Песня, што не ведала межаў

Сёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння знакамітага харавога дырыжора Рыгора Шырмы. А ў чэрвені 1958 года яго капэла ўпершыню гастралявала на захад ад Буга... Калі кажуць, што песня збліжае народы і ўзвышае душу, варта згадаць і дырыжора-юбіляра. Рыгор Раманавіч, нагадаем, нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні — цяпер тэрыторыя Брэстчыны. Вядомы як харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Мала хто з нашых суайчыннікаў дасягнуў у культурнай дзейнасці такога высокага прызнання грамадства: Рыгор Шырма ў 1955 годзе стаў народным артыст СССР, а ў 1977-м і Героем Сацыялістычнай Працы. Яшчэ ў лістападзе 1939 года ён арганізаваў і да 1970-га ўзначальваў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР, якая з 1978 года носіць яго імя. Калектыў і цяпер добра вядомы аматарам спеваў.
Рыгор Шырма ў ПольшчыСёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння знакамітага харавога дырыжора Рыгора Шырмы. А ў чэрвені 1958 года яго капэла ўпершыню гастралявала на захад ад Буга...
Калі кажуць, што песня збліжае народы і ўзвышае душу, варта згадаць і дырыжора-юбіляра. Рыгор Раманавіч, нагадаем, нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні — цяпер тэрыторыя Брэстчыны. Вядомы як харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Мала хто з нашых суайчыннікаў дасягнуў у культурнай дзейнасці такога высокага прызнання грамадства: Рыгор Шырма ў 1955 годзе стаў народным артыст СССР, а ў 1977-м і Героем Сацыялістычнай Працы. Яшчэ ў лістападзе 1939 года ён арганізаваў і да 1970-га ўзначальваў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР, якая з 1978 года носіць яго імя. Калектыў і цяпер добра вядомы аматарам спеваў. На сайце Беларускай дзяржфілармоніі можна прачытаць, што Заслужаны калектыў Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы і сёння з’яўляецца “сапраўдным захавальнікам і прапагандыстам каштоўнасцяў народнай музыкі, твораў сучасных кампазітараў, шэдэўраў сусветнай класікі”. Цяпер капэлай кіруе народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава.
Апантаны спеўным мастацтвам сялянскі хлопец з Пружаншчыны быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, пасля якой актыўна ўключыўся ў беларускі рух. У 1924 годзе ён арганізаваў хор у Пружанах, а з 1926-га выкладаў спевы ў Віленскай беларускай гімназіі, да таго ж быў там і выхавацелем у інтэрнаце. Вядома ж, далучаў да культуры гімназістаў найперш праз спевы, стварыў шэраг харавых калектываў, у тым ліку і хор Беларускага саюза студэнтаў у Вільні, быў у ліку актывістаў Таварыства беларускай школы. Пазней Рыгор Раманавіч стаў адным з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом” — цяпер вядомае як таварыства “Радзіма”. Зрэшты, не будзем пералічваць усіх яго заслуг перад беларускай культурай. Згадаем толькі адну цікавую старонку з жыцця шырмаўскай харавой капэлы.
Як ладзілася першая гастрольная паездка спевакоў “на захад”, я шмат даведаўся ад іх саміх. Як вядома, 50-60-я гады ў жыцці Харавой капэлы БССР былі вельмі яркімі. Выконваліся складаныя творы, артысты заваёўвалі любоў і павагу слухачоў, знаўцаў і аматараў харавога мастацтва, пра іх ухвальна пісалі крытыкі. Майстэрства расло, спевакі бралі адну мастацкую вяршыню за другой. Слава перасягнула межы Савецкага Саюза, і капэлу запрасілі выступіць у братнюю Польшчу.
Рыхтуючы калектыў да першай гастрольнай паездкі за мяжу, Рыгор Раманавіч уключыў у праграму лепшыя беларускія і польскія народныя песні, творы савецкіх і замежных кампазітараў. Вядома ж, шматразова “перавеяную” праграму некалькі разоў праслухоўвалі адказныя чыноўнікі. А хваляванне не пакідала артыстаў. Толькі Шырма заставаўся спакойным, жартаваў, падбадзёрваў: “Хлопцы, не апускайце крылы! Я веру ў вас!..” Сапраўды, увесь немалы калектыў, у якім было 76 спевакоў, былі чуйным інструментам у руках маэстра, паслухмяным яго волі, парыванню, жэсту. Спевакі, расказваюць былыя ўдзельнікі капэлы, нават па нахмуранасці ці ўздыме броваў, ва ўздрыгванні павек, у суровасці ці прасветленасці твару бачылі “ацэнку” вакалу.
Тая паездка шырмаўцаў у Польшчу была важнай культурнай падзеяй для Беларусі. Тады ж кожнага выязнога, а тым больш калектыў “прапускалі праз ідэалагічнае сіта”, вызначаючы ступень ідэйнасці, лаяльнасці, патрыятызму. І творы адбіраліся строга паводле іх ідэйнай скіраванасці і высокага мастацкага ўзроўню. За ўсё асабістую адказнасць нёс мастацкі кіраўнік, і трэба было яму мець вялікі аўтарытэт, бездакорную рэпутацыю ў вачах высокапастаўленых дзяржчыноўнікаў, каб атрымаць “дабро” на выезд за мяжу. Рыхтаваўся калектыў да гастроляў з творчым уздымам і хваляваннем. Казалі, спецслужбы цікавяцца і радаводамі артыстаў: ці няма ў чыім родзе-племені “чорных плямін”? Яшчэ ж няшмат гадоў прайшло пасля жорсткай вайны… І некалькім артыстам было адмоўлена ў выездзе без тлумачэння прычын, у тым ліку Антону Царанкову — лепшаму спеваку, дыяменту калектыва. У яго быў магутны, аксамітнага тэмбру бас амаль на тры актавы. Шырма ўступіўся, змагаўся за яго — і ўрэшце спеваку ўсё ж дазволілі выезд у складзе капэлы.
1958 год. Выступленне Беларускай дзяржаўнай харавой капэлы ў Польшчы І вось 12 чэрвеня 1958 года капэла цягніком Масква—Варшава з мінскага чыгуначнага вакзала рушыла на Захад. Артысты займалі два купэйныя вагоны, брэсцкія мытнікі артыстаў амаль не правяралі, дзеля фармальнасці зазіралі ў пашпарты. На нейкім польскім паўстанку артыстаў пакармілі ў рэстаране смачным абедам, потым перасадзілі ў два камфартабельная аўтобусы і павезлі ў Беласток. Які, як вядома, раней быў беларускім горадам. На Беласточчыне калектыў прымалі вельмі цёпла: пасялілі ў шыкоўных атэлях, частавалі ў рэстаранах. Цеплыня і шчырасць гаспадароў засталіся ў памяці артыстаў на ўсё жыццё. І было ў той гасціннасці выяўленне перш за ўсё сімпатыі, захапленне талентам, прыязнасць польскіх сяброў да Рыгора Шырмы, якога беластоцкая зямля добра памятала. Гэта ж там ён стварыў Беларускі ансамбль песні і танца, які паўстаў на вяршыні славы Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай.
Праграма чэрвеньскіх выступленняў капэлы ў Польшчы была насычаная, канцэрты праходзілі з аншлагам, многія творы выконваліся на “біс”. У артыкуле “Кветкі і гарачыя апладысменты” “Газета Беластоцка” пісала: “Рэпертуар калектыва быў вельмі багаты і разнастайны. Складзены ён не толькі з беларускіх, рускіх, украінскіх, венгерскіх і польскіх народных песень, але і з твораў усходне- і заходнееўрапейскіх класікаў. Цудоўна былі выкананы “Калыханка” Моцарта і “Гімн працы” Гендэля. Шмат апладысментаў атрымаў калектыў за польскія песні… Найбольш горача прымаліся беларускія песні. “Зорку Венеру” і “Вечарынку ў калгасе” калектыў павінен быў паўтараць — публіка не хацела адпускаць артыстаў са сцэны”. А “Трыбуна люду” дала такую ацэнку шырмаўцам: “Варшаўская публіка патрабавальная, бачыла даволі многа і вельмі добрых калектываў. Мастацтва сярэдняе, нават добрае, але не вельмі добрае, не задаволіць яе. Дарма так непакоіўся таварыш Шырма. Звычайныя апладысменты можна лічыць далікатнасцю, але публіка, нават вельмі ветлівая, не патрабуе “бісаў” так настойліва, як на канцэрце ў зале Кангрэсаў у сераду”. У артыкуле пад назвай “20 тысяч гледачоў апладзіравалі ў Польшчы Дзяржаўнаму харавому калектыву БССР” газета “Жычэ Варшавы” пісала: “Шмат яркіх вакалістаў, выдатныя басы, якія спяваюць дзесьці ў контрактаве, вельмі добрая дыкцыя (дакладна чуваць кожны склад) — усё гэта прынесла велізарны поспех Беларускаму хору ў Варшаве”.
2012 год. Свята ў Пружанах у гонар Рыгора ШырмыСамы строгі крытык і суддзя артыстаў — слухач, а рэакцыя залы — той барометр, які адзначае ўзровень выканальніцкага майстэрства. Зрэшты, тое ведае кожны, чыя творчасць звязана са сцэнай.
Ніводнага дня не было ў калектыва на польскай зямлі без канцэрта і сустрэч з інтэлегенцыяй, рабочымі, вяскоўцамі. Польскія сябры склалі артыстам цікавую праграму экскурсій. Яны пабывалі ў мястэчку Жалязова Воля, на радзіме вялікага Шапэна. Наведалі касцёл, у якім працаваў Капернік. Пачулі пра “Воўчае логава” — жалезабетонны бункер Гітлера, наведалі іншыя гістарычныя мясціны. Некаторыя з момантаў тых сустрэч відаць на фотаздымках, якія збярог у сямейным архіве мой дзед, былы артыст шырмаўскай капэлы Аляксандр Жураў. Калі гастролі калектыву завяршаліся, 27 чэрвеня быў цёплы прыём артыстаў у Міністэрстве культуры Польскай Народнай Рэспублікі. А праз дзень капэла накіравалася ў Мінск. Везлі артысты дадому вялікія ўражанні ад убачанага і пачутага, памяць пра шчырыя апладысменты слухачоў.
Дарэчы. Памяць пра Рыгора Шырму ўшанавана памятнымі дошкамі, знакамі і на яго малой радзіме ў Шакунах і Пружанах. У райцэнтры дзіцячая Школа мастацтваў носіць яго імя. Пры школе дзейнічае музей, прысвечаны земляку, які стварыў дырыжор Якаў Малайчук. Ён жа кіруе камерным хорам пры пружанскім Палацы культуры, у рэпертуары якога шмат шырмаўскіх песень.

Васіль Жураў, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі[/b]
На здымках:
Рыгор Шырма ў Польшчы
1958 год. Выступленне Беларускай дзяржаўнай харавой капэлы ў Польшчы
2012 год. Свята ў Пружанах у гонар Рыгора Шырмы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter