Першы сярод роўных

Пятнаццаць гадоў таму цырымонія першага Дня беларускага пісьменства на радзіме Францыска Скарыны пачалася з прадстаўлення гербаў гарадоў, дзе выдаваліся першыя беларускія кнігі. Шэсце суправаджалі артысты ў святочных сярэднявечных строях пад спевы, што нагадвалі аб слаўнай мінуўшчыне беларускіх гарадоў і іх багатай духоўнай спадчыне. Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў... Свята беларускай Кнігі і беларускага Слова традыцыйна праводзіцца ў гарадах, звязаных з імёнамі беларускіх асветнікаў і першадрукароў. Там, дзе захаваліся крыніцы беларускай духоўнасці і беларускага пісьменства як асновы нашай шматвекавой культуры.
Напярэдадні юбілейнага, пятнаццатага па ліку свята, якое адбудзецца 7 верасня ў Барысаве, “Народная газета” запрашае сваіх чытачоў у захапляльнае падарожжа па гэтых гарадах. Яны ўтвараюць сапраўдную краіну Пісьменства, у якой беражліва захоўваюцца сведчанні мінулага і ярка, насычана праходзіць дзень сённяшні. Такім чынам, гарады і людзі, мінулае і сучаснасць, захаванне і захавальнікі справы беларускіх асветнікаў — пра ўсё гэта вы даведаецеся з матэрыялаў новага праекта “НГ” — “Падарожжа ў краіну Пісьменства”. А завершыцца наша калектыўнае падарожжа ў першую нядзелю верасня, калі Барысаў гасцінна прыме ўдзельнікаў сапраўды нацыянальнага свята. Завершыцца сёлета, але не скончыцца. Як не знікне ніколі Яго вялікасць пісьмовае слова.

...На галоўнай плошчы горада сабраўся вялізны натоўп.  Шматлюдна на багатым кніжным кірмашы: людзі з задавальненнем гартаюць новенькія выданні, радуюцца доўгачаканай знаходцы. Некаторыя не паляніліся ўстаць у шэсць гадзін раніцы, каб прыйсці першымі. Вялікая чарга — каля кніжнай латарэі. Не сціхае музыка. У святочным натоўпе можна сустрэць знакамітых літаратараў... Над шматгалоссем святочнага горада стаіць, абапіраючыся на кнігу, задуменны Скарына.
Прыкладна так праходзіла ў старажытным Полацку ў далёкіх 1970-х гадах мінулага стагоддзя адно з першых Скарынаўскіх свят кнігі, з якіх і нарадзіўся пазней Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, Скарынаўскае свята адзначаюць у Полацку з 1974 года, калі быў адкрыты помнік першадрукару, і зараз традыцыя не спынілася. Велічны горад Скарыны і Ефрасінні двойчы быў і сталіцай рэспубліканскага Дня беларускага пісьменства — у 1994 і 2003 годах.

Па слядах пісьменства

Полацкая зямля багатая на сляды і сімвалы беларускага пісьменства. Можна нават скласці спецыяльны экскурсійны маршрут па месцах старога горада, звязаных са словам. Словам на плінфе, камяні, на знакамітым Крыжы Ефрасінні Полацкай, на рукапісным фаліянце і на старадруку... І нават на сучасным кампакт-дыску, які дэманструе мне падчас агляду экспазіцыі  загадчык філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Музей беларускага кнігадрукавання” Алена Шумовіч. Але пачалося ўсё ад Сафійскага сабора, на камені фундамента якога ў XI стагоддзі зрабілі надпіс нашы далёкія продкі. Схіляюся над каменем і лёгка разбіраю (а мінула дзесяць вякоў!) словы “Кожъ” і “Ворішка”. Побач з Сафійкай ляжыць не менш старажытны Барысаў камень з крыжом і надпісам: “Госпадзі, помозі рабу тваему Барысу”. У свой час у Полацкай Сафіі захоўвалася вялікае багацце, і чуткі пра яго разыходзіліся далёка па свеце. Хцівыя рабаўнікі, прачуўшы пра скарб, здолелі ўзяць горад і праніклі ў храм. Якім жа было іх здзіўленне, калі яны ўбачылі не золата і каштоўныя камяні, а бібліятэку — на той час найбагацейшую ў Еўропе. Зараз сляды знакамітай Полацкай бібліятэкі амаль страчаны, расказвае Алена Шумовіч, толькі частку яе знайшлі ў Польшчы.
У полацкім музеі беларускага кнігадрукавання — адзіным у краіне — сабрана багатая калекцыя  кніг, але на подпісах да большасці стаіць слова “Копія”. Тычыцца гэта і выданняў Францыска Скарыны — у Полацку арыгіналаў яго першадрукаў няма. Падчас аднаго са святаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі паабяцаў палачанам перадаць некалькі арыгіналаў у музей, аднак дагэтуль гэтага не адбылося. Тым не менш у філіяле музея-запаведніка ёсць на што паглядзець: рукапісныя кнігі на розных мовах і алфавітах, такія рарытэты, як “Евангелле вучыцельнае” з друкарні братоў Мамонічаў у Вільні (1595) і “Граматыка” Мялеція Сматрыцкага, першыя ўласна беларускія выданні, у тым ліку газеты і часопісы, кнігі-лаўрэаты конкурсу “Мастацтва кнігі”... Цікава параўнаць самую вялікую і самую маленечкую з кніг калекцыі.

Залатыя пёры

На чыстым аркушы прад вузенькім вакном
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усялякімі цвятамі...

Радкі Максіма Багдановіча міжволі прыгадваюцца, калі бачыш постаць Перапісчыка ў келлі — васкавую фігуру. Дарэчы, сам музей размяшчаецца ў былым памяшканні мужчынскага манастыра, адрэстаўрыраваным па планах XVIII стагоддзя. Кажуць, што ў часы Ефрасінні перапісчыкаў нават прыкоўвалі да лавы, калі яны недастаткова старанна выводзілі літары ў рукапіснай кнізе. Гэтую павучальную гісторыю расказваюць юным палачанам на курсе полацказнаўства, які ўведзены ва ўсіх школах. Частка заняткаў праходзіць у музеі, і школьнікам часам нават дазваляюць напісаць некалькі слоў... гусіным пяром перапісчыка. Патрымала яго ў руках і я, папрасіўшы Бога ў сценах старажытнага манастыра даць мне лёгкае пяро і няспынны бег думкі, каб працягваць справу славутых землякоў.
Прыгадалася, як падчас дзесятага Дня беларускага пісьменства ў Полацку таксама ўраджэнец полацкай зямлі Навум Гальпяровіч прадстаўляў першую кнігу серыі “Беларусь літаратурная”.  Кожны том у серыі быў задуманы як своеасаблівы літаратурны партрэт пэўнага горада, раёна. Кніга “Там, дзе вежы Сафіі”  змясціла творы 37 аўтараў, творчасць якіх прадстаўлена ў храналагічным парадку, пачынаючы ад Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага. Сярод сучасных творцаў — вядомыя аўтары Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, а побач з імі маладыя паэты і празаікі Лявон Неўдах, Таццяна Хмарка і іншыя. Творчы агеньчык не згасае сярод сучасных палачан, часта літаратурныя сустрэчы ладзяць у створаным нядаўна  Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага і Полацкай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Францыска Скарыны. З музея кіруюся туды, каб пазнаёміцца з лепшым бібліятэкарам Віцебскай вобласці 2007 года Людмілай Дзядзюлінай.

З павагай да кнігі і чалавека

У полацкай бібліятэцы заўсёды імкнуліся першымі пачаць выкарыстоўваць усе навінкі. Капіравальныя апараты, электронныя пішучыя машыны, а потым і камп’ютэры, абсталяванне для сучаснага інфармацыйна-прававога цэнтра... Нездарма для правядзення рэспубліканскага семінара па інфармацыйна-прававых цэнтрах кіраўніцтва выбрала менавіта Полацк. У стварэнні ўзорнага цэнтра актыўна прымала ўдзел і Людміла Дзядзюліна. З ёй і дырэктарам Полацкай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццянай Савельевай у нас атрымалася цікавая размова пра сучасных чытачоў і ролю кнігі ў нашым жыцці.
— Слова “чытач” выкарыстоўваюць усё радзей, замяняючы яго на новамоднае “карыстальнік” бібліятэкі, і мне гэта не вельмі падабаецца, — кажа Людміла Барысаўна. — Няма розніцы, глядзіць чалавек на экран камп’ютэра ці гартае старонкі кнігі, усё адно ён чытае.  Але я не супраць камп’ютэраў, яны пашырылі нашы магчымасці, шмат каштоўнай інфармацыі я знаходжу ў Інтэрнеце.
— І ўсё ж Інтэрнет не заменіць папяровую кнігу, — падтрымлівае калегу Таццяна Анатольеўна. — Хоць узровень яе і змяніўся, але для мяне сапраўдная кніга — Пушкін, а не Дар’я Данцова.
— Але людзі ахвотна бяруць пачытаць Данцову, бо жыццё нялёгкае і патрэбна неяк адпачываць, — працягвае думку Людміла Дзядзюліна. — Часам чытач прыходзіць у бібліятэку сапраўды ў крытычнай сітуацыі, за прававой дапамогай, і мы заўсёды імкнемся дапамагчы...
— Ад Людмілы Барысаўны яшчэ не адзін чытач не пайшоў незадаволены, — з ахвотай расказвае дырэктар. — Напрыклад, на днях жанчыне спатрэбілася напісаць рэферат для дачкі, якая знаходіцца ў Арабскіх Эміратах. Усё атрымалася.
Асветніцкую справу Ефрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны і іншых слаўных прадстаўнікоў Полаччыны з годнасцю працягваюць іх нашчадкі. З павагай ставяцца да мінуўшчыны і полацкія дзеці — будучыня беларускага пісьменства. Падчас аднаго з урокаў у Музеі беларускага кнігадрукавання школьнікаў вітаў у сваім кабінеце Францыск Скарына (яго іграў прафесійны артыст).
— Дзень добры, палачане! — звярнуўся ён да маладога пакалення і па даўняй беларускай завядзёнцы пакланіўся ў пояс, трымаючы адну руку каля сэрца.
Дзеці ўспрынялі з’яўленне першадрукара вельмі сур’ёзна ... і таксама нізка пакланіліся, паўтарыўшы яго рух. Гэта добры знак — павага да ведаў і кнігі дапаможа ім не згубіцца ў жыцці і знайсці крыніцу натхнення на роднай зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter