Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Тэматычны вечар “Званы Хатыні” прайшоў па ініцыятыве нарвскай беларускай суполкі “Сябры”

Полымя памяці

У зале Нарвскага Дома народаў размясцілася перасоўная выстава “Хатынь і яе сёстры: трагедыя і памяць” (экспазіцыю прывезлі супрацоўнікі Беларускай Амбасады ў Эстоніі), усталяваны стэнд з фотаздымкамі з Беларусі — выявамі помнікаў Другой сусветнай вайны. Кампазіцыя з яловых галінак, чырвоных гваздзікоў ды імітацыя Вечнага агню стваралі атмасферу смутку. Актывісты суполкі “Сябры” прадставілі гасцям літаратурна-музычную кампазіцыю, у якой распавялі пра жахі вайны, пра трагедыю ў Хатыні 22 сакавіка 1943 года. Тым часам дэманстраваліся фота- і відэакадры пра вайну і Хатынь. Са слязамі на вачах людзі слухалі аповед пра трагедыю ад нарвскіх “Сяброў”. Пасля гэтага клірык нарвскага Васкрасенскага кафедральнага сабора пратадыякан Вадзім Талаеў абвясціў “Вечную памяць загінулым”.

Выступае Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь
Фота: віктар байкачоў

Выступалі госці. Амбасадар Беларусі Анатоль Сцёпусь казаў, што Хатынь — гэта незагойная рана беларускага народа. Пра ўрокі мінулай вайны, памяць пра яе, супольнае ўтрыманне міру на Зямлі гаварылі Генеральны консул Расіі ў Нарве Юрый Грыбкоў, дэпутат гарадскога сходу Ларыса Аленіна, кіраўніца Таварыства славянскіх культур “Святогор” Ала Матвеева, старшыня Саюза былых малалетніх вязняў фашызму Мікалай Аляксееў, прадстаўнік Саюза ветэранаў баявых дзеянняў і ваеннай службы “Бастион” Барыс Абрамаў ды іншыя. Разам з намі былі старшыня Круглага стала нацыянальна-культурных таварыстваў пры Міністэрстве культуры Эстоніі Аляксандр Дусман, дэпутаты гарадскога сходу, кіраўніцтва горада, прадстаўнікі Савета ветэранаў горада-пабраціма Нарвы — Івангорада, кіраўнікі рускіх суполак “Надежда”, “Русич”, жыхары горада.

Колькі б гадоў ні мінула з часу Хатынскай трагедыі, для беларускага народа памяць пра яе заўсёды будзе святая. Полымя Хатыні абпальвае нашы сэрцы, нагадваючы пра тое, што трэба берагчы мір і спакой на роднай зямлі. Распавядаючы пра жахі вайны, мы ўсе разам змагаемся за мір.

Віктар Байкачоў, Нарвская беларуская суполка “Сябры”, Эстонія

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter