Помнік, які аб’яднаў дзесяць краін

У Гальшанах пачалі ствараць віртуальны музей Дугі Струвэ

Віртуальны музей унікальнага аб’екта, унесенага ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, ствараецца ў Гальшанах

Нагадаем, што непадалёку ад гэтага мястэчка на Ашмяншчыне размяшчаецца геадэзічны пункт Тупішкі (Цюпішкі) сусветна вядомай Дугі Струвэ (на здымку).

Праца, якая прывяла да стварэння Руска-Скандынаўскай дугі — самага доўгага градуснага вымярэння дугі мерыдыяна, што праводзілася вучонымі-геадэзістамі да ХХ стагоддзя, распачалася ў XIX стагоддзi. Кіраваў работамі астраном і геадэзіст В. Я. Струвэ, заснавальнік і першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі. На ўсім працягу маршруту было ўстаноўлена 265 апорных пунктаў трыангуляцыйнай сеткі, якая прайшла праз дзесяць краін. Уся ж дуга працягнулася на 2820 кіламетраў, ад Феглесэна ў Нарвегіі да вусця Дуная паблізу Ізмаіла, на ўзбярэжжы Чорнага мора.

Трэба адзначыць, што праца была выканана з максімальнай дакладнасцю, якую пацвердзілі сучасныя кас-мічныя здымкі. Пагрэшнасць кантрольнага аэракасмічнага вымярэння Руска-Скандынаўскай дугі на правераным адрэзку склала 3,5 сантыметра.

Пазней, з цягам часу Дуга Струвэ страціла сваё прызначэнне і на многія гады была забыта. Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія вучоныя спрабавалі адшукаць пункты трыангуляцыі, аднак пяць гадоў пошукаў не далі рэзультату: многія з іх апусціліся ў зямлю, былі знішчаны войнамі і будаўніча-гаспадарчай дзейнасцю. Па-новаму адкрыла і ўзнавіла 19 з 31 існуючага раней на тэрыторыі нашай краіны пункта дугі ў 2001 годзе экспедыцыя пад кіраўніцтвам былога дырэктара РУП «Белаэракосмагеадэзія», дацэнта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Уладзі-міра Мкртчана. Сярод іх і пункт Тупішкі, што знаходзіцца на тэрыторыі Гальшанскага сельскага Савета.

А ў пачатку мінулага года ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы пачалося стварэнне віртуальнага музея гэтага ўнікальнага помніка. Праца стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням Ашмянскага райвыканкама, які выдзеліў на гэтую мэту 57 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту, і сродкам, выдаткаваным асацыяцыяй ALDA, якая знаходзіцца ў Страсбургу, дзякуючы перамозе падрыхтаванага мясцовымі бібліятэкарамі праекта «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры» ў конкурсе асветніцкага грамадскага аб’яднання імя Льва Сапегі.

У ходзе яго рэалізацыі набыта сучасная аргтэхніка, распрацаваны рабочы праект сайта музея, адрамантавана памяшканне, набыты шкляныя вітрыны і значная частка неабходнай літаратуры, падрыхтавана друкаваная рэкламная прадукцыя. Зараз музей актыўна напаўняецца. За гэты час удалося сабраць багаты матэрыял. На старонках сайта можна будзе азнаёміцца не толькі з пунктамі Дугі Струвэ ў тых краінах, дзе яны захаваліся, але і адкрыць для сябе культуру і традыцыі народаў гэтых краін: прыняць удзел у віртуальных экскурсіях з выкарыстаннем кругавой панарамы, праглядзець фільмы, наведаць фотагалерэі і знайсці вялікую колькасць іншай карыснай інфармацыі.

Адным з адметных экспанатаў стаў сертыфікат ЮНЕСКА, уручаны загадчыцы бібліятэкi і кіраўніку праекта Ліліі Рагінскай падчас пасяджэння пятага Каардынацыйнага камітэта Дугі Струвэ, якое ў ліпені бягучага года адбылося ў Гальшанах. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі ўсіх дзесяці краін, праз тэрыторыю якіх пралягло Руска-Скандынаўскае трыангуляцыйнае градуснае вымярэнне: Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы.

Нядаўна ж у межах праекта ў Гальшанах адбыўся міжнародны семінар, які стаў для стваральнікаў музея свое-асаблівай справаздачай аб зробленым з пачатку года. Удзел у ім прынялі старшыня праўлення асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобас, каардынатар праекта ад асацыяцыі АLDA Пітэр Зондэргард. Праца атрымала высокую ацэнку і працягваецца.

Дапоўніла ж навуковую сустрэчу экскурсія на пункт Тупішкі, дзе работнікі культуры падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне і пачаставалі ўдзельнікаў семінара беларускімі журавінамі, знаёмства з гісторыяй мястэчка Гальшаны, з выставай «Гальшанскі альфабэт», краязнаўчым музеем імя Ф. Багушэвіча. Менавіта так і плануецца праца будучага музея, згодна з праектам нацэленая на знаёмства з нацыянальнай культурай і гісторыяй краін, праз якія пралягае Дуга Струвэ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.3
Загрузка...
Новости