Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Родны горад беларускага першадрукара Францыска Скарыны ўжо ў трэці раз быў сталіцай Дня беларускага пісьменства

Полацк мае слова

Сёлетняе свята было адметным, бо прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. І яшчэ гэтым разам старажытны Полацк адзначаў сваё 1155-годдзе. Вось якія глыбокія карані ў беларускай дзяржаўнасці (а горад на Дзвіне лічыцца ягонай калыскаю), вось якія даўнія культурныя традыцыі ўпітваў у сябе слынны ўраджэнец Полацка Францыск Скарына.

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства ў Полацку
Фота БЕЛТА

Раней, калі Дзень беларускага пісьменства толькі ўваходзіў у каляндар святочных датаў, такога размаху ў святкаванняў, вядома ж, не было. Цяпер ёсць завядзёнка бласлаўляць святочныя дзеі ў храмах. У Полацку служылася Божая літургія ў Багаяўленскім саборы. Потым прадстаўнікі духавенства й творчай інтэлігенцыі краіны, якія з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга паўдзельнічалі ў Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Шлях да святыняў”, пасадзілі пры храме з маладых туй “Сад Малітвы”. Тым і завяршылася чарговае паломніцтва ў Полацк, маршрут якога пралёг праз гарады й мястэчкі Віцебшчыны. Дарэчы, згадваецца: яшчэ ў 1995 годзе энтузіясты ладзілі пешае свецкае “Паломніцтва ў Полацк” — пра тое пісаў часопіс “Роднае слова”. І сярод вершаваных радкоў там былі й такія, напісаныя з нагоды падзеі: “То пойдзем разам, сёстры і браты,/ Ў паломніцтва да полацкіх святыняў!”. Як бачым, даўнія традыцыі паломніцтваў, ці пілігрымак, цяпер адраджаюцца на нашай зямлі.

Такі друк — для моцных рук
Фота: УЛАДЗІМІР ШЛАПАК

Рознымі шляхамі, з розных краёў дабіраліся ў слаўны Полацк на Свята Слова прадстаўнікі самых розных прафесій. Толькі літаратараў, паводле некаторых падлікаў, было каля 150. А цесна ў горадзе нікому ж не было, паколькі на розных пляцоўках праходзіла больш за 80 імпрэзаў. Скажам, падводзіліся вынікі Усебеларускай грамадскапалітычнай акцыі “Мы — разам!”, праходзіла маладзёжнае свята “Мы — у тэме!” (а Полацк жа — і маладзёжная сталіца Беларусі-2017), а таксама фінал Усебеларускага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага юбілею кнігадрукавання. Было і гашэнне маркі, паштовага канверта, прысвечаных Дню беларускага пісьменства ў Полацку. А вялікі Фэст кніг і прэсы шумеў, сустракаў шматлікіх гасцей побач з помнікам першадрукару. Там працаваў “Друкарскі двор XVI стагодзя” з рэканструяваным станком ды рознымі іншымі прыладамі. Сустрэчы літаратараў з чытачамі, літаратурна-музычныя праграмы і кампазіцыі... Напрыканцы дня ўшанавалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшыя творы ў розных жанрах літаратурнай творчасці. Сярод пераможцаў — і наша калега, празаік Людміла Рублеўская (за раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”), а таксама герой адной з нашых публікацый, вядомы публіцыст Зіновій Прыгодзіч (зборнік “Постаці”). Віншуем!

Цяпер эстафета Дня беларускага пісьменства перададзена ў горад Іванава, на Брэстчыну. Там у наступным годзе свята пройдзе ўпершыню, а для Беларусі яно будзе юбілейным, 25-м.

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter