Пiльны клопат самакiравання

Найбольш за ўсё эфектыўнасць работы органаў дзяржаўнага кiравання прасочваецца на мясцовым узроўнi. Нядаўна мне выпала магчымасць пазнаёмiцца з практыкай работы з насельнiцтвам на прыкладзе Дабрамыслiнскага сельскага Савета Лёзненскага раёна

Старэйшыны  ў  Дабрамыслiнскiм  сельсавеце  адказваюць  i  за  тое,  цi  ёсць  чым  палiць  гаспадарам  у  печы... 

Найбольш за ўсё эфектыўнасць работы органаў дзяржаўнага кiравання прасочваецца на мясцовым узроўнi. Нядаўна мне выпала магчымасць пазнаёмiцца з практыкай работы з насельнiцтвам на прыкладзе Дабрамыслiнскага сельскага Савета Лёзненскага раёна. Узначальвае яго Надзея
Папялкоўская.
 

Усюды,  дзе  жывуць  вяскоўцы... 

Калi ўспомнiць славуты выраз “Усе дарогi вядуць у Рым”, то ў дадзеным выпадку дарогi мясцовыя вядуць у сельсавет. Менавiта гэта структура сёння блiжэй за ўсё да людзей. Сюды яны накiроўваюцца як з горам, так i з радасцю. Ад нараджэння новага чалавека да провадаў яго ў апошнi шлях. 

Па дзейнасцi мясцовай улады мяркуюць часта аб агульнай палiтыцы дзяржавы. Iншымi словамi, як вырашаецца на месцы забеспячэнне харчовымi таварамi, жыллём, як ажыццяўляюцца транспартныя i бытавыя паслугi для насельнiцтва. У “шматстаночнай” сельсавецкай iнфраструктуры  няма мiжсезоння. Нi на адзiн дзень не могуць заставацца па-за ўвагай установы адукацыi, аховы здароўя, культуры, аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркi… 

Неяк летам Надзея Папялкоўская выступала на сесii раённага Савета дэпутатаў. Яе развагi пра ролю i адказнасць мясцовай улады слухалi з увагай не толькi калегi-старшынi, але i кiраўнiкi многiх iншых структур. Ды i як было не пагадзiцца з думкамi пра павышэнне самастойнасцi самых блiзкiх да сельскага чалавека органаў кiравання?  Без гэтага немагчыма аператыўна i якасна вырашаць безлiч пытанняў, звязаных са штодзённымi зваротамi людзей у сельскi Савет. 

Дэпутаты тады падтрымалi выступленне Надзеi Папялкоўскай. У прыватнасцi, у iм яна гаварыла аб удасканальваннi адносiн з органамi грамадска-тэрытарыяльнага сама­кiравання i грамадскiмi структурамi. Не менш злабадзён­нымi аказалiся развагi i аб умацаваннi законнасцi i правапарадку. I аб хутчэйшым добраўпарадкаваннi населеных пунктаў. I не толькi цэнтральных сядзiб, а ўсiх месцаў, дзе жывуць вяскоўцы, часта адны пенсiянеры цi адзiнокiя. Справядлiва дабрамыслiнскi “мэр” заўважыла, што на адных плячах такую ношу не панесцi. Тады як? 

Старшыня  прыехала.  На  веласiпедзе! 

Калi Дабрамыслiнскi сельскi Савет стаў у адзiн з мiнулых гадоў пераможцам абласнога спаборнiцтва па сацыяльным абнаўленнi i добраўпа­рад­каваннi населеных пунктаў, яму быў выдзелены ў якасцi салiднай узнагароды новенькi аўтамабiль “жыгулi”. Спачатку старшыня карысталася паслугамi вадзiцеля, а потым i сама стала руляваць. Усё ж эканомiя для мясцовага бюджэту. 

Цяпер, дзе ёсць магчымасць, кiраўнiк мясцовай улады аб’язджае свае ўладаннi на легкавушцы. Але ж на тэрыторыi Савета 27 населеных пунктаў. I не ўсюды асфальт. У якасцi зручнай альтэрнатывы старшыня часцяком з “жыгулёў” перасаджваецца на звычайны дарожны вела­сiпед. Жартуе: i для здароўя карысна, i ў любую кропку дабярэшся. 

— Надзея Аляксееўна, але каб хоць аднойчы пабываць у кожнай вёсцы, больш аднаго разу за месяц не выйдзе,— выказваю абгрунтаванае сумненне. 

— А такой патрэбы i няма,— адказвае мая суразмоўца. – У кожнай вёсцы i вёсачцы ёсць мае, калi так можна выказацца, надзейныя намеснiкi. Прасцей кажучы, старэйшыны. У iх там уся паўната ўлады. Навошта стрымлiваць iнiцыятыву? Iншая справа, калi трэба параiцца аб нечым важным, лёсавызначальным… 

У структуры мясцовай улады дзейнiчае так званы iнстытут старэйшын, у якi ўваходзяць 22 самых паважаных грамадзянiна. Чым займаюцца?  Перш за ўсё, арганi­за­цыйна забяспечваюць падтрыманне ўзорнага санiтарнага парадку на сваёй тэрыторыi. На iх ляжыць пастаянны клопат, каб насельнiкi вёскi заўсёды былi з хлебам i мелi “да хлеба”. Каб у патрэбны час былi лекi i неадкладная медыцынская дапамога. Каб печы ў халады тапiлiся, не было перабояў з электрычнасцю. 

У выпадку ж нейкiх збояў старэйшыны выходзяць з просьбай цi прапановай на сельвыканком. Дарэчы, для вырашэння i абмеркавання асаблiва значных праблем па кожным з населеных пунктаў ладзяцца агульныя сходы грамадзян. Скажам, каб узгаднiць графiк забеспячэння дровамi цi брыкетам, вывазу смецця, абмеркаваць пытаннi добраўпарадкавання могiлак, правядзення свята той цi iншай вёскi, iншых мерапрыемстваў. 

Людзi  скардзяцца. Гэта  нам  падказкi... 

 Прыемна было пераканацца, што год ад году скарг i зваротаў грама­дзян у мясцовы орган улады ста­новiцца менш. Гэта яскравае сведчанне паляпшэння сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi на тэрыторыi сельскага Савета. 

Тым не менш прашу кiраўнiка мясцовай улады прааналiзаваць як сам характар зваротаў грамадзян, так i магчымасць iх задавальнення. 

— Як гэта нi сумна, але вясковае насельнiцтва старэе, — разважае Папялкоўская. — Кантынгент пераважна пажылы. Ветэранаў i iнвалiдаў вайны на тэрыторыi Савета пражывае 18 чалавек, ды яшчэ паўдзесятка былых малалетнiх вязняў фашызму. 

Зразумела, што большасць зваротаў да мясцовай улады – аб матэрыяльнай дапамозе, забеспячэннi палiвам на абагравальны сезон, камбi­кармамi. Ёсць заявы аб аказаннi дапамогi тэхнiкай у апрацоўцы агародаў, нарыхтоўцы сена, уборцы ўраджаю. Заўсёды на пiльным кантролi запыты аб паляпшэннi гандлёвага абслугоўвання, дастаўцы патрэбных тавараў не толькi што­дзённага ўжытку, але i па iндывi­дуаль­ных заказах. 

Сапраўдным галаўным болем для старшынi выканкома i яе памагатых застаецца барацьба з п’янствам. Шчыра кажучы, гэтая “цёмная пляма” псуе аблiчча любой вёскi. Ёсць асобы, якiя не ведаюць меры ў адносiнах да спiртнога. 

Як змагацца з бядой? Асаблiва важна адгарадзiць ад яе маладое пакаленне. У адной толькi Дабра­мыслiнскай сярэдняй школе вучацца больш за тры сотнi дзяцей i падлеткаў. Якi прыклад iм даюць дарослыя? 

Вось чаму старшыня сельсавета настойлiва змагаецца за пера­прафiляванне мясцовага кафэ “Фiялка” ў поўнасцю “цвярозую” гандлёвую ўстанову для дзяцей i моладзi. Няхай тут прадаюцца толькi марожанае, розныя салодкiя прысмакi i сокi, гучыць прыемная музыка. Выхоўваць культуру жыцця i паводзiн трэба, вобразна кажучы, з пялёнак. Потым будзе позна. 

I калi ўжо зайшла размова пра моладзь, то аднаго толькi кафэ для яе недастаткова. Прывесцi ў адпаведнасць з сучаснымi запатраба­ваннямi спартыўную залу пасёлка – справа гонару выканкома. Работы ўжо вядуцца, пэўную падтрымку тут аказваюць на ўзроўнi раённай i абласной выканаўчай улады. 

А як жа iначай? Трэба, каб падлеткi i моладзь не бралi горшы прыклад са старэйшых. У жыццi ёсць куды больш светлыя i рамантычныя сцежкi-дарожкi. I сельскi выканком у межах сваiх паўнамоцтваў i магчымасцей вядзе да iх. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter