Сёлета ў Беларусі, Літве, Польшчы адзначаюць 145-годдзе з дня нараджэння знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца

Пейзаж з Багданава

Сёлета ў Беларусі, Літве, Польшчы адзначаюць 145-годдзе з дня нараджэння знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца


Карціна Ф.Рушчыца “Ля касцёла”

 Нягледзячы на тое, што дзень нараджэння Фердынанда Рушчыца прыпадае на 10 снежня, у нашай краіне ўрачыстасці ўжо пачаліся. У роднай вёсцы мастака — Багданаве, што ў Валожынскім раёне, адбыўся пленэр, у якім узялі ўдзел мастакі Кастусь Качан, Алесь Суша, Уладзімір Васюк, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Лубнеўскі, Уладзімір Пракапцоў, Аляксандр Грышкевіч, Уладзіслаў Петрык. Але фармат адзначэння памятнай даты нашмат большы. Бо постаць Рушчыца значная і мы яе толькі адкрываем для сябе.

Арганізатарамі сёлетніх святкаванняў сталі Нацыянальны мастацкі музей і Валожынскі райвыканкам. Удзель­нікі пленэру падаравалі свае працы Багданаву. І яшчэ вернуцца туды 10 снежня. Там добраўпарадкуюць сямейныя могілкі Рушчыцаў, створаць экспазіцыю, прысвечаную мастаку, у Багданаўскім аддзяленні Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў.


Рушчыц нарадзіўся ў Багданаве
ў 1870 годзе. Вучыўся ў мінскай гімназіі, затым у Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе ў Шышкіна і Куінджы
Апрача “дарослага” пленэру прайшоў пленэр юных мастакоў-пейза­жыстаў “Зямля і неба Фердынанда” і акцыя “Ноч музеяў” у раённым краязнаўчым музеі. Прыязджалі госці з гімназіі імя Фердынанда Рушчыца літоўскага горада Рудаміна — менавіта яны надалі юнацкаму пленэру міжнародны статус.

Нават дзіўна, што яшчэ некалькі гадоў таму пра Рушчыца ў Беларусі ведалі мала. Калі быць дакладным, то пра яго добра ведалі толькі мастацтвазнаўцы. А вось у масавай свядомасці прозвішча мастака не прысутнічала. У гэтым у свой час пераканалася настаўніца сярэдняй школы № 1 Валожына Ала Макарэвіч, правёўшы апытанне сярод землякоў. І таму ўзялася за папулярызацыю імя і творчасці земляка. Бо ў свой час і для яе Рушчыц стаў адкрыццём.

Нагадаю, што Рушчыц нарадзіўся ў Багданаве ў 1870 годзе. Вучыўся ў мінскай гімназіі, затым у Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе ў Шышкіна і Куінджы. Прымаў удзел у знакамітым расійскім творчым аб`яднанні “Мир искусства”, у польскім таварыстве мастакоў Sztuka. У 1921 арганізаваў першую выставу польскіх мастакоў у Парыжы, за што быў узнагароджаны французкім ордэнам Ганаровага легіёна. Маляваў афішы, афармляў кнігі, ствараў дэкарацыі для спектакляў — з большага ў Вільні. У тым горадзе і ў Багданаве ён правёў большую частку жыцця.

З 1908 года мастак стала жыў у Вільні: да 1915 года — у доме на вуліцы Ужупё, 24, які належаў сям`і Ляскарысаў, з якой выйшаў польскі паэт Ежы Ляскарыс. У прадмесці Ужупіс (Зарэчча), мабыць, кожны камень памятае Рушчыца. Ягоны голас гучаў і ў касцёле Святога Баўтрамея (вуліца Ужупё, 17а) увосень 1913 года, калі мастак уступаў там у шлюб. Цяпер той храм адметны і тым, што набажэнства там вядзецца на беларускай мове. З восені 1915 да красавіка 1919 года Рушчыц знаходзіўся ў Багданаве. Потым, калі палякі занялі Вільню, мастак арганізаваў і ўзначаліў аддзяленне прыгожых мастацтваў пры адроджаным у тым горадзе ўніверсітэце. Аддзяленне размяшчалася ў корпусе былога кляштара бернардзінцаў. Той будынак на вуліцы Майронё, 6 адзначаны мемарыяльнай дошкай у гонар мастака. Цяпер там Віленская мастацкая акадэмія, што вядзе сваю біяграфію ад навучальнай установы, заснаванай панам Фердынандам. У тых мурах у розны час вучыліся жывапісу і беларускія мастакі — Пётра Сергіевіч, Міхал Сеўрук, наш сучаснік — фатограф Дзяніс Раманюк.

Рушчыц любіў пісаць пейзажы, акрамя таго, шчыльна супрацоўнічаў з віленскімі тэатрамі — як дэкаратар. Ён аўтар ілюстрацый да многіх выданняў, стваральнік вокладак кніг і далёка не аднаго плаката, афішы. У канцы 2013 года адзначалася стагоддзе беларускага плаката ў гонар намаляванай гэтым мастаком афішы Першай раённай выставы саматужнай прамысловасці і народнай творчасці ў Вільні, якая праходзіла ў верасні 1913 года.

У 1923-1935 гадах, пра што сведчыць мемарыяльная шыльда, Рушчыц жыў у Вільні ў доме на вуліцы Пілес, 22. Цікава, што ў 1811-1814, 1817-1828 гадах там жыў польскі паэт Юльюш Славацкі. У 1927 годзе на дваровым фасадзе дома з ініцыятывы Рушчыца быў усталяваны бюст літаратара работы скульптара Балеслава Балзукевіча.

28 лістапада 1932 года мастаку раптам заняло мову, у яго была паралізавана правая рука. У 1935-м давялося вярнуцца ў Багданава. Ужо назаўсёды. У лістападзе наступнага года жывапісец пайшоў з жыцця — у 66 гадоў. У Багданаве лёгка знайсці помнік мастаку — ён стаіць на прыкметным пагорку, да якога вядуць прыступкі. На жаль, не ацалела сядзіба Рушчыцаў. Затое ў Мінску з 2002 года існуе вуліца Рушчыца.

У Вільні творы ўраджэнца Беларусі можна ўбачыць у Мастацкім музеі Літвы, а таксама ў бібліятэцы Акадэміі навук, дзе захоўваецца пейзаж 1895 года “Крэўскі замак”.


Пераможцы V пленэру-конкурсу юных пейзажыстаў “Зямля і неба Фердынанда” разам са старшынёй журы Уладзімірам Пракапцовым

Да нядаўняга часу ў Беларусі захоўваўся ўсяго адзін твор Рушчыца — “Ля касцёла”. Гэтую карціну можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі, на ёй адлюстраваны храм у Багданаве, які не збярогся да нашых дзён.

У 2015 годзе Белгазпрамбанк набыў для свайго карпаратыўнага збору палотны Рушчыца “Пейзаж. Вілія” і “Хлеў і азярод”, якія таксама адлюстроўваюць багданаўскі пейзаж. Рушчыц любіў сваю малую радзіму.

Ала Макарэвіч марыць стварыць паўнавартасную музейную экспазіцыю, прысвечаную Рушчыцу, у Багданаве і Валожыне. Настаўніца сабрала калекцыю кніг пра мастака, аналагаў якой няма ў краіне. У зборы шмат рэдкіх выданняў, якія энтузіястка купляе за мяжой у букіністычных крамах.

Чакаюць візіту ў Беларусь унука пейзажыста — таксама Фердынанда Рушчыца, вядомага ў Польшчы спецыяліста ў музейнай справе. У свой час ён ужо быў у Мінску, і мне ўдалося з ім сустрэцца, пагаварыць. Вось што ён расказаў:

— Я раблю ўсё магчымае, каб прыязджаць на радзіму дзеда хоць бы раз у год, прывожу з сабой сяброў, знаёмых і, вядома ж, родных. Я ім паказваю: тут нашы карані. Я гэтым ганаруся.

Дух Рушчыца заўсёды жыў у Багданаве. У будучыні, спадзяюцца энтузіясты, імя мастака тут матэрыялізуецца — будуць адноўлены сядзіба, касцёл, з’явіцца помнік Фердынанду — асобе, якая збліжае Беларусь з суседзямі.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter