Як Асвод будзе ратаваць рыбакоў з дапамогай новых аэралодак

«Пірання» хапае за руку

Вадаёмы краіны паступова пакрываюцца лёдам, які магнітам прыцягвае прыхільнікаў зімовай рыбалкі. Нягледзячы на рызыку, многія з іх аддаюцца любімаму занятку, забываючы пры гэтым пра сур’ёзную пагрозу для жыцця і выкананне правіл бяспекі. А значыць, у ратавальнікаў Асвода, нягледзячы на холад, пачынаецца гарачая пара.

Экіпаж ратавальнікаў Асвода сваю задачу выканаў выдатна.

Калі рэкі яшчэ застаюцца адкрытымі, то на невялікіх вадаёмах таўшчыня лёду складае месцамі 5—7 сантыметраў. І хаця з пункта гледжання бяспекі гэтага недастаткова, самыя нецярплівыя рыбакі выходзяць на лёд.

А тыдзень таму ў Лоеўскім раёне патануў 51-гадовы жыхар вёскі Мохаў. На лодцы ён адправіўся даставаць сеткі, якія пакінуў на ноч. Аказалася, іх прыхапіла лёдам. Спрабуючы вызваліць снасці, браканьер выпаў за борт і патануў.

Ролю рыбака, які тоне, сыграў сапраўдны вадалаз.

Вядучы спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Асвод Сяргей Касцючэнка ўдакладняе абстаноўку на вадаёмах і рэках:

— Зараз на іх працуюць 15 выратавальных станцый, дзяжурства на якіх вядзецца кругласутачна. Таксама дзейнічаюць 13 пастоў і манеўрана-пошукавая група. Усяго ж службу па выратаванні на водах нясуць каля 300 чалавек.

Нядаўна для патрэб Асвода набылі чатыры аэралодкі «Пірання-4». Адну з іх атрымала Гомельская абласная арганізацыя, дарэчы, якая ў апошнія дзесяць гадоў займае першае месца па краіне. «Пірання» можа рухацца па вадзе, у тым ліку ва ўмовах крыгаходу, а таксама па тонкім лёдзе, і нават пераадольваць невялікія адлегласці па сушы, развіваючы пры гэтым хуткасць да 120 км/г.

Выратаваць жыццё ў экстрэмальнай сітуацыі можа простая вяроўка.

На днях выратавальнікі праверылі магчымасці аэралодкі ва ўмовах, набліжаных да рэальных. Вучэнні праходзілі ў Гомелі на Любенскім возеры. Паводле легенды, рыбак (яго ролю сыграў апрануты ў гідракасцюм вадалаз) перамог інстынкт самазахавання і ў пошуках клёву выйшаў на лёд. І неўзабаве праваліўся ў палонку. Яго крыкі пачулі на выратавальным пасту непадалёк. Аднак падабрацца да чалавека па тонкім лёдзе не ўдалося. Ратавальнікі звязваюцца з калегамі, якія нясуць службу за некалькі кіламетраў ад месца здарэння. Па сігнале трывогі «Пірання» ляціць на дапамогу. Экіпаж аэралодкі — матарыст, два вадалазы і медработнік. У наяўнасці ўсе неабходныя выратавальныя сродкі. Пацярпелага выцягваюць з вады і дастаўляюць на сушу. Падчас аказання экстранай дапамогі прыбывае экіпаж «хуткай». Місія выканана.

Нашага ўмоўнага пацярпелага выратавала ў першую чаргу наяўнасць выратавальнай камізэлькі, — дапаўняе карціну спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Асвод Уладзімір Акулін. — Менавіта гэты аксесуар, які сёння можа купіць кожны, дае найбольшыя шанцы пратрымацца да прыбыцця дапамогі. Ёсць і іншыя сродкі асабістай бяспекі, даступныя любому рыбаку. Напрыклад, звычайная доўгая вяроўка з пятлёй і грузікам на канцы.



Спецыялісты Асвода спадзяюцца пераканаць усіх, хто выходзіць на лёд, як мінімум апранаць выратавальныя камізэлькі. Задумацца рыбакам сапраўды ёсць пра што. За мінулы зімовы сезон на вадаёмах Гомельскай вобласці патанулі 5 чалавек.

ДАРЭЧЫ

На выхадных Асвод прыме дадатковыя меры па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе ва ўсіх рэгіёнах. Узмацненне прафілактычнай работы, якая вядзецца кожны дзень, звязана з актыўным фарміраваннем ледаставу.



Ратавальнікі Асвода правядуць рэйды на найбольш наведвальных вадаёмах у населеных пунктах і іх наваколлі.

Праводзіць тлумачальныя гутаркі будуць работнікі ўсіх нашых пастоў і станцый, — удакладніў вядучы спецыяліст аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы Асвода Алег Баразна. — Удзел таксама прымуць супрацоўнікі МНС, члены камісій па справах непаўналетніх і іншыя суб'екты прафілактыкі.

Органы мясцовай улады разгледзяць пытанне аб увядзенні забароны выхаду на лёд у перыяд яго фарміравання. Тым часам у Асводзе рыхтуюць план па прадухіленні няшчасных выпадкаў на вадзе ў будучым годзе. Комплекс мерапрыемстваў узгодняць з усімі зацікаўленымі ведамствамі.

Аэралодка «Пірання» развівае хуткасць да 120 км/г.

prolesk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter