Балетмейстер-самородок Николай Котов более полувека переносит на сцену праздничную культуру наших предков

Полька на чатыры бакі


Даследчык беларускага фальклору, самабытны балетмайстар і харэограф народных танцаў Мікола КОТАЎ больш як паўвека пераносіць на сцэну святочную культуру нашых продкаў. Беларускі фальклор ён прапагандаваў у Расіі, Украіне, Прыбалтыйскіх краінах, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Францыі, ЗША. Пад яго кіраўніцтвам чатыры танцавальныя калектывы з Палесся атрымалі званне народных. Сялянскі самародак шчыра дзяліўся сваім сцэнічным талентам са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, дзе ён працяглы час выкладаў. У свае амаль 80 гадоў творца кіруе фальклорным тэатрам «Матуліна хата», што дзейнічае ў сталічным мікрараёне Малінаўка. Творчая праца апантанага дзеяча культуры адзначана бронзавым медалём ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, шматлікімі ўзнагародамі Міністэрства культуры Беларусі. Першым у старажытным Тураве Мікола Котаў атрымаў званне ганаровага жыхара горада.

На цэнтральнай плошчы тысячагадовага Турава непадалёку ад велічнага манумента ахвярам Вялікай Айчыннай вайны на невысокім падмурку ўсталяваны памятны камень у гонар народнага ансамбля танца «Прыпяць». Больш як паўвека таму гэты палескі мастацкі ка­лек­тыў стварыў малады Мі­ко­ла Котаў. Прыехаў ён на Ту­раў­шчы­ну пасля заканчэння спе­цы­яль­ных курсаў кіраўнікоў танцавальных калектываў пры Гомельскім абласным доме народнай творчасці. 

Правінцыяльны гарадок, адрэзаны ад свету паўнаводнай Прыпяццю, уразіў юнака арыгінальнасцю. У цэнтры яго на плошчы каля прамтаварнага магазіна вечарамі гарэла адзіная на ўсё паселішча электралямпачка. 

На вузенькіх тураўскіх вулачках, забудаваных драўлянымі хатамі, хлявамі з чаротавымі да­хамі, сярод тутэйшых су­стра­ка­ліся паляшучкі ў пярэстых ат­лас­ных спадніцах, аздобленых рознакаляровымі стужкамі. Так прынята было апранацца ў глыбінным гарадку. Уразіла прыезджага і паўраспеўная гаворка палешукоў. Дзе яшчэ можна пачуць, што «жыта жыруе». 

Чароды хатніх гусей і качак мірна паласкаліся ў рачной пратоцы разам з безліччу кулікоў, кнігавак, чапляў, буслоў, ныркоў і іншых пярнатых гаспадароў шырокай лугавіны ў міжрэччы Прыпяці і яе старыцы. Некалькі разоў на дзень прычальвала да тураўскага берага імклівая «ракета» на падводных крылах, якая курсіравала паміж Пінскам і Мазыром. 

У выхадныя і святы побач з Замкавай гарой ладзіліся кірмашы, на якія з’язджаліся жыхары навакольных вёсак. Такой сустрэла рэчыцкага юнака былая сталіца Тураўскага княства. 

Вестка пра маладога кіраўніка танцавальнага калектыву хутка разляцелася. У двухпавярховым Доме культуры сабралася два дзясяткі жадаючых заняцца танцамі. На першай репетыцыі Мікалай Конанавіч загадаў ім заняць першую пазіцыю, трымаючыся адной рукою за спінку крэсла. Не паспеў кіраўнік даць каманду маладому баяністу Івану Шрубу, як пачуў: «Што гэта за танцы, калі за крэслы рукамі трымаемся?»

— І як далі яны польку на чатыры бакі, то я адчуў, што мне ў іх трэба танцам вучыцца, а не вучыць. Пазіраючы на гарэзлівых танцораў, прытупвалі нагамі клубныя тэхнічкі Настасся Дзедавец і Яўгенія Дубнова. Такога павароту я не чакаў. Быў у Доме культуры цудоўны хор, а сцэнічнымі танцамі ніхто не займаўся. Тураўская полька мяне збянтэжыла. Маладыя палалі ў танцы, ні аднаго лішняга руху. Гэта полька асаблівая тым, што яна падложная. Ногі ў танцораў ад падлогі не адрываюцца. Праз музыку было чуваць толькі шум дзявочых спадніц. Так пачаліся мае творчыя будні ў ціхім Тураве. Ад моладзі пераняў невядомыя мне палескія танцы.

Рэпеціравалі амаль кожны вечар. Салёным потам залівалі падлогу. Сталі рыхтавацца да першага выступлення перад гледачамі. Рэпертуар дапоўнілі слыннай «Лявоніхай». 

Напачатку ў танцавальнага калектыву ўзніклі складанасці з касцюмамі. Хто што мог, прыносілі з дому. Падшывалі, падганялі строі пад кожнага танцора. Касцяк складалі старшакласнікі, маладыя ме­ха­ні­за­тары, жывёлаводы, рабочыя кансервавага заводу. 

— Першы канцэрт далі ў Тураве. Выступленне было паспяховым. Нас прызналі лепшым танцавальным калектывам раёна. Каб адправіцца на абласны агляд мастацкай самадзейнасці, неабходны былі стылізаваныя касцюмы. Кіраўніцтва раёна выдзеліла сродкі, і я адправіўся ў Гомель заказваць рэквізіт. Касцюмы нам хутка пашылі. Як толькі шаснаццаць нашых танцавальных пар выйшлі на сцэну, адразу зала ўзнялася. Такога гамяльчане яшчэ не бачылі. Журы высока ацаніла наша выступленне. Праз год атрымалі ганаровае званне народнага ансамбля танца «Прыпяць».

— Мікалай Конанавіч, што дало такое званне калектыву?

— У штатны расклад Ту­раў­ска­га дома культуры дадалі балетмайстра і харэографа. Званне ўзняло і маральны дух у калектыве. Шмат жадаючых было трапіць у асноўны танцавальны склад. Заняткі праходзілі з рознымі ўзроставымі групамі, пачынаючы ад выхаванцаў дзі­ця­­чага садка. Кіраўніцтва кал­гаса «Новае жыц­цё», які сла­віў­ся высокімі ўра­джаямі сельгаскультур, выдзяляла транспарт для паездак з канцэртамі па Гомельшчыне. 

Пабываўшы на адным з нашых выступ­ленняў, старшыня суседняга калгаса імя Жданава Міхаіл Якубоўскі загарэўся жаданнем стварыць танцавальны калектыў у Верасніцкім сельскім клубе. Двойчы на тыдзень я праводзіў там рэпетыцыі дзіцячага гуртка «Верасок». У веснавое разводдзе па грэблі пешшу дабіраўся за дзясятак кіламетраў з Турава ў Верасніцу. Праз некалькі гадоў «Верасок» атрымаў званне народнага танцавальнага калектыву. 

Ездзіў і за 30 кіламетраў у столінскую вёску Рамель вучыць моладзь танцам. Старшыня рамельскага калгаса франтавік Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч двойчы на ты­дзень прысылаў аўтамашыну. Да апоўначы грымеў ад танцаў новы сельскі клуб. Рамельскі калектыў «Ніва» таксама быў уганараваны званнем народны. На прадстаўнічых канцэртах аб’ядноўвалі ў сцэнічных танцах некалькі ўзроставых груп. Атрымлівалася велічна і прыгожа. 

— Каб кожны танец меў сваю арыгінальнасць, аднекуль трэба было пераймаць дэталі. Як удавалася іх вышукваць?

Балетмайстар Мікола КОТАЎ з салісткай тэатра фальклору «Матуліна хата» Кацярынай Першлевіч.
— Вандраваў па аддаленых палескіх вёсках. Наведваў вяселлі, прастольныя святы, розныя ўрачыстасці, дзе былі танцы. Браў з сабою магнітафон і запісваў. Распытваў у вяскоўцаў. Бывала, што проста на вуліцы для мяне танчылі. Пільна ўглядаўся ў кожны рух. Найбольш багатымі на ўдачу былі сустрэчы каля Жыткавіцкага райваенкамата, куды з розных вёсак прывозілі навабранцаў праводзіць на службу ў армію. Заліваліся гармонікі, грымелі бубны, устройваліся імправізаваныя скокі. Толькі паспявай прыкмячаць, якія каленцы выкідвае вясковая моладзь. Там шчодра чэрпаў я багацце народнага танца. Аздабляў нібыта брыльянтамі нашы харэаграфічныя кампазіцыі. Менавіта ў час провадаў у армію ўбачыў, як разагрэтыя музыкай вяскоўцы са словамі «Эй, ты, кука!» пусціліся ў скокі. Падкупалі іх непасрэднасць і прыгажосць. Так нарадзіўся танец «Кука».

Вяртаючыся з выраю, пералётныя птушкі садзяцца адпачыць на тураўскі луг. У гэты вясновы час ён пераўтвараецца ў птушыны базар, дзе віруе казачны карагод. Гэта падштурхнула стварыць харэаграфічную кампазіцыю «Карагод на Пры­пяці». Калектывам вы­хо­дзі­лі вясною на лугавіну ці поле палюбавацца прыроднай прыгажосцю.

Свой працоўны дзень я звычайна пачынаў з калгаснага двара. Слухаў, як старшыня калгаса «Новае жыццё» Іван Паршута даваў нарад. А перад ім кіраваў гаспадаркай Мікалай Арцюшка. Яны абодва танчылі ў нашым ансамблі.

— Каб стаць танцорам, трэба мець не толькі музычны слых…

— Увогуле, танец — стылізаваны рух, як першааснова жыцця. Дзіця яшчэ не народзіцца, а ўжо б’е ручкамі і ножкамі пад сэрцам маці. Яно спачатку рухаецца, як можа, і потым ужо, убачыўшы свет і глынуўшы паветра, падае голас. Рух — своеасаблівае слова, мова ў адносінах і разуменні першабытных людзей. Спачатку менавіта рухам выказваліся чалавечыя пэўныя думкі, адносіны да заняткаў, да той ці іншай з’явы ў прыродзе. Паступова чалавек прыйшоў да танца, далёкага ад мастацкіх асноў, а потым ужо да слова, да песні. Менавіта сялянскія заняткі паслужылі асновай стварэння танцаў «Ка­ша­лі-кашолачкі» і «Дранічкі-буль­бянічкі». Нам пашчасціла ўхапіць дух палескага танца. 

У нашых танцавальных кам­па­зі­цыях адначасова ўдзель­ні­ча­ла да 60 асоб. Ні адна раённая ці абласная больш значная ўрачыстасць не абыходзілася без нас. 

— Рэпертуар ансамбля поў­ніў­ся новымі ха­рэ­агра­фіч­нымі кампазіцыямі. Пэўна, і пашыралася геаграфія выступленняў?

— Праз год мы прадстаўлялі рэспубліку ў Маскве. У Калоннай зале Дома Саюзаў сваё выступленне пачалі з вядомай «Лявоніхі». Нас выклікалі па некалькі разоў на «біс». Пасля канцэрта на сцэну прыйшоў павіншаваць з поспехам Пётр Клімук. Танчылі на сцэне маскоўскага парка імя Горкага, на выставачнай пляцоўцы ВДНГ, дзе былі адзначаны бронзавымі медалямі і ганаровымі граматамі. 

Потым пачаліся шматлікія канцэрты па прасторах былой вялікай краіны. Выступалі ў Тбілісі, Кіеве, Малдове. Нас цёпла прымалі жыхары чэхаславацкага горада Нова Будаёвіца, многіх еўрапейскіх краін. Здымаліся ў шматсерыйным тэлефільме па рамане Івана Мележа «Людзі на балоце» і ў мастацкім фільме «Паводка». Мяняліся пакаленні танцораў. Аднымі з першых удзельнікаў ансамбля былі сённяшні тураўскі святар айцец Васіль, у Пінскім дзяржкаледжы мастацтваў выкладае танцы Міхаіл Сеген. Ганаровае званне заслужанага работніка культуры атрымаў мой выхаванец Фёдар Сідзельнік, які жыве ў Ленінградскай вобласці. Афіцэрам расійскай арміі стаў Іван Мато. Жыве ў Маскве. На малой радзіме ў Тураве аднавіў бацькаву хату. Усёй сям’ёю кожнае лета праводзяць у тураўскім куточку Заяцяллі, што каля Замкавай гары. 

— Мікалай Конанавіч, якое ваша галоўнае свята?

— Самае шчымлівае — Дзень Перамогі. Свайго бацьку ніколі не бачыў. У першыя дні вайны іх вайсковая часць трапіла ў варожы палон каля Баранавіч. Там ён загінуў. Маці атрымала абвестку, што прапаў без вестак. Амаль праз 70 гадоў пасля Перамогі сябры дапамаглі даведацца, што пахаваны ён у брацкай магіле каля Цэнтральнага чыгуначнага вакзала Баранавіч. 

— Маці адна вас выхоўвала?

— Быў у мяне і старэйшы брат Пётр. Мы жылі ў бараку на ўскрайку Рэчыцы. Маці Параска Якаўлеўна сама нас выхоўвала. З маленства пасвіў жывёлу, працаваў на лесаскладзе, збіваў скрынкі для бакалейных прадуктаў. Быў грузчыкам на Рэчыцкім фанерна-мэблевым камбінаце. У юнацтве завербаваўся ўздымаць цаліну. Там працаваў механізатарам. Вярнуўся на родную Гомельшчыну і загарэўся танцамі.

— А зараз вы танчыце?

— У свае амаль восемдзесят гадоў не толькі танчу, а і саджуся «на шпагат». 

Аднойчы выступленне ту­раў­ска­га танцавальнага ансамбля ўбачыў тагачасны міністр культуры Юрый Міхневіч і прапанаваў мне як харэографу працу ў сталіцы. Доўга вагаўся над прыняццем рашэння. Цяжка было развітвацца з Туравам, які стаў для мяне народнай акадэміяй. Калектыў перадаў свайму вучню Аляксандру Пяшэвічу і стаў балетмайстрам-пастаноўшчыкам у на­родным ансамблі «Свята» Бел­дзярж­фі­лар­мо­ніі. Потым выкладаў у Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, працаваў у Навукова-даследчай лабараторыі бе­ла­рус­ка­га фальклору Бел­дзярж­уні­вер­сі­тэта. У сталічным мікрараёне Малінаўка стварыў тэатр фальклору «Матуліна хата». Мы пасябравалі з перасяленцамі з чарнобыльскіх раёнаў Гомельшчыны, якія жывуць у смалявіцкай вёсцы Прылепы. Часта ездзім да іх, ладзім сумесныя канцэрты. 

Беларусы, што жывуць у аме­ры­кан­скім горадзе Салт Рывер, за­пра­шалі ў Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр. Абяцалі, што буду хадзіць у золаце. Я ім жартам адказаў, што гарбатым стану ад золата і не змагу танчыць.

— А Тураў застаўся ў сэрцы?

— Сувязь з гэтым мілым для мяне куточкам ніколі не парываў. Працуючы ў сталіцы, часта наведваюся да палескіх сяброў. Тураўскі фермер Міхаіл Шруб за­пра­шае вярнуцца. На беразе ракі Сцвіга Міхаіл Рыгоравіч пабудаваў цудоўную аграсядзібу з культурна-аздараўленчым комплексам і настроены стварыць палескі этнаграфічны калектыў, які будзе прапагандаваць багатую культуру Палесся. Штораніцы размінаюся шпагатам, каб трымацца ў форме. У думках ужо абмяркоўваю новы занятак — этнаграфічна-абрадавы мастацкі калектыў. Настроены і ў сто гадоў скакаць і спяваць.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва Мікалая КОТАВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter