На сцэне — Маша Шылкіна і Лера Пыціна
Для традыцыйнага свята, прысвечанага Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, актывісты Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” выбралі найбольшую канцэртную залу Тальяці — у Палацы культуры, мастацтва і творчасці. Рыхтаваліся старанна: вызначалі ўдзельнікаў, адбіралі лепшыя нумары для канцэрту, а яшчэ правялі мноства рэпетыцый, распаўсюджвалі квіткі ды запрашалі ганаровых гасцей. Асноўная праца легла на плечы Людмілы Дзёмінай, якая кіруе і суполкай “Нёман”, і гуртом беларускай песні “Купалінка”. Важны момант: па запрашэнні мэра Тальяці ў гэты ж час горад наведала дэлегацыя з беларускага Бабруйска. Адкуль, што паказальна, родам і сама Людміла Дзёміна.
У мэрыі Тальяці была афіцыйная сустрэча. З расійскага боку ўдзельнічалі ў ёй адказныя асобы мэрыі, у тым ліку і сам мэр Сяргей Андрэеў, дэпутат гарадской думы, прэзідэнт гандлёва-прамысловай палаты і актывісты суполкі “Нёман”. З беларускага — старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка, дырэктар акцыянернага таварыства “Шынарамонт” Віктар Дзісятнік і намеснік гендырэктара прадпрыемства “Белшына” Аксана Прыходзька. Адбыўся абмен дзелавой інфармацыяй, карыснай для наладжвання ўсебаковага супрацоўніцтва. Потым беларуская дэлегацыя наведала шэраг прадпрыемстваў Тальяці, у тым ліку знакаміты “АўтаВАЗ”, была экскурсія па горадзе. Увечары бабруйчане сустракалася з кіраўнікамі суполкі “Нёман” і дырэктарам Гандлёвага дома “Беларусь” па Самарскай вобласці Андрэем Уракавым.
Перад пачаткам святочнага канцэрта, які праходзіў 4 красавіка, у Палацы культуры прайшла выстава народнага творчасці: былі прадстаўлены вырабы як беларускіх майстроў, так і майстроў іншых нацыянальнасцяў. А ў холе другога паверха працавала выязная крама Гандлёвага дома “Беларусь”, і кожны мог набыць смачныя беларускія прадукты: каўбасы, сыры, малако, ёгурты, зефір, цукеркі, сокі ды многае іншае.
Святочны канцэрт вялі Людміла Дзёміна і Андрэй Пячнікоў. Яны павіншавалі ўсіх з 19-й гадавінай падпісання Пагаднення пра яднанне народаў Беларусі і Расіі. І 10-годдзе “Купалiнкі” — таксама свята для ўсяго горада: у яго жыцці беларускі гурт актыўна ўдзельнічае. Музыку Чайкоўскага грала скрыпачка Яўгенія Нікаленка, а дуэт Вадзіма (саксафон) і Вольгі (раяль) Нуждзіных выканаў раманс беларускага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава. Юная Маша Шылкіна прачытала верш “Пра Беларусь” і разам са стрыечнай сястрой Лерай Пыцінай выканала песню “Вяснушкі”. Далей канцэрт павяла Святлана Каляватых, а Людміла Дзёміна сольна спявала “Чаму ж мне ня пець?”, “Ластаўка”, “Удовы Расіі” і разам з “Купалiнкай” — “Цячэ вада ў ярок”, “Ой, ляцелi гусi з броду”, іншыя песні.
Святочны канцэрт завяршаецца, а Год беларускай культуры ў Тальяці — прадаўжаецца!
Яшчэ выступалі ансамбль “Серпантин” (танцы “Бульба” і “Весялуха”), ансамбль “Лицей” (танец “Кветка — душа”), гурт “Родники”. І гурт беларускай суполкі “Зорачкi” дарыў гледачам свае песні. Арт-група “Надзея” з сяла Ташэлка прывезла жартоўную беларускую песню “Камарык”. Да свята мы падрыхтавалі 8-хвілінны відэафільм пра “Купалінку”: глядзелі ўсе разам.
Віншавалі ўсіх з Днём яднання і юбілеем “Купалінкі” мэр Бабруйска Андрэй Каваленка, намесніца мэра Тальяці Таццяна Леснякова, спікер мясцовай думы Дзмітрый Мікель, іншыя паважаныя людзі. Было шмат віншаванняў, добрых слоў, падарункаў і кветак. Дыпломы, ганаровыя граматы і падзякі ад дэпартамента культуры атрымалі артысты , кіраўнікі гуртоў “Купалiнка” і “Зорачкi”: Людміла Дёміна, Таццяня Левіноўская, Вера Скібінская, Людміла Плаксіна, Вераніка Нікуліна, Яна Звяздзіліна, а таксама Сяргей, Таццяна і Віталь Шылкіны. Гарадская дума ўшанавала Людмілу Дзёміну Ганаровым дыпломам. Зачытваліся прывітанні ад губернатара Самарскай вобласці і Самарскай губернскай думы, абласнога Дома дружбы народаў, Міністэрства культуры Беларусі — яго даслаў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка таксама накіраваў юбілярам віншаванне, выказаў ім сваю ўдзячнасць. Старэйшын беларускай суполкі Людмілу Бабарыкіну, Зінаіду Карнаух і Ганну Машакову ўшанавалі кветкамі ды салодкімі падарункамі. Дыпломы, граматы і падзячныя лісты атрымалі ўдзельнікі канцэрта і кіраўнікі творчых гуртоў. Усе ўдзельнікі канцэрта атрымалі салодкія падарункі ад Гандлёвага дома “Беларусь”. Рэпартажы са свята паказалі Тальяцінскае тэлебачанне і Самарскі тэлеканал “Губерния”.
Між тым Дзень яднання — першы, але не апошні маштабны сёлетні праект пад эгідай беларускай суполкі “Нёман”: год 2015-ы ў Тальяці аб’яўлены Годам беларускай культуры! Наперадзе ў нас мноства канцэртных і пазнавальных праграм, прысвечаных беларуска-расійскаму сяброўству, удзел у гарадскіх, абласных і міжнародных праектах. А завяршыць Год беларускай культуры мы плануем вялікім гала-канцэртам 4 лістапада 2015 года. Запрашаем і сяброў-беларусаў з іншых краін, рэгіёнаў Расіі паўдзельнічаць у нашых акцыях і канцэртах.
Сяргей Шылкін, намеснік старшыні суполкі “Нёман”, г. Тальяці