Перыяд паўраспаду

Тут хаваюць вёскі, а людзі працягваюць жыць
На ўездзе ў Добруш з веткаўскага напрамку — памятны знак. Міні-каплічка — мармуровы “мартыралог” 16 населеных пунктаў раёна, адселеных пасля Чарнобыля. Вёска Бярозкі сярод іх. 29 год мінула пасля катастрофы, а тут, у паўночнай частцы Добрушчыны, па-ранейшаму правяць баль стронцый і цэзій. Нягледзячы на іх паўраспады, узровень забруджвання па-ранейшаму высокі — ад 15 да 40 кюры на квадратны кіламетр. Пасля катастрофы многае рабілі, каб захаваць тут жыццё. З дахаў змывалі радыеактыўны пыл, дарогі апраналі ў асфальт, па вёсках пракладалі газ і вадаправоды. І нават будавалі новыя дамы для перасяленцаў. Рэаліі, на жаль, аказаліся бязлітаснымі. Людзей адсялілі. Марозаўка, Кругоўка, Млынок, Ачэса-Рудня, Пеннае і яшчэ дзевяць пахаваных вёсак — заложніц Чарнобыля толькі ў памяці і архіўных дакументах. Такі ж лёс у мінулым годзе напаткаў Дзям’янкі. На месцы 262 вясковых падвор’яў — невялікія курганкі. Некалькі ацалелых капітальных будынкаў — хутчэй, напамін аб журботным лёсе некалі перспектыўнай вёскі.



Уезд на тэрыторыю зоны радыеактыўнага забруджвання, што займае ў раёне звыш 25 тысяч гектараў, строга рэгламентаваны. Толькі па спецыяльных пропусках, іх выдае адміністрацыя тэрыторый адчужэння і адсялення. На КПП, што недзе ў пяці кіламетрах ад ускрайку Добруша, нас сустракаюць міліцыянеры ўзвода аховы тэрыторый радыеактыўнага забруджвання Ігар Ляўкоў і Сяргей Капянкоў. Правяраюць дакументы, распытваюць пра мэты паездкі. Чаму — зразумела. Трапляючы сюды, людзі рызыкуюць не толькі ўласным здароўем. Неасцярожнае абыходжанне ў зоне з агнём пагражае маленькім “чарнобылем” — міграцыяй радыенуклідаў. Дадае трывог ахоўнікам зоны адсялення памежная расійская тэрыторыя. Цягне магнітам сюды розных сталкераў, нарыхтоўшчыкаў металу і дармавых будматэрыялаў. Свежыя кастрышчы такіх шукальнікаў прыгод на свае вочы бачыў у Дзям’янках каля мясцовага помніка пачатку ХІХ стагоддзя — двухпавярховага сядзібнага будынка магната Мікалая Герарда. Вось і ў студзені, прыгадвае галоўны спецыяліст адміністрацыі зон адчужэння і адсялення Уладзімір Мамрукоў, затрымалі некалькі расіян: браканьернічалі суседзі з незарэгістраванай зброяй. Старшыня Рассветаўскага Савета Святлана Музыкіна ўсіх “рабінзонаў” зоны адсялення ведае напералік:

— Мікалай Дарашэнка і Ганна Мельнікава жывуць у Дзям’янках, Мікалай Мохараў і Ксенія Шыцікава — у Лявонцьева, яшчэ трое — сям’я Рафеенкаў — у Бярозках...

Дзіўна, але факт: і на адлегласці ад той цывілізацыі апошнія жыхары Бярозак пачуваюцца, па іх прызнанні, камфортна. Пра навіны ў краіне і свеце даведваюцца з радыё і тэлевізара, вясковыя ж — навідавоку. У тым, што іх вёска апусцела, Станіслаў Міхайлавіч  і Марыя Лявонаўна вінавацяць аднавяскоўцаў. Маўляў, некалі змаладушнічалі, пачалі атакаваць райвыканкам просьбамі аб перасяленні. Перакананыя, было б па-іншаму, засталіся б сёння жыць Бярозкі...

Бярозкі ад КПП — з дзясятак кіламетраў. За шклом аўтамабіля — лента лесу, паўсюль знакі-папярэджанні. Радыяцыйная небяспека. На гаспадарчую дзейнасць у гэтым лясным масіве доўгі час было табу. Не дзіўна, што ў лесе шмат паваленых дрэў, хмызняк. Уладзімір Мамрукоў заўважае:

— Карціна неўзабаве можа змяніцца ў лепшы бок. На аснове радыяцыйнага маніторынгу нядаўна прынята рашэнне аб вяртанні

5-кіламетровай лесапаласы ў гаспадарчае карыстанне. Дазволены тут і збор лясных дароў. Вядома, з іх праверкай у лабараторыі. Па сутнасці, на такую адлегласць углыб зоны сёння трэба пераносіць і прапускны пункт. Але падвод электрычнасці да новага месца, стварэнне інфраструктуры для КПП патрабуе фінансавых сродкаў. Іх пакуль не хапае.

Бярозкі — чарговы прэтэндэнт на “пахаванне”. Вёска-прывід. Каля паўтары сотні хат, у якіх колісь бруіла жыццё, выглядаюць безнагляднымі сіротами. Пустыя аканіцы. Паўразбураныя печы даўно не дыхаюць цяплом. Дзікарослыя дрэвы перараслі будынкі. Жывы чалавек на вясковай вуліцы на фоне гэтага застылага фантасмагарычнага пейзажу падаецца марсіянінам. Але ён, чалавек з сякерай, зямная рэальнасць. Сустракае нас па-звыкламу:

— Ламачча і дрэў вакол хапае, вось і нарыхтоўваю тут дровы. Навошта дабру прападаць.


“Я тут пабудаваўся, даглядаў хату, тут і застаўся”, — упэўнены Станіслаў Рафеенка.

Знаёмімся. Станіславу Міхайлавічу Рафеенку ў сакавіку споўнілася 85 (з жонкай Марыяй Лявонаўнай пасля Чарнобыля не згадзіліся пакідаць родную вёску):

— Прапаноўвалі кватэру ў Гомелі. Але я тут пабудаваўся, даглядаў хату. Напачатку ўлады надакучвалі. Маўляў, з’язджайце адсюль ад радыяцыі. А цяпер пакінулі ў спакоі. Гады з тры не чапаюць. Больш — з увагай да нас. Аўталаўка райпо двойчы на тыдзень прыязджае, пошта на колах столькі ж разоў наведваецца. Раней і аўтобус хадзіў. З год таму адмянілі. Вядома ж, стратныя тыя рэйсы. Хуткую дапамогу па неабходнасці выклікаем. У мяне праблемы з сэрцам, жонцы ногі баляць. І гады ўжо, даводзіцца да медыкаў звяртацца.

А пенсій, каб неабходнае набыць у аўтакраме, хапае.

— А як жа з радыяцыяй мірыцеся?

— А што тая радыяцыя?! Да старасці ж дажылі, хаця я летась інфаркт перанёс. Многія ж з былых суседзяў, хто з’ехаў адсюль, ужо не жыльцы на гэтым свеце. Дачка штогод з Калінінграда наведваецца. І нядаўна была, дапамагла рамонт у хаце зрабіць. Сын Міша каля Добруша жыллё мае, але часцей тут, з намі. Гаспадарку дапамагае даглядаць. Яна, гаспадарка, праўда, не надта зайздросная: тры сабакі, тры каты, з дзясятак гусей, матаблок, каб участак апрацоўваць. Раней парсючкоў трымалі, ды афрыканская чума іх згубіла. ...Яшчэ два гады таму Рафеенкі ў Бярозках жылі не адны. Аднавяскоўцы Лук’яненкі выкарысталі права на адсяленне. Але гомельскую кватэру аддалі дзецям, самі ж засталіся жыць тут. Калі гаспадар, былы работнік лесу, памёр, нашчадкі забралі маці да сябе. Бліжэй да цывілізацыі і медыкаў.

zdan57@yandex.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter