Графік Валерый СЛАВУК - пра мастацтва, казкі і зімовых русалак

Планета Славук

У ліку ўладальнікаў нядаўна ўручаных Прэзідэнтам 10 спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва толькі адзін лаўрэат адзначаны персанальна. Гэта — мастак Валерый Славук. Высокай узнагароды ён удастоены за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай школы станковай і кніжнай графікі, правядзенне выставы «Планета Славук», персанальных выстаў у Мінску і рэгіёнах краіны.

У майстэрні мастака Валерыя СЛАВУКА
Фота Паўла ЧУЙКО

Пра яго кажуць: майстар-віртуоз, непераўзыдзены фантазёр, сучасны класік і нават называюць беларускім Дзюрэрам. Творчасць Валерыя Славука — адна з самых яркіх з'яў у нацыянальнай графіцы. Почырк пазнаецца адразу. Работы адзначаны шэрагам самых прэстыжных узнагарод. Ён — аўтар выдатных афортаў і ілюстрацый да дзясяткаў кніг, старонкі якіх населены сотнямі яго фантастычных і казачных персанажаў.

Паглыбленне ў фальклор

— Валерый Пятровіч, адно з нядаўніх папулярных, аформленых вамі выданняў — кніга «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак». Чым прыцягнула гэтая тэма?

— Можна сказаць, вымушаная была сітуацыя. У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў двухтомнік «Беларускі фальклор» з маім афармленнем вокладкі і ілюстрацыямі. Кніга атрымалася добрая, яе адзначылі дыпломам на выставе ў Маскве, хутка раскупілі. Пасля гэтага ўзнікла ідэя выпусціць ужо асобную кнігу з маімі малюнкамі да апісанняў беларускіх фальклорных персанажаў. Падрабязныя звесткі пра іх збіралі тут, шукалі і ў Санкт-Пецярбургу, там захавалася шмат цікавых матэрыялаў на гэтую тэму. У выніку такіх міфалагічных персанажаў мне прапанавалі каля 120. З іх я выбраў тых, чые вобразы адразу склаліся ў галаве: тэрміны падціскалі. Для кнігі каля 80 ілюстрацый атрымалася. Вельмі цікавай была гэтая праца.
Хіхітун. Ілюстрацыя з кнігі «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак»

— Дык і персанажы дзівосныя — Аржавень, Бадзюля, Баламуцень, Еўнік, Жэўжык, Кумельган, Зазоўка, Вужалкі...

— Я нядрэнна ведаю наш фальклор, шмат чытаў замежнага — англійскі, шатландскі, французскі. Там зусім іншыя, свае героі — феі, эльфы, гномы. Але наш настолькі багаты, такі прастор для фантазіі мастака! Я быў уражаны колькасцю і разнастайнасцю персанажаў. Адных толькі русалак — шэсць ці сем розных відаў, у тым ліку тыя, якія на зіму белым мехам абрастаюць. Такога я нідзе раней не сустракаў, каб русалкі па сезоне відазмяняліся.

— Вас па праву называюць адным з самых цікавых ілюстратараў казак. Можна сказаць, уся ваша творчасць — родам з казкі.

— Сапраўды, у 1977 годзе я скончыў тагачасны тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломнай працай па беларускай народнай казцы «Удовін сын». Абараніўся паспяхова, праца была рэкамендавана да выдання. Старшыня дыпломнай камісіі, дырэктар выдавецтва «Дзіцячая літаратура» з Масквы прапаноўваў зрабіць гэта там, але вырашылі выпусціць усё ж тут, у «Юнацтве». Гэтая кніга стала для мяне зыходным пунктам у прафесію. Пазней з тымі ж ілюстрацыямі яна была выдадзена на многіх еўрапейскіх мовах у розных краінах.

— У вашай майстэрні нарадзіліся ілюстрацыі да казак «Залаты птах», «Алёнка», зборнікаў «Хлопчык-зорка» і «Дзікія лебедзі», кнігі «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі» і яшчэ дзясяткаў выданняў. А мне асабліва падабаецца беларуская народная казка «Піліпка-сынок», якая выйшла ў 1997 годзе з вашым афармленнем. Разглядала яе малюнкі калісьці з дачкой, цяпер — з унукам. Яны па-ранейшаму цікавыя, прычым аднолькава і дарослым, і дзецям.

— Я і сам люблю гэтую кнігу. Там трошкі пафантазіраваў, канешне. Лінія асноўная сюжэтная засталася, але некалькіх персанажаў для большай цікавасці выдумаў — Саву, Крумкача, Ката. Пра іх у казцы нічога няма. Але яны настолькі ўдала візуальна ўпісваліся ў тэму. Гэтую кнігу лічу адной са сваіх удач. Яна і дыпломаў шмат атрымала на розных конкурсах. Наогул, з усяго выдадзенага, думаю, такіх удач у мяне каля сарака — кніг, якія не сорамна паказаць.

Пах алоўкаў з дзяцінства

— Захапленне маляваннем выявілася з дзяцінства?

— Маляваў, як і ўсе дзеці, на нармальным дзіцячым аматарскім узроўні. Звычайны вясковы хлапчук. Я родам з Коханава Талачынскага раёна. Яшчэ не пайшоў у школу, а старэйшы сябар ужо навучыў мяне маляваць снежную бабу, елку, сабачку... Мне тады купілі набор алоўкаў «Спартак» — шэсць штук. Да гэтага часу памятаю той спецыфічны пах новых каляровых алоўкаў. Але вось пра тое, каб стаць мастаком, думкі ні ў дзяцінстве, ні пазней не ўзнікала.

— А як жа вырашылі паступаць у інстытут на графіку?

— Гэта ўжо пасля арміі. Я працаваў на БелАЗе ў Жодзіне ў зборачным цэху кантралёрам, да гэтага ж тэхнікум механізацыі скончыў. Час ад часу нешта маляваў. І дзеля цікавасці паслаў некалькі карыкатур у часопіс «Вожык», а там узялі і апублікавалі. На працы мяне адразу ж мастаком празвалі, я і валасы доўгія адпусціў, як мае быць. А потым думаю: паспрабую. І вырашыў падаць дакументы ў інстытут. Там мае працы паглядзелі, узровень слабаваты, і накіравалі мяне ў мастацкае вучылішча. Сунуўся туды — не бяруць, можна паступаць толькі пасля васьмі класаў школы. Вырашыў тады: усё ж інстытут. Рызыкнуць параіў прафесар Павел Канстанцінавіч Любамудраў, ён мяне прымаў у адборачнай камісіі, праўда, у поспех не вельмі і сам верыў. Я ж проста па-аматарску тады маляваў, як для армейскага дэмбельскага альбома. Экзамены здаваў Васілю Пятровічу Шаранговічу. Карацей, далі мне шанец, прынялі. Праўда, з умовай, што за першы семестр сябе пакажу.

— Напэўна, без азоў, без падрыхтоўкі вучыцца было цяжка?

— Затое як цікава! Мне ж усё было ў навінку, а хлопцам пасля вучылішча, можа, часам і сумнавата. Бо на першым курсе пачыналі з таго, што яны ўжо вывучалі. Наогул, добрая група ў нас была, добрыя педагогі.

— Вы ўжо і самі 20 гадоў выкладаеце, прафесар. Ці ёсць вучні, якімі ганарыцеся?

— Адна з такіх — самая любімая мая вучаніца Кацярына Дубовік. Дыплом рабіла па Стэфану Цвейгу, «Шахматная навела», сур'ёзная кніга, класіка аўстрыйская. Я сам добра падумаў бы, ці ўзяцца за такую складаную справу. А яна не пабаялася і зрабіла выдатную, прыгожую падарункавую кнігу. Звычайна дыпломная праца рэдка рэалізуецца. А тут атрымалася. Цяпер ужо пяць ці шэсць кніг удала аформіла, усе дыпломамі адзначаны, замежныя прапановы супрацоўніцтва з’явіліся.

— А над чым працуеце зараз вы?

— Падрабязнасці раскрываць не буду, але ёсць адна цікавая тэма, за якую не церпіцца ўзяцца. Наогул, цяпер стараюся брацца толькі за тое, чаго хачу сам, без заказаў. Заўважыў: калі робіш тое, што падабаецца самому, добра атрымліваецца і абавязкова знаходзіцца глядач, якому гэта таксама цікава.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter