Внешнеторговый оборот более 1,19 миллиардов долларов: Альберт Каримов – о развитии связей между Татарстаном и Беларусью

Перспектывы буйным планам

Прэзідэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў у снежні плануе наведаць Беларусь, каб падпісаць некалькі пагадненняў у навукова-тэхнічнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай і гуманітарнай галінах. Таксама абмеркаваць сумесныя праекты, сустрэцца з актывам татарскіх супольнасцей. Напярэдадні падзеі «Р» пабывала ў Казані і даведалася пра патэнцыял развіцця двухбаковых сувязей.

Лічбы скажуць усё

Татарстан займае адзінаццатае месца сярод расійскіх рэгіёнаў па аб’ёме тавараабароту з нашай краінай. Ёсць вялікія перспектывы для супрацоўніцтва па многіх напрамках, расказаў віцэ-прэм’ер — міністр прамысловасці і гандлю Татарстана Альберт Карымаў, з якім журналісты нашай краіны сустрэліся падчас прэс-тура «Перспектывы эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана», арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы сумесна з Нацыянальным прэс-цэнтрам Беларусі і МІА «Расія сёння».

Альберт Карымаў агучыў цікавыя лічбы:

— Знешнегандлёвы абарот паміж Татарстанам і Беларуссю за мінулы год склаў больш за 1,19 мільярда долараў, лічба павялічылася на 14 працэнтаў у параўнанні з 2017 годам. Беларусь — адзін з найбольш буйных нашых гандлёвых партнёраў, на экспарт у вашу краіну прыпадае 6,5 працэнта ўсяго экспарту Татарстана, на імпарт — 5,1 працэнта.

Безумоўна, аснова экспарту — паліва. Нафта і прадукты перагонкі — гэта больш за 60 працэнтаў ад усяго экспарту Рэспублікі Татарстан. Так, сёння ў Беларусі дзейнічаюць 18 аўтазаправачных станцый кампаніі ПАТ «Татнафта». Альберт Карымаў кажа, што аб’ёмы пастаўкі нафты плануецца сур’ёзна павялічыць:

— За 9 месяцаў гэтага года ПАТ «Татнафта» паставіла ў Беларусь нафты ў аб’ёме 839,2 тысячы тон. На чацвёрты квартал выдзелены трафік у аб’ёме 323,5 тысячы тон нафты. У гэтай галіне мы вядзём цеснае, плённае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Справа тэхнікі

Беларусі таксама ёсць што прапанаваць Татарстану. Напрыклад, год таму ААТ «Гомсельмаш» перадало для выпрабаванняў свой газавы камбайн маркі «Палессе». Машыну задзейнічалі ва ўборцы ўраджаю, і яна выдатна сябе праявіла.

Каля 300 рэзідэнтаў тэхнаполіса «Хімград» стварылі больш за 8400 працоўных месцаў.
digital.gov.ru

Альберт Карымаў расказвае падрабязнасці:

— Падчас эксплуатацыі газавага камбайна эканомія ў параўнанні з дызельным аналагам складае каля 200 тысяч расійскіх рублёў у месяц. Цяпер з беларускімі прадпрыемствамі абмяркоўваем пытанне стварэння на тэрыторыі Татарстана механізаванай калоны з 10 газавых камбайнаў і перасоўнага аўтамабільнага газавага запраўшчыка.

Таксама прапрацоўваецца пытанне правядзення капітальна-аднаўленчага рамонту трактароў «Беларус» і тэхнікі МАЗ з выкарыстаннем арыгінальных дэталяў.

Узаемавыгадныя адносіны і ў сферы лёгкай прамысловасці.

— У студзені— маі гэтага года тавараабарот прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам» і арганізацый Татарстана склаў 203,1 тысячы долараў, ці 167 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2018 года, — расказаў Альберт Карымаў.

У Татарстане пашыраюцца сеткі магазінаў нашых прадпрыемстваў: BELWEST, «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка», «Віцебскія дываны», «Стужка», «Мілавіца» і многіх іншых. Аднавіліся закупкі беларускай паўшарсцяной пражы, наладжаны сувязі па пастаўцы сінтэтычнай пражы ААТ «Слонімская кам­вольна-прадзільная фабрыка», у 3,2 раза павялічыліся пастаўкі трыкатажных вырабаў вытворчасці ААТ «8 Марта».

Ноу-хау па абмене

Сфера IT — перспектыва на будучыню. У Татарстане ведаюць: Беларусь у гэтай галіне мае сур’ёзныя поспехі, але і ў рэспублікі ёсць свае дасягненні. Падчас прэс-тура атрымалася на свае вочы ўбачыць вытворчасць інавацыйнай кампаніі EIDOSmedicine, якая спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці высокатэхналагічных медыцынскіх сімулятараў і іх сэрвісным абслугоўванні. Сёння там каля 200 супрацоўнікаў, палова з іх — праграмісты.

Завяршаецца апрабацыя робатаў-пацыентаў у ВНУ нашай краіны. Магчыма, установы адукацыі Беларусі закупяць некалькі такіх манекенаў.
m.business-gazeta.ru

Пра ноу-хау кампаніі расказаў кіраўнік аддзела маркетынгу Ільнур Нізаміеў:

— Мы ствараем унікальныя тэхнічныя рашэнні і прадукты, не эканомім на якасці. Разам з праграмістамі працуюць спецыялісты па тэхніцы, металаапрацоўцы, электроніцы, кантролі якасці. На ўсіх этапах, ад ідэі да выпрабавання прадукту, таксама задзейнічаны высокакваліфікаваныя практыкуючыя ўрачы. Нашу прадукцыю высока ацанілі беларускія студэнты. Завяршаецца апрабацыя робатаў-пацыентаў у вашых ВНУ. Магчыма, установы адукацыі Беларусі закупяць некалькі такіх манекенаў.

Яшчэ адна кропка сутыкнення ў бліжэйшай будучыні — супрацоў­ніцтва з тэхнаполісам «Хімград», які знаходзіцца ў Казані. Ён размясціўся на плошчы 131 гектар, дзе 500 тысяч квадратных метраў займаюць збудаванні для рэзiдэнтаў. Аляксей Грушын, гендырэктар кіруючай кампаніі «Ідэя Капітал», выступіў у якасці экскурсавода і паказаў індустрыяльны парк.

— Парк пабудаваны па апошнім слове тэхнікі. Нашы рэзідэнты — кампаніі малога і сярэдняга бізнесу. Яны паспяхова працуюць у сферы малатанажнай хіміі, перапрацоўкі палімераў, рэсурсазберажэння і энергаэфектыўнасці, медтэхналогій. Каля 300 рэзідэнтаў стварылі больш за 8400 працоўных месцаў.

Аляксей Грушын прызнаўся, што з задавальненнем наведаў бы індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Мінскам, каб абмяняцца вопытам з кіраўніцтвам і рэзідэнтамі самага маштабнага сумеснага праекта Беларусі і Кітая.

ypopko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter