На Міншчыне створаны неабходны запас паліва да ацяпляльнага сезона.
— На сёння ў цэлым можна канстатаваць, што Мінская вобласць да ацяпляльнага перыяду гатова, — запэўніў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Валерый Скакун.
Забяспечаны запас палiўнага мазуту. 39 тысяч тон яго, а гэта 100 %, знаходзіцца ў філіялах РУП «Мінск-энерга». Выконваецца заданне і па драўняным паліве, якога ў арганізацыях ЖКГ сталічнай вобласці назапашана 200 тыс. куб. м, у тым ліку 25,6 тыс. куб. м драўнянай шчэпкі. Хопіць дроў і торфабрыкетаў установам адукацыі, культуры, аховы здароўя і іншым аб’ектам.
Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду была нададзена жыллёваму фонду. На сёння ўведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 75 тыс. кв. м жылых дамоў. Правераны і адрамантаваны сістэмы ацяплення жылфонду, праведзена замена цеплавых сетак.
Рыхтуюцца да зімы і дарожныя службы, зараз яны пераабсталёўваюць спецыяльную тэхніку.