В столичной библиотеке № 1 прошел памятный вечер поэта Миколы Шабовича

Больш за год няма разам з намі таленавітага пісьменніка і шчырага чалавека Міколы ШАБОВІЧА. Ён любіў жыццё, сваіх студэнтаў, калег па пяры. Не прапускаў амаль ніводнай творчай імпрэзы, ахвотна сустракаўся з чытачамі, многа публікаваўся ў літаратурных газетах і часопісах, у тым ліку ў нашай рубрыцы «Беларускі ручнік». Такое адчуванне, што даражыў кожнай хвілінай, стараючыся скарыстаць яе напоўніцу. Пры жыцці выдадзена дзевяць паэтычных кніг, напісаны сотні вершаў. Мікола Віктаравіч быў кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Памяць пра яго застаецца жывой.

Калегі па пяры, сябры і былыя вучні сабраліся ўшанаваць памяць Міколы Шабовіча.

Гэта пацвярджаюць літаратурныя вечарыны памяці, якія прахо­дзяць у сталічных і рэгіянальных бібліятэках, школах у гонар Міколы Шабовіча. Адна з такіх днямі адбылася ў мінскай бібліятэцы № 1 імя Льва Талстога, дзе паэт пры жыцці не толькі часта выступаў, але і сябраваў з калектывам. На дзень па некалькі разоў мог заходзіць туды з ласункамі і цёплымі словамі. Акурат да дня нараджэння паэта тут прымеркавалі чарговую сустрэчу: сабраліся яго калегі па пяры, студэнты, удзячныя чытачы. 

Сказалі многа добрых слоў, гучалі ўспаміны. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў засведчыў багатую творчую спадчыну майстра: Мікола Шабовіч стварыў у літаратуры столькі, што хопіць для натхнення многіх пакаленняў. Ёсць рукапісы, што засталіся неапублікаванымі, наша задача — захаваць іх, паказаць шырокай грамадскасці.

Вядомы пісьменнік Анатоль Аўруцін прыгадаў, як пазнаёміліся яны з Міколам Шабовічам у 1980 годзе на семінары творчай моладзі:

— Гэта быў 23-гадовы ўсмешлівы хлопец анёльскай прыгажосці, у якога імгненна закахаліся прысутныя дзяўчаты. Сябравалі мы з Міколам 40 гадоў. Ён многа перакладаў маіх вершаў на беларускую мову, а я паводле яго — на рускую. Лічу: у сапраўднай паэзіі тайна і прароцтва. І ў вершах Шабовіча гэта ёсць.

Творца горача любіў Айчыну, кіраваўся высокімі маральнымі каштоўнасцямі. Перш за ўсё ён пытаўся ў сябе, ці зрабіў што-небудзь карыснае для роднай краіны. Заадно быў вельмі патрабавальным да сваёй творчасці:

А я радзіме верш ці нарадзіў,

Які б за мной радзіма паўтарыла,

Які б у спёку свежа халадзіў,

А ў сцюжу грэў пяшчотна-цеплакрыла?..

А я радзіме верш ці нарадзіў…

Мікола ШАБОВІЧ.
Родная вёска Бадзені на Мядзельшчыне — асобная старонка яго жыцця, ды і творчасці. О, як ён туды імчаў, як ахвотна бавіў там лета, як шчыра дапагаў маме спраўляцца з бытавымі клопатамі! Да сёмага поту касіў і завіхаўся па гаспадарцы. Клапаціўся пра матулю і, знахо­дзячыся ў Мінску, штовечар тэлефанаваў ёй у родную вёску: «Прывітанне, мамуля!»

На літаратурную сустрэчу завітаў зямляк паэта, яго калега па пяры Аляксандр Быкаў, які заўсёды адчуваў падтрымку ў творчасці:

— Хоць Мікола Шабовіч за мяне мала­дзейшы, але ў паэзіі больш вопытны. Таму заўсёды настаўляў мяне, падштурхнуў да выдання першай кніжкі, з якой я і ўступіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рэдагаваў мае зборнікі. Не, не перапісваў, а падказваў, дзе трэба ўдасканаліць, узмацніць, дапрацаваць. Мы размаўлялі ў апошні для яго дзень. «Ну вось, Саша, і прайшло жыццё», — сказаў Мікола па тэлефоне.

Пайшоў з жыцця Мікола Шабовіч у лістападзе 2021-га праз сумна вядомы каронавірус. Паэту было крыху за 60… Зусім нямнога, але за гэты час ён паспеў зрабіць столькі дабра, так паяднацца душой са сваімі сябрамі і вучнямі, што тыя яго запомняць назаўсёды. На імпрэзу завіталі і выхаванцы, студэнты, якіх Мікола Віктаравіч вучыў светламу, вечнаму — паэзіі, сакавітай беларускай мове, а галоўнае — быць добрымі, сумленнымі людзьмі.

Студэнты яго не баяліся, а паважалі. Мікола Віктаравіч быў вялікі жартаўнік, жыва і лёгка праводзіў заняткі, не муштраваў на іспытах. Між тым ён хацеў і імкнуўся, каб студэнты многа ведалі, каб яны гэтаксама, як і ён, любілі сваю зямлю:

Бацькоўская зямля! Я сын тваіх абшараў.

Табе мой ціхі верш, сыноўні мой паклон.

Я тут прыйшоў на свет, я тут кахаў і марыў.

Бацькоўская зямля, ты сноў маіх палон.

Тут мой нясмелы крок і першае прызнанне,

Тут лёгка мне заўжды пад мамiным крылом.

Спяшаюся сюды на шчырае спатканне

I ў раннi лiстабой, і ў познi крыгалом.

У БДПУ імя Максіма Танка Міколу Шабовіча называлі паляўнічым за талентамі. Прыходзячы ў новую групу, найперш пытаўся: «Вершы пішаш? Песні спяваеш?» Многім студэнтам ён даў зялёнае святло па дарозе ў цікавы літаратурны свет, рэкамендаваў на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, рэдагаваў зборнікі. 
На літаратурную вечарыну памяці прыйшлі яго вучаніцы Ганна Міклашэвіч, Кацярына Роўда, Анастасія Каротчыкава. Самым блізкім сябрам пры жыцці стаў Міколу Шабовічу яго выхаванец Дзмітрый Пятровіч. Ра­зам выступалі на імпрэзах, спявалі, пісалі песні, чыталі вершы — Шабовіча без Пятровіча было немагчыма ўявіць. Яны і ў іншы свет сышлі амаль што разам: адлегласцю стаў акурат год.

Па шчырасці, я таксама да Міколы Шабовіча вялікую ласку маю. Менавіта ён падтрымаў мае паэтычныя схільнасці і адвёў у Дом літаратара. Для студэнткі-чацвёртакурсніцы БДПУ імя Максіма Танка гэта было жаданай удачай, вялікім авансам у дасягненні творчых вышынь. Мікола Віктаравіч стаў рэдактарам майго зборніка, з якім уступала ў пісьменніцкую арганізацыю. А зараз, калі вершы сталі для мяне другой натурай, прыгадваю свайго настаўніка з вялікай удзячнасцю, бо ўсе гэтыя творы пайшлі з яго лёгкай рукі.

Пераканана: удзячных студэнтаў у Міколы Віктаравіча дзясяткі. Такое адчуванне, што ён ніколі нікога не пакрыўдзіў, ніколі не пасварыўся з калегамі па пяры, толькі прысвячаў ім вершы ды сяброўскія пародыі. Не бачыла, каб некалі злаваўся ці лаяўся. Заўсёды толькі ўсміхаўся і падбадзёрваў. Калі Бог забірае да сябе лю­дзей у росквіце сіл, якія маглі б яшчэ доўга жыць, — значыць, яны дакладна заслужылі месца ў раі. Пры жыцці Міколу Шабовічу гэтыя словы падабаліся. Пераканана, што ў іншым свеце ён запэўніўся ў іх.

Прапануем вашай увазе падборку вершаў Міколы Шабовіча, якую ён дасылаў для рубрыкі «Беларускі ручнік»

Вазьму з сабой ва ўсе дарогі —

Забыць ніколі не змагу —

Пяшчотны дожджык басаногі,

Вясёлкі вабную дугу,

Світанак песенна-шпачыны,

Сцяжынку ў срэбранай расе.

Яны — як згадка аб Айчыне,

Дзівоснай, велічнай красе.

Я з ёй — ад вечара да рання,

Я з ёй — ад рання да цямна.

Яна — і радасць, і адхланне,

Мой боль і горкая віна.

* * *

А я радзіме верш ці нарадзіў,

Які б за мной радзіма паўтарыла,

Які б у спёку свежа халадзіў,

А ў сцюжу грэў  пяшчотна-цеплакрыла?..

А я радзіме верш ці нарадзіў?

А я радзімы клопатамі жыў?

Ці стаў хоць словам нарачанскай песні?

Ну што з таго, што ў Мінску я тужыў

І ўспамінаў зімой ці напрадвесні?..

А я радзімы клопатамі жыў?

А я з радзімай паяднаў свой лёс?..

Нібы не свой хаджу я па Нароччы,

І ад зялёнай замеці бяроз

Трапеча сэрца і слязеюць вочы...

А я з радзімай паяднаў свой лёс?

* * *

Няхай на сэрцы сум-туга,

А ты ўсміхніся.

Яшчэ бяжыць твая сцяга,

І сонца — ў высі.

Адно не трэба сумаваць —

Прытым дачасна —

І аб нязбытым шкадаваць,

Аб светла-шчасным,

Што столькі год ружовіць сны,

Салодзіць мары.

Зірні: з далечнай сінізны

Святло — праз хмары...

Пакуль жыццёвую сцягу

Яскравяць высі,

Не прыручай сваю тугу.

Лепш — усміхніся!

* * *

Якія песні ні спявай,

Якому богу ні маліся,

Калі ўжо сказана: «Бывай!» —

Вярнуць былое не імкніся.

І як ты час спыніць ні мар

Пад споведзь дзён звонкагалосых, —

Гадоў жыццёвы каляндар

Даўно ўжо складзены ў нябёсах.

Нам толькі мары спеліць-грэць,

Свае патолячы прывычкі,

І ўслед за зоркаю гарэць,

І растварыцца ўслед за знічкай...

Фото предоставлены организаторами вечера памяти.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter