Экономично, экологично: владельцам электромобилей выдают зеленые номера

Плюсы электрыфiкацыi

У сакавiку Прэзiдэнт падпiсаў Указ «Аб стымуляваннi выкарыстання электрамабiляў». Сярод прэферэнцый для ўладальнiкаў экатранспарту — нулявая стаўка ПДВ пры ўвозе машыны, вызваленне ад выплаты пошлiны на допуск электрамабiляў да ўдзелу ў дарожным руху i бясплатнае месца на камунальных паркоўках. А з пачатку гэтага месяца вадзiцелi электракараў атрымалi яшчэ адну навiнку — зялёныя нумары. На мiнулым тыднi ДАI пачала iх актыўна выдаваць. Карэспандэнт «Р» разабралася, для чаго патрэбна новаўвядзенне.

Падарунак для жонкi

У калiдоры мiжраённага рэгiстрацыйнага аддзела ДАI ГУУС Мiнгарвыканкама па вулiцы Цiмiразева, 114 шматлюдна. У акенцах аўтамабiлiсты атрымлiваюць новыя нумары. Сярод iх i ўладальнiкi электрамабiляў. З 7 па 15 лiпеня тут выдалi 38 зялёных рэгiстрацыйных знакаў. У тым лiку i Валерыю. Яны для новенькай Tesla Model 3 Performance — падарунак для жонкi на дзень нараджэння.

— З адменай ПДВ i пошлiны вынiковы кошт i без таго эканамiчнага ў плане карыстання электрамабiля стаў нашмат больш прыемным. Да таго ж з-за пандэмii каронавiруса цэны ўпалi. А ў будучым свабода «палiва» для такога аўто ад нафтавага рынку выглядае прынадна, — пералiчвае плюсы Валерый. — Машыну прыгналi з афiцыйнага магазiна ў Германii. На мяжы стаяла каля двух дзён. За пакупку аддаў 120 000 рублёў.

Дзмiтрый Шынковiч даўно думаў аб пакупцы электракара. Ён жыве ў прыватным доме ў прыгарадзе сталiцы, таму аб тым, дзе будзе зараджаць машыну, не перажываў. Да таго ж у Мiнску, як кажа вадзiцель, велiзарная колькасць зарадачных станцый. Падштурхнулi да пакупкi экалагiчнага транспарту адмена ПДВ i пошлiны, бясплатныя месцы на паркоўках.

— Пазл нарэшце склаўся, i я стаў уладальнiкам электракара. Ваджу машыну другi дзень. Пакуль вельмi задаволены пакупкай, — дзелiцца ўражаннямi Дзмiтрый. — За паўгадзiны — 100 працэнтаў зараду. А за 100 кiламетраў — усяго 3 рублi!

Яшчэ адзiн плюс — хуткi старт. Тут экатранспарт не саступае нават спарткарам.

— Сёння на святлафоры стаяў побач з BMW 5 Series Gran Turismo. Адначасова пачалi рух, але я вырваўся наперад, — эмацыянальна расказвае Дзмiтрый.

— Калi казаць пра пажаданнi, то было б нядрэнна абсталяваць рэспублiканскiя трасы зараднымi станцыямi хаця б праз кожныя 100 кiламетраў, — кажа аб удасканаленнi iнфраструктуры для электрамабiля Дзмiтрый. — Цяпер не кожны рызыкне паехаць, скажам, ад Мiнска да Нясвiжа на такой машыне. Можа не хапiць зараду.

Дзмiтрый заказаў свой Nissan Leaf з Амерыкi. На мяжы яго аформiлi лiтаральна за дзень. Дарэчы, Дзмiтрый, як i Валерый, набыў электрамабiль для жонкi. Цiкава, у аўто на электрычнасцi ў нашай краiне будзе жаночае аблiчча?..

I прэферэнцыi бачныя

Яшчэ ў пачатку мiнулага года ДАI iнiцыявала дапоўнiць СТБ, якi тычыцца рэгiстрацыйных знакаў. У прыватнасцi, для электрамабiляў. У канцы 2019 года Дзяржстандарт выдаў адпаведную пастанову № 70, было вырашана, што пачнуць выдаваць зялёныя нумары з 1 лiпеня. Указ Прэзiдэнта быў прыняты ў сакавiку гэтага года i ўступiў у сiлу з 15 чэрвеня. Таму многiя, хто ўвёз свае электрамабiлi на тэрыторыю краiны па льготных умовах, атрымлiвалi чорныя нумары. Аднак у ДАI адзначаюць: усе належныя прэферэнцыi будуць у кожнага вадзiцеля экалагiчнага транспарту незалежна ад колеру рэгiстрацыйных знакаў.

— Зялёныя нумары прызначаны для розных катэгорый электрамабiляў (легкавыя i грузавыя аўтамабiлi, аўтобусы) i мотатранспартных сродкаў, якiя прыводзяцца ў рух электрычным рухавiком, — пералiчвае старшы iнспектар па асаблiвых даручэннях ГУ ДАI МУС Ганна Банадык. — Удзел у дарожным руху электрамабiляў з рэгiстрацыйнымi знакамi чорнага колеру не з’яўляецца парушэннем.

Зялёныя нумары заяўляюць: перад намi электрычнае аўто. Напрыклад, такiя «маячкi» сэканомяць шмат часу ўладальнiкаў машын i кантралёраў на платных камунальных стаянках.

— Па выглядзе вызначыць, якi гэта транспартны сродак, цяжка. Са з’яўленнем зялёных рэгiстрацыйных знакаў працэдура прадастаўлення льготнай паркоўкi ўладальнiкам электракараў будзе спрошчана, — падзялiўся сваiм меркаваннем генеральны дырэктар ГА «Гаражы, аўтастаянкi i паркоўкi» Аляксандр Канаш. — Напрыклад, у нас быў выпадак, калi ў раёне вулiцы Кiрава кантралёр убачыў зялёныя нумары i зразумеў, што гэты аўтамабiль трапляе пад iльготную паркоўку. Адпаведна, плата не спаганяецца.

— Калi вадзiцель электракара яшчэ не паспеў змянiць чорныя нумары на зялёныя, ён можа звярнуцца з заявай у рэгiстрацыйны аддзел ДАI па месцы рэгістрацыі. У базу ўнясуць iнфармацыю, што транспарт уладальнiка — электрамабiль, — тлумачыць Ганна Банадык. — Гэтую паслугу акажуць бясплатна. Пры ўзнiкненнi спрэчнага або iншага пытання ДАI зможа пацвердзiць iнфармацыю, што канкрэтная машына з чорным нумарам — электратранспарт.

Практыка ўстаноўкi зялёных нумароў шырока распаўсюджана ў Еўропе. Мэта —вiзуальна вызначыць электрамабiль. Тады зразумела, чаму вадзiцель не заплацiў за паркоўку або едзе па паласе для грамадскага транспарту. Таму ДАI ўсё ж рэкамендуе пазначыць сваё аўто новымi нумарамi. Гэта дапаможа i ў падарожжы за мяжой. Праўда, за замену рэгiстрацыйнага знака давядзецца заплацiць поўны кошт — 82 рублi.

ЛІЧБА

З 1 лiпеня ў краiне выдалi 83 рэгiстрацыйныя знакi з сiмваламi i акантоўкай зялёнага колеру. 

tychko@sb.by

З пачатку гэтага месяца вадзiцелi электракараў атрымалi яшчэ адну навiнку — зялёныя нумары.

Усе належныя прэферэнцыi будуць у кожнага вадзiцеля экалагiчнага транспарту незалежна ад колеру рэгiстрацыйных знакаў.

Зялёныя нумары прызначаны для розных катэгорый электрамабiляў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter