Песні над Прыпяццю

У Мазыры завяршыўся фестываль «Зямля пад белымі крыламі»

У Мазыры завяршыўся VIII Міжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі»

Гамарджоба, бонжур, лаб дзіен, буна зіуа, тэрвіст, добры дзень... Разнамоўная вясёлка прывітанняў. Грузінская, французская, латвійская, малдаўская, румынская, эстонская, вядома ж, беларуская, руская, украінская, іншыя гаворкі на мінулым тыдні гучалі на вуліцах, ва ўстановах культуры, крамах Мазыра. У гатэлях і інтэрнатах — часовым гасцінным прытулку для больш як 600 удзельнікаў Міжнароднага фестывалю юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі». Зрабіўшы свае пачатковыя крокі ў 1998-м пад эгідай чарговай гадавіны катастрофы на ЧАЭС, першы фестываль аб’яднаў 114 дзяцей з пацярпелых ад атама краін: Беларусі, Японіі, Украіны, Расіі, а таксама Балгарыі і Францыі...

Аптымістычная ідэя мерапрыемства «Жыццё працягваецца!» і яго атрыбут — белы бусел (сімвал шчаслівага дзяцінства) з’явіліся выклікам маладых атамнай пагрозе. Менавіта тады была закладзена адна з традыцый фестывальных дзён — правядзенне мітынгаў-рэквіемаў каля памятнага знака ахвярам Чарнобыля ў цэнтры Мазыра. Сёлетні музычны форум не выключэнне. Увогуле, за мінулы час фестываль упэўнена «стаў на крыло». Каля 3 тысяч яго ўдзельнікаў не проста прыгожая лічба. Творчы форум ужо не мае патрэбы ў асаблівай рэкламе. За пятнаццацігадовы час свайго існавання ён набыў брэндавую вядомасць, стаў адметнай падзеяй у культурнай палітры не толькі Беларускага Палесся, Беларусі, але і блізкага і далёкага замежжа. Здабылі яму славу і многія былыя ўдзельнікі. Вольга Сацюк, Ягор Фарашчан, Міхаіл Ліла, Ягор Ваўчок, Андрэй Кунец... Мабыць, і таму сёння прымаць удзел у фестывалі «Зямля пад белымі крыламі» не проста прэстыжна, форум многія небеспадстаўна разглядаюць як стартавую пляцоўку да высокага творчага ўзлёту. Удзельнічаюць жа ў ім лепшыя, што прайшлі адбор-«чысцілішча» журы — беларускіх і замежных прафесіяналаў народнай і эстраднай творчасці. Такая ўдача, па словах начальніка аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірыны Міронычавай, у гэты раз адвярнулася больш як ад пяцідзесяці выканаўцаў і калектываў, якія прадстаўлялі заяўкі на ўдзел. Пры наяўнасці вялікага жадання ім бракавала таленту і выканаўчага ўзроўню...

— У фестывальным вянку пераплятаюцца нацыянальны каларыт, самабытнасць, душэўная цеплыня, яскравы тэмперамент кожнага артыста, высокі прафесіяналізм членаў журы, што ператварае дзеі музычнага форуму ў сапраўднае прыгожае свята талентаў, — зазначыў у прывітальным слове на адкрыцці мерапрыемства старшыня Мазырскага райвыканкама Яўген Адаменка.

Арганізатары вельмі пастараліся, каб творчае, заўважым, пазбаўленае камерцыйнага авантурызму, спаборніцтва прадстаўнікоў дзесяці краін свету насамрэч ператварылася ў відовішчнае, незабыўнае свята. І не толькі для саміх удзельнікаў, — каб яно прынесла сапраўднае эстэтычнае задавальненне жыхарам і гасцям Мазыршчыны. І гэта аднадушна падкрэслілі «аксакалы» журы конкурсу — заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, загадчык кафедры харэаграфіі Ровенскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта прафесар Уладзімір Гадоўскі і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Мулявіна Святлана Стацэнка. Да паслуг канкурсантаў — лепшыя сцэнічныя пляцоўкі горада над Прыпяццю, а таксама аграгарадкоў раёна, куды ў адзін з дзён «высадзіліся» фестывальныя творчыя дэсанты. Афармленне залаў, асвятленне, гук — на мяжы дасканаласці. У чым бясспрэчная заслуга шматгадовага рэжысёра музычнага фэсту Людмілы Панінай.

...Высокую планку фестывальнаму марафону ўзняло грандыёзнае шоу «Вянок дружбы» ў першы фестывальны дзень. Вялікая зала Палаца культуры мазырскіх нафтаперапрацоўшчыкаў насілу змясціла ўсіх жадаючых стаць сведкамі творчай эстафеты нацыянальных культур. А паглядзець, скажам шчыра, было на што. На сцэне дэманстравалі шырыню славянскай душы непаўторная і самая маленькая чатырохгадовая вакалістка з Гомеля Агата Беланожкіна (ёй будзе ўручаны спецыяльны прыз «Фестывальны дэбют»), яркая выканаўца народных песень з Лельчыц Яніна Ляўкоўская, агнявыя казачыя скокі танцораў «Вясёлага экіпажа» з расійскага Старадуба, народна-сцэнічная кампазіцыя ансамбля «Каблові» з сербскага горада Ягодзіна, іскрамётныя па артыстаў студыі «Dancer» з украінскага Нікапаля, выхаванцы мазырскай студыі «Палеская зорачка» (яна неўзабаве адзначыць 25-гадовы юбілей). Зрывалі шквал апладысментаў юныя танцоры з латышскага ансамбля «Ліго» і «гарачыя» эстонскія хлопцы з пярнускага танцавальнага калектыву «Пярліке» са сваёй народнай карцінкай пра заляцанне...

Зусім невыпадкова член міжнароднага журы фестывалю, харэограф, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Латвіі Яніс Пурвіньш назваў фестываль творчай лабараторыяй, дзе можна і сябе паказаць, і ад іншых многаму навучыцца. Урэшце, камандзе журы на чале з нязменным старшынёй, мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча, прафесарам, народным артыстам Беларусі Міхаілам Дрынеўскім таксама давялося трымаць творчы экзамен: для ўключэння ў фестывальную сям’ю ім давялося калектыўна выканаць фестывальную песню на сцэне ДК НПЗ. Але сапраўднае выпрабаванне чакала мэтраў музычнага мастацтва наперадзе. За два конкурсныя дні гэтай «сямёрцы адважных» давялося прагледзець і ацаніць выступленні 26 харэаграфічных калектываў і больш як 90 вакалістаў і вакальных груп.

І вось ён — чаканы вердыкт, што даў найбольш таленавітым пуцёўку для ўдзелу ў гала-канцэрце. Інтрыга адкрылася: галоўныя ўзнагароды сёлета засталіся ў Беларусі. Гран-пры фестывалю — статуэткі з выявай бусла — уручаны вакалістам Яніне Ляўкоўскай з Лельчыц, Ягору Шаранкову са Светлагорска і танцавальнаму калектыву «Папараць-кветка» са Слуцка. У ліку 54 прызёраў у розных намінацыях — эстрадныя вакалісты Надзея Волк і Дзяніс Мідоне з Малдовы, Марыўс Лупашку з Румыніі, Надзея Місякова з Мінска і Уладлен Іваноў з Бабруйска, Алена Паходзіна з расійскага Клімава, харэаграфічны калектыў «Каблові» з Сербіі, ансамбль «Канфеці» з Малдовы, студыі «»Dancer» з Украіны, «Ліго» з Латвіі і «Васільковы чай» з Беларусі...

У завяршэнне — некалькі заканамерных «чаму?». Хоць і не сталі той славутай «лыжкай дзёгцю» на форуме, тым не менш выклікалі пэўныя пытанні ў гасцей і ўдзельнікаў свята, гараджан, вобразна кажучы, славутыя старыя граблі. Чаму, нягледзячы на нядаўнія кадравыя перамены ў кіраўніцтве Мінкульта краіны (менавіта ён — адзін з заснавальнікаў «Зямлі пад белымі крыламі»), ніводзін з прадстаўнікоў названай установы, як і ў мінулы раз, не змог даехаць да Мазыра? Чаму па-ранейшаму на пляцоўках, дзе вяршыліся галоўныя дзеі мерапрыемства, нельга было набыць сувеніры і іншую прадукцыю з фестывальнай сімволікай? Пытанні далёка не рытарычныя. Але яшчэ далей ад пустой рыторыкі тое, што юныя парламенцёры міру і добрасуседства з розных краін на крылах саламяных і шкляных буслікаў, уручаных ім у Мазыры, панеслі ў свае дзяржавы цеплыню фестывальных сустрэч, гасціннасць і шчырасць беларускай душы.

На здымку: спявае Яніна ЛЯЎКОЎСКАЯ.

Фота: Аляксандр САЛАДКОЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter