«Подых Поўначы»: в музее Якуба Коласа пройдет необычная фотовыставка с северным колоритом


Адкрыццё часовай экспазіцыі фатографа-нафтавіка Аляксандра Ключнікава «Подых Поўначы» адбудзецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 22 верасня 2022 года. На выставе прадстаўлены як вядомыя працы аўтара, так і тыя, што раней не дэманстраваліся. На іх – неверагоднай прыгажосці прырода Поўначы: рэкі, лясы, азёры, горы. А яшчэ – беларускія нафтавікі. Асабліва ўнікальныя чорна-белыя здымкі, надрукаваныя самім аўтарам.

– Аляксандр Ключнікаў – ураджэнец Рэчыцы, музыкант, даследчык Поўначы, таленавіты фотамастак, які частку свайго жыцця аддаў працы ў «Беларуснафце», – расказалі ў музеі Якуба Коласа. – Доўгі час Ключнікаў жыў з сям'ёй на Камчатцы. Менавіта там у 1980-я гады ён стаў сапраўдным прафесіяналам у сферы фотамастацтва. У камандзіроўках па Каракскай аўтаномнай акрузе наведваў вёскі, аленегадоўчыя брыгады. Заняткі і абрады абарыгенаў сталі галоўнай тэмай яго творчасці. Яго працы публікаваліся ў «Камчацкай праўдзе», «Каракскім камунісце». А яго дакументальныя фільмы пра традыцыі паўночнікаў набываў этнаграфічны музей у Ленінградзе.


Праз 14 гадоў Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся ў Рэчыцу. Працаваў на заводзе «Рытм», затым – дэфектаскапістам у Рэчыцкім упраўленні разведачнага бурэння. У 1980–1990-я гады выдатныя працы гэтага фотамастака, пазаштатнага аўтара газеты «Нафтавік», публікаваліся ў розных выданнях краіны. Сярод іх – газеты «Праўда», «Звязда», «Знамя юнасці». Яго каларытныя, запамінальныя фотаілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу «Нафтавая жамчужына Беларусі», якая выйшла ў 1991 годзе. А здымкі, зробленыя на Вынгапураўскім і Навагоднім радовішчах, сталі сапраўдным фоталетапісам нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры. Свае працы аўтар дэманстраваў на шматлікіх выставах у гарадах СССР і за мяжой.

– Цяперашняя фотавыстава – гэта свайго роду вяртанне нашага земляка Аляксандра Ключнікава на Радзіму, адкрыццё творчасці гэтага таленавітага майстра для шырокай публікі, – запрашаюць на выставу супрацоўнікі музея Якуба Коласа.

Фотоработы Александра Ключникова.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter