К 90-летию Владимира Короткевича: пять фактов про фильм «Дикая охота короля Стаха»

Першы савецкі трылер

26 лістапада класіку літаратуры Уладзіміру Караткевічу магло б споўніцца 90 гадоў. Пражыў папулярны пісьменнік і сцэнарыст нядоўга — яго не стала ў 1984-м. Аднак спадчына, якую ён пакінуў не толькі ў літаратуры, але і ў кінематографе, вельмі значная. Юбілей Караткевіча тэматычным эфірам адзначыць сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3»: гледачы змогуць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю аднаго з самых яркіх беларускіх аўтараў XX стагоддзя. Таксама будзе паказаны першы ў гісторыі савецкі трылер-дэтэктыў — фільм «Дзікае паляванне караля Стаха». Аб ім і пагаворым.

Кадры з фiльма

Няпросты сцэнарый

Раман істотна адрозніваецца ад двухсерыйнай кінаповесці, што здымаў Валерый Рубінчык на «Беларусьфільме» ў 1979 го-дзе, і атмасферай, якая наводзіць на думку аб не менш знакамітай кінастужцы «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана: сабака Баскервіляў». Першую версію сцэнарыя фільма пісаў сам Уладзімір Караткевіч, аднак гэты літаратурны варыянт для кінавытворчасці аказаўся непрыдатны. За справу ўзяўся рэжысёр Валерый Рубінчык: яго задачай было знайсці сярэдняе арыфметычнае паміж тэкстам і будучым кадрам, абапіраючыся на паметкі пісьменніка, якія тычацца паводзін і характару герояў. Шмат кажуць пра тое, што нібыта Караткевічу не спадабаўся фільм, з сюжэта якога па аб’ектыўных прычынах прыбралі шэраг дэтэктыўных ліній, аднак Уладзімір Сямёнавіч паважаў права рэжысёра на ўласную трактоўку.

Акцёрскае сузор’е

Фільм здымаўся з прыцэлам як мінімум на ўсесаюзную славу (атрымаў жа сусветную), таму на ключавыя ролі падбіралі вядомых акцёраў. Барыса Плотнікава, які сыграў ролю маладога этнографа Беларэцкага, рэжысёр запрасіў у кінастужку, бо быў уражаны яго працай у знакамітым «Узыходжанні», знятым Ларысай Шэпіцька паводле аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». Дапоўнілі карціну запатрабаваны Альберт Філозаў і акцёр тэатра на Таганцы Барыс Хмяльніцкі — да таго моманту ўжо славуты Робін Гуд савецкага кінематографа. А вось гаспадыню маёнтка Балотныя Яліны павінна была сыграць Алена Коранева. Але актрыса толькі-толькі атрымала запрашэнне ў Маскоўскі драматычны тэатр на Малой Броннай і пачала рэпеціраваць ролю Верачкі ў пастаноўцы «Месяц у вёсцы» легендарнага Анатоля Эфроса. Выехаць на здымкі было для яе немагчыма. Тады рэжысёр запрасіў на ролю Яноўскай маладую балгарскую актрысу Алену Дзімітраву. Да гэтага часу яна ўжо здымалася ў сумесных карцінах СССР і Балгарыі, аднак галоўная роля дзяўчыне дасталася ўпершыню і паспрыяла яе далейшай кар’еры: услед за Рубінчыкам на яе звярнулі ўвагу і кінарэжысёры на радзіме. Праўда, за Дзімітраву прыйшлося пазмагацца: кіраўніцтва кінастудыі не хацела мець справу з замежнай актрысай, якой трэба было плаціць у валюце.
Двухсерыйная містычная драма выйдзе на «Беларусь 3» 26 лістапада ў 08:30 і 18:05

Знаёмы і любімы

Сапраўды яркай зоркай у «Дзікім паляванні караля Стаха» стаў Раман Філіпаў: каларытны кароль эпізодаў з унікальным голасам (гулкім басам-прафунда) бліскуча сыграў пана Рыгора Дубатоўку. У адрозненне ад большасці маскоўскіх артыстаў для беларускай публікі Філіпаў быў як родны: у 1960-я гады ён з’яўляўся адным з вядучых акцёраў Купалаўскага тэатра. Мовы даваліся артысту лёгка, не стала выключэннем і беларуская, яго ігрой усе былі задаволены. На купалаўскай сцэне Філіпаў сыграў некалькі значных роляў. Ды і з «Беларусьфільмам» сябраваў: у пачатку 1970-х здымаўся на кінастудыі ў дэтэктыве «Корцік».

Эфекты без спецэфектаў

Карціну адрознівае бліскучая аператарская праца Таццяны Логінавай, адной з нямногіх жанчын у гэтай прафесіі. Містычнасць і нагнятанне жаху забяспечвалі з дапамогай аптычных эфектаў: так, запаволеныя рухі коннікаў «Дзікага палявання» здымалі рапід-камерай, а зямлю пад іх капытамі спецыяльна выпальвалі дымавымі шашкамі.

Складаная натура

Маёнтак Балотныя Яліны ў фільме ахутаны містыкай і таямніцамі. Здымалі яго ў асноўным у Падгарэцкім замку на Львоўшчыне, які некалі належаў польскаму каралю Яну III Сабескаму. Зрэшты, унутраную частку замка, як і інтэр’еры дома Дубатоўкі, стваралі ў павільёнах «Беларусьфільма»: справа была зімой, у Мінску тэмпература апускалася да мінус 38 градусаў. Некаторыя сцэны здымалі на ваенным палігоне ва Уруччы, а вось скачку «Дзікага палявання» — таксама на ваенным палігоне, але ўжо ў падмаскоўным Алабіна, дзе для гэтых мэт спецыяльна быў прадугледжаны кінематаграфічны конны полк.

ovsepyan@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter