Поле памяці

Міжнародны мітынг-рэквіем з нагоды 200-годдзя вайны 1812 года прайшоў на Брылёўскім полі пад Барысавам На зямлі, дзе стагоддзі таму не на жыццё, а на смерць сышліся дзве вялікія арміі, людзі з розных краін свету аддалі даніну памяці ўдзельнікам тых незабыўных падзей. Узнёслыя прамовы гучалі над полем, дзе некалі віліся клубы дыму і чуліся гарматныя стрэлы. У гэты дзень на месцы крывавай бітвы гаварылі пра мір. У мітынгу прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік, які ўзначальваў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню мерапрыемстваў з нагоды памятнай даты, прадстаўнікі дзяржорганаў і арганізацый, дыпламаты і грамадскасць. На ўрачыстасць прыехалі і нашчадкі ўдзельнікаў вайны 1812 года, у тым ліку пляменнік Напалеона Банапарта Шарль Напалеон. Адкрываючы мітынг, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік адзначыў, што аргкамітэт сумесна з навукоўцамі і грамадскасцю правёў у гэтым годзе шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Гэта навуковыя канферэнцыі, выставы архіўных матэрыялаў, беларуска-французская археалагічная экспедыцыя і іншыя. У рэгіёнах мясцовыя ўлады добраўпарадкавалі памятныя мясціны. З пашанай перазахаваны астанкі расійскіх і французскіх салдат у вёсках Салтанаўка Магілёўскага і Студзёнка Барысаўскага раёнаў. «Беларусы добра памятаюць урокі гісторыі і беражліва ставяцца да гістарычнай спадчыны свайго народа. Захаваць памяць пра вайну 1812 года — гэта наш абавязак перад продкамі і нашчадкамі. У тым ліку і пра падзеі, якія адбыліся на гэтым месцы ў халодным лістападзе 1812 года. Менавіта тут, па сведчаннi даследчыкаў, была напісана самая трагічная старонка гісторый войн Напалеона», — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада...

Міжнародны мітынг-рэквіем з нагоды 200-годдзя вайны 1812 года прайшоў на Брылёўскім полі пад Барысавам

На зямлі, дзе стагоддзі таму не на жыццё, а на смерць сышліся дзве вялікія арміі, людзі з розных краін свету аддалі даніну памяці ўдзельнікам тых незабыўных падзей. Узнёслыя прамовы гучалі над полем, дзе некалі віліся клубы дыму і чуліся гарматныя стрэлы. У гэты дзень на месцы крывавай бітвы гаварылі пра мір.

У мітынгу прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік, які ўзначальваў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню мерапрыемстваў з нагоды памятнай даты, прадстаўнікі дзяржорганаў і арганізацый, дыпламаты і грамадскасць. На ўрачыстасць прыехалі і нашчадкі ўдзельнікаў вайны 1812 года, у тым ліку пляменнік Напалеона Банапарта Шарль Напалеон.

Адкрываючы мітынг, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік адзначыў, што аргкамітэт сумесна з навукоўцамі і грамадскасцю правёў у гэтым годзе шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Гэта навуковыя канферэнцыі, выставы архіўных матэрыялаў, беларуска-французская археалагічная экспедыцыя і іншыя. У рэгіёнах мясцовыя ўлады добраўпарадкавалі памятныя мясціны. З пашанай перазахаваны астанкі расійскіх і французскіх салдат у вёсках Салтанаўка Магілёўскага і Студзёнка Барысаўскага раёнаў. «Беларусы добра памятаюць урокі гісторыі і беражліва ставяцца да гістарычнай спадчыны свайго народа. Захаваць памяць пра вайну 1812 года — гэта наш абавязак перад продкамі і нашчадкамі. У тым ліку і пра падзеі, якія адбыліся на гэтым месцы ў халодным лістападзе 1812 года. Менавіта тут, па сведчаннi даследчыкаў, была напісана самая трагічная старонка гісторый войн Напалеона», — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура гаварыў пра страшную долю беларускіх людзей і паселішчаў, пра вайну як пра з’яву, што супярэчыць чалавечаму розуму і ўсёй чалавечай прыродзе. «Сёння мы гаворым пра спробы вырашаць сусветныя праблемы ваенным шляхам як пра дзікунства, якое ганьбіць званне цывілізаваных людзей. Нам хочацца верыць, што беларуская зямля стане надзейным мостам паміж нацыямі, якія ідуць насустрач адна адной з мірам. Адзін з важных напрамкаў гэтай дзейнасці — рух гарадоў-пабрацімаў, дзе актыўна ўдзельнічае Міншчына. Сімвалічна, што паміж многімі беларускімі і расійскімі гарадамі, праз якія прайшлі арміі Напалеона і Кутузава, сёння ўсталяваліся пабрацімскія сувязі. Гэта супрацоўніцтва развіваецца не толькі на ўзроўні гарадоў, хутка пабрацімамі стануць сельскія паселішчы Барадзінскае, дзе адбылася самая вялікая бітва 1812 года, і Весялоўскі сельсавет Барысаўскага раёна», — сказаў ён. Барыс Батура запрасіў еўрапейскіх дыпламатаў далучыцца да гэтага руху і выказаў упэўненасць, што гэта дазволіла б не толькі паскорыць канструктыўны дыялог паміж рознымі дзяржавамі, але і закласці добры падмурак для плённага супрацоўніцтва. 

Ваенны аташэ Пасольства Расіі ў Беларусі Максім Казанцаў адзначыў, што заўсёды кранальна бываць у тых мясцінах, дзе вяршылася гісторыя, адбываліся падзеі, якія сталі паваротнымі для Еўропы. Менавіта тут месца для таго, каб пакланіцца памяці загінуўшых і расказаць моладзі пра ўрокі вайны.

«Ідуць гады, праходзяць стагоддзі, але наш маральны абавязак — захаваць памяць пра ўсе ахвяры. Я схіляюся перад салдатамі абедзвюх армій, якія на гэтым полі ахвяравалі сабой дзеля выканання свайго абавязку перад мірнымі жыхарамі, якія пацярпелі ад вайны. У нас ёсць агульная каштоўнасць, якой мы павінны служыць, — гэта мір», — выказаў сваю думку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры.

Удзельнікі мітынга-рэквіема ўшанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання. У гонар усіх загінуўшых адбылося адначасовае ўскладанне вянкоў да помніка рускім воінам, помніка французскім воінам і памятнага знака «Смутак і пакаянне».

200 гадоў таму мірны брылёўскі пейзаж быў сведкам жудасных падзей. Убачыць, што ўяўляў сабой тагачасны бой, гасцям дапамаглі ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў з Расіі, Беларусі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі. На вялікім полі ля Бярэзіны ажыла сівая даўніна.

Мерапрыемствы з нагоды памятнай даты доўжыліся некалькі дзён. Навукоўцы з шасці краін бралі ўдзел у канферэнцыі «Вайна 1812 года і Беларусь». Адбылося богаслужэнне ў памяць ахвяр вайны, цырымонія адкрыцця дома вядомага грамадскага дзеяча Івана Каладзеева, IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каладзееўскія чытанні» і шэраг іншых мерапрыемстваў.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter