіць? Але потым прыязджаць стаў радзей і радзей і зусім перастаў. Маці выхоўвала мяне адна, прысвяціла мне, можна сказаць, усё сваё жыццё. Аднойчы я вырашыла шукаць бацьку, каб хоць здалёк паглядзець. Суседзі ў вёсцы казалі, што я вельмі падобная на яго. Маці пачала плакаць, перажываць, і я спыніла пошук. Праз некаторы час выйшла замуж. У мяне двое дзяцей, ёсць дзве ўнучкі. Зараз на пенсіі, але яшчэ працую. Маці памерла. Пра лёс бацькі па-ранейшаму хачу даведацца. Звалі яго Іван Іосіфавіч МЯЛЕЖКА, 1923 ці 1925 года нараджэння. Можа, адгукнецца ён ці яго дзеці. Буду вельмі рада. Яшчэ, можа, пашанцуе знайсці сваю адзіную цётку Клаўдзію Макараўну ПАЗНЯКОВУ, якая, ведаю, жыла ў Кустанайскай вобласці, ці адгукнуцца яе дзеці? Вельмі цяжка жыць без родных. Лідзія Іванаўна Пазнякова, Горкі”.

РОДАМ З БЕЛАРУСІ

Аляксандра Сяргееўна Шарэстанава жыве ў Расіі, на Урале (Екацярынбург). Падчас адпачынку ў адным з беларускіх санаторыяў яна наведалася да калег і са слязамі на вачах расказала сваю гісторыю:
— Я нарадзілася і жыла ў Мінску. Летам з дзіцячым садам нас вывезлі на дачу ў мястэчка Ждановічы. 22 чэрвеня пачалася вайна. Разам з дзіцячым садам нас эвакуіравалі на Урал. На жаль, лёс абышоўся са мной жорстка. Я так і не знайшла бацькоў, хоць многіх забіралі. Потым была камісія з Алапаеўска. У каго не было метрык, аднаўлялі. Я была падобна на Пушкіна, таму імя па бацьку далі Сяргееўна. Запісалі, што нарадзілася ў Апалаеўску, па нацыянальнасці руская. Бацьку, маці не памятаю. Працавала, вучылася. Выйшла замуж за хлопца з нашага дзетдома. Ён рана памёр. Дачка атрымала вышэйшую адукацыю, выдала яе замуж. Цяпер я на пенсіі. Неяк сказала дачцы:”Хочацца пабываць на радзіме”. Яна патэлефанавала ў тур-агенцтва і гаворыць:”Я табе ўзяла пуцёўку ў Ждановічы, можа, хто падкажа, дзе была ваша дача”. Я ў аднаго супрацоўніка спытала, у другога, параілі звярнуцца да вас. Можа, хто памятае той дзень эвакуацыі з дзіцячым садком у Ждановічах, адгукніцеся!

ЛЮБАША І ВАСІЛЁК
“Хачу даведацца адрас майго сябра Васіля Дзям’янавіча ПІСЬМЕННІКАВА, 1949 ці 1941 года нараджэння. З Васілём я вучылася ў школе, разам праходзіла наша юнацтва. Ён заўсёды называў мяне ласкава —Любаша, а я яго — Васілёк. Зараз, хутчэй за ўсё, ён жыве ў Гомельскай вобласці. Як яго здароўе, як склаўся лёс? Любоў Міхайлаўна Дарашкова (Новікава), Брэсцкая вобласць”.

ДАРАГІ МОЙ ЧАЛАВЕК
“Хачу даведацца пра лёс чалавека, з якім была знаёмая нядоўга, але сустрэчы з ім пакінулі ў маёй душы добрыя, светлыя ўспаміны. 38 гадоў таму, летам 1969-га (мне тады было 20 гадоў) я пазнаёмілася з сяржантам тэрміновай службы з вайсковай часці ў Мачулішчах, што пад Мінскам. Вёска, дзе я жыла, непадалёку ад ваеннага гарадка. Нашы сустрэчы былі нядоўгія, але падчас іх быў і букет рамонкаў, і букет сініх валошак, і кедравыя шышкі, якія мне прыносіў Валерка. А напачатку зімы ён дэмабілізаваўся і паехаў на сваю малую радзіму, у Бурацію. У апошні вечар, перад яго ад’ездам, мы стаялі ля маіх веснічак. Хацелася шмат сказаць на развітанне, але думка, што ён ад’язджае назаўсёды, прымушала маўчаць. І менавіта ў гэтыя апошнія хвіліны я зразумела, што ён быў для мяне не проста сябрам, а значна даражэй. І ён ад’язджаў. Мяне ахапіла нейкае незразумелае пачуццё, падобнае на роспач, і я, не развітаўшыся, пабегла дамоў. Доўга дакарала, праклінала потым сябе за такія паводзіны, але нічога, як кажуць, не зробіш. Шмат гадоў мінула, а я ўспамінаю высокага, сімпатычнага сяржанта з шэрымі вачыма, якія прыгожа ўсміхаліся. Дзе ён зараз, як склаўся яго лёс? Я ведала толькі, што ён Валерый Міхайлавіч КАМАРНІЦКІ, 1948 года нараджэння, з Бураціі, быў сяржантам тэрміновай службы ў воінскай часці Мачулішчы, у пачатку зімы 1969 года закончыў вайсковую службу і паехаў дамоў, на радзіму. З нецярпеннем буду чакаць ад яго вестачку. Галіна Васільеўна, Мінск”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter