Пляцоўка для ўзлёту

У Гомелі ўшануюць юных лаўрэатаў прэмій Спецыяльнага фонду Прэзідэнта і абласнога выканаўчага камітэта.
У Гомелі ўшануюць юных лаўрэатаў прэмій Спецыяльнага фонду Прэзідэнта і абласнога выканаўчага камітэта.

Для рэгіёна гэтае мерапрыемства ўжо стала традыцыйным.

— За пятнаццаць гадоў існавання прэміі Гомельскага аблвыканкама ёй былі заахвочаны 720 прадстаўнікоў таленавітай моладзі вобласці, — падкрэслівае начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — Цырымонію ж уручэння прэмій Спецыяльнага фонду Прэзідэнта на ўзроўні кіраўнікоў абласных улад сёлета праводзім упершыню. Раней такія мерапрыемствы ладзілі райвыканкамы і раённыя адміністрацыі Гомеля.

Віноўнікамі ўрачыстасці ў гэты раз стануць паўсотні вучняў школ, навучэнцаў устаноў прафесійнай і дадатковай адукацыі з усіх раёнаў вобласці і абласнога цэнтра. Сярод лаўрэатаў нямала тых, хто здабываў славу сваёй малой радзіме і краіне на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах і конкурсах. Да прыкладу, учарашні выпускнік мазырскай СШ № 9 і выхаванец мясцовага Цэнтра юных пажарных Сяргей Кулік неаднаразова прыносіў вышэйшыя ўзнагароды з міжнародных алімпіяд па інфарматыцы і праграмаванні. Сённяшняя студэнтка Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, а ў нядаўнім навучэнка гомельскай гімназіі № 56 Ганна Паруль атрымала «бронзу» на сёлетняй Міжнароднай алімпіядзе па астрафізіцы і астраноміі. У ліку ўдастоеных прэстыжных прэмій і члены зборнай вобласці, пераможцы Міжнароднай алімпіяды Саюзнай дзяржавы 2013 года «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць».

Мікалай ЖДАНОВІЧ, «Р»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter