Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Свяце пісанкі ў чарнігаўскім Цэнтры народных рамёстваў для дзяцей і юнацтва паўдзельнічала таксама і мясцовае Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры”

Пісанка — сімвал Вялікадня

Каларытнаю выглядала ў той дзень напярэдадні Вялікадня выставачная зала чарнігаўскага абласнога Цэнтра народных рамёстваў для дзяцей і юнацтва. Ладзілася вялікая імпрэза “Вялікдзень-2017”. На думку арганізатараў, Вялікдзень — свята народнае, і далучэнне да яго спрыяе нацыянальна-патрыятычнаму выхаванню дзяцей, моладзі. Таму і далучыцца да праека запрасілі выхаванцаў студый Цэнтра рамёстваў ды іх бацькоў: разам лягчэй перадаваць багаты народны досвед.

Дзеці ў Чарнігаве старанна пераймаюць мастацтва пісанкі
Фота: Віктар Кошмал

З радасцю адгукнуліся на прапанову і прадстаўнікі Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры”: прыйшлі са сваімі дзецьмі, унукамі. У беларускіх сем’ях Чарнігава паважаюць традыцыі продкаў, жывуць і велікодныя звычаі, абрады. Як вядома, і ў Беларусі ёсць традыцыя і фарбаваць, і распісваць велікодныя яйкі — адзін з даўніх сімвалаў хрысціянскага свята. Прыйшлі й прадстаўнікі армянскай абшчыны вобласці, “Крымскай абшчыны”: на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў яднаюцца людзі розных нацыянальнасцяў. Было цікава даведацца, што ў кожнага народа ёсць адметнасці ў традыцыях святкавання Вялікадня, у тым ліку і ў тэхніцы роспісу яек. Дарэчы, пісанка й была ў цэнтры ўвагі. Нават у розных рэгіёнах Украіны яйкі распісваюць па-рознаму. Пра тое расказвалі навуковыя супрацоўнікі Чарнігаўскага гістарычнага музея Наталля Тонка ды Ірына Стасюк. А майстрыха з сяла Брусілаў Наталля Дубіна каларытна дапаўняла іх аповед, паказвала, як усё робіцца.

Мы даведаліся, што роспіс пісанкі — гэта не проста выпадковая мастацкая фантазія: кожны малюнак на яйку набывае глыбокі сэнс. Напрыклад, з такой земляробчай прыладай як вілы нашы продкі звязвалі надзеі на ўраджай. А шляхам пэўных рытуальных дзеянняў з “пісанкай” выклікалі дождж. Дарэчы, магічныя магчымасці ўкраінскай пісанкі выпрабаваў на практыцы і адзін канадскі фермер, які ў выніку не толькі абагнаў канкурэнтаў па ўраджайнасці, але і... абараніў дысертацыю. Пасля такіх аповедаў ніхто ў зале не адмовіўся павучыцца распісваць пісанкі.

Да стала, на якім Наталля Дубіна давала майстар-клас, скіравалі ўвагі і дарослыя, і дзеці. Ужо з гатовымі драўлянымі пісанкамі дзеці з суполкі “Сябры” пагулялі “навбіткі”: гэта калі бяруць па фарбаваным яйку і б’юцца. У каго першага разбілася — той прайграў. Святочную аўру падзеі надалі ўкраінскія народныя песні: выступаў Акадэмічны ансамбль песні ды танца “Сіверскія клейноды” з абласнога філарманічнага Цэнтра фестываляў і канцэртных праграм.

Ніна Камінская, сяброўка беларускай суполкі “Сябры”, г. Чарнігаў

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter