Плацiць — не плацiць?..

Грошы — i дабро, i зло. У залежнасцi ад таго, як iх выкарыстоўваюць

Гаворка на гэтую тэму нярэдка заходзiць на планёрках у гарвыканкаме. Сцiхне, а потым узгараецца з новай сiлай. I ў гэтым, як разумею, нiчога дзiўнага няма.

Вось якi прыгадваецца факт. Неяк у пачатку восенi выступае на планёрцы начальнiк спорткамiтэта i кажа: “Пачалi прадаваць уваходныя бiлеты на матчы з удзелам футбольнай каманды “Белшына”. Тут i ўзнялося: адны – за, а iншыя – супраць. А калi па вялiкiм рахунку, чаму бясплатна? На падрыхтоўку стадыёна, арганiзацыю матча патрачаны грошы. Яны не з неба звалiлiся, а з дзяржаўнай казны, iх трэба апраўдваць. А як, калi ўсе апошнiя гады хадзiлi на матчы бясплатна? Ды цi сума ў дзве тысячы рублёў такая ўжо непад’ёмная? Сапраўдны аматар футбола заплацiць i не задумаецца.

Цi вось наведваннi матчаў з удзелам хакейнай каманды шыннiкаў. Тут як быццам усё вырашана: для дарослых – плацiць, а як для школьнiкаў? Зноў дэбаты…

Вiдавочна: за рознага роду вiдовiшчы трэба плацiць, бо на iх арганiзацыю патрачаны грошы. Iншая справа, у якой колькасцi, больш або менш. Для дарослых — адна сума, для дзяцей – iншая. Мiзэрная, але павiнна быць, каб не выхоўваць у iх спажывецкiх адносiн, каб яны адчулi, што так проста нiшто не даецца. Цягнулiся самi зарабляць грошы. Ну а ў якасцi заахвочвання выдатнiкаў вучобы, пераможцаў розных конкурсаў можна i бясплатна.

Хаця, з iншага боку, быў такi перыяд: за наведванне спартыўных секцый – плацi, выкарыстанне дзiцячых iгравых пляцовак – таксама. Гэта яўны перабор. На маю думку, дзецi павiнны бясплатна займаць свой вольны час. Iнакш не дасягнуць нам масавасцi фiзкультуры i спорту, не адарваць падлеткаў ад шкоднага ўздзеяння вулiцы.

Увогуле, грошы — такая далiкатная рэч, што з iмi трэба абыходзiцца надзвычай абачлiва. Адзiн бiзнесмен, каб заахвоцiць да вучобы сына-старшакласнiка, пачаў за добрыя адзнакi плацiць грошы. Спачатку пяць тысяч рублёў, потым дзесяць, перайшоў на долары. Думаў, добра рабiў, а атрымалася наадварот: сын звязаўся з сумнiцельнай кампанiяй, прагульваў грошы ў карты. Запазычыўся. А як аддаваць? Нядоўга думаючы, залез да бацькi ў кiшэнi, у сястры завушнiцы сцiбрыў, перакiнуўся да суседзяў… А ў вынiку – лава падсудных. Вось грошы i адплацiлi…

Ёсць плата высокая i нiзкая. Плата i расплата за свае дзеяннi, учынкi…

Дырэктар аднаго з заводаў пачаў махляваць на продажы жылля, някепскую капейку “збiў”, якая вылiчалася дзесяткамi тысяч долараў. Думаў, сыдзе. А тут раптам яго выкрылi: турма пагражала. Ён гэта дачуў i даў лататы за мяжу. Пакiнуў сям’ю, хаваецца. Можа, не адзiн раз дакараў сябе за такi неабдуманы ўчынак, за прагу да грошай, якая абярнулася трагедыяй.

Грошы — i дабро, i зло. У залежнасцi ад таго, як iх выкарыстоўваюць. Аднак прычына не столькi ў iх, колькi ў нас самiх, у тым, каб за матэрыяльным бачылi духоўнае, наша высокае чалавечае прызначэнне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter