"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Добрая навiна ляцiць сёння праз сотнi кiламетраў у суседнюю Украiну. Мы рады, што роднасныя адносiны аднаўляюцца i ўсяляк разам з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, чытачамi i радыёслухачамi садзейнiчаем напiсанню радаводаў.
ЗнайшлiсЯ!

Ала Данiлаўна Андрэева з Полацка напiсала нам па просьбе сваячкi Лiдзii Дзмiтрыеўны Андрэевай (Чарняўскай), якая жыве ва Украiне. Жанчына шукала роднага брата па бацьку Анатоля Дзмiтрыевiча Чарняўскага. Раней сям’я Чарняўскiх жыла ў вёсцы Селiшча Бабруйскага раёна (цi тады вобласцi). Брат адгукнуўся адразу. Ён вельмi ўзрадаваўся навiне i запрасiў сястру ў госцi.
Сваю сяброўку Валянцiну Савiцкую шукала мiнчанка Нiна Фёдараўна Бархаленка. Нам патэлефанаваў Сяргей Iванавiч Савiцкi. Ён расказаў, што Валянцiна Антонаўна, на жаль, пайшла з жыцця. Яго мацi Марыя Сяргееўна Савiцкая, стрыечная сястра адшукваемай, сябравала з гэтай цудоўнай жанчынай. Яна гатова расказаць пра лёс Валянцiны.
Марыя Яўцiхiеўна Васiлькова з Клiмавiч хацела даведацца, дзе яе сяброўка Ева Аляксан-
драўна Саверчанка. З радасцю паведамляем, што Ева Аляксандраўна Чыкава жыве ў Магiлёве. Яе дачка паведамiла, што мацi ўжо 84 гады, але яна добра памятае сваю сяброўку i аднасяльчанку, з якой шмат чаго давялося разам зведаць.

Родныя людзi
Ганна Мiхайлаўна Варашкевiч з Мядзельшчыны хоча даведацца пра лёс дзядзькi Iосiфа Уладзiмiравiча МАСЛОЎСКАГА, 1921 года нараджэння. “Ён жыў у Канадзе (Антарыо) з дачкой Лiндай, 1960 года нараджэння. Апошнi лiст ад яго мы атрымалi ў студзенi 2005 года. Адказалi. Аднак больш пiсьмаў не было. Спрабавалi патэлефанаваць — безвынiкова. Можа, што здарылася з iм. Гады ўжо немаладыя”.

Страцiў i не знайшоў
“Больш за 30 гадоў таму з-за глупства я страцiў сваё каханне, за што расплачваюся ўвесь гэты час. Хачу даведацца, як склаўся лёс Тамары Васiльеўны САСНОЎСКАЙ. Васiль Карняйчук, Вiцебская вобласць”.

Рыхтуюцца да сустрэчы
Эмiлiя Iосiфаўна Камароўская i Тамара Мiтрафанаўна Карпушкiна шукалi выпускнiкоў 1957 года Мсцiслаўскага, а потым Крычаўскага педвучылiшча. Жанчыны пакiнулi нам цэлы спiс сваiх былых аднагрупнiкаў. Сярод iх было толькi два прозвiшчы i iмёны мужчын. Адзiн з iх Пётр Цiмафеевiч Люсiкаў адразу ж адгукнуўся. “Прайшло паўстагоддзя, а шмат што засталося ў памяцi. Харошыя дзяўчаты ў нас былi. Я адразу пайшоў працаваць загадчыкам пачатковай школы, потым армiя, затым школа-iнтэрнат, дырэктар васьмiгодкi, завуч у сярэдняй школе, загадчык райана, партыйная работа. Буду рады сустрэцца з аднакашнiкамi”.
Лiдзiя Гаўрусёва, якая выйшла замуж за брата сваёй лепшай сяброўкi Нiны Сiнiцынай, усё жыццё сябруе з ёй. Яны часта ўспамiнаюць студэнцкiя гады. Хочуць убачыць сваiх дзяўчат i хлопцаў. А Нiна Харытонаўна Сiнiцына (Падкавенка) перадала таксама адрас Лiдзii Гардзееўны Астраковай, нагадала, што ў Крычаве жыве Вольга Драздоўская.

Сябры маладосцi

Настасся Цiмафееўна Рыжкова шукае Марыю Паўлаўну ВАТОЛIНУ (прозвiшча напiсана неразборлiва), з якой разам працавалi ў Баку ў 1956 годзе. “Я пiсала ёй у сяло Новагалоўка Джалiлабадскага раёна, адказу не было, i пiсьмы мае не вярталiся. Аднойчы спрабавала выслаць грошы, аднак прыйшло паведамленне, што Марыя памяняла адрас. Магчыма, яна пераехала з Азербайджана. Чакаю сустрэчы з сяброўкай юнацтва”.
“Шмат гадоў спрабую адшукаць сваiх сяброў маладосцi Iвана ЛЯПЕТА, яго жонку Таiсу i сястру Алену ЛЯПЕТА (прозвiшча дзявочае). У 1951—1953 гадах я вучылася ў настаўнiцкiм iнстытуце ў Маладзечне, тады i пазнаёмiлася з гэтымi шчырымi людзьмi. Алена была старэй за мяне i ўжо працавала настаўнiцай матэматыкi ў адной з маладзечанскiх школ. Вельмi хочацца сустрэцца з гэтымi людзьмi. Любоў Iванаўна Маркевiч (Папура), горад Вiлейка”.
“Дапамажыце адшукаць сяброўку Галiну Рыгораўну ПАНАМАРОВУ (Пушкарскую), 1947 года нараджэння. Нарадзiлася яна ў Беларусi, потым яе сям’я пераехала ў Грозны, а затым вярнулiся ў Беларусь. У Галiны два сыны-блiзняты: Андрэй i Валера. Людмiла Паўлаўна Анiкiна”.
Нiна Васiльеўна Адаменка (Дронава) хоча даведацца, як склаўся лёс яе сябровак, з якiмi разам вучылiся i жылi  пасля вызвалення Беларусi ў вёсцы Шыцiкi Кабiшчанскага сельсавета. “Вучыцца тады было складана, не хапала падручнiкаў, алоўкаў, пiсалi на нейкiх абрыўках. Але ўсе цягнулiся да навукi, дапамагалi адзiн аднаму. Ведаю, што пасля школы Iра IВАНОВА паступiла ў педвучылiшча ў Вiцебск, пасля заканчэння працавала ў Гарадоцкiм райкаме. Валя МАСКАЛЁВА i Лiда ДЗЯНIСАВА паступiлi ў сельгастэхнiкум (здаецца, таксама ў Вiцебск). А я пайшла вучыцца ў Невельскую фельчарска-акушэрскую школу, працавала ў Расii фельчарам. Зараз жыву ў Магiлёве. Спадзяюся, што адгукнуцца мае дзяўчаты цi iх дзецi, унукi”.

Каханне яе жыцця
“Шукаю сустрэчы са сваiм мiнулым — каханнем усяго жыцця. Дастаткова даведацца, дзе гэты чалавек, як жыве. З 1977 па 1981 год я вучылася ў Жалудоцкiм медвучылiшчы. Там i сустрэла Валеру (блiзкiя i родныя звалi яго Валiкам). Ён тады жыў у Шчучынскiм раёне. Мы маглi размаўляць пра ўсё на свеце гадзiнамi — Валерка быў заўсёды побач. Толькi калi яго забралi ў армiю, я зразумела, якое месца гэты чалавек займае ў маiм жыццi. Але я здрадзiла. Тады я не ведала, што Валера служыў у Афганiстане, быў паранены. Яго блiзкiя прасiлi, каб я не спыняла перапiскi i, па магчымасцi, не паведамляла яму “прыемную навiну” пра маё вяселле. Я так i зрабiла. Аднак сустрэчы не магла пазбегнуць. Той дзень назаўсёды ў маёй памяцi. Не хочацца ўзгадваць. Можа, хто ведае, як склаўся лёс Валерыя Станiслававiча ГЕРАСIМОВIЧА, 1960 года нараджэння, паведамiце. Алена, горад Iўе”.

Адгукнiцеся, аднакурснiкi!

У рэдакцыю патэлефанавала Тамара Андрэеўна Пiнчук (Сердзюкова). Яна хоча адшукаць сяброў-аднакурснiкаў, з якiмi вучылася ў Мiнскiм бiблiятэчным тэхнiкуме iмя Пушкiна i якi закончыла ў 1957 годзе. “Гэта быў дзевяты выпуск, група Б. Класны кiраўнiк Рыгор Iванавiч Валынец. Хочацца ведаць, як склаўся лёс кожнага, сустрэцца, успомнiць студэнцкiя гады i адчуць сябе маладым. Адгукнiцеся Нiна БАРЫСАВА, Ганна ДУБОВIК, Рыма КРАЕЎСКАЯ, Маша КУЛЬБIЦКАЯ, Галiна КУРЫЛЬЧЫК, Галiна КАЧЭРГIНА, Марыя ВIННIК, Люся ЛОСIК, Стэла i Святлана МАХНАЧ, Раiса СТАСЕВIЧ i iншыя. Мой тэлефон у Мiнску 275-82-42”.
Выпускнiкi групы 3В, якiя закончылi ў 1972 годзе тэатральнае аддзяленне Магiлёўскага культурна-асветнiцкага вучылiшча iмя Н.К.Крупскай, запрашаюцца на сустрэчу. Яна адбудзецца 19 мая ў 11 гадзiн у роднай альма-матэр.
Тэлефоны для даведак: 8-02342-42-702, 370-37-16.

Я мог саступiць
Сваё каханне Марыю БОНДАР (прозвiшча дзявочае), 1934 года нараджэння, хоча знайсцi Анатоль Iванавiч з Маладзечна. “Марыя жыла ў пасёлку велазавода па вулiцы Стандартнай, працавала на швейнай фабрыцы iмя Крупскай. Мы пазнаёмiлiся ў 1956 годзе, калi я дэмабiлiзаваўся. Гэта была сцiплая i вельмi прыгожая дзяўчына. Мы пакахалi. Аднак лёсам, вiдаць, было наканавана iншае — мы пасварылiся. Я мог саступiць, але не зрабiў гэтага. З таго часу мы больш не бачылiся. Я прашу ў Марыi прабачэння. Магчыма, яна не крыўдуе — шмат гадоў прайшло. Я ж памятаю ўсе сустрэчы. Можа, яна захоча зараз убачыцца са мной, буду вельмi ўдзячны”.

Сабрацца вялiкай сяям’ёй
“Мяне выхоўвала мацi. Бацька спачатку кiнуў нас, потым спрабаваў вярнуцца. Зараз я не крыўдую на яго. Ёсць, мабыць, прычыны на ўсе яго ўчынкi. У бацькi засталiся сёстры: Валянцiна Серафiмаўна ЗАВАДСКАЯ (нарадзiлася ў вёсцы Ластавiчы Глыбоцкага раёна). Магчыма, там нарадзiлiся Яўгенiя Серафiмаўна, Лiдзiя Серафiмаўна i Нiна Серафiмаўна ЗАВАДСКIЯ (прозвiшча цётак дзявочае). Зразумела, што ў iх свае сем’i, дзецi, унукi. А я мару, каб у мяне з’явiлiся родныя, якiх я нiколi не бачыла. Проста хочацца сабрацца вялiкай сям’ёй, якой у мяне нiколi не было. Тамара Вiкенцьеўна Цялюк (Завадская), 1954 года нараджэння, горад Мiнск”.

Боль запаланiЎ душу

“Няма нi ночы, нi дня, каб я не думала пра сына. Сэрца, здаецца, акамянела. Боль запаланiў душу. У маi будзе тры гады, як мой сын Iгар Яўгенавiч ЛЫСКАВЕЦ паехаў у Расiю на заробкi. З таго часу пра яго няма нiякiх звестак. Да 2004 года Iгар жыў i працаваў у Мiнску, а ў маi накiраваўся ў Расiю, казаў, што заробiць грошай i прыедзе з падарункамi. Як паехаў, так i прапаў. Дзе ён, што з iм? Хоць бы патэлефанаваў. Магчыма, Iгар паехаў у Расiю не адзiн. Хай адгукнуцца тыя людзi. Малю, раскажыце, што з маiм сынам. Вольга Iванаўна Лыскавец, Барысаўскi раён”.
“Мой сын Аляксандр Антонавiч ЕРМАНТОВIЧ (10 красавiка 1960 года нара-
джэння, вёска Серкi Лiдскага раёна) гадоў дваццаць як жыве ў Расii, у Ангарску. Спачатку прыязджаў, часта пiсаў. Ён развёўся з жонкай, жыў адзiн. Апошнi лiст ад Сашы прыйшоў гады тры таму. Я пiсала туды, адказу не было. Не ведаю пра яго нiчога i зараз. Хай абавязкова патэлефануе. Я з нецярпеннем чакаю яго дадому. Вера Васiльеўна Ермантовiч, Гродзенская вобласць”.
Мiнчанка Нiна Прохараўна Баншчык шукае свайго сына Уладзiмiра Станiслававiча ХАДАНОВIЧА, 8 сакавiка 1958 года нараджэння. “Спачатку сям’я сына (жонка Рыта, сыны Вiктар i Арцём) жыла ў Мiнску, потым прадалi кватэру i пераехалi ў Расiю да родных нявесткi. На жаль, Рыта была дрэннай гаспадыняй i мацi, што таiць — пiла. Я, можна сказаць, на сваю пенсiю кармiла iх сям’ю. Рыта захацела пераехаць да сваёй раднi, быццам бы там грошы добрыя зарабляюць, ёй заўсёды было мала грошай, не хапала апахмялiцца (Уладзiмiр у Мiнску працаваў на велазаводзе). Пацягнула за сабой i мужа з сынамi. Я сама брала iм бiлеты (па памяцi, на цягнiк Мiнск — Санкт-Пецярбург — Новамаскоўск). Яны ехалi з перасадкай у раённым цэнтры Старыя Таропы. Куды потым паехалi, не ведаю. Здаецца, бацькi Рыты жылi недалёка ад гэтага населенага пункта, дома гадавалi нутрый. Нявестка хвалiлася, што быццам бы купiла ўжо там хату цi кватэру. Але я ёй не верыла. Дзяцей мне шкада, унукаў. Як яны там, чаму не пiшуць, не тэлефануюць. Калi дрэнна жывецца, хай вяртаюцца, я заўсёды буду iм рада. Яшчэ адшукваю звесткi пра свайго бацьку Прохара Сцяпанавiча БАНШЧЫКА, 1910 года нараджэння. У 1941-м яго забралi ў армiю. Пачалася вайна. Пiсьмаў дадому не пiсаў. Пасля Вялiкай Айчыннай прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Сям’я да вайны жыла ў вёсцы Седча Пухавiцкага раёна. Потым пераехалi ў саўгас “Заазер’е”, участак Такарыя. Бацька не ведаў пра пераезд. Ёсць розная iнфармацыя пра яго далейшы лёс. То быццам ён загiнуў, то ажанiўся другi раз, нават i сыны былi. Магчыма, гэта сапраўды так. Тады дзесьцi жывуць мае родныя па бацькавай лiнii па прозвiшчы Баншчык. Адгукнiцеся”.

Прапалi без вестак

“Сорамна, што мы, дзецi, не ведаем, дзе пахаваны бацька Варфаламей Варфаламеевiч ПЛIСОЎСКI, 1904 года нараджэння. Жыў у вёсцы Журкова Емяльянаўскага сельсавета Смалявiцкага раёна. Яго забралi на фронт у 1944 годзе. Часць фармiравалася ў вёсцы Жажэлка. Бацька даслаў дадому толькi адзiн лiст, у якiм паведамляў, што iшлi яны да месца прызначэння дзён шаснаццаць, хутка бой. Пiсьмо захавалася, на iм пазначаны адрас вайсковай часцi: палявая пошта 15268-А. Мацi пасля вайны атрымала паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Старэйшая сястра спрабавала адшукаць звесткi пра яго — беспаспяхова. Матуля наша пакiнула ўжо гэты свет. А мы спадзяёмся адшукаць iнфармацыю пра нашага бацьку цi месца яго пахавання. Галiна Варфаламееўна Хмяльнiцкая, Рагачоўскi раён”.
Звесткi пра свайго бацьку шукае Уладзiмiр Аляксандравiч Андрэйчанка. Аляксандр Рыгоравiч АНДРЭЙЧАНКА нарадзiўся ў 1913 годзе, жыў у Вiцебскай вобласцi. Пайшоў на фронт у 1941 годзе. Прапаў без вестак. З фронту не вярнуўся i яго брат Васiль Рыгоравiч АНДРЭЙЧАНКА, 1919 года нараджэння.  Магчыма, звесткi пра iх засталiся ў архiвах.
“Маёй мацi ўжо 92 гады. Пасля вайны яна адшукала амаль усiх родных, акрамя брата Антона (Антося) Карлавiча УРБIЦУ (бацька iх быў немец, аднак да вайны шмат гадоў жыў у Беларусi, тут i ажанiўся). Брат нарадзiўся ў 1921 годзе. Прызываўся Жыткавiцкiм ваенкаматам (тады Палескай вобласцi). Мы нават не ведаем, дзе ён ваяваў. Спадзяёмся, што засталiся яго былыя аднапалчане цi людзi, якiя яго ведалi. Валянцiна Андрэеўна Зубец, Глускi раён”.
Месца пахавання свайго брата Фауста Мiхайлавiча ДАМIНIКОНА адшуквае Фаiна Мiхайлаўна. Прызываўся на фронт Нясвiжскiм райваенкаматам. Разам з iм пайшоў на вайну Iосiф Абрамовiч. Ён вярнуўся дадому, а брат не. Iосiф паведамiў, што бачыў яго пад Слуцкам. Куды Фауста накiравалi далей — невядома”.
“Звяртаюся з просьбай да ветерэнаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны. Магчыма, каму-небудзь вядомы прозвiшчы i iмёны: Iгнат Якаўлевiч ПАНАМАРЭНКА, 1906 года нараджэння,  Макар Якаўлевiч ПАНАМАРЭНКА, прыкладна 1920—1922 года нараджэння. На фронт прызывалiся ў першыя днi вайны Краснаяружскiм ваенкаматам Курскай вобласцi. Было ад iх толькi два пiсьмы. Пра што паведамлялi — не ведаю. Мы, iх сёстры i брат (Ефрасiння, Марыя i Мiхаiл), выжылi ў той вайне. Страцiлi мацi, жылi спачатку з бабуляй, потым нас накiравалi ў дзiцячы дом Суджанскага раёна Курскай вобласцi.  Мы шмат гадоў шукаем Iгната i Макара, аднак безвынiкова. Яшчэ я хачу знайсцi сяброў, з якiмi была ў дзiцячым доме i вучылася ў педтэхнiкуме: Яўгенiю Iванаўну КУНIНУ (магчыма, прозвiшча недакладнае), Вiктара Васiльевiча БЕЛАНОГАВА, Веру МIХЕЕНКА, Ганну АБРАМАВУ, Кацярыну КЛЯЎЦОВУ, Капiталiну РАЗАНКОВУ, Галiну ТРОШЫНУ, Марыю САЛАЎЁВУ (амаль усе родам з Курскай вобласцi). Магчыма, хто-небудзь з iх пераехаў у Беларусь цi ў нашай краiне жывуць сваякi гэтых людзей, адгукнiцеся. Ефрасiння Iгнатаўна Фiдзiрко, Мiнск”.
“Падчас Вялiкай Айчыннай прапаў наш брат Аляксандр Навумавiч САЧЫЎКА. Дома мы звалi яго Шура. Ён нарадзiўся ў лютым 1924 года. У 1941-м скончыў 10 класаў Ветрынскай сярэдняй школы (зараз Полацкi раён). Перад самай вайной Шура паехаў у Тамбоў, увосень 1941-га паступiў у педiнстытут на фiзмат. Вечарам займаўся на курсах радыстаў. 6 сакавiка 1942 года з Тамбова яго прызвалi на фронт. Шура ўвесь час перапiсваўся з цёткай Марыяй, якая тады жыла ў Архангельскай вобласцi. Некаторыя яго лiсты цётка пасля вайны прыслала нам. У iх Шура прасiў пiсаць на iмя капiтана Мяшкова (цi Мешкава). Наш бацька пасля вайны доўга шукаў сына, нiдзе пра яго не было звестак. Толькi ў Ветрынскiм ваенкамаце паведамiлi, што ён прапаў без вестак у лiпенi 1942 года. Аднак Шура пiсаў цётцы ў жнiўнi таго года. Тады ён быў яшчэ жывы. Магчыма, тут нейкая тайна, якую праз столькi гадоў можна адкрыць? Лiдзiя Навумаўна Малюкова (Сачыўка), Наваполацк”.
“У лiпенi 1944 года ў вёсцы Кукавiчы Капыльскага раёна (тады Баранавiцкай вобласцi) знаходзiўся 476-ы палявы шпiталь. А мы (тады яшчэ хлопцамi былi) дапамагалi перавозiць параненых, бое-прыпасы, медыкаменты. Шпiталь часта пераязджаў. Рухалiся праз Нясвiж, Баранавiчы, Ружаны, Белавежскую пушчу. Можа, яшчэ жывуць тыя, каму мы дапамагалi, адгукнiцеся, вельмi чакаем сустрэчы. Iван Iванавiч Канончык, Iван Аляксандравiч Муха”.
Аднапалчан свайго брата (цi людзей, якiя з iм служылi) шукае Лiдзiя Васiльеўна Чарнагорава з Вiцебска. “Мой брат Уладзiмiр Васiльевiч КРАСНЕНЬКI, 1921 года нараджэння, пайшоў у армiю яшчэ ў 1939-м. Спачатку служыў у Львове танкiстам. Прызываўся з Гарадоцкага раёна, мы тады жылi ў калгасе Крупскай Вайханскага сельсавета. Потым пераехалi ў Вiцебск, купiлi дом у прыгарадзе. У апошнiм лiсце Валодзя паведамляў, што iх часць пераводзяць пад Кiеў. Разам з братам у армiю пайшоў зямляк Канстанцiн Прышчэпаў, яны служылi ў адной часцi. Падчас вайны нашу сям’ю немцы вывезлi спачатку ў лагер у Вiцебск, а потым у Германiю (канцлагер Штутгарт). Затым аддалi памешчыку ў маёнтак Вiебург (так у лiсце). Вызвалiлi нас 2 сакавiка 1944 года. Бацькi былi тады ўжо ў гадах ды i здароўе падарвалi на працы. Малодшаму брату было 5 гадоў. Цяжка жылося i пасля вайны. Але мы не адчайвалiся. Потым жыццё наладзiлася. Увесь час мы не забывалi пра брата, чакалi яго дадому цi хоць пiсьма ад яго.  Спадзявалiся, што застаўся жывы. Але ён не вярнуўся, мы нават не ведаем, дзе загiнуў. Звяртаюся да нашых вызвалiцеляў: магчыма, хтосьцi памятае брата, паведамiце”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter