"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Чым старэйшы чалавек, тым часцей яму мроіцца маладосць: школьныя гады, аднакласнікі, першае каханне, аднапалчане і аднакурснікі. Гэты час падаецца самым лепшым, пачуцці — самымі шчырымі, а людзі — дабрэйшымі. Таму і хочацца хоць бы ў думках, успамінах вярнуцца туды. А калі раздзяліць гэтыя ўспаміны з сябрамі — нібы і цяжару гадоў за плячамі няма. Таму і шукаюць праз дзесяцігоддзі сваю маладосць. І знаходзяць з дапамогай сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты”.
Аднакласнікі, аднакурснікі

“Мы вучыліся ў Клімавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Былі маладыя і не задумваліся пра заўтрашні дзень. А вось зараз, калі мінула многа гадоў, я вельмі хачу, каб адклікнуліся мае аднагрупнікі, а менавіта спец-
группы 35 заатэхнічнага аддзялення, гады вучобы 1980—1982. Стараста групы Барыс Мікалаевіч КУШУШЫН, а таксама Уладзімір Міхайлавіч СТАРАВОЙТАЎ, Аляксандр Юр’евіч ДЗІМІТРЫЕЎ, Уладзімір Міхайлавіч ВЕНГЕРАЎ, Генадзь Дзмітрыевіч КУРШАЎ
і ўсе, хто ўспомніць свае студэнцкія гады. У дзяўчат, вядома ж, прозвішчы зараз іншыя, таму ўзгадаю толькі адно, любімае — Наталля Леанідаўна МАІСЕЕНКА. Хачу яе папрасіць, каб даравала мне і абавязкова адгукнулася. Васіль Сяргеевіч Голдзін, Быхаўскі раён”.

“У 1958 годзе мы скончылі Лысіцкую сярэднюю школу Нясвіжскага раёна. Разляцеліся хто куды. Многіх аднакласнікаў не бачылі з апошняга званка. З некаторымі падтрымліваем сувязь і пасля школы. Сябруем сем’ямі. Вось і вырашылі адшукаць нашага класнага кіраўніка Івана Антонавіча БРЫЧКОЎСКАГА, прыкладна 1936—1937 года нараджэння. У 1956 годзе яго накіравалі працаваць у нашу школу. Выкладаў матэматыку і быў нашым класным кіраўніком. Гэта вельмі адукаваны, шчыры і вясёлы чалавек. Настаўнік з вялікай літары. Па некаторых звестках, Іван Антонавіч паехаў у Польшчу пасля 1958 года. Магчыма, каму-небудзь вядома, дзе ён жыве. Можа, вярнуўся ў Беларусь? Галіна  Аляксандраўна Осіпава, Слуцк”.
Васіль Сямёнавіч Чэпік хоча сустрэцца з аднакласнікамі, вучнямі Крамоцкай сямігадовай школы Старадарожскага раёна выпуску 1951—1952 гадоў. Ён шукае Софію ДРАЖЫНУ, Таццяну АБРАМЧЫК, Фёдара ДУБІНУ, Вольгу  ШРАМОК, Валодзю ПАРАХНЯ, Лену
КАПЕЙКА і іншых.
“За гады свайго існавання Навагрудскае педагагічнае вучылішча дало народнай гаспадарцы шмат кваліфікаваных спецыялістаў і лічылася адной з лепшых педагагічных устаноў краіны. З удзячнасцю мы ўспамінаем выкладчыкаў, якія выхоўвалі нас па-бацькоўску. Дарэчы, многім яны і замянілі родных — з намі вучыліся хлопцы і дзяўчаты з прытулкаў. Яно вядома, гады былі пасляваенныя. Збіраем выпускнікоў 1957 года на вечар сустрэчы. Ён адбудзецца 7 ліпеня апоўдні ў будынку былога педвучылішча. Іван Мікалаевіч Качан, Навагрудак”.

Маладыя гады

“Цікава, як склаўся лёс Міхаіла Аляксандравіча ПАЦКЕВІЧА. Мы разам вучыліся ў Чэрвеньскім ПТВ № 80. Ён скончыў вучылішча ў 1979 годзе, а я ў 1980-м. Ведаю, што Міша нарадзіўся  ў Мар’інай Горцы. Дзе ён працаваў пасля вучобы, дзе жыве зараз — не ведаю. Вельмі чакаю сустрэчы. І.М.Шабан, Мінская вобласць”.
Зінаіда Сцяпанаўна Шыбалава (Жалняркевіч) з Гродзенскай вобласці шукае сяброў маладосці: Марыю ЦЕРАХАВУ, прыкладна 1933—1934, Марыю САЛАЖОНКАВУ, 1936—1937, Канстанціна МІКУЛІЧА, 1934—1935 гадоў нараджэння. “Дзяўчаты нарадзіліся ў Чарнышанскім сельсавеце Козельскага раёна Калужскай вобласці (назва вёскі пазначана неразборліва). Косця родам з Беларусі, здаецца, з Маладзечанскага раёна. У 1958—1960 гадах мы разам працавалі на будоўлі дарогі, жылі ў Пакроўскім раёне (дарожна-будаўнічы раён) Уладзімірскай вобласці. У 1960-м я паехала на поўнач, у Якуцк. Спачатку мы перапісваліся, потым сувязь абарвалася. Цікава, як склаўся лёс маіх сяброў”.
Сябра юнацтва Віктара Данілавіча МОШЧЫНА, 1950 года нараджэння, хоча знайсці Раіса Тачылкіна з Гомеля. “У Віктара быў сябар Міхаіл БІСКУП, па бацьку, здаецца, Іванавіч, 6 студзеня 1950 года нараджэння. Міхаіл жыў у Асіповіцкім раёне, п/а Дрычын. Пасля арміі хлопцы працавалі на Асіповіцкім руберойдным заводзе”.
“Шукаю сваіх таварышаў, з якімі разам служыў у Германіі (горад Брандзіс), у 1953—1956 гадах, 48-ы артылерыйскі дывізіён. Гэта Пётр ТУРЧАНОК, Мікалай ЦЫКУНЕНКА і Мікалай Іванавіч ЛАЎРЭЦКІ. Пасля дэмабілізацыі мы раз’ехаліся па месцы жыхарства. Больш пра іх нічога не чуў. Дапамажыце таксама знайсці Алега (Альберта) Іванавіча ВАРАНЬКОВА і Мікалая Іванавіча  КАСАЯ. З імі я працаваў  у 1957—1961 гадах на шахце Ільіча (горад Стаханаў Луганскай вобласці). Мы ўжо даўно на пенсіі. Маглі б сабрацца і ўспомніць гады маладыя. Мікалай Емяльянавіч Дарашук, Брэст”.
“З Генадзем Рыгоравічам ДАЛІНКІНЫМ, 1939 года нараджэння, мы сябравалі ў дзяцінстве, жылі разам у вёсцы Горкі (раён пазначаны неразборліва) Іванаўскай вобласці (Расія). Прыкладна ў 1950 годзе яны ўсёй сям’ёй пераехалі ва Украіну, у Крывы Рог. З таго часу мне нічога пра яго невядома. Хачу даведацца таксама, як склаўся лёс студэнцкага сябра Вячаслава Аляксеевіча БАБАРЭНКІ, 1943 года нараджэння. Мы вучыліся ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме ў Іванаўскай вобласці. У 1971 годзе Вячаслава накіравалі на працу на хімзавод у Тальяці. Сувязь абарвалася. Буду рады сустрэчы. Уладзімір Соладаў, Мінск”. 
Ганна Ігнацьеўна Ежаленкава з Магілёўскай вобласці шукае Аляксандра АРАЕВА. “У 1956 годзе ён вучыўся з маім мужам у Магілёўскай сельскагаспадарчай школе малодшых аграномаў. 26 красавіка 1956 года Саша быў галоўным шаферам на нашым вяселлі. Школу малодшых аграномаў закрылі, а навучэнцаў накіравалі заканчваць адукацыю ў Гродна. Больш пра Аляксандра мы нічога не ведаем. Магчыма, ён жыве недалёка, часта так здараецца ў жыцці: паміж людзьмі некалькі кіламетраў, а шукаюць яны адзін аднаго дзесяткі гадоў”.

Знайшліся!
Тамара Карпушкіна і Эмілія Камароўская шукалі сваіх аднакурснікаў, выпускнікоў 1957 года Крычаўскага педагагічнага вучылішча.  На іх просьбу адгукнуліся ўжо некалькі чалавек, і так па ланцужку хутка збярэцца цэлы курс. “Мілыя дзяўчаты, — піша Тамара Філімонава, — вы памятаеце мяне па прозвішчы Баркова. Я вельмі рада, што збіраеце нас. Абавязкова прыеду на сустрэчу, нам ёсць пра што пагаварыць. Я жыву ў Крычаве. Думаю, што ўсім будзе цікава наведаць яго праз столькі гадоў. Нашых дзяўчат даўно не бачыла. Спачатку на кватэры была з Вольгай Крыжовай, потым яна па накіраванні паехала ў Кіраўскі раён, выйшла замуж за ваеннага, і яны паехалі ў Венгрыю. Мы некаторы час перапісваліся, затым сувязь абарвалася. Памятаю Ліду Баброву, яна жыла пасля прыпынку Хадосы, дзесьці ў Раз’ездзе. Тамара Жукоўская жыла ў Мсціславе”.
Адгукнулася і Вольга Крыжова (Лазаковіч). Яна паведамляе, што пра пошукі аднакурснікаў расказала Надзея Валахоўская. “Яна вучылася ў паралелі. З ёй сустрэліся праз 40 гадоў, убачыла яна мяне на прыпынку і пазнала. Я нават разгубілася. Было прыемна ўспомніць студэнцтва. Шмат гадоў я правяла, як кажуць, на чамаданах, у дарозе за мужам-афіцэрам. Пасля “замежнага жыцця” мы вярнуліся ў родную Беларусь. Жыву ў Магілёве”.

Прапалі без вестак

“Да вайны наша сям’я жыла ў вёсцы Падгаі. Як прыйшлі немцы, брата забралі на працу ў Германію (1941 год). Яго звалі Іван Адамавіч ШЫДЛОЎСКІ, 1924 года нараджэння. Іван даслаў дадому толькі адзін ліст, горад той, дзе ён працаваў, здаецца, называўся Судэты. Што з ім здарылася, ці застаўся ён жывы, мы не ведаем. Можа, хто працаваў разам з ім у Германіі? Альбіна Адамаўна Юркевіч, Віцебская вобласць”.
“Мой брат Віктар Парфёнавіч ПІЛІПАЎ, 1920 года нараджэння, прызываўся на службу ў 1938-м з вёскі Скварцова Бельскага раёна Смаленскай вобласці. Служыў ва Украіне, павінен быў дэмабілізавацца ў 1941 годзе. Пачалася вайна. З фронту сям’я атрымала толькі адзін ліст, у якім ён паведамляў, што знаходзіцца на паўднёва-заходнім напрамку (здаецца, служыў у артылерыйскіх войсках). На канверце было пазначана: в/ч 135, штабная батарэя. Прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Ніна Парфёнаўна  Какоўка, Бабруйск”.
Тамара Уладзіміраўна Кот (Папека) шукае звесткі пра свайго бацьку Уладзіміра Васільевіча ПАПЕКУ,  1920 года нараджэння. “Па некаторых даных, у 1944 годзе ён ваяваў ва Усходняй Прусіі. З вайны не  вярнуўся. Я нарадзілася ў той год. Ён, мабыць, мяне і не бачыў. Гадавала  маці Ніна Іосіфаўна Алешка, мы жылі ў вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна. Пахавальнай на яго не было”. 
Аляксандр Уладзіміравіч Букаты шукае сваіх дзядзькаў Іосіфа Цімафеевіча СВІРЫДАВА, прыкладна 1909 года нараджэння, і Васіля, прыкладна 1920 года нараджэння (дакладнае прозвішча невядома, ён быў зводны брат). “Маці маю звалі Марыя Давыдаўна Андрыевіч (па мужу Букатая). Іосіф жыў у Кіеве. А ў дзядзькі Васіля на руцэ была татуіроўка, магчыма, ён адбываў пакаранне, бо ў арміі не служыў”.     
“Да вайны мой дзядуля Ягор Савельевіч ДУДКІН з сям’ёй (жонка Таццяна і трое дзяцей) жыў у вёсцы Фёдараўка Клімавіцкага раёна. Па даносе дзеда арыштавалі. І толькі з кнігі “Памяць” Клімавіцкага раёна мы даведаліся, што дзед быў рэабілітаваны.  Куды яго саслалі? Дзе ён жыў, дзе памёр? Магчыма, у яго была другая сям’я. Перад вайной загінуў дзед майго мужа Міхаіл КАШАНСКІ (імя па бацьку невядома). У кнізе “Памяць” Крычаўскага раёна паведамляецца, што ён жыў у вёсцы Баяры гэтага раёна. Шукаем дадатковую інфармацыю пра родных. Валянціна Іванаўна Кашанская, Крычаўскі раён”.
Павел Уладзіслававіч Шкута шукае знаёмых бацькі Уладзі-слава Пятровіча ШКУТЫ, які нарадзіўся і жыў у Брэсце на вуліцы Заходняя. “У 1945-м яго вывезлі ў Германію.  Прыкладна ў 1950 годзе прынеслі запіску ад яго на польскай мове, у якой было напісана: “Беражыце маіх галубоў”. Магчыма, засталіся людзі, якія былі разам з ім у Германіі, хай адгукнуцца”.
“Пасля вайны на майго бацьку Мікалая Ілліча МЕЛЬ-НІКОВІЧА прыйшла пахавальная.  Быццам бы ён памёр ад ран і пахаваны ў вёсцы Рубяжы ля Століна. Аднак да нас у госці прыязджаў бацькаў сябар, таксама франтавік, і казаў, што пасля пазначанай у пахавальнай даты бачыў бацьку. Паклікаў, але ён не адгукнуўся. А наш сваяк ляжаў разам з бацькам у шпіталі і казаў, што яго нібыта забралі працаваць сталяром. Што на самай справе здарылася з дарагім чалавекам? Можа, засталіся бацькавы аднапалчане, адгукніцеся. Марыя Мікалаеўна Гапончык, Брэсцкая вобласць”. 
“Хачу даведацца, як склаўся лёс майго бацькі Платона Цімафеевіча РУДНІКА, 1912 года нараджэння.  Ён прапаў без вестак у сакавіку 1944-га. Сям’я спачатку жыла ў Петрыкаўскім раёне былой Палескай вобласці. Бацька ваяваў на фінскай вайне, а ў ліпені 1941 года Петрыкаўскім райваенкаматам прызваўся на Вялікую Айчынную.
21 чэрвеня маці атрымала ліст, у якім ён паведамляў, што служыць у Брэст-Літоўску і праз тыдзень прыедзе дадому. На досвітку пачалася вайна. Магчыма, яны былі першымі, хто сустрэў ворага. Пісьмаў ад бацькі больш не было. Напачатку вайны мы пераехалі да дзеда, потым жылі ў лесе, у зямлянках. Кожны дзень чакалі тату дадому. Але ён так і не вярнуўся. У 1947 годзе маме выдалі пасведчанне, што яе муж прапаў без вестак у 1944-м. Значыць, тры гады ён быў жывы, тады чаму не пісаў. Гэта інфармацыя можа быць памылковай. Магчыма, ён абараняў Брэсцкую крэпасць. Марыя Платонаўна Ярмоленка, Пружаны”.
“З вайны не вярнуўся мой брат Іосіф Іосіфавіч ШАБАН, 1925 года нараджэння. Пайшоў на фронт прыкладна ў 1944 годзе. Пісаў з Кіева, з-пад Кёнігсберга. Калі перапіска раптоўна абарвалася, маці напісала ў вайсковую часць, дзе ён служыў. Прыйшло паведамленне, што ён быў паранены і адпраўлены ў шпіталь. Але брат так і не напісаў нам. Пасля вайны мы звярталіся ў архівы. У 1947 годзе прыйшло паведамленне, што брат лічыцца прапаўшым без вестак. Магчыма, ён памёр ад ран. Але не пакідае надзея, што брат застаўся жывы. Спадзяюся, што засталіся людзі, якія ведаюць, што здарылася з Іосіфам. Надзея Іосіфаўна Бенасік, Івацэвіцкі раён”.
Марыя Паўлаўна Кроль шукае звесткі пра бацьку Паўла Афанасьевіча ЦЕРАШКОВІЧА. Ён нарадзіўся ў Петрыкаве. Пайшоў на фронт у першыя дні Вялікай Айчынай. Больш пра яго нічога невядома.
Звесткі пра дзядзькаў Андрэя Макаравіча і Зіновія Макаравіча  МІХАЛЬКОВЫХ шукае Мікалай Ігнацьевіч Баранаў. “Дзядзька Андрэй, па словах маёй маці, нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Чаранкі Чавускага раёна. Служыў у Беластоку. Дасылаў пісьмы, надрукаваныя на машынцы. Таму верагодна, што служыў пры штабе. Ён скончыў сем класаў, быў адукаваны. Апошні ліст ад яго атрымаў мой дзед (яго бацька) Макар Кірылавіч Міхалькоў. Мая маці спрабавала адшукаць часць, дзе ён служыў, але безвынікова. Другі дзядзька Зіновій Макаравіч Міхалькоў, 1911 года нараджэння, да вайны працаваў на торфазаводзе ў Магілёве. Пайшоў на фронт. Прапаў без вестак. Вось і ўсё, што вядома пра родных людзей”.


Дзе жыла бабуля?
“Мая бабуля Таццяна Фёдараўна УЛЬЯНОВІЧ (Міхалковіч), 1896 года нараджэння, да 1982 года жыла ў вёсцы Беразнякі Жыткавіцкага раёна. У той жа год трапіла ў дом састарэлых, што ў пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна. Я звяртаўся туды, каб даведацца, ці была ў іх бабуля, калі яна памерла. Супрацоўнікі ўстановы параілі звярнуцца ў вёску Капцэвічы, магчыма, бабулю перавялі туды ў сацыяльны прытулак. Я патэлефанаваў. Мне адказалі, што бабулі ў іх не было. Думаю, яе накіравалі ў іншы прытулак Гомельскай вобласці. Дзе знайсці дакументы, якія сведчаць пра гэта? Дзе жыла апошнія гады мая бабуля? Мікалай Антонавіч Царыкевіч, Светлагорскі раён”.

Блізкія людзі

Іван Іванавіч Лешчык шукае брата Генадзя Іванавіча ЛЕШЧЫКА, 1958 года нараджэння. “Апошні ліст ад брата я атрымаў  у 1990 годзе з Амурскай вобласці, сяло Кузьмічы. Што з ім здарылася, чаму ён больш не піша? Магчыма, яму патрэбна мая дапамога. Хай толькі адгукнецца, адразу прыеду”.
“Пішу па просьбе сваёй цёткі Ядвігі Антонаўны Рудакоўскай. Яна хоча адшукаць сваіх стрыечных братоў і сясцёр, якія да 1944 года жылі ў маленькай вёсачцы Новая Ніва Бярэзінскага раёна. Пасля 1944-га пра іх нічога невядома. Іх прозвішча БАХАНОВІЧ: Пятрусь Людвігавіч, прыкладна 1926-га, Аўрэля Людвігаўна, 1929-га, Вітольд (Анатоль) Людвігавіч, 1930-га,  і Аліна Людвігаўна, 1936 гадоў нараджэння (даты нараджэння могуць быць недакладнымі). Бацькоў іх звалі Людвіг Іосіфавіч і Марыля (імя па бацьку не пазначана). Магчыма, яны пераехалі ў Польшчу ці засталіся жыць у Мінскай вобласці, у іх ёсць дзеці, унукі. Адгукніцеся, Бахановічы! Ганна Станіславаўна і Ядвіга Антонаўна Рудакоўскія”.
Вера Залатарэнка шукае сваяка з Глускага раёна. Завуць яго Мікалай Пятровіч, зараз яму гадоў 70. Мае пяцярых дзяцей, два сыны жылі ў Магілёве. Сам Мікалай працаваў шафёрам, а потым лес-ніком. Адпачываў у Кіраўску
ў санаторыі імя Арлоўскага (у красавіку 2006 года).

Па прозвішчы Галаўко
“Мой дзядзька Дзмітрый Іванавіч ГАЛАЎКО, прыкладна 1920 года нараджэння, пасля вайны жыў у Германіі. У яго была жонка Стася і двое дзяцей: Лідзія і Уладзя. Пра гэта ён напісаў майму бацьку ў вёску Вялікія Камарнікі. Бацька на ліст не адказаў, баяўся праследавання. Больш дзядзька не пісаў. Магчыма, іх сям’я пераехала ў Польшчу, бо жонка яго была палячка. Можа, ён яшчэ жывы ці засталіся яго дзеці, унукі па прозвішчы Галаўко, хай адгукнуцца. Лідзія Аляксандраўна Галаўко, Брэсцкая вобласць”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter