Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Песня жывіць гарады

У Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку грандыёзным гала-канцэртам завяршыўся XXIV Агульнапольскі фэст “Беларуская песня-2017”

З гісторыі вядома: зямля Беластоцкая — не чужая для беларусаў. Вось і пад час сёлетняй сустрэчы ў Беластоку старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі ў які ўжо раз паўтараў: “Беларусы Польшчы — тутэйшыя, сем’і нашыя спрадвеку жылі на Беласточчыне. Таму і захоўваем роднае: мову, песню, традыцыі...” Дарэчы, менавіта любоў да песні сабрала яе прыхільнікаў у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку на вялікі гала-канцэрт XXIV Агульнапольскага фэсту “Беларуская песня-2017”. Фальклорныя гурты, хоры, дуэты і салісты з усяго Падляшша — 25 лаўрэатаў цэнтральнага фіналу фэсту — выступілі перад гледачамі.

Беларуская песня ў Польшчы гучала і ў выкананні фальклорнага ансамбля “Вербіца”. Фота: Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

На пачатку свята Ян Сычэўскі казаў: “Фестываль “Беларуская песня” — заўсёды вялікая падзея для беларусаў Польшчы. Спрадвеку беларусы любілі спяваць... Па вёсках увесь час гучалі песні: і ў святы, і ў будні. Нават у жніво, калі працавалі ад ночы да ночы, дзяўчаты і хлопцы спявалі. Тады песня пералівалася з вёскі ў вёску. БГКТ, якое летась адсвяткавала 60-годдзе, яшчэ на пачатку дзейнасці звярнула ўвагу: трэба захоўваць песню і прэзентоўваць яе больш прафесійна. З 1970 года праводзім агляды-конкурсы. Колькі талентаў адкрылі! Сёлетняе свята — 48-е па ліку, і 24-е ў стасусе фестывалю”.

На гэты раз раённыя конкурсы праходзілі ў Беластоку, Семятычах, Дамброве Беластоцкай, Гайнаўцы і Бельску Падляскім. Па іх выніках да паўфіналу дайшло 56 творчых калектываў і асобных выканаўцаў. А ўжо з іх беларуска-польскае журы, якое ўзначальваў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча, прафесар Міхаіл Дрынеўскі, адабрала 25 найлепшых выканаўцаў. Сярод іх былі і навічкі-дэбютанты: калектыў “Давід Шымчук BAND” з Гайнаўкі з прыгожай лірычнай песняй “Для бацькоў” і гурт з правакацыйнай назвай “Немаральная прапанова” з Беластока, які прадставіў народную песню “Калі каліна” ў сучаснай апрацоўцы. Намеснік старшыні БГКТ Базыль Сегень адзначае: “Мы гатовы на любыя прапановы, рады ўдзелу моладзі ў конкурсе, яе зацікаўленасці народнай песняй нават у незвычайным бачанні. Але ж ёсць пэўныя рамкі: жывы гук, высокі ўзровень вакальных і музычных здольнасцяў”.

Адкрыццём фэсту стала сямейнае трыа Маліноўскіх: маці ды дзве дачкі. Яны акапэльна выканалі знакамітую “Купалінку”, а пасля Лідзія Маліноўская праспявала й старадаўнюю “Ой, я жыта ды не сеяла”. Прычым музычнае суправа-джэнне ёй стварыў Сяргей Лукашук, кіраўнік калектыва “Маланка” з Бельска-Падляскага, на самаробных гуслях. Непаўторны нумар, здавалася, з самой даўніны прадставіў калектыў “Жэмэрва” са Студзіводаў. Дарэчы, назва гурта азначае па-мясцоваму “вясёлая дзятва”, і ў складзе — дзяўчаты і хлопцы, вучні бельскіх школ.

На адкрыцці выставы ў гонар Янкі Купалы ў Гайнаўцы. Фота: Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Прызёрам фэсту стаў калектыў “Світанак” з Беластока з песняй “Сэрца маці”. Кампазіцыя блізкая і зразумелая кожнаму: сэрца маці заўсёды баліць за дзіця. А з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў у зале гучна адстуквалася сэрцабіццё... Кіраўніца “Світанка” Ганна Бабік прызналася: “Штогод на фэсце выконваем новую песню — не паўтараемся”. А Ян Сычэўскі дадаў: “Цешыць факт: насупраць натуральным пераменам вёскі, песеннае мастацтва развіваецца. Беларуская песня жыве і ў гарадах”.

Парадавалі гледачоў і госці з Беларусі — ансамбль танца “Гарадзенскія карункі” з Гродна і Беларускі народны фальклорны ансамбль “Вербіца” з Мінска. Дарэчы, у рэпертуары “Вербіцы” былі на гэты раз як народныя, так і аўтарскія песні. Праспяваўшы “Каханую”, кіраўнік ансамбля Алесь Свірскі прадставіў: “Аўтар слоў і музыкі — Амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў”. Песню “Дзед” спявалі ўжо разам: дыпламат і артысты. Пасля спадар Амбасадар казаў мне: “Песні пішу даўно, вельмі люблю спяваць. З задавальненнем выступіў бы на якой з імпрэзаў беларусаў Польшчы, разам з гуртом ці асобна”.

Сёлета ж магчымасцяў, каб здзейсніць задуму, будзе дастаткова: БГКТ запланаваны такія сустрэчы, як “Культура без межаў у Семятычах”, Міжнародны фэст польскай і беларускай песні “Беласток — Гродна”, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”, Беларускія “Дажынкі” ў Рыбалах, “Бандароўная гасцёўня”. І гэта не гаворачы ўжо пра традыцыйныя беларускія фэсты, якія штогод улетку праходзяць па ўсёй Беласточчыне.

Пра тое, што беларуская культура карыстаецца папулярнасцю ў суседняй краіне, гаворыць і адкрыццё выставы “Брама веры” ў Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры. У экспазіцыі бачым іконы XVIII-ХІХ стагоддзяў. Па словах дырэктара Музея старажытнай беларускай культуры НАН Беларусі Барыса Лазукі, на выставе ёсць кананічныя праваслаўныя і каталіцкія абразы, а таксама тыя, якія ствараліся ў асяроддзі простых людзей. Разам з выставай ікон экспануюцца званы з тэрыторыі Заходняй Беларусі. Экспазіцыя пабывала ўжо ў Варшаве, Беластоку, Дубінах. Пасля зноў вернецца ў Варшаву.

Старадаўнія званы прадстаўлены на экспазіцыі ў Супраслі. Фота: Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

А ў Музеі ды асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы адкрылася выстава з фондаў Белдзяржлітмузея імя Янкі Купалы “Завуся я толькі Янка Купала”. Кожны з наведнікаў атрымаў налепку з выявай Песняра, і ахвочыя чыталі яго вершы. На інфастэндах пададзены звесткі пра жыццё і творчасць паэта на беларускай, польскай і англійскай мовах, прадстаўлена шмат ілюстрацый да твораў. “Праект “Янка Купала ў дыялогу культур” распавядае ў дадзеным выпадку пра сувязі Янкі Купалы з польскай літаратурнай традыцыяй, на якой ён выхоўваўся, — казала супрацоўніца Купалаўскага музея Марыя Барткова. — Галоўная ідэя выставы — у радку са знакамітага верша “Я не паэта… Завуся я толькі — Янка Купала”: у ім — і сціпласць, але і амбіцыі аўтара, бо на самым пачатку беларускага адраджэння ён выбраў сабе псеўданім у гонар найбольшага беларускага свята — Купалля”.

На адкрыццё выставы прыйшлі вучні, настаўнікі з мясцовай беларускай школы. Па словах дырэктара Музея ды асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы Тамаша Ціханюка, там будуць праходзіць урокі беларускай літаратуры для вучняў розных класаў па вывучэнні жыцця, творчасці Песняра.

Дарэчы, усе тры мерапрыемствы — у Беластоку, Супраслі ды Гайнаўцы — прайшлі пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Польшчы, Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. Падрабязней аб праекце “Янка Купала ў дыялогу культур”, а таксама інтэрв’ю з Амбасадарам Аляксандрам Авяр’янавым, пра творчыя вандроўкі ансамбля “Вербіца” — чытайце ў бліжэйшых нумарах “ГР”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?