“Песняры” вяртаюцца да расійскага слухача

Пасля сямі год цішыні некалі знакамітыя на ўвесь Савецкі Саюз “Песняры” нагадалі пра сябе расійскаму слухачу. Новы альбом беларускага дзяржаўнага ансамбля пабачыў свет у Расіі. Дарэчы, афіцыйныя альбомы “Песняроў” з 2001 года за межамі Беларусі не выдаваліся.

Назва новага альбома “Песняроў” — “Распавядальная”, беларуская версія якога пабачыла свет у кампаніі West Records у верасні 2007 года. Гэты дыск музыканты тады назвалі своеасаблівым творчым падвядзеннем вынікаў дзейнасці калектыву за тры гады. Бо перад тым як выдаць яго першую, беларускую версію, калектыў “абкатаў” праграму на канцэртах, што на працягу двух гадоў адбыліся ў ста гарадах Беларусі. На новым дыску прадстаўлены песні на музыку Міхала Клеафаса Агінскага, Ігара Лучанка, на вершы Якуба Коласа і Генадзя Бураўкіна. Аўтарства большасці кампазіцый належыць мастацкаму кіраўніку ансамбля Вячаславу Шарапаву. Як лічаць музыканты, новы альбом сведчыць, што калектыў развіваецца і імкнецца да новых вяршынь. Папярэдні ж альбом “Песняроў” пабачыў свет яшчэ пры жыцці Уладзіміра Мулявіна.
Як адзначаюць у кампаніі West Records, ні дызайн, ні змест рускай версіі дыска “Распавядальная” нічым не адрозніваецца ад беларускай. У расійскае выданне ўвайшлі 11 кампазіцый і відэа на загаловачную песню. Па словах намесніка дырэктара кампаніі West Records Сяргея Ясючэні, гэты факт сведчыць пра канкурэнтаздольнасць беларускага прадукту на расійскім рынку.
Ліцэнзійны дыск “Распавядальная” мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў назваў першым крокам на шляху барацьбы з пірацтвам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter