«Почырк» сувязіста

– Жыццё ў мяне складанае, – стрымана адзначае П.А. Палішчук...

У тонкім акуратна падклееным блакноце з цёмна-зялёнымі вокладкамі жыве гісторыя жыцця Пятра Анісімавіча Палішчука са Случчыны, гісторыя вайны, гісторыя краіны. Запісную кніжку ён набыў у 1944 годзе ў Шаўляі, каліграфічным почыркам перанёс у яе папярэднія запісы: па датах, па-ваеннаму дакладна. І гэта рэліквія зараз з яе гаспадаром – сведкi далёкіх падзей. Падчас размовы Пётр Анісімавіч зрэдку зазірае ў роўныя радкі – назваць імёны, нумары часцей, у якіх даводзілася ваяваць, узгадаць храналогію падзей…

– Жыццё ў мяне складанае, – стрымана адзначае П.А. Палішчук. – Нарадзіўся я ва Украіне, у сяле Красілаўка Кіеўскай вобласці, але жыў там мала. У сям’і нас было пяцёра братоў і сястра, з шасці гадоў я зведаў нялёгкую працу на зямлі. Атрымалі надзел і паднялі гаспадарку: гадавалі жывёлу, апрацоўвалі сем гектараў зямлі. А потым бацьку раскулачылі. З усімі наступствамі… Ён апынуўся на будаўніцтве Беламорканала, крыху пазней і мяне яшчэ з адным братам маці прывезла да таты. Так што Беламорканал узнікаў на маіх вачах: памятаю першыя параходы, працоўны гераізм людзей, асноўнай «тэхнікай» якіх былі тачка, лапата, кірка. Далей давялося жыць у Ленінградзе, Варонежскай вобласці – бацька завербаваўся туды на будаўніцтва моста. А ў 1937 годзе вярнуліся ў роднае сяло, зноў справілі гаспадарку, нават веласіпед у мяне на той час з’я-віўся… Закончыў сем класаў школы, два курсы педагагічнага тэхнікума. 26 мая 1941 года мне прыйшла павестка ў ваенкамат, 5 чэрвеня я пайшоў на тэрміновую службу ў армію, 6 чэрвеня быў пад Ноўгарадам – у 40-й роце сувязі 40-й авіяцыйнай дывізіі.

З першага дня вайны дывізія, у якой служыў П.А. Палішчук, несла велізарныя страты, у ліпені яе расфарміравалі, а малады баец апынуўся ў 7-й асобнай роце сувязі Паўночна-Заходняга фронту. Тэлеграфіст, тэлефаніст абслугоўваў авіяпалкі. У зямлянках выручала прыстасаванне, якое прыдумалі, каб выпадкова не прапусціць паведамленне – кансервавая бляшанка, якая грымела, як толькі пачынаў працаваць апарат. За перыяд вайны змяніў больш за два дзесяткі аэрадромаў – адступленні, наступленні, то змешаны, то знішчальны, то штурмавы полк… Пад Ржэвам затрымаліся да сакавіка 1943 года, там Пётр Анісімавіч атрымаў кантузію, быў паранены. Почырк сувязіста Палішчука добра ведалі калегі – без памылак, роўны, адпрацаваны, пазнавальны з першых «літар» азбукі Морзе, выкананых на перадатчыку СТ-35. Сувязь у ваенны час надзвычай неабходная і складаная, з парывамі кабелю праз кожную гадзіну-дзве. Даверыць яе маглі толькі лепшым, такім як Пётр Анісімавіч Палі-шчук, тэлеграфіст першага класа. Нездарма абслугоўваў перагаворы камандзіраў дывізій: гэта даволі складана, патрэбны хуткая рэакцыя, максімальная дакладнасць, вытрымка. Дзень і ноч лавіў пазыўныя. Да гэтай пары памятае інтанацыі фразы «Трактар, трактар, дайце запор» і шматлікія іншыя пазыўныя тых часоў. З баявымі экіпажамі дружбу завесці не паспявалі, ды і служба ў сувязістаў сакрэтная – часта прымалі і перадавалі шыфроўкі, разведзводкі. Але якім болем пранізвала сэрца, калі на аэрадром не вярталіся самалёты, гінулі лётчыкі… У ліку першых П.А. Палішчук прымаў тэлеграфныя паведамленні: загад № 227 – «ні кроку назад», аб перамозе пад Масквой, аб пачатку наступальных аперацый падчас вызвалення Беларусі. Бешанковічы, Нарач – пройдзеныя дарогі. Пазней, калі давялося адпачываць у санаторыі «Нарач», пазнаў тое месца, дзе размяшчаўся яго баявы вузел сувязі. У рады камсамола і партыі П.А. Палішчука прымалі на фронце – нават фотаздымак захаваўся.

– Апошнія дні вайны… – Пётр Анісімавіч гартае блакнот і спыняецца на запісе 7 мая 1945 года. – Мы прыбылі ў раён Лерц, паўночней за Берлін. Высветлілася, што побач з аэрадромам, у лесе – нямецкі батальён, які трэба абясшкодзіць. Нашы пайшлі ў разведку. Немцы паднялі ўжо рукі – здаюцца, і тут адзін эсэсавец даў аўтаматную чаргу. Загінулі чалавек сем, у іх ліку мой сябар – інжынер, сувязіст Васілій Васільевіч Раменскі. Хавалі яго з ваеннымі ўшанаваннямі, а мы ўжо ведалі – вайна закончылася…

Пасля перамогі службу працягваў у Германіі, вучыў пераемнікаў сакрэтам работы сувязіста. А ў 1947 годзе прыбылі на аэрадром у Набушава. Прыгожымі майскімі днямі 1948 года змяніў жыццё ваеннае на мірнае і застаўся ў Слуцку. У Доме афіцэраў на танцах сустрэў сваё каханне. Працаваў раённым упаўнаважаным па аргнаборы (накшталт службы занятасці) – размяркоўваў працоўныя кадры на Урал, Сахалін, у Севастопаль, Керч і іншыя месцы. Пасля зноў служыў у арміі, працаваў у геолагаразведцы, але самы адметны перыяд звязаны з работай у райспажыўтаварыстве – з 1966-га да 1982 года. Намеснік старшыні па нарыхтоўках за справу ўзяўся энергічна, у падначаленні ў яго было ад 60 да 80 чалавек. Згуртаваная каманда заўсёды спраўлялася з заданнямі Цэнтрасаюза. Каўбасны цэх вырабляў да 600 тон прадукцыі ў год, пастаўлялі яе ў розныя куткі былога СССР. Нарыхтоўвалі бульбу, яблыкі, адгружалі па 22 вагоны прадукцыі ў суткі, а ішла яна на Кубу, Каўказ, Паўночны флот… Салілі ў сезон да 100 тон агуркоў, квасілі капусту – па 15 тон у адным чане змяшчалі. Праблем таксама хапала, але іх удавалася вырашаць. Неўзабаве пайшоў на заслужаны адпачынак і… на новую работу – у калгас «Ленінскі шлях» у цэх перапрацоўкі. І заўсёды ён быў актыўным прапагандыстам, зараз сустракаецца са школьнікамі, расказвае пра франтавыя шляхі-дарогі, падтрымлівае сувязі з раённым Саветам ветэранаў, ветэранскай арганізацыяй райспажыўтаварыства.

Пётр Анісімавіч Палішчук нядаўна пабываў ва Украіне, у яго сястры вялікая сям’я: 12 сыноў і дзве дачкі. Яны цікавяцца гісторыяй свайго роду, вось і завёз ён ім шматлікія старадаўнія здымкі, якім ужо гадоў па 100. І франтавыя фотакарткі, каб жыла памяць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter