Песня і музыка як аргумент у дыялогу

Канцэрт Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай з вялікім поспехам прайшоў у польскай Балтыйскай філармоніі імя Фрыдэрыка Шапэна ў Гданьску
Канцэрт Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай з вялікім поспехам прайшоў у польскай Балтыйскай філармоніі імя Фрыдэрыка Шапэна ў Гданьску.

Ірына Дарафеева ў суправаджэнні аркестра выканала песні на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, у тым ліку з рэпертуару Анны Герман, Маі Крысталінскай, групы “Чэрвонэ гітары”. Прэзідэнцкі аркестр заваяваў гледачоў выкананнем народных беларускіх мелодый у сучаснай аранжыроўцы, а таксама энергічнай інтэрпрэтацыяй у джазавым стылі фрагментаў з “Прывіду оперы” Эндру Лойда Вэбера. Бурныя авацыі выклікала выкананне музыкантамі паланеза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.

У гутарцы Ірына Дарафеева адзначыла, што даўно марыла выступіць у Гданьску. “Мне было прыемна выканаць песню “Рэмедыум” Севярына Краеўскага з рэпертуару групы “Чэрвонэ гітары”, якая была заснавана менавіта ў гэтым горадзе”, — сказала артыстка. Спецыяльна для выступлення ў Гданьску польскі кампазітар Кшыштаф Шараньскі напісаў для Ірыны Дарафеевай песню “Анёлы і снег”. “Калі мы прыехалі ў Гданьск, ішоў снег. Я падумала, што гэта знакавы момант”, — падзялілася думкамі Ірына Дарафеева, дадаўшы, што плануе пашырыць рэпертуар песень на польскай мове.

Па словах генеральнага консула Беларусі ў Гданьску Руслана Есіна, правядзенню падобных культурных акцый спрыяе пазітыўны дыялог, які ўсталяваўся паміж Паморскім ваяводствам і рэгіёнамі Беларусі. “Я рады, што гарадскія і рэгіянальныя ўлады падтрымалі ініцыятыву Генеральнага консульства і Балтыйскай філармоніі ў Гданьску. Дзякуючы гэтаму жыхары польскага Памор’я атрымалі магчымасць азнаёміцца з багатай культурай нашай краіны”, — адзначыў дыпламат.

Рыгор Нагорны
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter