Песня ад сэрца

Казловiцкаму народнаму хору споўнiлся 70 гадоў Старэйшы мастацкi калектыў рэспублiкi прымае вiншаваннi з усiх куткоў Радзiмы i з-за мяжы. Створаны яшчэ ў даваенны час — напрыканцы 1934 года, ён няспынна радуе сваiх слухачоў чароўнай народнай песняй, самабытным майстэрствам. 40 гадоў таму калектыву прысвоена ганаровае званне “народны”.

Казловiцкаму народнаму хору споўнiлся 70 гадоў

Старэйшы мастацкi калектыў рэспублiкi прымае вiншаваннi з усiх куткоў Радзiмы i з-за мяжы. Створаны яшчэ ў даваенны час — напрыканцы 1934 года, ён няспынна радуе сваiх слухачоў чароўнай народнай песняй, самабытным майстэрствам. 40 гадоў таму калектыву прысвоена ганаровае званне “народны”.

...Ёсць на Случчыне прыгожая вёска Казловiчы, дзе спрадвечна жывуць добрыя гаспадары, працавiтыя i таленавiтыя людзi. Яны нiколi не разлучаюцца з песняй. Пачынаўся творчы калектыў з таго, што мясцовы настаўнiк Прохар Васiлеўскi здолеў сабраць на сцэне сапраўдных энтузiястаў, якiя любiлi народную песню, свой край. Сярод тых, хто першым выйшаў на сцэну, былi Марыя Голец, Георгiй Лагун, Алена Васiлевiч, Пракоп Трафiмовiч, Анастасiя Калядка... I сёння яшчэ ўспамiнаюць цудоўныя, непаўторныя песнi ў iх выкананнi — “Сонца”, “Добры вечар”, “Трава лугавая” i iншыя. Колькi душы, сардэчнасцi было ў гэтых песнях. Змянiлася не адно пакаленне выканаўцаў гэтых твораў, але так, як спявалi ў 30-я гады, не паўтарыць... У 1939 годзе Казловiцкi хор упершыню запрасiлi ў Маскву для ўдзелу ў першай дэкадзе беларускага мастацтва. Калектыў трапляе на ВДНГ СССР. Гэта быў першы крок на шляху да вялiкага поспеху, шырокай аўдыторыi. Хутка заснавальнiка i кiраўнiка хору прызываюць у армiю. Нейкi час яго замяняў мясцовы адмысловы гарманiст Iгнат Лагун, а потым кiраўнiком стаў Андрэй Якiмовiч... Калектыў умацаваўся, расло майстэрства, была цiкавая праграма... Але грымнула вайна, якая больш чым на тры гады перакрэслiла не толькi творчыя планы, на фронце загiнулi некалькi выдатных майстроў, у тым лiку заснавальнiк хору. Iх памяць ушаноўваюць дзецi i ўнукi, якiя зараз на сцэне. 40 гадоў кiраваў хорам заслужаны работнiк культуры Беларусi Арэст Даўжонак. Калектыў аб’ездзiў з канцэртамi паўкраiны, выступаў на сцэнах Масквы i Ленiнграда, Малдовы, Казахстана, Украiны, Лiтвы... Усюды казловiцкiх артыстаў сустракалi на “бiс”. У кнiзе, дзе сабраны летапiс народнага хору, ёсць шмат запiсаў вядомых людзей, кiраўнiкоў рэспублiк са словамi ўдзячнасцi за цудоўныя песнi, высокае майстэрства. Казловiцкi народны хор — дыпламант розных усесаюзных конкурсаў, фестываляў песнi. Да 50-годдзя ўтварэння хору яго калектыў атрымаў яшчэ адну высокую ўзнагароду — Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Мне пашчасцiла бываць на многiх канцэртах сваiх землякоў. Павiнен шчыра сказаць, што такой сапраўднай асалоды ад песнi, выдатных выканаўцаў я больш нiдзе не адчуваў. Давялося пабачыцца i пагутарыць з першымi ўдзельнiкамi хору, некаторыя з iх, дзякуй Богу, жывуць i сёння, прыходзяць на агеньчык у клуб, спяваюць свае лепшыя песнi. Яны i ёсць самы галоўны вялiкi скарб Казловiцкага народнага хору. У святочныя днi такога вялiкага юбiлею случчане прасiлi праз “Народную газету” выказаць шчырыя словы ўдзячнасцi ўсiм, хто дапамагаў справе станаўлення i развiцця творчага калектыву. Кажуць, што сапраўдны талент не мае кошту. Але каб падтрымлiваць артыстаў, ствараць iм спрыяльныя ўмовы для творчасцi, патрэбны немалыя сродкi. Да гонару мясцовых улад, Казловiцкi народны хор анiколi не абмiналi ўвагай i падтрымкай. Упэўнены, што так будзе i надалей, заўжды. Што разам будзем адзначаць i 100-гадовы юбiлей унiкальнага калектыву.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter