"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Добрых вестак, як і вясновых сонечных дзён, ніколі не бывае зашмат. Таму мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ад усёй душы радаваліся за людзей, якія знайшлі родных, блізкіх, каханых. Весткі “сыпаліся” за весткамі. Пісьмы і тэлефанаванні былі не толькі з Беларусі, але і з бліжняга замежжа.

Бацька чакае сына
Фотаздымак сына з нявесткай, зроблены, відаць, даўнавата, даслаў Міхаіл Якаўлевіч Мядзведзеў з Аршанскага раёна. “Мой сын Мікалай Міхайлавіч МЯДЗВЕДЗЕЎ, 1955 года нараджэння, жыў спачатку (прыкладна да 2003 года) з сям’ёй ва Украіне: Луганская вобласць, пасёлак Красны Кут. Жонка яго памерла, потым яго выпісалі з дому, дзе яны жылі разам. Куды ён паехаў, што з ім здарылася, невядома”. Можа, хто пазнае мужчыну на фотаздымку, паведаміце. Бацька вельмі чакае сына дадому.

Знайшліся!
l — Добры дзень! Тэлефануюць з Днепрапятроўска. Гэта вы шукалі маю цётку Ніну Клюкач? —пытае ўсхваляваная жанчына.
Так, гэта шукалі мы. Па просьбе Мікалая Рыгоравіча Мышкевіча з Пружан. Ён хацеў даведацца пра лёс той, у якую першы раз закахаўся ў маладосці. Яе пляменніца Святлана Рыгораўна Клюкач, якая і патэлефанавала ў рэдакцыю “НГ”, расказала, што Ніна Фядосаўна Сцяпура жыве ў Запарожскай вобласці. Яна замужам, мае дваіх дзяцей. Цётка расказвала пра хлопца, з якім сустракалася ў Беларусі. Так што Мікалай Рыгоравіч можа ёй напісаць ці патэлефанаваць (адрас і тэлефон мы вышлем яму поштай).
l Вячаслаў Іванавіч Замбржыцкі  з Бабруйска разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі цяпер зможа наведаць месца апошняга спачыну свайго бацькі. Радавы Іван Фёдаравіч Замбржыцкі пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Асташкавічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Яго імя ўнесена ў раённую Кнігу памяці. Мы выказваем шчырую ўдзячнасць Упраўленню па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі якога дапамаглі ў вышуку магілы І.Ф.Замбржыцкага, даслаўшы нават копію карты раёна з указаннем патрэбных населеных пунктаў і ксеракопію асобных лістоў Кнігі памяці з выявай помніка і прозвішчам памерлага ад ран у вёсцы Славань воіна. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву Упраўлення з рэдакцыяй “НГ” пошукі, у тым ліку і за межамі Беларусі, сталі больш выніковымі. Спадзяёмся, што і надалей мы будзем разам дапамагаць людзям.
l Любоў Анатольеўна Чартко (Качан) хацела даведацца пра лёс аднакурснікаў, з якімі разам з 1952 па 1956 год вучылася ў Мінскім педагагічным вучылішчы. Адгукнулася яе лепшая сяброўка Ада Сідараўна Доўнар з Мар’інай Горкі. Яна нічога не чула пра дзяўчат шмат гадоў. Пасля заканчэння педінстытута выйшла замуж, жыла ў Германіі, Узбекістане, Туркменіі. У 1979 годзе вярнулася ў Беларусь. Жыла ў Мінску, пасля выхаду на пенсію пераехала ў Мар’іну Горку. Усё жыццё працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Ада Сідараўна з задавальненнем сустрэнецца з сяброўкамі.
l Тамара Андрэеўна  Пінчук (Сердзюкова) шукала сваіх сяброў-аднакурснікаў, з якімі разам вучылася ў Мінскім бібліятэчным тэхнікуме імя Пушкіна. У рэдакцыю патэлефанавала Марыя Яўгенаўна Кульбіцкая (цяпер Буракова). Яна таксама вучылася ў бібліятэчным тэхнікуме, але ў другой групе. Марыя Яўгенаўна вельмі рада, што збіраюцца яе аднакурснікі. А яшчэ ёй хочацца даведацца пра Ганну Муштукову, з якой разам закончылі школу ў Капыльскім раёне. Сувязь з ёй згубілася шмат гадоў таму.

У далёкую Амерыку
Надзея Рыгораўна Гаўлас (Судніковіч) хоча даведацца, як склаўся лёс яе дзядзькаў Сямёна Міхайлавіча і Аляксандра Міхайлавіча ЛЯЎКО. Пасля Першай сусветнай вайны яны паехалі на заробкі ў Амерыку, тады ім было гадоў па дваццаць. Сям’я іх жыла ў вёсцы Поня Вілейскага раёна. Акрамя бацькоў у іх засталася сястра Ефрасіння Міхайлаўна Ляўко, 1905 года нара-
джэння. Пасля Вялікай Айчыннай сын Сямёна ці Сашы (звалі яго Грант) шукаў бацькаву сястру, аднак прыйшоў адказ, што сястра памерла. Тады ён знайшоў стрыечную сястру Дору Цярэнцьеўну Ляўко, яна жыла на Урале. Але сустрэча з ёй не адбылася. Пра гэта расказала сама Дора, калі прыязджала да маёй маці Ефрасінні, якую шукаў Грант. Па словах цёткі Доры, Грант ЛЯЎКО працаваў карэспандэнтам у Амерыцы (не ведаю дакладна, дзе), часта прыязджаў у Мінск і Маскву. Магчыма,  засталіся людзі, якія ведаюць Гранта. Вельмі хачу сустрэцца з імі. А можа, у Беларусі ёсць яшчэ сваякі па прозвішчы Ляўко, адгукніцеся”.
Сваякі шукаюць дзяцей, унукаў ці праўнукаў Рамана Васільевіча БІРУКА, які ў 1919 годзе паехаў на працу ў Амерыку. Раман Васільевіч нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Гарбачы (ці Горбачы) Слонімскага раёна тады Баранавіцкай вобласці. Спачатку працаваў на будоўлі ў Нью-Йорку. Да Вялікай Айчыннай дасылаў грашовыя пераводы на імя роднай сястры Марфы Васільеўны Бірук (Іванка). У 1970 годзе прыходзілі нейкія людзі да Марфы, пра што размаўлялі — ніхто не ведае, магчыма, гэта былі знаёмыя Рамана Бірука ці яго дзеці. Родныя жадаюць аднавіць сувязь, сабраць усю сям’ю Бірук.

Гісторыя адной сям’і
Жыхарка Гродзенскай вобласці Эльвіра Яўгенаўна Бізюкевіч (Багдановіч) шукае родных па бацькавай лініі Багдановічаў. “Мой дзядуля Пётр Яфімавіч БАГДАНОВІЧ па нацыянальнасці беларус, закончыў настаўніцкую семінарыю ў Полацку, жыў у вёсцы Рымары, працаваў настаўнікам у Лужаснянскай школе. Арыштаваны ў 1933 годзе па неабгрунтаванаму абвінавачванню за “ўдзел у эсэра-кулацкай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі”. Рэабілітаваны ў 1990 годзе. У 1937 годзе вярнуўся са ссылкі, але неўзабаве быў паўторна асуджаны і высланы на 10 гадоў. І ўжо не вярнуўся. У дзеда было чацвёра дзяцей. Мой бацька Яўген Пятровіч Багдановіч, 1912 года нараджэння, прапаў без вестак на фронце ў снежні 1942 года. Другі сын Уладзімір, які застаўся жывы пасля вайны, адсядзеў пры Сталіне разам з дзедам. Мы знайшлі яго дачку Раісу ў Таліне. Але высветлілася, што Уладзімір з імі развёўся і меў другую сям’ю, а дзе — невядома. З Раісай у Таліне мы сустракаліся, яна прыязджала да нас. А потым сувязь перарвалася, і ўжо год няма адказу на пісьмы. А можа, яны вярнуліся ў Беларусь — Раіса Уладзіміраўна  МІЛЮШЧАНКА і яе муж Мікалай Мілюшчанка. Хачу адшукаць і другую сям’ю Уладзіміра — дзяцей, унукаў. А можа, і ён яшчэ жывы? Пра трэцяга брата бацькі Георгія мала што вядома. Быццам быў студэнтам Ленінградскага архітэктурнага інстытута. Яшчэ была Вольга. Дзед рана стаў удаўцом  і ажаніўся другі раз на Гарпіёнкавай ці Гарпіёнак (дакладна не памятаю). Меў з ёй дзвюх дочак Ганну і Ніну. Хачу іх адшукаць — яны ж таксама мае родныя. У 2000 годзе памерла мая маці. І апошняя нітачка з Багдановічамі  перарвалася”.

Прапалі без вестак
Мікалай Арсенцьевіч Яноўскі шукае магілу бацькі Арсенція Логвінавіча ЯНОЎСКАГА, 1915 года нараджэння. “Ён прызываўся на службу ў канцы 1939 ці пачатку 1940 года. Я быў тады зусім малы, ведаю пра бацьку толькі па расказах матулі. Служыў ён у Беластоку, быццам бы ў гаспадарчым узводзе. Нават не ведаю, ці пісаў дадому. Мы ў гады Вялікай Айчыннай вайны жылі ў Хойніцкім раёне Палескай вобласці. У 1943 годзе прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Хойніцкі райваенкамат падчас ліхалецця згарэў, таму ніякіх даных не захавалася. Магчыма, інфармацыя пра бацьку ёсць у архівах? Мае дзеці і ўнукі хочуць ведаць, дзе пахаваны іх вызваліцель”.
Ефрасіння Ягораўна Бараўцова хоча даведацца, дзе пахаваны яе муж Пётр Іосіфавіч БАРАЎЦОЎ, 1910 года нараджэння, ураджэнец вёскі Арэхаўка Шклоўскага раёна. “Прызываўся на вайну Чавускім райваенкаматам. Прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Зваротны адрас быў: палявая пошта 38759”.
“Шукаю магілу свайго брата Аляксандра Васільевіча ПАЦЕЙКІ, 1922 года нараджэння. Аляксандр служыў спачатку ў Снове Мінскай вобласці. Потым яго накіравалі ў іншую партызанскую зону. Наша сям’я ў гады вайны мела сувязь з партызанамі. Ніякага хвалявання за сваё жыццё не было, бацькі ведалі, што магло быць з імі, з дзецьмі, аднак дапамагалі партызанам як маглі. Перад абвяшчэннем Перамогі прыйшло паведамленне, што Аляксандр Васільевіч Пацейка памёр на фронце ад ран. На жаль, не было пазначана, дзе пахаваны. Амаль у кожнай вёсцы ёсць помнікі вызваліцелям — партызанам, савецкім салдатам. Магчыма, на адным з іх пазначана прозвішча і імя майго брата (прозвішча можа быць Патэйка ці Патэйко), паведаміце. Уладзімір Васільевіч Пацейка, Баранавічы”.
Пётр Паўлавіч БАБКОЎ, 1923 года нараджэння (Рагачоўскі раён), да вайны вучыўся ў Нова-Беліцы ў ФЗН, потым паехаў працаваць у Кемераўскую вобласць. Ваяваў у восьмай запасной артылерыйскай брыгадзе, вайсковай часці 7530. Прапаў без вестак у ліпені 1944 года. Звесткі пра яго шукае сястра Лідзія Паўлаўна Собалева.
З сяла Драздавіцы Чарнігаў-скай вобласці (Украіна) даслаў ліст Уладзімір Сямёнавіч Лугоўскі (ці Лугаўскі). “Мой брат Аляксандр Сямёнавіч ЛУГОЎСКІ (Лугаўскі), 1918 года нараджэння, па некаторых даных, служыў камандзірам узвода разведкі асобнага батальёна пры дывізіі, якая размяшчалася ў Баранавічах. Загінуў ён 3 верасня 1941 года ў Ярцаўскім раёне Смаленскай вобласці (назва вёскі пазначана неразборліва). Спадзяюся, што засталіся яго аднапалчане ці людзі, якія яго ведалі, хачу з імі звязацца”.
“Ляцяць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, аднак не сціраецца з памяці вобраз майго брата Івана Іванавіча ЛАПО, які пайшоў на фронт у 1943 годзе з Валожына. Ён пісаў некаторы час дадому (з Карэлафінскай ССР, станцыя Элесенвара, паштовая скрыня № 7 ці 107). А потым прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Але аднойчы мы атрымалі паштоўку, у якой ад рукі было напісана, каб суседзі або людзі, якія атрымаюць яе, адказалі: ці застаўся хто з яго родных. Магчыма, ён думаў, што сям’я пераехала, а можа, пісаў не ён. Бацькі адправілі некалькі лістоў на пазначаны зваротны адрас. Аднак ніякіх пісьмаў ці паштовак больш не атрымлівалі. Летам 1944 года немцы спалілі нашу вёску, згарэла і наша хата, таму нічога не захавалася. Дагэтуль невядома, хто даслаў бацькам тую незвычайную паштоўку, што здарылася з братам. Можа, ён трапіў у палон? Яўгенія Іванаўна Жыдловіч, Мінская вобласць”.

Першае каханне
“Дапамажыце адшукаць сябра юнацтва Мікалая Васільевіча ЦУРКАНАВА. Ён нарадзіўся ў 1935 го-дзе ў Ташкенце. Пазнаёміліся мы ў 1955 годзе ў Беларусі, у Полацку, дзе ён служыў. Мне было 17 гадоў. Першае каханне. Пасля службы (у 1957 годзе) ён паехаў на радзіму. Пісаў пісьмы. Паведамляў, што паступіў ва універсітэт у горад Фрунзе. Перапісваліся мы гадоў дзесяць. У 1967 годзе Мікалай прыяз-джаў да мяне ў госці ў Полацк. Апошні час ён мне часта сніцца. Калі хто ведае пра Мікалая, паведаміце. Аліна Дзмітрыеўна Аляксеева (прозвішча дзявочае), Наваполацк”.

Родныя людзi
“Шукаю сястру Лёлю Аляксееўну МАІСЕЕНКА (прозвішча дзявочае), 1925 года нараджэння. Мы жылі ў Магілёве. Прыкладна ў 1935 годзе прыйшлі нейкія людзі і забралі нашу маці, больш мы яе не бачылі. А нас з сястрой адвезлі ў дзіцячы дом. Там мы згубіліся. Мікалай Аляксеевіч Маісеенка”.
“Мой брат Мікалай Юр’евіч ГРАШЧАНКА нарадзіўся ў 1939 годзе ў Беларусі: вёска Рабінаўка Слаўгарадскага раёна. Быў на цаліне ў Казахстане. Там пазнаёміўся з дзяўчынай Надзеяй. Яны пажаніліся і паехалі ў Кіеў (станцыя Жуляны). Дзеці, напэўна, дарослыя: малодшы сын Юра, а старэйшы Валерый ці Віталь, не памятаю. Брат працаваў шафёрам. Пасля развалу Саюза мы з ім не бачыліся. Колькі ні пісаў туды — безвынікова. Аляксей Юр’евіч Грашчанка”.
Марыя Дзмітрыеўна Сальва хоча даведацца, як склаўся лёс яе брата Паўла Дзмітрыевіча СЕНЬКАЎЦА, прыкладна 1950—1953 года нараджэння. “Ён  з жонкай і двума сынамі жыў у Новым Урэнгоі Цюменскай вобласці. Працаваў верталётчыкам, здаецца, у 413-м лётным атра
дзе. Потым сям’я распалася: жонка з дзецьмі пераехала ў Беларусь (Гомель), а Павел застаўся ў Цюменскай вобласці. Нас, дзяцей, у сям’і было сямёра. Павел — самы малодшы. Як памерлі бацькі, сувязь з ім абарвалася. Мы спрабавалі яго адшукаць (і праз былую сям’ю таксама), але пакуль безвынікова. Спадзяёмся на вашу дапамогу”.
Стрыечных братоў Уладзі-міра Іванавіча (1937 года нараджэння) і Фёдара Іванавіча (1939 года нараджэння) БЕЛАЗАРОВІЧАЎ, а таксама стрыечную сястру Валянціну Іванаўну ЕЎЧАНКУ (1943 года нараджэння) адшуквае Марыя Марцінаўна Скараход з Капыльскага раёна. Раней родныя перапісваліся, а потым перасталі. На жаль, жанчына не пазначыла, дзе жылі яе сваякі. Таму звяртаемся да ўсіх, каму хоць што-небудзь вядома пра іх, паведаміце.

Памылкi маладосцi
“У маладосці я нарабіў шмат памылак, за гэта зараз і расплачваюся. Ёсць у маім жыцці два чалавекі, перад якімі я вельмі вінаваты. Я хачу адшукаць іх —  Галіну Антонаўну СКАРБІЧ і сына, нашага сына. Я нават не ведаю, як яна назвала яго. Галіна нарадзілася прыкладна ў 1940 годзе ў Капыльскім раёне. Працавала ў Наваполацку, здаецца, у будтрэсце. У 1963—1965 гадах у яе нарадзіўся сын. Больш пра іх я нічога не ведаю. Звяртаўся ў будтрэст у Наваполацк, але там нічога не ведаюць. Засталася надзея толькі на сваякоў ці аднавяскоўцаў  Галіны. Можа, хто ведае гэту жанчыну і яе сына, паведаміце. Буду вельмі ўдзячны за любую інфармацыю. Пётр Мірончык”.

Капейск не адказвае
 “Сям’я маёй сяброўкі Анастасіі Пятроўны ПЕДА жыла ў нашай мясцовасці. А ў 1980-х яны пераехалі бліжэй да сваіх родных. Спачатку ўладкаваліся ў горадзе Коркіна Чэлябінскай воласці. А пасля смерці мужа ў 1987 годзе Анастасія пераехала ў горад Капейск той жа вобласці. Мы перапісваліся да 2003 года. Затым лісты ад яе сталі прыходзіць рэдка. А потым перапіска зусім абарвалася. Я звярталася ў аддзел унутраных спраў Капейска, мне паведамілі яе адрас. Я яшчэ некалькі разоў спрабавала туды напісаць — безвынікова. Елізавета Іванаўна Маісеенка, Віцебская вобласць”.

Школьныя гады
“Выпускнікі 1956—1957 года Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, адгукніцеся! Мы збіраем два выпускі ў адзін дзень. Дакладная дата не вызначана. Усё залежыць ад вас, паважаныя аднакласнікі. Успомніце свае школьныя гады, бесклапотнае дзяцінства і юнацтва. Наша школа пасля вайны існавала як інтэрнат, было па два-тры восьмыя класы. А якія цікавыя настаўнікі былі!   Усім удзячныя за веды, што мы набылі. Асабліва хацелася б сустрэцца з Нінай РЖАУЦКАЙ, Юрам ШАПАВАЛАВЫМ, які жыў у Стаўбцоўскім раёне, Святланай КАЧАЛАВАЙ (здаецца, яна пераехала ў Прыбалтыку). Чакаю сустрэчы. Ніна Мікалаеўна Лапко”.
“Сёлета спаўняецца 45 гадоў пасля заканчэння Мінскага фінансавага тэхнікума (зараз фінансава-эканамічны каледж). Мы вучыліся з 1959 па 1962 год, група № 79, спецыяльнасць — дзяржаўны бюджэт. Адгукніцеся Ала АЖЭЛЬ, Ніна БАРАЎНЁВА (Бароўнева), Роза ГАЛАВАН, Марыя БАГАМОЛАВА, Валя ГРЫНКЕВІЧ, Валя ГЛАДУН, Тамара УРУБЛЕЎСКАЯ, Таіса КРЫШТАЛЁВА, Зіна МАРОЗАВА, Тамара НАВАЖОНКАВА, Ніна ЛЕЛЯ, Іра ЛЕЦЯГА, Таня ТАЛОЧКА, Ала ЦІМ-ЧАНКА, Галя СНОТАВА, Зіна САМАДУРАВА, Яня СТАНКЕВІЧ і іншыя. Люба Ярашчук і Ася Будзько”.
 “А мы (група 77) скончылі Мін-скі фінансавы тэхнікум у 1962 годзе, раз’ехаліся па ўсёй Беларусі. Зараз ужо на пенсіі, ёсць час успомніць юнацтва. Цікава, як склаўся лёс Іны АЛІФІРЭНКІ, Зоі ПАЦКЕВІЧ, Тані МІХАЛЕВІЧ, Іны ХАРОВАЙ, Матроны СУГРЭЙ, Іры ПЯТРОВІЧ, Івана ХОХЛЫ, Мікалая МЕЛЬ-НІКАВА, Станіслава ПУХО-ВІЧА, Святланы КАНАПЕЛЬКІ, Валі ЧАРНУШЭВІЧ, Ніны ЯЎСЮК, Вольгі РАВІНСКАЙ, Дануты ПІЛІПЕНКІ і іншых. Наталля Іванаўна Ксяндзова”.
“У лютым 1972 года мы закончылі фельчарскае аддзяленне Магілёўскага медыцынскага вучылішча. 2 чэрвеня ў 13 гадзін у медвучылішчы адбудзецца сустрэча выпускнікоў. Адгукніцеся, Любоў ЛЕЙПУНОВА, Валянціна ШУМІЛІНА, Людміла ЯКАЎЛЕВА, Ганна ІВАНОВА, Наталля АБРАЗОЎСКАЯ, Ірына СОЛАДАВА, Раіса НОВІКАВА, Галіна СІНКЕВІЧ, Ірына КІТАЕВА, Марыя ТАЎСТАВУХАВА, Віктар СЕВЕРЦАЎ, Людміла АСКОЛКАВА, Мікалай ПАЛІЎНІН”.
“У 1956 годзе мы закончылі Дзмітровіцкую школу ў Бярэзінскім раёне. Перад выпускнымі экзаменамі я прапанаваў паехаць усім класам па камсамольскай пуцёўцы. Прапанову падтрымалі ўсе, паехаў чамусьці я адзін. Але ніколечкі не шкадую, што трапіў на працу ў вугальную прамысловасць, пазнаёміўся з такім цудоўным краем, як Данбас. Хачу сустрэцца з былымі аднакласнікамі, каб паглядзець адзін на аднаго і пагаварыць, як мы жылі гэтыя пяцьдзесят з лішкам гадоў пасля заканчэння школы. Васіль Мікалаевіч Крыварот, Барысаў”.

“У маі 2006 года ў Брэсце падчас байк-фестывалю, які праходзіў на базе лагера “Арлёнак”, я пазнаёмілася з маладым чалавекам, якога звалі Валерый (паміж сабой звалі яго Жакам), яму 34 гады. Ён прыехаў на фестываль з Пскова, на нумары матацыкла было чатыры тройкі. Разам з ім былі два сябры, аднаго з іх звалі Міша, ён быў з жонкай. Байк-фестываль прайшоў вельмі весела. Засталося многа прыемных уражанняў. Аднак, на жаль, мы не абмяняліся адрасамі. Магчыма, Валера прыедзе сёлета на фестываль. Я чакаю звестак ад яго. Інга Валер’еўна Богдан, Брэст”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter