Песні збліжаюць

Пабываўшы ў землякоў-­беларусаў у Тальяці, мы адчулі: родныя песні не толькі грэюць душы, але і дапамагаюць аднадумцам пераадольваць вялікія адлегласціНашы сябры з Тальяці напісалі ў “Голас Радзімы”, як сустракалі наш гурт “Спадчына” ў сваім горадзе, як спявалі мы разам на канцэрце, прысвечаным Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Мне ж хочацца расказаць, як мы, беларусы-цюменьцы з клана Піскуноў-Падкарытавых, успрынялі тую падзею.
Пабываўшы ў землякоў-­беларусаў у Тальяці, мы адчулі: родныя песні не толькі грэюць душы, але і дапамагаюць аднадумцам пераадольваць вялікія адлегласці

Спявае Вера ПіскунНашы сябры з Тальяці напісалі ў “Голас Радзімы”, як сустракалі наш гурт “Спадчына” ў сваім горадзе, як спявалі мы разам на канцэрце, прысвечаным Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Мне ж хочацца расказаць, як мы, беларусы-цюменьцы з клана Піскуноў-Падкарытавых, успрынялі тую падзею.
Нагадаю, сустрэча адбылася дзякуючы кантактам бабруйчанак Людмілы Дзёмінай і Марыі Піскун, маёй мамы. Першая ўзначальвае суполку “Нёман” у Тальяці, мастацкі кіраўнік ансамбля беларускай песні “Купалiнка”, у якім і сама спявае. Гасцюючы ў спадарыні Людмілы, мы даведаліся, што ў маладыя гады з’ехала яна на Поўнач, затым пусціла карані ў Тальяці, дзе шмат робіць для пашырэння ў рэгіёне беларускай культуры. А Марыя Піскун з мужам Мікалаем і намі, дзецьмі, паехала на ўзвядзенне Лангепаса, які будавалі беларусы, украінцы, татары. Дбаючы пра побыт, гадуючы дзяцей, нашы бацькі не забылі беларускія традыцыі і звычаі, любоў да роднага перадаецца нам, а цяпер і ўнукам. Мама цудоўна спявае, кіруе сямейным ансамблем “Спадчына”, створаным у Лангепасе, які набывае моц пасля нашага пераезду ў Цюмень. Бо падрастае творчая змена. У складзе гурта, нагадаю, прадстаўнікі трох пакаленняў клану Піскуноў-Падкарытавых: бацькі, дзеці, унукі. Самі шыем касцюмы, шукаем рэпертуар, развучваем песні ды радуем творчасцю, а яшчэ і рукадзеллем людзей.
Сустрэчу ў Тальяці прыдумала спадарыня Людміла, яны з мамай вырашылі супольна выступіць на канцэрце, прысвечаным Дню яднання. Цэлы год вялася перапіска, ішлі рэпетыцыі. І вось “Спадчына” ў складзе шасці чалавек выправілася ў Тальяці. Ехалі цягніком Ніжнявартаўск—Самара, у дарозе былі 36 гадзін, далёка: каля паўтары тысячы кіламетраў.
Спявалі ў вагоне, бо хваляваліся, што раптам словы забудзем. Стараліся не турбаваць суседзяў, таму “ганялі” рэпертуар амаль шэптам. Зручна было займаць чатыры “штабныя” плацкартныя месцы ў адным адсеку і два ў суседнім. І ўсё непакоіла думка: ці сустрэнуць нас? Збіраючыся ў дарогу, у мітусні забыліся зрабіць “кантрольны званок” праз інтэрнэт, што едзем, і нават нумар тэлефона Людмілы Іванаўны не ўзялі. Калі мой муж нас у цягнік загружаў, спытаў: «А вас там хоць чакаюць? Можа, усё адмянілі — а вы едзеце кудысьці”. Мы з мамай пераглянуліся. Ні нумара, ні адраса... Ну з Самары ў Тальяці дабяромся — а далей? Нехта б разгубіўся, а мы чамусьці рассмяяліся. Адно слова: авантурысты!!!
Для сяброўства беларусаў з Тальяці і Цюмені адлегласць — не перашкодаДзякуй Богу, сустрэлі нас на вакзале. Сябры напісалі, як радасна махалі мы ім рукамі, калі цягнік яшчэ рухаўся. Бо вялікі груз з плячэй… Ну і ад радасці, вядома: свае ж людзі! Абдымалі, як родных, са слязамі на вачах і ўсмешкамі. Сын Людмілы, Сяргей Шылкін, і яго сябар на машынах прывезлі нас у Тальяці. Адчувалася па ўсім, як нам рады: нават Марыйцы прадбачліва ўсталявалі дзіцячае аўтакрэсла.
Прыбылі мы пасля адзінаццаці ночы, таму “тэлездымкі давялося адмяніць”, як сказала спадарыня Людміла, хоць і такое было ў планах. А прымалі нас у яе кватэры так, што згадвалася песня з нашага рэпертуару: “Палюбіць Беларусь нашу проста/ За гасцінных і шчодрых людзей./ Боль душы адчуваюць тут востра/ І прыветна страчаюць гасцей”. Нас чакалі душ, смачная вячэра, гасцінныя гаспадары і нават ласкавая кошачка, якая гулліва скакала па чамаданах гасцей. Павячэраўшы, нагаварыцца не маглі да 4-х раніцы. Паспалі, толькі каб быць “у форме” на канцэрце. Уранні прасавалі касцюмы — яны ў нас са льну, прычым і новыя, шылі “для Тальяці”. У Палацы культуры нас сустракалі беларускі з “Купалінкі”, нам выдзелілі лепшую грымёрку. Праз гадзіну рэпетыцый усе перазнаёміліся. Нашу Марыйку, самую юную артыстку, акружылі ўвагай і клопатам, падарылі ёй бранзалетку, шкатулку ў выглядзе велікоднага яйка. Калі прыйшлі артысты дзіцячага гурта “Зорачкі”, нашым Ангеліне з Верай і Марыяй стала яшчэ цікавей. Малодшыя разглядалі касцюмы, фатаграфаваліся, абменьваліся адрасамі для кантактаў.
Канцэрт прайшоў на адным дыханні. За кулісамі ўсе адзін аднаго падтрымлівалі, падхвальвалі. Дзве тэлекампаніі ў “Спадчыны” бралі інтэрв’ю. У холе палаца ладзілася выстава дэкаратыўна-прыкладных вырабаў, праходзіў конкурс дзіцячых малюнкаў. У фінале канцэрта дзяцей парадавалі мяккія цацкі, дарослым удзельнікам падарылі шыкоўныя ружы. Фінальную песню “Мой дом — Белая Русь” спявалі ўсе ўдзельнікі канцэрта, мы яе развучылі дома самі, усё атрымалася выдатна. Слёзы радасці і гонару цяклі па шчоках, калі спявалі. Было высокае такое пачуццё: быццам мы не ў Тальяці, а на Бацькаўшчыне спяваем. І вочы ўдзячных гледачоў блішчэлі, іх усмешкі давалі столькі станоўчых эмоцый! Было бачна: не дарма мы прыехалі, канцэрт атрымаўся на славу.
Увогуле ж досвед “суперхатняга гатэлю” Людмілы Дзёмінай вельмі прыйшоўся нам даспадобы. Бо спонсараў не было — ехалі за свой кошт, выдаткаў на жыллё не пацягнулі б… Можаце лічыць і нас, і Дзёміну, і яе сына Сяргея з нявесткай дзівакамі, ды мы — вось такія: альтруісты, авантурысты, вандроўныя артысты. Ведаем, і сябры з Тальяці не шкадуюць ні сіл, ні часу, ні грошай, каб ладзіць выступленні, творчыя сустрэчы, несці радасць людзям, пашыраць беларускую культуру. Мы ж гатовыя на вандроўкі, пераносіць нязручнасці бытавыя, каб абуджаць песнямі беларускімі ў сэрцах людзей памяць пра Бацькаўшчыну, пра свае карані.
Згадваючы нашы “тальяцінскія гастролі”, шкадуем трохі, што было мала часу пагутарыць са спадарыняй Людмілай і яе сяброўкамі-беларускамі. Гаварылі з яе сынам, нявесткай, унукамі. Шылкіны рыхтавалі нам і экскурсійную праграму, але часу не хапіла, ехаць прыйдзецца у Тальяці яшчэ раз, каб пазнаёміцца з горадам. А нас ужо, дарэчы, запрасілі на юбілей “Нёмана” на наступны год. А можа сябры з візітам у адказ прыедуць і ў Цюмень.
Калі ад’язджалі ўранні з горада, яшчэ адзін сюрпрыз чакаў на аўтавакзале. Адзін з гледачоў, які быў на канцэрце, спецыяльна прыбег да аўтобуса і прынёс два кампакт-дыскі: з відэакамеры запісаў увесь канцэрт. Дзякуй табе, добры чалавек!
І ў заключэнне. Калі мы самі не будзем рабіць сабе святы — то хто ж іх зробіць? Дзень 2 красавіка стаў пунктам адліку творчага сяброўства “Нёмана”, “Купалінкі” і “Спадчыны”. Дзве бабруйчанкі, іх родныя і сябры ўпершыню спявалі разам. Ні адлегласць, ні “адсутнасць фінансавання”, на што часам скардзяцца ў некаторых беларускіх суполках, ні расстанне з Радзімай не перашкаджаюць нам спяваць па-беларуску. Святочны дзень паяднаў Тальяці і Цюмень, творчых сясцёр Людмілу і Марыю. І хто ведае: магчыма, “Купалінка” і “Спадчына” яшчэ сустрэнуцца на роднай нам Бабруйскай зямлі ды супольна ўславяць песняй яе веліч і прыгажосць.

Надзея Падкарытава, артыстка гурта “Спадчына”. г. Цюмень

На здымках:
Спявае Вера Піскун
Для сяброўства беларусаў з Тальяці і Цюмені адлегласць — не перашкода
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter