Святочныя канцэрты да Дня Перамогі — гэта традыцыя калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета

Песнямі яднаемся

Песні вайны, нібы чароўныя крышталі духоўнай энергіі, зберагаюць думкі, пачуцці абаронцаў Айчыны, усіх, чые лёсы закранула крыло мінулай вайны. Памятаеце: “До тебя мне дойти нелегко,/ А до смерти четыре шага”… Альбо такое: “Пусть он землю бережет родную,/ А любовь Катюша сбережет”. Тыя песні, пайшоўшы ў народ, дапамагалі нашым бацькам і дзядам цярпець і выжываць, змагацца і перамагаць, спадзявацца і не здавацца. Дапамагалі ў тыле маці, жонкам, каханым чакаць і верыць.

На сцэне Вялікага тэатра гучаць музыка і песні ваенных гадоў
На сцэне Вялікага тэатра гучаць музыка і песні ваенных гадоў

Пэўна, кожны з нас можа ўзгадаць некалькі песень, “загартаваных” у полымі вайны. Успомніць і праспяваць іх разам, і разам сустрэць Свята, аддаць даніну павагі пераможцам запрасіў гледачоў, слухачоў Вялікі тэатр. За кожнай назвай песні, што гучалі са сцэны і падпяваліся ў зале — нейкі яркі штрых з мінулага, важны ўспамін, сустрэча ці развітанне: “Свяшчэнная вайна”, “Кацюша”, “Смуглянка”, “Дзень Перамогі”… Гэтыя і іншыя песні-шэдэўры даўно сталі культавымі. У глядзельнай зале былі ветэраны вайны, людзі розных пакаленняў. Прыйшлі маладыя людзі са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі: Дзень Перамогі — тое свята, дзякуючы якому адладжваецца повязь паміж пакаленнямі. І любімыя песні спявалі ўсе разам з артыстамі. Дарэчы, на такіх канцэртах заўсёды да салістаў тэатра падключаецца і зала. 

Канцэрты да Дня Перамогі — шматгадовая творчая і чалавечая традыцыя калектыву Вялікага тэатра. За дырыжорскім пультам быў  маэстра Андрэй Іваноў, рэжысёр сцэнічнай дзеі — Дар’я Пататурка. У канцэрце ўдзельнічалі сімфанічны аркестр і хор, вядучыя майстры сцэны і маладыя салісты, артысты Дзіцячага музычнага тэатра-студыі.

Алесь Мурочак
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter