Песня жыць дапамагае

Дарагая рэдакцыя! Нядаўна мы адсвяткавалi пятнаццацiгодзе нашага фальклорнага гурта “Аршаначка” i провады на пенсiю Наталлi Васiльеўны Кiсялёвай, дырэктара Бабiнскага сельскага дома культуры i арганiзатара калектыву. Гэта чулая, душэўная i вельмi абаяльная жанчына 35 год аддала культуры. Дзякуй Богу i лёсу, што нам пашчасцiла разам з ёй працаваць.
У фальклорны гурт уваходзяць дырэктар музычнай школы Аляксандр Пятровiч Сянчыла, таленавiты музыкант Рыгор Рыгоравiч Полазаў, ветэран вайны, якi добра грае на гармонiку, а таксама Надзея Германава, Валянцiна Германава, Алена Саўчанка, Алена Старарусава, Антанiна Каваленка, Люба Хадорык, Алена Макеева i Аляксандра Фазлеева. Нашы дзяўчаты добра спяваюць i танцуюць. А яшчэ — вышываюць i вяжуць, умеюць плесцi з саломы.  Аляксандра Фазлеева малюе карцiны, а я пiшу вершы, байкi, песнi, прыпеўкi. А яшчэ ўсе мы любiм вырошчваць кветкi ў кватэрах i каля дамоў.
 Коратка пра нашу дзейнасць. У Каляды кожны год праводзiм калядны абрад, а летам заўсёды святкуем Купалле. Мы справiлi дажынкi, нас здымала тэлебачанне. Мы часта выязджаем з канцэртамi ў вёскi Румiна, Антонаўка, Харкаўка, Стаўры i iншыя, людзi нам вельмi ўдзячны. Яшчэ выступалi на Аршанскай птушкафабрыцы, у iнтэрнаце для састарэлых. Не так даўно нас запрасiлi ў Панiзоўскi сельсавет, дзе мы правялi вясельны абрад.
Мы з поспехам выступiлi на ХIV фестывалi беларускага мастацтва i фальклору “Баранскiя музыкi”. Сталi лаўрэатамi Другога ўсебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь — мая песня”. Нашаму гурту прысвоена званне “Народны самадзейны калектыў”.

Надзея ЛЯЛIК, п.Бабiнiчы, Аршанскага раёна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter