Песня сонечных гронак. Як Малдова з дапамогай беларускіх вытворцаў вяртае сабе славу вінаробчай рэспублікі

Ехалі ў краіну сонца і вінаграду працягнуць лета, пагрэцца ды пацешыцца цяплом, ды дзесьці неўпрыкмет прыхапілі з сабой і перавезлі праз усе межы вераснёўскую прахалоду і лёгкі дожджык — самае што ні ёсць роднае надвор’е. Канешне, з гэтай нагоды крыху засмуціліся, але калі пабачылі, з якой радасцю падобную прыродную метамарфозу ўспрынялі самі малдаване... Дожджык гасцінным гаспадарам прыйшоўся вельмі нават дарэчы: якраз пачынаецца сезон масавага збору белага вінаграду (чырвоны збіраюць крыху пазней). Не будзе так спякотна, не будзе шмат пылу — значыць, і паспеюць у час, і ягады будуць чыстыя і крамяныя. І віно з іх будзе — як народная песня — лёгкае, радаснае, празрыстае... У краіне, якая нават самімі абрысамі на карце падобная на вінаградную гронку, вінаградарства і вінаробства — не проста традыцыя. Гэта частка нацыянальнай культуры, гэта своеасаблівая рэлігія, у аснове якой — цяжкая штодзённая праца, турботы і хваляванні. Пабыць у Малдове і не даведацца, як вырошчваецца вінаград і робіцца віно, — значыць, прызнаць, што ты нічога пра гэту зямлю не ведаеш. А які ж вандроўнік захоча ў тым прызнацца? Тым больш што давялося пазнаёміцца з зацікаўленымі, нават апантанымі сваёй справай людзьмі, якія не паленаваліся расказаць, паказаць, патлумачыць, каб і мы, паўночныя халодныя людзі, змаглі пачуць светлую мелодыю, якая гучыць у кожнай напоўненай сонцам гронцы.

Як “памынт” ледзь не стаў “мармынтам”

У тое сёння цяжка паверыць, але за апошнія чвэрць стагоддзя Малдова двойчы ледзь не засталася без вінаграднікаў. Першы раз — падчас антыалкагольнай кампаніі яшчэ за савецкім часам. Другая пагроза была не такая гучная, больш павольная, але ж і больш небяспечная. Назва яе была — праграма “Зямля” (“памынт” па-малдаўску). Пачалася яна адразу пасля развалу Саюза, у 1991 го-дзе, фінансавалася пры дапамозе дзярждэпартамента ЗША. Сутнасць была простая: калгасу ці саўгасу, што дзяліў усю сваю зямлю паміж людзьмі, якія пражываюць на тэрыторыі, даваліся сродкі на поўнае пагашэнне доўгу (а ў даўгах на той час былі ўсе). Літаральна за пяць гадоў праграма была завершана: падзялілі ўсё: вінаграднікі, фруктовыя сады, палі. Людзі атрымалі па некалькі гектараў зямлі, прычым нярэдка па два-тры невялікія надзелы, якія знаходзіліся на адлегласці да дзесяці кіламетраў адзін ад другога. Краіна пачала нагадваць стракатую, пашытую з невялікіх латак коўдру, многія надзелы хутка прыйшлі ў заняпад — не ўсе маглі і хацелі апрацоўваць тую зямлю, якая фактычна не магла ні пракарміць, ні прынесці прыбытку. Дасціпны народ назваў тую праграму па-іншаму: не “памынт”, а “мармынт” (магіла, значыць).

З’яднаць раз’яднанае

Так магло б і стаць, і мы пахавалі б Малдову як вінаробчую краіну (успомніце,  ці  шмат  у  сярэдзіне 90-х прадавалася малдаўскага віна), але знайшліся людзі, якія захацелі і змаглі ўсё змяніць. Напрыклад, Уладзімір Давідэску, генеральны дырэктар кампаніі “Vinaria din Vale & Co” — на сённяшні дзень самага буйнога ў краіне прадпрыемства па перапрацоўцы вінаграду. Былы саўгасны эканаміст, ён не мог спакойна глядзець, як пакрысе занядбайваецца зямля, на якую людзі паклалі столькі працы і сіл. І ён пачаў зямлю аб’ядноўваць. У кагосьці браў у арэнду, у кагосьці, набраўшы крэдытаў, купіў. Пачынаў справу з сарака гектараў, сёння прадпрыемства валодае больш як шасцю тысячамі. Людзі, былыя гаспадары надзелаў, з якімі давялося пагаварыць, пакрыўджанымі не выглядаюць: за арэнду кожнага гектара атрымліваюць 500 леяў (дзесьці 200 долараў) у год, а яшчэ збожжа, фасолю, насенне сланечніку. А галоўнае — работу і нармальную зарплату.
Пра гэта вельмі шчыра давялося пагаварыць з Аляксандрам Віколам, выканаўчым дырэктарам сельгаспрадпрыемства “Енікіой” (гэта адна са складовых кампаніі Давідэску). На гэтых землях на поўдні краіны за савецкім часам вырошчвалі унікальны прадукт — духмяныя травы. Калі ж прыйшоў “Памынт” — што было людзям рабіць з двума гектарамі лаванды? Давідэску купіў тую духмяную зямлю. Зараз тут трыста гектараў элітных віна-граднікаў. На іх працуе 250 чалавек з шасці навакольных сёлаў. Зарплата нармальная — на ўборцы і абрэзцы — амаль 400 долараў, у іншы час — пад 200 долараў. Для вёскі, дзе ў кожнага свая падсобная гаспадарка, зусім нямала.
Варта зазначыць, што апошнім часам адраджэннем вінаградарскай справы на вялікіх плошчах заняліся на дзяржаўным узроўні. Так, той, хто закладвае вінаграднік плошчай больш як пяць гектараў, атрымлівае на кожны гектар дзяржаўную датацыю ў памеры 25 тысяч леяў (2 тысячы долараў), а калі вінаград не тэхнічны (з якога робяць віно),  а сталовы (які ідзе на рэалізацыю) — дык і ўсе 40 тысяч леяў. Толькі сёлета каля 8 мільёнаў долараў было выдаткавана на такія субсідыі.

Хочаш лазу — пасадзі чаранок

Гэта толькі ў песні ўсё  проста і хутка: “Виноградную косточку в теплую землю зарою, и лозу поцелую, и спелые гроздья сорву”... Насамрэч усё нашмат складаней. Каб атрымаць добры якасны ўраджай, трэба пасадзіць не проста саджанец, а клон (гэта не мае нічога агульнага з геннай інжынерыяй, проста адбіраюцца лепшыя экземпляры з некалькіх пакаленняў) элітных сартоў. Выгадаваць саджанец, які дасць паўнавартасны ўраджай (10—12 тон з гектара) толькі на пяты год, таксама няпроста. Васілій Вуткарэу, кіраўнік аднаго з самых буйных у краіне гадавальнікаў, расказвае, што штогод з больш як трох мільёнаў прывітых чаранкоў (у асноўным французскай ды іспанскай селекцыі) прыжываецца восемдзесят працэнтаў. Высаджваюць гадаванцаў абавязкова на некалькіх палях, інакш адзін град можа пахаваць усю працу. Поле штогод трэба мяняць, бо на вінаградзе завядуцца паразіты. У лістападзе прывітыя саджанцы, якія прыжыліся, выкопваюць, зіму захоўваюць іх у спецыяльных халадзільных камерах, а ўвесну прадаюць.
Звычайны вінаграднік жыве і пладаносіць самае большае дваццаць гадоў, элітны, не падвержаны ніякім хваробам, — усе сорак. А гронкі вырастаюць па чатыры-пяць кіло адна, такую, паверце, адной рукой і не ўтрымаеш!

У Мінск — у 25-тонным “тэрмасе”

Але аб’яднаць зямлю і пасадзіць на сотнях гектараў элітны вінаграднік — гэта яшчэ палова справы, хаця і немалаважная. “Нашы патрабаванні да кампаній, што займаюцца вінаробствам, зараз строгія: пажадана, каб яны мелі ўласныя вінаграднікі, абавязкова — каб сучаснае абсталяванне. Рабіць віно, прадстаўляць краіну ў свеце — справа адказная, таму на сённяшні дзень са ста сарака прадпрыемстваў дазвол займацца перапрацоўкай вінаграду атрымалі толькі сто,” — гаворыць Мікалай Таран, намеснік генеральнага дырэктара Аграпрамысловага агенцтва “Малдова Він”.
На заводах кампаніі “Vinaria din Vale & Co” у год перапрацоўваюць 25 тысяч тон вінаграду — гэта дзесятая частка ад агульнай перапрацоўкі па краіне. Абсталяванне на заводах самае сучаснае: усё робяць разумныя машыны: цярэбяць вінаград ад кісцяў, ціснуць сок, кантралююць тэмпературу ў рэзервуарах, дзе віно становіцца сухім або дэсертным. Працэс наладжаны так, што чалавек непасрэдна не судакранаецца з “матэрыялам”, пакуль той не стане сапраўдным віном — бурштынавым або барвовым, празрыста-чыстым.
А два гады назад кампанія Давідэску пачала ўдзел у еўрапейскай праграме вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі. Тут павінны быць прадугледжаны ўсе аспекты: ад апрацоўкі глебы і насення да ўпакоўкі, у якую віно разліваецца. Выдаткі, несумненна, вялізныя, але, калі ўдасца атрымаць адпаведны сертыфікат, рынак продажу нашмат пашырыцца, і тыя выдаткі вельмі хутка акупяцца...
Зрэшты, тут і без “экалагічнага” сертыфікату стымул рабіць якаснае віно ёсць. Справа ў тым, што амаль увесь вінаматэрыял (г.зн. віно, не разлітае па бутэльках), у кампаніі купляе Мінскі завод вінаградных він (беларускія спажыўцы ведаюць яго пад гандлёвай маркай “Амбасадор”). “У вашай краіне вельмі строгая сертыфікацыя, вельмі строгі кантроль за якасцю, таму прадаць вам дрэннае віно мы проста не можам. Акрамя таго, спецыялісты Мінскага завода вінаградных він дадаткова самастойна кантралююць якасць будучага віна — ад пасадкі лазы да перапрацоўкі вінаграду”, — гэтыя словы неаднойчы давялося чуць ад розных людзей. Ды і дырэктар беларускага прадпрыемства Уладзімір Хількевіч пацвярджае: малдаўскае віно заўжды вытрымлівае ўсе праверкі якасці. У Мінск яго дастаўляюць у спецыяльных вінавозах — гэткіх вялікіх 25-тонных тэрмасах, якія захоўваюць і водар, і смак. З аднаго такога вінавоза атрымліваецца 37 тысяч бутэлек віна, штомесяц на мінскі завод прыязджаюць 25—32 падобныя “тэрмасы”. Застаецца толькі якасна, “стэрыльным халодным спосабам”, як гавораць спецыялісты, разліць яго па бутэльках “Амбасадора” — і глыток шчодрага малдаўскага сонца  апынецца ў вашым келіху.

Вінаград у стане стрэсу

Што здзівіла і ўразіла: пра віно ў Малдове ўсе гавораць, як пра жывую істоту, дакладней, як пра любімае дзіця. Гэткія паважлівыя адносіны да віна нарадзілі, пэўна, і культуру яго спажывання. Калі трымаць келіх — толькі за ножку, калі піць — толькі пад добры тост, і не для таго, каб “напіцца і забыцца”, а проста, каб было радасна на душы, каб пагаварыць, паспяваць, патаньчыць у прыемнай кампаніі. А вы б чулі, з якой пяшчотай, захапленнем, гонарам расказвае пра віно акадэмік Барыс Гаіна! Паводле яго слоў, малдаўскі вінаград — самы-самы з усіх і віно адпаведна самае-самае, бо ў Малдове цёплыя дні і халодныя ночы (чаго няма ў той жа Францыі), ад гэткага перападу тэмператур вінаград адчувае стрэс і пачынае выпрацоўваць больш смакаты і водару. Таму і віно з яго самае духмянае і смачнае — такога больш няма нідзе! Гаворыць пра гэта шаноўны прафесар з такім юначым запалам, што яму проста немагчыма не паверыць. Тым больш калі ў келіху іскрыцца яно — лёгкае, празрыстае, радаснае — як народная песня.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter