Песні ў спадчыну

У Цюмені прайшоў першы сольны канцэрт Веры Піскун, салісткі сямейнага вакальнага ансамбля “Спадчына”
Канцэрт быў прымеркаваны да Дня Перамогі, называўся “Мое наследие”, прайшоў 15 мая ў Палацы нацыянальных культур “Строитель”. “Вось ужо 15 гадоў я, як кажуць, на сцэне, і большую палову гэтага часу правяла з мікрафонам у руках, — расказала Вера Піскун. — Любоў да спеваў перадалася мне ад бацькоў: гэта мая спадчына. Яны родам з Беларусі, у Баьруйску нарадзіліся мае брат і сястра, а я ўжо — у Лангепасе. Колькі сябе памятаю, самымі любімымі песнямі былі для мяне — пра вайну, пра салдатаў, Перамогу. Чаму так? Магчыма, таму, што родавыя мае карані — з Беларусі, якая панесла ў вайну вялікія ахвяры, гераічна змагалася з ворагам. І наша памяць пра мінулае, пра подзвігі прадзедаў і дзядоў — гэта як выяўленне глыбокай удзячнасці за жыццё, магчымасць якога яны нам падарылі. “Мое наследие”, — гэта і мая ўдзячнасць бацькам за тое, што выхавалі мяне з павагай да культуры продкаў, і маё “дзякуй” дзядам і прадзедам за Перамогу.


Кветкі, абдымкі ад гледачоў

Плынь канцэрта — гэта жыццёвая гісторыя самой спявачкі з сям’і беларусаў, якія воляй лёсу аказаліся ў Сібіры. На пачатку дзеі на экране ішлі кадры з сямейнага фотаархіва, гучаў дыялог маленькай Веры і яе мамы. У ім, дарэчы, на пытанне “Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?”, Верачка вельмі выразна і ўпэўнена адказала, што стане спявачкаю. Бо ў яе сям’і спяваюць і мама, і тата, і сястра, ды і дзядуля з бабуляй таксама спявалі. Між тым і сольная песня Веры Піскун “Спадчына” на словы Янкі Купалы, і выступ сямейнага вакальнага ансамбля “Спадчына”, якім кіруе мама спявачкі Марыя Піскун, пацвердзілі: любоў да песні — гэта вельмі моцная сямейная традыцыя, сямейная спадчына.

Пасля дыялогу мамы і дачкі, у якім Марыя Іосіфаўна распавяла маленькай Верачцы пра вайну і пра тое, які гэта быў страшны час, пачаўся патрыятычны блок праграмы. Песні пра салдат, Перамогу нікога не пакінулі абыякавымі. Самым яркім выступленнем, на маю думку, стала песня “Вальс франтавой сястры”. Дарэчы, гэта ўжо своеасаблівая візітная картачка спявачкі. Менавіта з ёй Вера Піскун у 2012 годзе, на фестывалі-конкурсе “Віват, Расія!” , заняла першае месца адразу ў дзвюх намінацыях: “Лепшае выкананне песні” ды “Лепшае выкананне інсцэнаванай песні”, атрымала Гран-пры фестывалю. А на міжрэгіянальным фестывалі-конкурсе “Памяць” беларуска з Цюмені атрымала дыплом у спецыяльнай намінацыі “За самае яркае і запамінальнае выступленне”.


Вера Піскун (злева) і створаны ёю ВІА “Наследие”

Канцэрт стаў яркім дэбютам вакальнага-інструментальнага ансамбля “Наследие”, які арганізавала і ўзначаліла Вера. У склад ансамбля, гаворыць яна, увайшлі школьнікі, студэнты Цюмені, а таксама курсанты Цюменьскага вышэйшага ваенна-інжынернага каманднага вучылішча. “Я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагаў мне ў арганізацыі канцэрта і ўсім, хто прыйшоў мяне падтрымаць, — гаворыць Вера Піскун. — Для мяне гэта было вельмі важна! У дзяцінстве магла толькі марыць аб тым, што калі-небудзь вось так буду даваць свой сольны канцэрт. Нездарма ж кажуць: калі вельмі хацець і старацца, то мары спраўджваюцца. У сваім канцэрце мне хацелася паказаць, што наша спадчына — гэта не толькі тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сям’і. Спадчына — гэта і духоўныя каштоўнасці, што дасталіся нам ад вялікіх продкаў, у тым ліку і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Пра тое варта памятаць штодня, а не толькі ў святочныя дні. Больш за ўсё кранула мяне, калі пасля канцэрта падыходзілі да мяне гледачы… Уявіце сабе: зусім незнаёмыя людзі, яны казалі такія цёплыя словы, абдымалі мяне як родную… І са слязамі на вачах казалі: “Дзякуй за канцэрт!” Менавіта ў той момант я зразумела, што канцэрт атрымаўся. І што ўвогуле ўсё атрымалася нават лепш, чым я сабе ўяўляла”.

Гледачы і сапраўды доўга не адпускалі Веру Піскун, дзяліліся з ёй сваімі ўражаннямі пра канцэрт, распытвалі пра Беларусь, яе творчыя планы. Таму хочацца, віншуючы артыстку з важнай падзеяй у жыцці, пажадаць ёй — удачы, натхнення, творчых поспехаў.

Вераніка Усціменка, 

г. Цюмень

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter